Жэрар дэ Нэрваль (сапраўднае iмя Жэрар Лабрунi), французскi пiсьменнiк-рамантык, нарадзiўся 22 траўня 1808 году ў сям'i хiрурга напалеонаўскай армii. Калi будучаму пiсьменнiку было два гады, яго мацi памерла ў Сiлезii, дзе знаходзiлася тады разам з мужам-ваенным. Хлопчыка выхоўваў дзядзька з боку мацi, Антуан Бушэ, але калi ў 1814 годзе вярнуўся з вайны бацька Жэрара, хлопчыка адправiлi да яго ў Парыж.
Знакамiтым Нэрваль зрабiўся пасля таго, як пераклаў “Фаўста” Гётэ ў 1828 годзе. Гэты пераклад быў ухвалены Гётэ i пасля паўплываў на Берлiёза, стваральнiка сiмфонii “Пракляцце Фаўста” (La Damnation de Faust). Таксама Нэрваль перакладаў вершы Генрыха Гайнэ, Шылера, Клопштака, Бюргера. Апроч гэтага, ён напiсаў некалькi зборнiкаў гiстарычна-лiтаратурных артыкулаў – “Эцюды пра нямецкiх паэтаў” (Études sur les poètes allemands, 1830).
Паэзiю Нэрваля можна ахарактарызаваць як рамантычны дэiзм, духоўны свет цiкавiць паэта значна больш за свет матэрыяльны. Спачатку ён вiтаў Чэрвеньскую рэвалюцыю, але яго напалохаў грамадскi рух, якi пашырыўся пасля, i ён расчараваўся ў рэвалюцыi. З надыходам рэакцыi Нэрваль трапiў пад уплыў “галантнай”, цi “залатой” багемы Тэафiля Гацье, лозунгам якой было “мастацтва дзеля мастацтва”. У канцы 1830-х гадоў Нэрваль прыйшоў да думкi пра поўную бясплённасць сацыяльна-палiтычнай барацьбы (драма “Léo Burckart”, 1839). У многім Нэрваль – вiдавочны папярэднiк французскiх сiмвалiстаў, яго творчасць высока цанiлi таксама сюррэалiсты.
Нэрваль пакiнуў некалькi зборнiкаў вершаў: “Нямецкiя вершы” (Poésies allemandes, 1830), “Галантная багема” (La bohême galante, 1855), шэраг гiстарычных драмаў i оперных лiбрэта: “Пракляцце Фаўста” (La damnation de Faust, 1846), некалькi аповесцяў: зборнiк “Дочкі агню” (Les filles de feu, 1854). Эратызм, фантастыка i культ мастацтва дзеля мастацтва былi для Нэрваля, на якога моцна паўплываў нямецкi рамантызм, формай вызвалення ад зямной рэчаiснасцi.
Падарожжы Нэрваля па Усходу i Германii апiсаныя ў шэрагу кнiг: “Сцэны ўсходняга жыцця” (Scènes de la vie orientale, 1848), “Падарожжа на Усход” (Voyage en Orient, 1851), “Ларэлея” (Loreley, 1852).
У 1841 годзе ў паэта здарыўся першы нервовы прыпадак. Апошнiя гады жыцця Нэрваля былi азмрочаныя нястачай i псiхiчнай хваробай, i 26 студзеня 1855 году ён скончыў жыццё самагубствам, павесiўшыся ў адным з парыжскiх завулкаў. Пахаваны на могiлках Пэр-Лашэз.