№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Калі любіш – адпусці!

10 снежня 2010

Праз месяц ён стварыў у інтэрнэце кніжны клуб bookcrossing.com, на якім сёння зарэгістравана звыш 870 тысяч карыстальнікаў па ўсім свеце. Галоўная ідэя буккросінгу – папулярызаваць чытанне як занятак, “адпускаючы на волю” кнігі, якія застаюцца “мёртвым грузам” у хатняй бібліятэцы: іх прачыталі, паставілі на паліцу і, магчыма, больш ніколі не возьмуць у рукі. А кнігам, між іншым, хочацца ўвагі.


Не кожная “адпушчаная на волю” кніга трапляе ў колазварот буккросінгу. Прачытаўшы кнігу, чалавек пакідае яе (“адпускае”) у спецыяльна прызначаным месцы (пра гэта ніжэй) або ў некаторых краінах – у любым грамадскім месцы: у кавярні, у парку, у метро, каб яе мог знайсці іншы чалавек, які пасля прачытання павінен паўтарыць працэс. На кнізе змяшчаецца яе ідэнтыфікацыйны нумар (BCID-code), па якім знойдзеную кнігу трэба зарэгістраваць на сайце буккросінгу. На гэтым жа сайце можна прасачыць “падарожжа”, якое здзейсніла кніга (падобным чынам арнітолагі назіраюць за перамяшчэннем птушак, акальцоўваючы іх).


Спачатку “вызваленне” кніг адбываецца ў інтэрнэце: карыстальнік рэгіструе кнігі, якія збіраецца пакінуць, ствараючы такім чынам сваю паліцу ў віртуальнай сусветнай бібліятэцы. Пры рэгістрацыі кожная кніга атрымлівае ўнікальны BCID-код. Затым карыстальнік пазначае, дзе і калі будзе “адпушчаная” кніга, і “вызваляе” яе ў рэале. Той, хто “злавіў” кнігу, рэгіструе яе на сайце, увёўшы пазначаны на ёй BCID-код, пра што паведамляецца папярэдняму гаспадару кнігі.


Буккросінг шырока распаўсюдзіўся ў Італіі дзякуючы штодзённай радыёперадачы, у якой аднойчы слухачка расказала журналістам пра ідэю буккросінгу, і тыя яе падтрымалі. Першымі ў Італіі былі вызваленыя некалькі асобнікаў кнігі Рэя Брэдберы “451° паводле Фарэнгейта”. У ліпені 2007 Сінгапур зрабіўся першай афіцыйнай краінай буккросінгу з 2 тысячамі “гарачых пунктаў”, у якіх можна пакідаць кнігі. Ініцыятыву падтрымала ў тым ліку Нацыянальная бібліятэка Сінгапура. У сакавіку 2005 bookcrossing.com атрымаў міжнародную прафесійную інтэрнэт-прэмію “Webby Awards” як найлепшая суполка ў інтэрнэце і найлепшая сацыяльная сетка.


У Беларусі буккросінг пакуль не мае шырокага распаўсюджання. Як і ў іншых постсавецкіх краінах, адна з прычын заключаецца ў тым, што не ўсе кнігі рэгіструюцца і таму “выпадаюць” з кнігазвароту. У Расіі, напрыклад, рэгіструецца ў 6-7 разоў менш кніг, чым было “вызвалена”. Для таго каб кнігі не “знікалі”, некаторыя арганізацыі (звычайна бібліятэкі) адводзяць для іх так званыя “бяспечныя месцы” (стэлажы, сталы, паліцы). Іншы спосаб – перасылка кніг па пошце. Адсюль – тры віды буккросінгу: 1) перадача праз “бяспечныя месцы”; 2) букрэй (анг. bookray) – перасылка кніг па пошце па ланцужку, ад аднаго ўдзельніка да іншага, пры гэтым кніга не вяртаецца да яе першага ўладальніка; 3) букрынг (анг. bookring) – у адрозненне ад букрэю, кніга павінна вярнуцца да яе ўладальніка.


Асаблівасць беларускага буккросінгу ў тым, што кнігі не заўсёды рэгіструюцца ў інтэрнэце, таму часта не выходзяць за межы бібліятэкі. Адной з першых, у 2007 годзе, ініцыятыву буккросінгу падтрымала Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага ў Мінску. Тады для кнігаабмену быў адведзены асобны стол, цяпер іх ужо некалькі, у буккросінгу ўдзельнічае каля 300 кніг – пераважна фантастыка, прыгодніцкая і класічная літаратура. Спецыяльныя стэлажы для буккросінгу ў Мінску ёсць у дзіцячых бібліятэках № 10 (Незалежнасці, 123) і № 14 (Варвашэні, 11), а таксама ў навуковай бібліятэцы БНТУ, у клубе “Графіці”. У Віцебску ідэю буккросінгу падтрымала Абласная бібліятэка імя Леніна, дзе пад “вызваленыя” кнігі адведзена некалькі стэлажоў; у Магілёве жыхары могуць далучыцца да кнігазвароту таксама праз абласную бібліятэку.


Да нядаўняга часу ўласна беларускага сайта для рэгістрацыі “адпушчаных” кніг не было, беларускія прыхільнікі буккросінгу рэгістраваліся на беларускай старонцы расійскага сайта. “У кантакце” існуе асобная суполка “Буккросінг у Беларусі”. Нядаўна па аналогіі з сайтамі буккросінгу ва ўсім свеце з’явіўся беларускі сайт bookcrossing.by. Таксама ў сувязі з уласным 10-годдзем і з 80-годдзем з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча ідэю падтрымаў партал TUT.BY, які ў сваім офісе (Харужай, 1а) адчыніў бібліятэку буккросінгу і завёў асобную старонку bookcrossing.blog.tut.by для рэгістрацыі кніг. Бібліятэка тут.бая налічвае на сёння 270 пазіцый, якія можна прагледзець нават без рэгістрацыі на сайце. Некаторыя кнігі пакідаюць у “бібліятэцы” самі аўтары разам з уласнымі аўтографамі.


Іншыя магчымасці для беларускіх буккросераў – гэта рэгістрацыя на галоўным сайце bookcrossing.com або на еўрапейскім яго аналагу bookcrossers.eu. Галоўны расійскі сайт буккросінгу размяшчаецца на bookcrossing.ru, польскі – bookcrossing.pl, украінская версія – bookcrossing.ru/ua. Асобны ўкраінскі сайт, прысвечаны кнігазвароту, стварылі вінніцкія буккросеры – vbook.at.ua.

Чытайце таксама

814