№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхаіл Кузмін (Михаил Кузмин)

1872 - 1936

Міхаіл Кузмін
“Ён — стараабраднік. Яго бабуля — габрэйка. Ён вучыўся ў езуітаў. Ён служыў <…> у мучным лабазе. У Парыжы ён танчыў канкан з мадэлямі Тулуз-Латрэка. Ён насіў вярыгі і правёў два гады паслушнікам у італьянскім кляштары. У Кузміна — звышнатуральныя “візантыйскія вочы”. Кузмін — пачвара.

Як спалучаць усё гэта?” (І. Адоеўцава, “На берагах Нявы”).

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар Міхаіл Аляксеевіч Кузмін нарадзіўся 18 кастрычніка 1872 году (ён змяншаў свой узрост на тры гады, таму нават на яго магіле выбітая дата “1875”) у Яраслаўлі ў сям’і спадчыннага двараніна, марскога афіцэра-стараабрадніка; маці паэта была ўнучкай французскага актора Афрэна. Дзяцінства Кузміна прайшло ў Саратаве, куды сям’я пераехала хутка пасля яго нараджэння; там ён пайшоў у гімназію. У 1884 годзе сям’я пасялілася ў Пецярбургу, дзе паэт і жыў да самае смерці. Можна сказаць, што ў Кузміна былі дзве радзімы — Паволжа і паўночная сталіца, і гэта пасля адлюструецца ў яго творчасці.

У 1891 годзе паэт скончыў гімназію і паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю, дзе вучыўся ў класе кампазіцыі Рымскага-Корсакава; музыка так і засталася адным з галоўных зацікаўленняў паэта. Кузмін напісаў музыку для пастаноўкі Ус. Меерхольда блокаўскага “Балаганчыка”.

У 1895 годзе Кузмін здзейсніў вялікае падарожжа — наведаў Канстанцінопаль, Афіны, Смірну, Александрыю, Каір, Мэмфіс, — якое абудзіла ў ім цікавасць да Старажытнага Егіпту і антычнай Александрыі і натхніла на стварэнне цыклу “Александрыйскія песні” (1905—1908). А ў 1897 годзе паэт наведаў Італію, дзе меў мажлівасць вывучаць царкоўную музыку, гісторыю езуітаў і гностыкаў. Пасля досвед гэтае вандроўкі адлюстраваўся ў рамане “Крылы” (1906) і вершах пра Італію. Пасля вяртання ў Пецярбург у паэта пачынаецца духоўны крызіс, ён вырашае на некалькі гадоў аддаліцца ад свецкага жыцця і едзе ў паволжскія манаскія скіты.

У 1901 годзе Кузмін вяртаецца ў Пецярбург і ў 1905 дэбютуе ў напаўаматарскім “Зялёным зборніку вершаў і прозы”. Яго творы зацікавілі В. Брусава, і той запрасіў Кузміна супрацоўнічаць у сімвалісцкім часопісе “Шалі” (“Весы”). У 1906 годзе ў гэтым часопісе быў надрукаваны цыкл “Александрыйскія песні” (які, дарэчы, быў задуманы Кузміным як цыкл песняў і рамансаў). Паэт М. Валошын вельмі высока ацаніў гэты цыкл, падзівіўшыся толькі, што паэт, які здалеў аб’яднаць у сваёй творчасці Александрыю і сучаснасць, з’явіўся “ў трагічнай Расіі, з промнем элінскае радасці ў сваіх звонкіх песнях і пяшчотна глядзіць на нас сваімі жахлівымі вялікімі вачыма, стомленымі ад тысячагоддзяў”. Дарэчы, “візантыйскія вочы” Кузміна адразу западалі ў душу многім. Вось як напіша пра яго праз шмат гадоў Ірына Адоеўцава ў сваіх успамінах “На берагах Нявы”: “Так, вочы насамрэч вялікія і звышнатуральныя. Як два правалы, дзве бездані, але ніяк не два акна, што расчыненыя ў рай. Як восеньскія азёры. Не, хутчэй не як азёры, а як ставы, у якіх водзяцца жабы, трытоны і змеі. Такіх вачэй я сапраўды ніколі не бачыла. І павекі вельмі адмысловыя. Падобныя да гардзінаў, што спускаюцца над вокнамі. Да гардзінаў, якія чамусьці называюць маркізамі. <...> І раптам я заўважаю, што яго вочы абведзеныя шырокімі чорнымі, як туш, кругамі, і вусны густа нафарбаваныя крывава-чырвоным. Мне робіцца не па сабе. Не, не фаўн, а вурдалак...”

Пасля выхаду ў свет “Александрыйскіх песняў” Кузмін стаў знакамітым. Ён наведваў “нядзелі” Ф. Салагуба, быў блізкі з мастацкім колам (Дзягілевым, Сомавым, які напісаў партрэт паэта), што сабралося вакол часопіса “Свет мастацтва”, у 1907—1912 гадах быў заўсёдным наведнікам “Вежы” (“Башни”) Вяч. Іванава, супрацоўнічаў з часопісам “Апалон”. Гэтыя гады — час падкрэсленага эстэтызму і дэндызму паэта (дарэчы, чуткі даводзілі колькасць ягоных жылетаў да 365). У 1908 годзе выходзіць першы зборнік вершаў Кузміна “Сеткі” (“Сети”).

Слава Кузміна набывае ўсё большую скандальнасць праз яго гомасэксуальную арыентацыю, пра якую ён пісаў у эратычных вершах і рамане “Крылы”. Пасля выхаду гэтага рамана М. Горкі назваў паэта “ваяўнічым цынікам”, а З. Гіпіюс — “хуліганам”. Але ў Кузміна быў надзейны абаронца — А. Блок.

Выступаючы з паэтычнымі канцэртамі, Кузмін часта выкарыстоўваў музычнае суправаджэнне, спяваў і часам граў на гітары. Многія свае вершы паэт выконваў як рамансы, самы знакаміты сярод іх — “Дзіця і ружа”, які быў папулярны ў Петраградзе да канца 30-х гадоў. Аднак, паводле словаў І. Адоеўцавай, Кузмін казаў, што вершы пішуцца лягчэй, чым музыка, — ён ніколі не выпраўляў ніводнага свайго паэтычнага радка: “Вершы так з неба гатовымі і падаюць, як перапёлкі ў рот габрэям у пустэльні”.

У рэдакцыі часопіса “Апалон” Кузмін пазнаёміўся з М. Гумілёвым. Цікава склаліся яго стасункі з акмеізмам. Хаця ён заўсёды быў па-за любымі мастацкімі плынямі, яго артыкул 1910 году “Пра прыўкрасную яснасць” зрабіўся ледзь не праграмным маніфестам рускіх акмеістаў. У тым жа годзе выйшаў другі зборнік вершаў Кузміна — “Куранты любові”, пасля былі “Восеньскія азёры” (1912), “Начныя размовы” (1914) і асобнае выданне прозы ў 1915 годзе.

Кузмін быў адным са сталых наведнікаў кавярні-кабарэ “Бадзяжны сабака” — ён напісаў гімн кавярні, а ў 1913 годзе даў для пастаноўкі калядную містэрыю “Вертэп”. Падзеі, звязаныя з гэтым перыядам яго жыцця, пісьменнік апісаў у рамане “Падарожнічаючы плывучы” (“Плавающие путешествующие”, 1915).

Падчас Першай сусветнай вайны Кузмін піша шэраг антымілітарысцкіх вершаў, праз што яго нават пачынаюць лічыць “бальшавіком”, аднак пасля кастрычніцкай рэвалюцыі робіцца відавочным, што Кузмін — паэт “не да часу”. У 1920—1930-я гады ён, як і многія іншыя пісьменнікі, вымушаны зарабляць на жыццё перакладамі. Яго найбольш значныя ў гэтым рэчышчы працы — “Метамарфозы” Апулея, санэты Пэтраркі, восем п’есаў Шэкспіра, навэлы Мэрымэ, вершы Гётэ і Анры дэ Рэнье; далёка не ўсё з яго перакладаў были надрукаваныя (напрыклад, не трапіў у друк “Дон Жуан” Байрана), а пераклады санэтаў Шэкспіра были страчаныя падчас вайны. Найбольш значныя яго паэтычныя кнігі гэтага перыяду — зборнікі “Парабалы” (1923) і “Фарэль разбівае лёд” (1929).

Калі паэту быў 41 год, ён пазнаёміўся з літоўцам Осіпам Юркунасам (які пасля возьме псеўданім Юрый Юркун). Кузмін зрабіў з Юркуна літаратара, і, няглядзечы на пэўныя праблемы ў стасунках (у Юркуна пачынаецца працяглы раман з Вольгай Арбенінай-Гільдэбрант), яны застаюцца разам 23 гады, да самае смерці Кузміна.

У 30-х гадах пагаршаецца здароўе Кузміна, ён часта хварэе, кепска пераносіць маразы і вільготнае надвор’е. У канцы студзеня 1936 году, ужо амаль выпісаны з чарговага шпіталя, нечакана захворвае на грып, які пераходзіць у запаленне лёгкіх, і 1 сакавіка апоўначы ён памірае пасля апошняй чатырохгадзіннай размовы з Юркуном.

Нашмат маладзейшы за Кузміна Юркун перажыў паэта ўсяго на два гады — у 1938 годзе ён быў арыштаваны і расстраляны бальшавікамі.

Чытайце таксама

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

1311