№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

18 студзеня 2010

Памыляецеся. “Ніхто не будзе аспрэчваць ісціну, што любы мазгавіты зомбі абавязкова мае яшчэ большую патрэбу ў мазгах”, — менавіта гэткім чынам, перайначанай цытатай, пачынаецца раман “Пыха, перадузятасць і зомбі” (Pride and Prejudice and Zombies) аўтарства Джэйн Остэн і Сэта Грэма-Сміта (Seth Grahame-Smith), што выйшаў вясною 2009 году ў выдавецтве Quirk Classics.

Гісторыя стварэння кнігі наступная. Рэдактар Quirk Classics быў апантаны ідэяй стварэння своеасаблівай літаратурнай “трасянкі”. Узброіўшыся, з аднаго боку, спісам сучасных папулярных герояў: усіх гэтых піратаў, зомбі, вампіраў і г.д., а з другога — спісам класічных твораў, што ўжо ёсць грамадскім здабыткам, да прыкладу, “Вайна і мір”, “Злачынства і пакаранне”, ён пачаў супастаўляць іх адно з адным. А потым аднойчы пазваніў пісьменніку Грэму-Сміту і заявіў, што ніяк не можа адкараскацца ад загалоўка “Пыха, перадузятасць і зомбі”. Пісьменніку, па яго словах, “невядома чаму” загаловак падаўся “найлепшым, што ён калі-небудзь чуў”. І той узяўся за працу.

Сюжэтная лінія новага рамана збольшага паўтарае остэнаўскую, але дзеянне адбываецца ў альтэрнатыўнай рэальнасці эпохі Рэгенцтва (1811—1820-я гг.), дзе зомбі разгульваюць па прасторах Англіі і тым самым моцна псуюць жыццё іншым насельнікам краіны. Напрыклад, ліст, дасланы з кур’ерам, можа лёгка згубіцца, бо бедака-служку запраста схопяць і з’ядуць. На свецкіх прыёмах ідзе адкрытае абмеркаванне здольнасцяў джэнтльменаў змагацца з зомбі, а дамы ўзважваюць усе “за” і “супраць” нашэння мушкета (з аднаго боку, гэта дадае бяспекі, але з іншага не зусім пасуе лэдзі).

А вось некалькі ілюстрацый да рамана:







1 красавіка 2009 году кніга пабачыла свет і практычна адразу зрабілася бестсэлерам у ЗША і Вялікабрытанні, а таксама атрымала даволі прыхільныя ацэнкі публікі.

Па кнізе ўжо здымаецца фільм. Яго рэжысёрам, а таксама выканаўцай галоўнай ролі будзе Наталі Портман.



Стаўшы хітом, “Пыха, перадузятасць і зомбі” адкрыла дарогу і іншым “трасянкавым” творам. У верасні 2009 Quirk Classics выпусціла другі парадыйны раман Остэн “Пачуццё, пачуццёвасць і марскія пачвары” (“Sense and Sensibility and Sea Monsters”), суатарам гэтым разам выступіў Бэн. Г. Ўінтэрс (Ben H. Winters).

Дарэчы, выхаду рамана папярэднічаў відэаролік, змешчаны на YOUTUBE, што сабраў больш за 100 тысяч праглядаў. Вось ён:



Зусім нядаўна выдавецтва заявіла пра падрыхтоўку трэцяй кнігі з той жа серыі. Аўтарам, чый твор “упрыгожаць” робаты і кібаргі, стане (хто б вы думалі) Леў Мікалаевіч Талстой. “Андроід Карэніна” — такую назву будзе насіць раман, што выйдзе 8 чэрвеня 2010 году.



“Фішку” Quirk Classics падхапілі і іншыя. Да прыкладу, у адной з найбуйнейшых інтэрнэт-кнігарняў Amazon разам з “Пыхай, перадузятасцю і зомбі” чытачы абіраюць:



"Прыгоды Гекельберы Фіна і Зомбі Джыма" (Adventures of Huckleberry Finn and Zombie Jim)



"Неўміручая краіна Оз" (The Undead World of Oz)



"Вайна сусветаў плюс кроў, кішкі і зомбі" (The War of the Worlds Plus Blood, Guts and Zombies)



"Робін Гуд і Брат Тук: забойцы зомбі" (Robin Hood and Friar Tuck: Zombie Killers - A Canterbury Tale)



"Мэнсфілд-парк і муміі: разгул монстраў, шлюб, старыя праклёны, сапраўднае каханне і іншыя жудасныя радасці" (Mansfield Park and Mummies: Monster Mayhem, Matrimony, Ancient Curses, True Love, and Other Dire Delights)



"Эма і пярэвартані" (Emma and the Werewolves)

Безумоўна, адной з асноўных мэтаў стваральнікаў такіх кнігаў-мутантаў ёсць практычна гарантаваны камерцыйны поспех. З іншага ж боку, такі падыход не можа не будзіць цікавасць публікі і асабліва маладога пакалення да саміх аўтэнтычных твораў.

А ці ўяўляецца вам магчымым, шаноўныя чытачы, нешта падобнае і на нашай глебе? Дазволю сабе некалькі загалоўкаў гіпатэтычных кніг: “Людзі на балоце і рачныя пачвары”, “Пінская шляхта і прыставы-мутанты”, “Бандароўна, валадарка зомбі”, “Сэрца на далоні. Споведзь вампіра”… Ці ўсё ж для нас класічная беларуская літаратура дагэтуль жыве адно ў школьнай ці внушнай праграме, а не ёсць жывымі і цікавымі масаваму чытачу творамі?

Чытайце таксама

1070