№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Закарпацце літаратурнае, альбо У госці да русінаў

3 жніўня 2010

Русінская мова (руська бесіда, руски язик і інш.) – ці нават русінскія мовы (бо склад дыялектаў русінскай мовы – таксама адкрытае пытанне) – бытнуе на землях, дзе жывуць прадстаўнікі русінскага этнасу: Закарпацкая вобласць Украіны (ці Падкарпацкая Русь), Усходняя Славакія, Ваяводзіна ў Сербіі, асобныя вобласці Харватыі, Венгрыі, Румыніі і Польшчы. Паводле розных падлікаў, колькасць русінаў складае ад 1 да 2 мільёнаў чалавек.

Украінскія лінгвісты на сённяшні дзень адмаўляюць русінскай у статусе асобнай мовы і называюць яе адным з украінскіх дыялектаў; адпаведна, у рэестры нацыянальнасцяў Украіны русінаў няма. Аднак мясцовае насельніцтва Закарпацця вызначае сябе вельмі дакладна – русіны – і ставіць перад сабой мэту дабіцца прызнання сваёй нацыянальнасці. Існуе шэраг русінскіх суполак (прычым не толькі на тэрыторыі Закарпацця), выдаюцца кнігі на русінскай мове і пра русінскую мову, праводзяцца кангрэсы русінаў.

На вітрыне галоўнай кнігарні горада Ужгарада – адміністрацыйнага цэнтру Закарпацкай вобласці – так і напісана: “Творы сусветных, украінскіх і закарпацкіх пісьменнікаў”.



Праўда, цяпер кнігарня зачыненая на рамонт, і кнігі прадаюцца крыху далей, у краме з лаканічнай назвай “Кнігі”. Пытаюся ў прадавачкі, ці ёсць кнігі на русінскай мове ці слоўнікі. “Канечне, ёсць”, – адказвае яна і прыносіць “Русінска-ўкраінска-рускі і руска-ўкраінска-русінскі слоўнік” Дзмітрыя Попа, спецыяліста па русінскім фальклоры і лінгвістыцы, філолага-славіста і перакладчыка.



Апроч гэтага, прадавачка паказвае некалькі краязнаўчых кніг і кнігу вершаў сучаснага русінскага паэта Івана Сітара, а на пытанне, дзе яшчэ ў горадзе можна знайсці літаратуру на русінскай, адпраўляе ў букіністычную краму на плошчы Шандара Пецёфі.

Дарэчы, пра Шандара Пецёфі і венграў увогуле. Падкарпацкая Русь доўгі час уваходзіла ў склад Венгрыі (у тым ліку Аўстра-Венгрыі), а таму тут дагэтуль жыве шмат венграў; самі русіны з вялікай павагай ставяцца да венгерскай культуры. У русінскай мове, апроч стараславянізмаў, ёсць шмат венгерскіх словаў, і гэта яшчэ больш збліжае два народы. Помнікі венгерскай культуры сустракаюцца тут ледзь не на кожным кроку. Напрыклад, такі помнік класіку венгерскай літаратуры знаходзіцца на аднайменнай плошчы:



А такі барэльеф – у Мукачаўскім замку (горад Мукачава знаходзіцца за сорак кіламетраў ад Ужгарада):



Адна з музейных залаў Мукачаўскага замка цалкам прысвечаная творчасці гэтага венгерскага паэта:



Але вернемся ў букіністыку на ужгарадскай плошчы Шандара Пецёфі. Сама букіністыка выглядае досыць незвычайна:





Тут можна знайсці значна больш русінскіх кніг, чым у кнігарні “Кабзар”. Вось так, напрыклад, выглядае рэпрынт граматыкі русінскай мовы Івана Гарайды, выдадзенай у 1941:



У 2010 годзе быў выдадзены зборнік твораў класіка русінскай літаратуры Аляксандра Духновіча (1803–1865), аўтара “Гімна падкарпацкіх русінаў”, які пачынаецца словамі:

                                  Подкарпатскіи русины
                                  Оставьте глубокій сон!



Нягледзячы на тое, што русінская мова лічыцца ва Украіне дыялектам, у горадзе Ужгарадзе імем Духновіча названая цэнтральная вуліца, якая выводзіць да аднаго з самых знакамітых будынкаў Ужгарада – грэка-каталіцкага сабора:



Дарэчы, у горадзе Мукачава імем Аляксандра Духновіча таксама названая адна з цэнтральных вуліц. Ёсць там і помнік пісьменніку, аднак стаіць ён не на самой вуліцы Духновіча, а непадалёк ад яе – на вуліцы Пушкіна:



А за пару крокаў ад яго – помнік Кірылу і Мяфодзію на аднайменнай плошчы:



Анталогія сучасных русінскіх падкарпацкіх паэтаў выйшла ў 2009 годзе. Яна ўлучае не толькі паэтычныя творы і пераклады (Міхаіла Чухрана, Паўла Чучкі, Івана Пятроўцыя, Юрыя Чоры, Рамана Пішчальніка, Івана Сітара, Міхаіла Кеміня, Мараны Неймеці, Міхаіла Бяленя), але і русінскія прымаўкі, анекдоты, пракляцці, замовы, карыкатуры, камічныя псеўдацытаты (напрыклад: “Мüй язык – езопüськый! – я придумав сам, і овüн жіве додниська. Ваш язык – русинськый! – дав вам Бог, і тому овüн безсмертный. Езоп”) і шмат чаго іншага.



Дарэчы, букіністам у крамцы, размешчанай на плошчы Шандара Пецёфі, аказаўся адзін з аўтараў зборніка “Антологія днишньоï русинскьоï лïтературы” – Іван Пятроўцый, пісьменнік, перакладчык і ўкладальнік многіх русінскіх кніг, у тым ліку згаданай анталогіі. Так, у ёй змешчаныя не толькі яго вершы, але і пераклады (товмацтва) самых розных твораў: “Псалом Давідuв, пятнадцятый”, “Спüванка до Лесбіï” Сапфо, “Спüванкы вагантüв”, “Спüванка за Фіндлея” Роберта Бэрнса, “Ворон” Эдгара Алана По, “Спüванка за здыхлятіну” Шарля Бадлера, “Пяна шіфа” Арцюра Рэмбо і інш. Кнігу ўласных вершаў Івана Пятроўцыя таксама можна знайсці на палічках крамкі:



Яшчэ адна русінская кніга, якую можна знайсці на палічках крамы, – перавыданне кулінарнай кнігі Ганны Мікіты (1896–1985). А ў канцы кнігі змешчаныя два вершы – “Спüванка за солонину” Івана Пятроўцыя і яго пераклад – “Празнична спüванка” Шандара Пецёфі.



Зрэшты, гэта – далёка не ўсе мастацкія, краязнаўчыя і навуковыя выданні, што выйшлі па-русінску. Развіццё і кадыфікацыя гэтай мовы ідзе сваім ходам, і будзем спадзявацца, што русінская літаратура падорыць свету яшчэ не аднаго цікавага пісьменніка.

Чытайце таксама

1421