№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Лехань (Jan Lechoń)

1899 - 1956

Ян Лехань
Сапраўднае імя польскага паэта, літаратурнага і тэатральнага крытыка Яна Леханя – Лешак Сэрафіновіч (Leszek Serafinowicz); нарадзіўся ён 13 сакавіка 1899 году ў Варшаве; продкі Леханя былі туркамі, што хрысціліся і з часам апалячыліся. У 1907 годзе пачаў навучанне ў школе, і ўжо ў 1911 годзе атрымаў пэўную вядомасць як школьны паэт. У 1913 годзе выдаў дэбютны зборнік вершаў “На залатым полі” (Na złotym polu), у наступным годзе выйшаў другі зборнік – “Па розных сцежках” (Po różnych ścieżkach), прысвечаны Леапольду Стафу. У 1916–1920 гадах навучаўся на філасофскім факультэце Варшаўскага універсітэта, але так яго і не скончыў.

Ян Лехань быў адным з заснавальнікаў літаратурнай групы “Скамандр” (гэтую назву прыдумаў Лехань – у гонар ракі Скамандр, што цякла каля Троі), куды ўваходзілі таксама Юльян Тувім, Антоній Сланімскі, Яраслаў Івашкевіч; менавіта Лехань казаў уступнае слова на першым публічным выступе групы 6 снежня 1919 году.

Вядомасць Яну Леханю прынёс зборнік вершаў “Пурпуровая паэма” (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка пасля гэтага праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку праблемы ў прыватным жыцці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасля чаго пэўны час лечыцца ў псіхіятрычным шпіталі.

У 1926–1929 гадах Лехань выдае сатырычны часопіс “Варшаўскі цырульнік” (Cyrulik Warszawski; у назве адчуваецца захапленне “Севільскім цырульнікам”). У 1925 годзе атрымлівае прэмію Польскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў за зборнік вершаў “Срэбнае і чорнае” (Srebrne i czarne, 1924), а ў 1935 годзе – прэмію Польскай акадэміі літаратуры.

З 1930 па 1939 гады працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразілію, пазней – у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газетаў і часопісаў, а ў 1942 годзе – адным з заснавальнікаў Польскага інстытуту навукі і мастацтва ў Амерыцы. З 1924 па 1942 год Лехань нічога не пісаў, прыгнечаны ці даведзены да дэпрэсіі сваёй славай, якая ўвесь час шырылася. Але ў 1942 годзе ён выдае зборнік “Лютня пасля Бэкварка” (Lutnia po Bekwarku), а ў 1943 – “Арыя з курантамі” (Aria z kurantem). Адзін з апошніх вершаў Леханя – знакамітая “Іліяда”.

У 1956 годзе, 8 чэрвеня, Лехань здзяйсняе самагубства, скочыўшы з 12-га паверху гатэля “Гудзон”. Сярод прычынаў гэтага самазабойства адны называюць узмацненне камуністычнага рэжыму ў Польшчы, іншыя – дэпрэсію з прычыны нападкаў палякаў на паэта праз яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены з Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе побач з бацькамі.

Чытайце таксама

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Аркадзі Фідлер

Аркадзі Фідлер

Польскі пісьменнік, журналіст, вандроўнік

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

832