№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вальтэр Скот (Walter Scott)

1771 - 1832

Вальтэр Скот
Сэр Вальтэр Скот – сусветна вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі (традыцыйна лічыцца заснавальнікам гэтага жанру), першы ангельскамоўны пісьменнік, які набыў ледзь не сусветную папулярнасць і шырока чытаўся і перакладаўся ўжо пры жыцці за межамі свае радзімы, класік ангельскага і шатландскага рамантызму, чалавек, які валодаў фенаменальнай памяццю. Нарадзіўся Вальтэр Скот 15 жніўня 1771 году ў Эдынбургу ў сям’і адваката Вальтэра Скота і Анны Рэзерфорд, дачкі прафесара медыцыны Эдынбургскага універсітэта. З адзінаццаці яго братоў і сёстраў засталося ў жывых толькі пяцёра, не лічачы будучага пісьменніка. У дзяцінстве Скот перахварэў на дзіцячы паралюш, што стала прычынай пажыццёвага кульгання на правую нагу.

Дзяцінства пісьменніка звязанае з Шатландыяй. Нават у каледжы, дзе Вальтэр Скот вельмі шмат чытаў, адной з найпершых цікавасцяў будучага пісьменніка былі шатландскія балады і паданні. Таксама ён разам з сябрамі заснаваў “Паэтычную суполку”, вывучаў нямецкую мову і чытаў нямецкіх рамантыкаў.

Пасля заканчэння каледжа Скот па працоўнай неабходнасці (а ён працаваў адвакатам) шмат ездзіў па краіне, збіраў народныя легенды і паданні пра герояў шатландскай даўніны, а таксама займаўся перакладамі нямецкай паэзіі (сярод іншага пераклаў баладу Г. А. Бюргера “Ленора”). У 1791 годзе пісьменнік пазнаёміўся са сваім першым каханнем Ўільямінай Белшэс і цягам пяці гадоў спрабаваў дабіцца ўзаемнасці. У 1796 годзе дзяўчына выйшла замуж за іншага, што стала для Вальтэра Скота страшэнным ударам. Вобраз Ўільяміны пасля неаднаразова з’яўляўся ў творах пісьменніка.

Раманы Вальтэра Скота прынята дзяліць на дзве групы. Першая – гэта творы, прысвечаныя нядаўняму шатландскаму мінуламу, перыяду грамадзянскай вайны – ад пурытанскай рэвалюцыі XVI ст. да разгрому горных кланаў у сярэдзіне XVIII ст. і крыху больш позняму часу: “Ўэверлі” (Waverley, or Sixty years since, 1814), “Гай Манерынг” (Gay Mannering, 1815), “Сэрца Мідлотыяна”, у рускім перакладзе “Эдинбургская тюрьма” (The Heart of Midlothian, 1818), “Шатландскія пурытане” (Old mortality, 1816), “Ламермурская нявеста” (The bride of Lammermoor, 1819), “Роб Рой” (Rob Roy, 1817), “Кляштар” (The Monastery, 1820), “Абат” (The Abbot, 1820), “Сэнт-Ронанская крыніца” (St. Ronan’s Well, 1823), “Антыквар” (The Antiquary, 1816). У гэтых раманах Вальтэр Скот апісвае шатландскае жыццё, многія яго героі гавораць на народнай мове. Хаця пісьменнік па-свойму робіць крок да стварэння больш жывых вобразаў, чым тыя, якімі поўніліся тагачасныя сентыментальныя раманы: многія героі Скота – умоўна ідэалізаваныя персанажы, пазбаўленыя жыццёвасці. Другая група твораў Вальтэра Скота прысвечаная гісторыі Англіі і кантынетальных краінаў (пераважна Сярэднявеччу і XVI ст.). Сюды ўваходзяць такія творы, як “Айвенга” (Ivanhoe, 1819), “Квентын Дорвард” (Quentin Durward, 1823), “Кенілворт” (Kenilworth, 1821), “Анна Геерштэйнская” (Anne of Geierstein, 1829) і г.д. Гэтыя творы здзіўлялі сучаснікаў вонкавым гістарызмам, веданнем дэталяў і духу эпохі. Аднак раманы пісьменніка пабудаваныя не толькі на гэтым вонкавым гістарызме, але і на пэўнай гістарычнай канцэпцыі; многія ідэі Скота пасля паўплывалі на наступных гісторыкаў (напрыклад, на Агюста Т’еры) – фактычна, ён быў папярэднікам значных навуковых адкрыццяў, а таму намаляваная ім карціна мінулых часоў не магла не ўразіць яго чытачоў.

Вальтэр Скот – аўтар шэрагу паэтычных твораў, у тым ліку гатычных і рамантычных балад. Многія з іх, напрыклад, балада “Шэры манах”, была заснаваная на шатландскім паданні (яна так і засталася няскончанай).

У 1825 годзе ў жыцці Скота пачынаецца перыяд няўдачаў. Спачатку гэта значныя фінансавыя праблемы, пасля, у 1830 годзе, – апаплексічны ўдар, які паралізуе правую руку пісьменніка. Пасля яго былі яшчэ два ўдары, і 21 верасня 1832 году пісьменнік памірае, не вытрымаўшы чацвертага ўдару. Адным з першых крытыкаў Вальтэра Скота лічыцца Марк Твэн, які абвінавачваў шатландца ў рамантызацыі бітвы. У рамане Твэна “Прыгоды Гекльберы Фіна” імем “Вальтэр Скот” названы карабель, які патануў.

Партрэт Вальтэра Скота змяшчаўся на многіх шатландскіх банкнотах, у тым ліку тых, што былі выпушчаныя ў 2007 годзе Шатландскім банкам.

Чытайце таксама

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

Чарлз Кослі

Чарлз Кослі

Брытанскі корнскі паэт і празаік, вядомы найперш дзякуючы простым апавяданням і вершам, у якіх часта выкарыстоўваюцца сюжэты з фальклору і многія з якіх звязаныя з Корнуэлам.

Чарлз Букоўскі

Чарлз Букоўскі

Амерыканскі паэт і празаік, прадстаўнік "бруднага рэалізму"

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

2161