№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стэфан Жаромскі (Stefan Żeromski)

1864 - 1925

Стэфан Жаромскі
Польскі пісьменнік і публіцыст, “сумленне польскай літаратуры”. У 1924 г. намінаваўся на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе праз непрыхільныя водгукі на аповесць “Вецер з мора”. Выкарыстоўваў таксама псеўданімы Маўрыцы Зых (Maurycy Zych), Юзаф Катэрля (Józef Katerla) і Стэфан Іксморэж (Stefan Iksmoreż).

Нарадзіўся 14 кастрычніка 1864 году непадалёк ад Кельцаў у збяднелай шляхецкай сям’і. Бацька пісьменніка ўдзельнічаў у паўстанні 1863 году, за што ў выніку рэпрэсій страціў маёнтак. Тым не менш бацькі дбалі аб адукацыі сына: у 1873 г. Стэфан пайшоў у пачатковую школу, а праз год трапіў у Келецкую гімназію. Даследчыкі сцвярджаюць, што сутыкненне з жорсткай русіфікацыяй падчас навучання спарадзіла патрыятызм у душы пісьменніка, які адбіўся на ўсёй яго творчасці. Да таго ж часу адносяцца першыя літаратурныя спробы Жаромскага. Менавіта захапленне літаратурай перашкодзіла яму здаць выпускны экзамен (малады пісьменнік зусім закінуў матэматыку), і ў выніку Жаромскі не атрымаў атэстату сталасці.

У 1886 г. Стэфан быў прыняты на навучанне ў варшаўскі Інстытут ветэрынарыі (гэта была адзіная вышэйшая школа, для паступлення ў якую не патрабаваўся атэстат). Але праз фінансавыя праблемы Жаромскі быў вымушаны кінуць навуку. Пачаў працаваць гувернёрам у шляхецкіх маёнтках Келеччыны, Мазовіі, Падляшша і ў Наленчуве. Менавіта ў Наленчуве ён пазнаёміўся са сваёй першай жонкай – Актавіяй Радкевіч (з Радзівілаў), а таксама з Баляславам Прусам. У 1889 г. з’явіліся яго першыя апавяданні на старонках газеты Tygodnik Powszechny, а пазней газеты Głos. Поспех прыйшоў не адразу, але ўжо ў 1892 г. пісьменнік змог дазволіць сабе адведаць Цюрых, Вену, Прагу. У тым самым годзе ён нарэшце ажаніўся з Актавіяй, і разам з яе дачкой ад першага шлюбу яны з’ехалі ў Швейцарыю, дзе Жаромскі працаваў бібліятэкарам ў Нацыянальным польскім музеі Раперсвілю.

У 1895 г. у Польшы выйшлі два зборнікі апавяданняў (“Апавяданні” (Opowiadania), “Раздзяўбуць нас крумкачы, вароны…” (Rozdzióbią nas kruki, wrony)) пад псеўданімам Маўрыцы Зых. Праз два гады пісьменнік вяртаецца на радзіму, дзе спрабуе выдаць “Сізіфаву працу”, але з палітычных прычынаў яны выходзяць у Львове, які тады быў пад аўстрыйскай уладай. Баючыся магчымых рэпрэсіяў, Жаромскі зноў падпісаўся псеўданімам Маўрыцы Зых.

Найвялікшым поспехам стала выданне ў 1899 г. аповесці “Беспрытульныя” (Ludzie bezdomni), якая лічыцца найлепшым творам пісьменніка. У далейшым славу Жаромскага умацавалі такія аповесці, як “Попел” (Popioły, 1903) і “Гісторыя граху” (Dzieje grzechu, 1908). Апошняя выклікала шмат спрэчак, бо некаторымі ўважалася за парнаграфію. Тым не менш, дзякуючы поспеху Жаромскі нарэшце пачаў жыць толькі з літаратурнай творчасці і ўключыўся ў грамадскую дзейнасць. Да пачатку Першай сусветнай вайны паспеў выдаць дзве драмы – “Ружа” (Róża) і “Сулкоўскі” (Sułkowski). Яны выйшлі пад псеуданімам Юзаф Катэрля.

Таксама перад Першай сусветнай пісьменнік ажаніўся ў другі раз, дзеля чаго нават перайшоў у кальвінізм. Яго другой жонкай стала мастачка Ганна Завадская, ад якой ён займеў дачку.

Падчас Першай сусветнай вайны Жаромскі афіцыйна ўступіў у легіёны Пілсудскага, але не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Галоўным чынам знаходзіўся ў Закапанэ, дзе разам з Янам Каспровічам стварыў таемную незалежніцкую арганізацыю. Але здабыццё незалежнасці ў 1918 г. азмрочылася асабістай трагедыяй пісьменніка, бо якраз напярэдадні памёр яго сын ад першага шлюбу Адам.

Па афіцыйным заканчэнні Першай сусветнай вайны Жаромскі перабраўся ў Варшаву, дзе жыў у каралеўскім замку, – такім чынам грамадства ўганаравала таго, каго лічыла сваім маральным аўтарытэтам. Актыўна ўдзельнічаў у баях падчас польска-савецкай вайны. У 1920 годзе стаў стваральнікам Таварыства прыхільнікаў Памор’я, а ў 1922 – першага польскага ПЭН-клубу.

Апошнімі значнымі творамі Жаромскага былі аповесці “Вецер з мора” (Wiatr od morza, 1922) і “Прадвесне” (Przedwiośnie, 1924). Памёр пісьменнік 20 лістапада 1925 году ў Варшаве. Яго пахаванне стала нацыянальнай дэманстрацыяй.

Чытайце таксама

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Вацлаў Панкаўчын

Вацлаў Панкаўчын

Славацкі празаік, аўтар кніг для дзяцей

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

1564