№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антон Францішак Брыль

Пра ўсё і пра ўсіх

13 лістапада 2011

Пра ўсё і пра ўсіх


Каб абзавесціся прыдатнаю тэмаю для доўгай размовы, часта трэба няшмат. Адкрыем, напрыклад, хрэстаматыю па беларускай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў, выкладзеную на сайце філалагічнага факультэта БДУ, і на першай жа старонцы прадмовы прачытаем: “…беларуская літаратура — гэта літаратура, створаная беларусамі пра беларусаў ды Беларусь і ў першую чаргу для беларусаў” [1]. Бачыце — такія кароткія дзеянні, а тэма для доўгай размовы ўжо пры нас.

 

Пакінем у гэтай размове за дужкамі тэрміналогію: ужытак у такім кантэксце слова “беларусы” небясспрэчны, але пакуль усе разумеюць, пра што гаворка, выбар словаў не ўплывае на вынік — на акрэсленне кола тэкстаў, якія прапануецца вывучаць і якім вучыць. Не будзем доўга спыняцца і на словах “у першую чаргу для беларусаў” — гэтую частку вызначэння, прызнаемся, ніхто і так не прымае ўсур'ёз, іначай не ўважалася б гэтак згодна за частку беларускай літаратуры “Песня пра зубра”, пісаная для папы Льва Х. Пагаворым пра іншую дэталь, якая акурат уплывае на адбор тэкстаў — і ўплывае напраўду спусташальным чынам. Гэтая дэталь — увядзенне тэматычнай прыкметы: “пра беларусаў ды Беларусь”.

 

У недарэчнасці гэтай прыкметы лёгка пераканацца, прыклаўшы яе да відавочных выпадкаў. Яе немагчыма лічыць неабходнаю для ўключэння твора ў беларускую літаратуру, бо інакш давядзецца выкрасліць з гэтай апошняй не толькі “Слёзы Тубі” Янкі Маўра, але і “Бандароўну” Янкі Купалы, напісаную на ўкраінскім матэрыяле, пра Украіну ды ўкраінцаў. Гэтак жа немагчыма палічыць гэтую прыкмету дастатковай, бо інакш беларускай літаратурай у нас акажуцца, насуперак здароваму сэнсу, “Радкі аб разні ў Ашмяне” шатландца Энэя Макдонэла Доўсана [2]. Калі гэтая прыкмета не неабходная і не дастатковая, то якая? Адкажу без ваганняў: яна, відавочна, памылковая.

 

Нападаючы — вельмі справядліва — на вызначэнне межаў літаратуры па моўнай прыкмеце, М. Хаўстовіч у той жа прадмове піша: “Беларускамоўныя творы (ці твор) звычайна складалі толькі частку мастацкага даробку таго ці іншага беларускага літаратара XVIII—ХІХ стст. Ці ж не дзіўна, што мы, далучыўшы гэтыя тэксты да беларускага пісьменства, на іншамоўныя не будзем звяртаць увагу? А як быць з лацінамоўнымі творамі? Да якой літаратуры аднесці іх?” [3] Гэта цалкам слушна — і цалкам прыдатна для нападу і на тэматычную прыкмету. Сапраўды, дзіўна было б правесці мяжу паміж вершам “Едзе міленькі Адам” і баладай “Бірута Кейстутава жонка”, напісанымі, хай сабе на розных мовах, адным і тым жа Чачотам. Але ці не дзіўна ў такім разе праводзіць яе паміж “Хохлікам” Адынца і ягоным жа “Рэхам у Альпах”? А як быць з вершамі, увогуле пазбаўленымі прывязкі да мясцовасці альбо народа?

 

Між тым гэтая прыкмета самым непасрэдным чынам ужываецца на практыцы, перадусім у дачыненні да краёвай польскамоўнай літаратуры. Добрым прыкладам будзе кнігазбораўскі том “Філаматы і філарэты” [4] — кніга, бясспрэчна, значная, хаця б таму ўжо, што наблізіла да больш-менш масавага беларускага чытача цэлы шэраг імёнаў, да таго знаёмых вельмі ўмоўна. Вось, напрыклад, перад намі Аляксандр Ходзька — буйны арыенталіст, які густоўна і дасведчана развіў у польскамоўнай паэзіі ўсходнія матывы. Якім яго ўбачыць чытач? За апісаннем паэтавага жыцця ў кнізе — раптоўнае падсумаванне: “З творчай спадчыны Аляксандра Ходзькі для нас маюць цікавасць яго паэтычныя творы, напісаныя на літоўскія тэмы, заснаваныя на ўзорах беларускай народнай паэзіі”. Ці не згубілася нешта ад такога адбору? Я адкажу: так; згубіўся Аляксандр Ходзька. Згубіўся разам са сваімі цікавасцямі, сваімі густамі і схільнасцямі, сваімі найбольш моцнымі бакамі, сваімі, нарэшце, вярблюдамі.

 

Справы робяцца яшчэ горшымі, калі размова ідзе не пра асобных творцаў, а пра перыяды. Сапраўды, падыход да тэмаў у розныя часы моцна розніцца, і адбор па адзінай тэматычнай прыкмеце стварае надзвычайна скажонае аблічча літаратуры як цэлага. Адбіраць па прыкмеце лакальнай тэматыкі творы класіцызму і рамантызму запар дрэнна хаця б ужо таму, што зварот да лакальнай тэматыкі ўласцівы класіцызму і рамантызму ў зусім рознай ступені. Класіцызм у выніку церпіць наймацней: нездарма ў хрэстаматыі, з якой мы пачалі размову, Юльян Урсын Нямцэвіч аказаўся прадстаўлены адно “Канстанцінам Астрожскім” — вершам, які хоць і быў створаны ў межах класіцыстычнага кірунку, аднак наўрад ці здольны сам па сабе даць пра яго хоць якое уяўленне. Рамантызм, прыродна зацікаўлены, сярод іншага, і мясцовымі матывамі, устае з пракрустава ложка тэматычнага адбору цалейшым. Але цалейшым — не значыць цэлым; мясцовая тэма ў ім, канечне, далёка не адзіная. Зрэшты, Ходзьку і ягоных бедных небеларускіх вярблюдаў мы ўжо згадалі.

 

То што мы бачым, калі глядзім на паэтаў? Мы бачым няшмат, бо вырашылі глядзець на іх праз адну-адзіную высвідраваную ў дзвярах дзюрачку. Аднога больш-менш убачылі ў твар, другі не так стаў, і бачная толькі палова твару, а трэці завысокі ці занізкі, і вось — замест твару нам дастаецца гузік каўняра ці віхур на макаўцы. Так і запамінаем. N.N.? О, ведаем; гэта такі, з твару падобны да гузіка.

 

І што дастаецца нам ад мінулых часоў літаратуры? Нам дастаецца зямля амаль пустынная. О! Гэта напраўду суровае відовішча. Пасярод пусткі высіцца каменны ідал мясцовай тэмы, з выгляду досыць новы, і перад ідалам палае ахвярны агонь; вакол жа выпалена ў прах усё, апроч некалькіх купак жывой зеляніны. Гэтыя купкі растуць адмысловаю, дужа знаёмаю фігураю: яны дакладна паўтараюць сілуэт ідала. То што ж, гэты абрыс нечым уласцівы самой прыродзе гэтай зямлі? Не, проста гэтыя купкі таму толькі і не спарахнелі ад гарачыні вогнішча, што выпадкова трапілі ў ратоўны цень каменнага балвана. Добра, што яны захаваліся; але шкада, што рэшта знікла.

 

А ад знікнення сапраўдных мінулых стагоддзяў, калі мы пойдзем далей, відавочна церпіць і ўспрыняцце стагоддзя дваццатага. Так, Максім Багдановіч, ухваляючы Анакрэона, не гэтулькі павісаў бы ў паветры, калі б у дзевятнаццатым стагоддзі вучань сустракаў ужо Адынца з “Анакрэонтыкам”. Так, жанр лафантэнаўскай байкі, прысутны ў беларускай літаратуры ХХ ст., успрымаўся б слушней і паўней, калі б выступаў на сцэну яшчэ ў XVIII ст., з Нарушэвічам і Нямцэвічам. Агулам, па-іншаму падышоўшы да адбору твораў XVIII—XIX ст., мы маглі б убачыць вачыма сваіх сукраёўцаў і перыяд Асветніцтва, і перыяд рамантызму з усімі іх колькі-небудзь значнымі рысамі, і тым самым убачыць агульнае праз лакальнае, а лакальнае — у агульным. Але ўяўны ідэальны чытач беларускай літаратуры не жадае бачыць у плынях тэкстаў нічога, апроч адбітку уласных рысаў; калі б такі чытач існаваў, то багі даўно перавярнулі б яго ў кветку.

 

Можна было б пагаварыць яшчэ і пра ўплыў такога падыходу на агульнае становішча беларускай мовы — уплыў далёка не станоўчы, бо ў такі спосаб падтрымліваецца ўспрыняцце беларускай як мовы не для ўсіх тэмаў; але, здаецца, і адных літаратурных бязладдзяў пералічана дастаткова. Не будзем юрыдычнымі казуістамі, вымагаючы для тэматычнай прыкметы двух смяротных прысудаў; стане і аднога.

 

Цешыць, заўважу на заканчэнне, што дэклараваны тэматычны падыход да адбору іншамоўных твораў нават і ў той жа хрэстаматыі час ад часу парушаецца: напрыклад, палічыць за твор пра беларусаў ды Беларусь “Казку” Міхала Карыцкага будзе вялікаю нацяжкаю. Хочацца спадзявацца, што такая непаслядоўнасць — знак нетрываласці і выпадковасці самога падыходу. Сапраўды, асэнсаванне іншамоўнай мясцовай літаратуры як сваёй пачало вольна развівацца досыць нядаўна, і памылкі ў першых рухах непазбежныя. Але іх, вядома, трэба выпраўляць. Дзеля нармальнай праграмы па літаратуры, дзеля нармальнага ўспрыняцця літаратуры, дзеля добрых кніг і добрых чытачоў словы “пра беларусаў і Беларусь” мусяць знікнуць з акрэслення безумоўна, безадкладна і бясследна. Перакладчыкі, перакладайце, выкладчыкі, выкладайце — пра ўсё і пра ўсіх. Літаратура, якая стаіць за дзвярыма, нашмат большая, чым бачна ў вочка; то расчынім дзверы: хай вярблюды ўвойдуць.

 

[1] Беларуская літаратура XVIII—XIX стагоддзяў: Зб. тэкстаў / Склад. і аўтар камент. М.В. Хаўстовіч. — Мн.: БДУ, 2000, ст. 3. Больш поўная цытата: “У адпаведнасці з новаю праграмай па беларускай літаратуры, у аснове якой ідэя, што беларуская літаратура — гэта літаратура, створаная беларусамі пра беларусаў ды Беларусь і ў першую чаргу для беларусаў, і складзены дадзены зборнік мастацкіх тэкстаў XVIII—ХІХ стст. — літаратуры Новага часу”. Працытаваная формула ў падобнай форме паўтараецца і ў шэрагу іншых выданняў.

 

[2] Aeneas McDonell Dawson, Lines on the massacre of Oszmiana — Glasgow, 1844.

 

[3] Беларуская літаратура XVIII—XIX стагоддзяў, ст. 3-4.

 

[4] Філаматы і філарэты. Зборнік / Укладанне, пераклад, прадмова, біяграфічныя даведкі, каментары К.Цвіркі — Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1998.(Цыт. паводле электроннай версіі на bk.knihi.com).

 

© Антон Францішак Брыль, 2011

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

1456