№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Саўці (Robert Southey)

1774 - 1843

Роберт Саўці
Ангельскі паэт-рамантык, перакладчык, гісторык, прадстаўнік “азёрнае школы” (разам з Колрыджам і Ўордсвартам), паэт-лаўрэат з 1813 па 1843 гады (званне прыдворнага паэта давалася да канца жыцця; паэт-лаўрэат мусіў пісаць вершы з нагоды розных падзей у жыцці манарха і дзяржавы і атрымліваў пенсію). Адзін з найбольш значных рамантыкаў, ён меў значна менш славы, чым яго сучаснікі – Колрыдж і Ўордсварт; у Расіі, аднак, яго вершы былі шырока вядомыя дзякуючы перакладам В. Жукоўскага.

Нарадзіўся Саўці 12 жніўня 1774 году ў Брысталі. Першапачаткова навучаўся ў Вэстмінстэрскай школе, адкуль вылецеў за сваю журналісцкую дзейнасць (паводле адной з версіяў – за артыкул супраць цялеснага пакарання), пасля паступіў у Оксфард, але мусіў сысці адтуль праз два гады. Падчас навучання пазнаёміўся з С. Колрыджам і нават збіраўся з’ехаць з ім у Амерыку, каб заснаваць там ідэальнае грамадства – пантысакратыю (пра гэтую мару Колрыдж расказвае ў аднайменным вершы), аднак задума так і засталася няздзейсненай.

У 1794 годзе выходзіць першы зборнік вершаў Саўці. У 1795 годзе ён жэніцца з Элізабэт Фрыкер, сястрой жонкі Колрыджа, Сары Фрыкер, і хутка сям’я з’язджае ў Партугалію па гандлёвых справах. Час, праведзены паэтам за мяжой, даў яму мажлівасць вывучыць гішпанскую і партугальскую мовы; Саўці пачаў не толькі перакладаць з іх (так, напрыклад, ён пераклаў “Амадыса Гальскага”), але і пісаць вершы на гішпанскія і партугальскія сюжэты: балады “Іспанская армада” (The Spanish Armada), “Каралева Урака і пяць мараканскіх пакутнікаў” (Queen Orraca and the Five Martyrs of Morocco), “Гансала Эрмігес” (Gonzalo Hermiguez) і інш.

У 1813 годзе Саўці робіцца паэтам-лаўрэатам (пасля таго, як ад гэтага паста адмаўляецца Вальтэр Скот). Пасля гэтага большую частку жыцця Саўці праводзіць у Азёрным краі, час ад часу здзяйсняючы падарожжы. Многія паэты (у тым ліку Байран) досыць з’едліва рэагавалі на вершы і оды, якія даводзілася пісаць паэту; тым не менш зусім не афіцыёзная лірыка зрабіла славу Саўці. На сённяшні дзень ён – адзін з найбольш знакамітых аўтараў гатычных баладаў, а таксама баладаў-пародыяў на гэты жанр. Многія з іх дагэтуль уваходзяць у ангельскую школьную праграму.

У 1837 годзе паэт атрымаў ліст ад Шарлоты Бронтэ, якая пытала яго меркаванне адносна некаторых яе вершаў. Паэт вершы ўхваліў, але дадаў: “Літаратура – не жаночая справа”. Праз шмат гадоў Шарлота расказвала пра гэты ліст: “Ён быў добры і цудоўны, хаця крыху суворы”.

Вельмі цяжкім апынуўся для Саўці 1834 год, калі памёр яго сябар Колрыдж, а жонка захварэла на нейкую псіхічную хваробу і так і не паправілася да свае смерці ў 1838 годзе. Саўці ажаніўся ў другі раз – з паэткай Каралінай Аннай Боўлз, – але ў яго таксама пачаліся праблемы з псіхікай (мяркуецца, гэта была хвароба Альцгеймера). Памёр паэт у 1843 годзе і быў пахаваны ў Кесвіку. Эпітафію для яго напісаў Ўільям Ўордсвард.

Сярод самых значных твораў Роберта Саўці, апроч гатычных баладаў, можна назваць пяць вялікіх паэмаў: “Талаба-разбуральнік” (Thalaba the Destroyer, 1801), “Мэдак” (Madoc, 1805), “Пракляцце Кехамы” (Curse of Kehama, 1810), “Родэрык, апошні з готаў” (Roderick the Last of the Goths, 1814), “Бачанне суду” (A Vision of Judgment, 1821). Напісаў таксама шэраг біяграфіяў (у тым ліку Олівера Кромвеля і Гарацыя Нэльсана – па апошняй у 1926 годзе быў зняты брытанскі фільм “Нэльсан”), “Гісторыю Бразіліі” (якую задумаў як частку вялізнае працы па гісторыі Партугаліі, што так і не была напісаная) і “Гісторыю Пірэнейскае вайны”.

Чытайце таксама

Рудальф Блюмнэр

Рудальф Блюмнэр

Нямецкі паэт-дадаіст, актор. Зняўся ў фільме "Голем" (1915)

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

1155