№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гарадзенскія кнігарні

31 траўня 2010

На мой сціплы погляд, погляд прайдзісвета з Заходняй Беларусі, самыя цікавыя гарадзенскія кнігарні месцяцца ў цэнтры горада, і абысці іх можна прыкладна за паўгадзіны. І маршрут гэты варта пачаць з кніжнай крамы “Кнігі” на вуліцы Гарнавых.

Увогуле, там знаходзіцца побач адразу дзве кнігарні.



Але менавіта “Кнігі” – сапраўдны рай для кніжнага аматара, бо тут ёсць вялікі букіністычны аддзел, у якім можна знайсці не толькі зачытаныя жаночыя раманы і часопісы, але і цэлыя зборы твораў класічных аўтараў і нават кнігі на замежных мовах. Галоўнае – добра шукаць на паліцах ды заходзіць у кнігарню як мага часцей: пакуль іншыя не знеслі. Кошты букіністычных выданняў – больш чым дэмакратычныя. Сярод цікавых кніг, раскапаных мной на паліцах кнігарні, – польскі пераклад рамана “Голад” Кнута Гамсуна, двухтомнае выданне ўспамінаў Ірыны Адоеўцавай “На берагах Нявы” і “На берагах Сены”, рэпрынт “Беларуска-расейскага слоўніка” М. Байкова і С. Некрашэвіча 1925 году.





Па вуліцы Гарнавых можна прайсці да моста праз Нёман, адтуль – дайсці да Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, ля якога, на Савецкай плошчы, знаходзіцца, мабыць, самая вялікая гарадзенская кнігарня – “Раніца”.





У гэтай кнігарні досыць шырокі – па мерках Гародні – выбар кніг: і папулярная літаратура, і нешта з класікі і сучасных аўтараў, і нават беларуская палічка. Праўда, перакладная беларускамоўная літаратура прадстаўленая надзвычай бедна.





Прайшоўшы праз Савецкую плошчу да аднайменнай вуліцы, а пасля прагуляўшыся па гэтай самай аднайменнай вуліцы ў бок вуліцы Ажэшкі, можна ўбачыць яшчэ адну кнігарню – “Праметэй”.



Размешчаная яна ў гістарычным будынку 1885 году; калі не верыце – можаце пачытаць на шыльдачцы.



На паліцах гэтай кнігарні, апроч усяго іншага, таксама прадстаўленая беларуская літаратура. Што цікава, часам тут можна знайсці кнігі, якіх няма ў большай “Раніцы”. Але з перакладамі зноў жа цяжка, дый з навінкамі, што выйшлі ў беларускім незалежным друку, таксама. Затое можна часам знайсці кнігу, якая ўжо даўно знікла з паліцаў сталічных кнігарняў.

Ад гэтай кнігарні ўжо рукой падаць да дома-музея Элізы Ажэшкі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Чытайце таксама

825