№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Густаў Майрынк (Gustav Meyrink)

1868 - 1932

Густаў Майрынк
Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў “Пражскай школы”, аўтар пяці раманаў, шматлікіх апавяданняў і драматычных твораў.

Нарадзіўся 19 студзеня 1868 году ў Вене. Незаконны сын міністра тагачаснага ўраду барона Карла фон Фарбюлера і акторкі Марыі Вільгельміны Адэлаіды Маер, ён насіў яе прозвішча. Ад сямейнага імя Фарнбюлераў, калі яму прапанавалі яго ўзяць у 1919 годзе, адмовіўся.

Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло ў пераездах з месца на месца разам з тэатрам, дзе грала яго маці, якая, як сведчыць большасць даследчыкаў, звяртала на сына вельмі мала ўвагі. У 1888 годзе Маер паступае ў Гандлёвую акадэмію ў Празе. Неўзабаве ён стварае разам з сябрам даволі паспяховае камерцыйнае прадпрыемства “Маер і Маргенштэрн”. Паспяховага банкіра пачынаюць прымаць у найлепшых дамах, ён паспешліва (з часам высвятляецца, што няўдала) жэніцца на Марыі Ядвізе Цэртль (1892). Нягледзячы на даволі высокае становішча ў грамадстве і поспех у справах, Маер паступова заглыбляецца ў дэпрэсію, што прыводзіць да спробы самагубства, якому не даў адбыцца выпадак, апісаны ім потым у аўтабіяграфічным апавяданні “Праваднік” (Der Lotse): гатовы ў сябе стрэліць, ён раптам убачыў, як чыясьці рука падсунула пад дзверы брашуру, якая мела назву “Жыццё пасля смерці”. Гэта выклікала гарачую цікавасць пісьменніка да акультных навук.

Новыя прыхільнасці банкіра Маера не знайшлі разумення ў яго атачэнні, ад якога ён паступова аддаляўся ўсё больш і больш. Ён бярэ актыўны ўдзел у заснаванні пражскага аддзялення тэасофскага таварыства “Ля блакітнай зоркі”. Адчужэнне і непрыязнасць да яго з боку знаёмых скончылася тым, што Маер быў арыштаваны па даносе, у якім сцвярджалася, што справы банкір вядзе, паслугоўваючыся дапамогаю ворага роду чалавечага. Ён быў абвінавачанні ў выкарыстанні містычных сілаў і праседзеў у турме два з паловай месяцы. Нягледзячы на тое, што невінаватасць сваю ён давёў, прафесійная рэпутацыя яго была сапсаваная, таму камерцыю давялося пакінуць.

З пачатку 1900-х гадоў пачынаецца супрацоўніцтва пісьменніка з некаторымі пражскімі перыядычнымі выданнямі, такімі як часопіс “Сімпліцысімус”, у якім ён друкуе містычныя навэлы, падпісаныя псеўданімам Густаў Майрынк. Многія з іх увойдуць у трохтомавы збор апавяданняў “Чароўны рог нямецкага філістара” (Des deutschen Spießers Wunderhorn, 1913). Прыкладна ў той час ён збліжаецца з колам пражскіх неарамантыкаў (Оскар Вінэр, Альфрэд Кубін, Паўль Лепін і інш.). У 1905 годзе Майрынк жэніцца, гэтым разам шчасліва, з Філамэнай Бэрнт.

Вялікае ўражанне на Майрынка робіць сустрэча з італьянцам Джуліяна Крэмерцам і чальцамі створанай імі эзатэрычнай абшчыны “Ланцуг Мірыям”, што займалася Кабалай, герметычнай практыкай і тантрызмам. Пад іх уплывам Майрынк стварае тэорыю духоўнай алхіміі, якая з’яўляецца мастацтвам абраных і дазваляе ажыццяўляць трансмутацыю ветхай, цёмнай прыроды чалавека ў чысціню яго ўласнага “Я”. Гэтая тэорыя зрабілася адным з галоўных матываў у творчасці Майрынка, яе палажэнні сталі асновай многіх яго твораў, у тым ліку і раману “Голем” (Der Golem, 1913), які на беларускую мову пераклаў Васіль Сёмуха.

Раман выйшаў у 1915 годзе і займеў неймаверны поспех, большы, чым ледзь не ва ўсіх празаічных твораў, якія выходзілі на нямецкай мове. Ён быў перакладзены практычна на ўсе еўрапейскія мовы, неаднаразова экранізаваўся, а наклад яго дасягнуў астранамічнай на той час лічбы ста тысячаў асобнікаў. З усіх экранізацыяў вылучаюць фільм “Як Голем прыйшоў на свет”, зняты ў 1920 годзе Паўлем Вегенэрам, прызнаны шэдэўрам экспрэсіянісцкага кінематографу.

Наступныя раманы Майрынка – “Зялёнае аблічча” (Das grüne Gesicht, 1916), “Вальпургіева ноч” (Walpurgisnacht, 1917), “Белы дамініканец” (Der weiße Dominikaner, 1921) і “Анёл заходняга акна” (Der Engel vom westlichen Fenster, 1927) – поспеху “Голема” не займелі, а два апошнія прайшлі практычна незаўважна. У гэты час Майрынк таксама актыўна перакладае і засноўвае выдавецкую серыю “Раманы і кнігі пра магію”. У 1927 годзе Майрынк прымае будызм.

Стаўшы пасля выхаду “Голема” забяспечаным чалавекам, Майрынк купляе вілу на Штарнбергскім возеры (Германія), дзе жыве з сям’ёй да канца жыцця. Летам 1932 году сын пісьменніка Хара Фартунат ва ўзросце 24 гадоў заканчвае жыццё самагубствам (у тым самым узросце гэта спрабаваў зрабіць і ягоны бацька). Майрынк перажыў сына на шэсць месяцаў і памёр 4 снежня таго ж году.

Чытайце таксама

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

93