№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мігель дэ Сервантэс (Miguel de Cervantes)

1547 - 1616

Мігель дэ Сервантэс
Пісаць біяграфію сусветна вядомага пісьменніка і салдата Мігеля дэ Сервантэса Сааведры – справа абсалютна няўдзячная: творчасць яго даследаваная ўздоўж і ўпоперак, а жыццёвы шлях апісаны так, што нават бібліяграфія зойме шмат старонак. А таму пазначым тут толькі некаторыя факты яго жыцця.

Нарадзіўся пісьменнік 29 верасня 1547 году ў Алькала-дэ-Энарэс у сям’і ідальга Радрыга дэ Сервантэса, хірурга; сям’я жыла небагата. Пра дзяцінства Мігеля вядома вельмі мала. У сталым узросце паступіў у войска, удзельнічаў у ваенных кампаніях у Італіі, Наварына (1572), Тунісе, Партугаліі, у марскіх баях (Лепанта, 1571). Дарэчы, паводле самай папулярнай версіі біёграфаў пісьменніка, менавіта ў баі пад Лепанта Сервантэс страціў руку. Пасля гэтага некалькі гадоў пісьменнік зноў праводзіць у паходах. У 1575 годзе, падчас вяртання дадому, ён трапляе ў алжырскі палон, дзе праводзіць пяць гадоў (бацькі Сервантэса не маглі яго выкупіць, бо ўсе іх грошы пайшлі на выкуп яшчэ аднаго сына). Некалькі разоў Сервантэс спрабаваў збегчы, але няўдала, урэшце ў 1580 годзе грошы былі сабраныя, і манах-трынітарый Хуан Хіл вызваліў пісьменніка.

Пасля алжырскага палону Сервантэс зноў служыць у войску і ў 1585 годзе піша свой першы твор – пастаральны раман “Галатэя”. На той момант пісьменніку было ўжо 38 гадоў. Жыццё Сервантэса ў гэты перыяд поўнае нягодаў: ён церпіць нястачу, яго драматычныя творы, напісаныя пасля “Галатэі”, не карыстаюцца поспехам, некаторы час пісьменніку нават даводзіцца праседзець у турме. Усё, што пішацца ў гэты час, доўга не публікуецца. Толькі ў 1604 годзе пабачыла свет першая частка рамана “Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі” (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha), які адразу займеў поспех (чатыры перавыданні за першы год) і быў перакладзены на многія мовы. Тым не менш, матэрыяльнага стану Сервантэса гэта не паляпшае, нават наадварот – у пісьменніка з’яўляецца ўсё больш ворагаў і зайздроснікаў.

У перыяд з 1604 па 1616 гады літаратурная дзейнасць пісьменніка не спыняецца: выходзіць другая частка “Дон Кіхота”, “Павучальныя навэлы” (1613), многія драматычныя творы (сярод іх патрыятычная трагедыя “Нумансія”; усе драматычныя творы ўвайшлі ў кнігу пад назвай “Восем камедыяў і восем інтэрмедыяў”, 1615), паэма “Падарожжа на Парнас” (1614). Другі раман Сервантэса, “Падарожжы Персілеса і Сіхізмунды” быў надрукаваны пасля смерці аўтара. Пісьменнік працаваў амаль да самае смерці; за некалькі дзён да канца жыцця ён пастрыгся ў манахі. Памёр Сервантэс 23 красавіка 1616 году ад вадзянкі.

У 1835 годзе ў Мадрыдзе быў пастаўлены помнік пісьменніку, на якім па-лацінску напісана: “Мігелю Сервантэсу Сааведры, каралю гішпанскіх паэтаў”.

Чытайце таксама

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Арнэ Лігрэ

Арнэ Лігрэ

Нарвежскі драматург і празаік.

Гюнхільд Эехаўг

Гюнхільд Эехаўг

Нарвежская пісьменніца, паэтка і выкладчыца.

Мілан Ракіч

Мілан Ракіч

Сербскі паэт, дыпламат і акадэмік

1719