№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Чарлз Букоўскі (Charles Bukowski)

1920 - 1994

Чарлз Букоўскі
Амерыканскі паэт і празаік. Сапраўднае імя — Генрых Карл Букоўскі (Heinrich Karl Bukowski). Нарадзіўся 16 жніўня 1920 у горадзе Андэрнах, Германія, у сям’і амерыканскага вайскоўца польскага паходжання Генрыха Букоўскі і немкі Катарыны Фэт. У 1923 годзе сям’я з маленькім Генры, як пазней на амерыканскі манер пачалі яго называць бацькі, пераязджае ў ЗША і з 1926 году пасяляецца ў Лос-Анджэлесе, дзе Букоўскі пражыве амаль усё жыццё.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Букоўскі год правучыўся ў гарадcкім каледжы Лос-Анджэлеса на факультэце ангельскай мовы і журналістыкі, спадзеючыся стаць пісьменнікам. У 1941 годзе Чарлз сыходзіць з дому, пасля таго як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае рэчы сына на двор.

Першае апавяданне Букоўскі было надрукаванае ў 1944 г., праз два гады наступнае. Але Букоўскі расчароўваецца ў пісьменніцкай дзейнасці і амаль дзесяць гадоў нічога не піша. У 1955 Бук трапляе ў клініку з дыягназам “крываточная язва”, прычына якой — празмернае ўжыванне алкаголю. Яго выратоўваюць ад смерці, але забараняюць піць. Забарону Букоўскі ігнаруе.

Пасля выпіскі з клінікі ён зноў пачынае пісаць, у асноўным вершы. Яго першы паэтычны зборнік «Кветка, кулак і пажадлівае выццё» (Flower, Fist and Bestial Wail) накладам 200 асобнікаў пабачыў свет у 1960 годзе, затым «Вершы на доўгую дыстанцыю для гульцоў, што прайграліся» (Longshot Poems for Broke Players) — у 1962 г. Першы зборнік апавяданняў «Усе сракі ў свеце і мая» (All Assholes In The World And Mine) з’явіўся ў 1966 годзе.

Асноўныя паэтычныя зборнікі Букоўскі, якія зацікавілі яго крытыкаў і чытачоў, былі надрукаваныя ў выдавецтве Loujon Press. У пачатку 1960-х Loujon Press таксама выдаваў літаратурны часопіс The Outsider, дзе друкаваліся творы Джэка Керуака, Алена Гінзберга, Генры Мілера, Ўільяма Бэроўза і іншых. У першым нумары часопіса з’яўляецца падборка вершаў і Чарлза Букоўскі. А ў 1966 па выніках апытання часопіса Бук прызнаны «Аўтсайдарам году».

З 1967 года Букоўскі вядзе калонку «Нататкі старога распусніка» (Notes of A Dirty Old Man) у газеце Open Air, а затым у Los Angeles Free Press. Гэтыя тэксты былі выдадзеныя асобнай кнігай у 1969 годзе.
У 1960—1970-х Чарлз Букоўскі робіцца надзвычай папулярным, асабліва ў Еўропе. Гэтым поспехам ён у вялікай ступені абавязаны свайму прыхільніку і выдаўцу Джону Марціну, які ў 1969 годзе прапануе выплачваць пісьменніку 100 даляраў штомесяц, каб той мог увесь час прысвячаць творчасці. Букоўскі пагаджаецца і кідае працу на пошце. Менш чым праз месяц пасля звальнення ён піша свой першы раман «Пошта» (Post Office), які ў 1971 годзе пабачыў свет у выдавецтве Марціна Black Sparrow Press.

Усе раманы Чарлза Букоўскі ў многім аўтабіяграфічныя. Яго альтэр эга Генры Чынаскі — алкаголік, валацуга і бабнік, які жыве сярод злачынцаў і адкідаў грамадства, але часам трапляе з дапамогай жанчынаў і ў высокія колы. Упершыню Чынаскі з’яўляецца ў аповесці «Прызнанні чалавека, звар’яцелага настолькі, каб жыць са звярамі» (Confessions of a Man Insane Enough to Live With Beasts), потым у раманах: вышэйзгаданая «Пошта», «Фактотум» (Factotum, 1975), «Жанчыны» (Women, 1978), «Хлеб з вяндлінай» (Ham on Rye, 1982).

Апошні зборнік вершаў, які выходзіць пры жыцці паэта, — «Вершы апошняй ночы на Зямлі» (The Last Night of the Earth Poems).

Чарлз Букоўскі памёр 9 сакавіка 1994 ад лейкеміі, у хуткім часе пасля таго, як скончыў свой апошні раман «Макулатура» (Pulp). Цырымонію пахавання правялі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана «Не спрабуй» (Don’t try).

Чытайце таксама

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Габрыэля Запольская

Габрыэля Запольская

Польская пісьменніца-натуралістка, драматургіня, актрыса і аўтарка фельетонаў.

2066