№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Курдупель Глюк і рыцар Цахес

1 верасня 2009

Курдупель Глюк і рыцар Цахес

Гофман, Э. Т. А. Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, cetera. Казка, навэлы / Пер. зь ням. Васіль Сёмуха. – Мн., 2008. – 212 с.

Эрнст Гофман пераварочвае нашыя ўяўленні пра свет – падчас чытання яго твораў заўважаеш, што пачынаеш глядзець на звычайныя рэчы зусім новымі вачыма. У гофманаўскіх творах нават курдуплік Цахес дзякуючы намаганням феі можа калі не ператварыцца, дык хаця б падацца Глюкам, а дзівосны Глюк, рыцар ордэна Залатой Шпоры, – дзіваком, вар’ятам і духам-адлюднікам. Гофманаўская проза – гэта самая сутнасць паэзіі і музыкі, якія, аднак, выяўленыя без выкарыстання звычайных для музыкі і паэзіі сродкаў. У гэтым – каштоўнасць таленту пісьменніка і ў гэтым – таямніца той асалоды, якую нам дораць яго творы. Ніводная універсітэцкая праграма па замежнай літаратуры, якой бы сціслай яна ні была, не можа лічыцца вартай увагі, калі там няма твораў Гофмана, а дзякучы мэтру беларускага перакладу Васілю Сёмуху творы нямецкага рамантыка, прычым творы абсалютна хрэстаматыйныя і непрабіўна класічныя, цяпер можна чытаць па-беларуску.

Гэты артыкул ні ў якім разе не можа лічыцца рэцэнзіяй на кнігу ў поўным сэнсе гэтага слова – аўтарка артыкула, не валодаючы нямецкай мовай, не можа прааналізаваць асаблівасці перакладу і таму не мае права гаварыць пра ўсё тое, што датычыць адэкватнасці перадачы мовы Э. Гофмана і яго вобразаў. У пэўнай ступені апраўданнем таго, што гэты артыкул увогуле быў напісаны, можа служыць добрае веданне аўтаркі творчасці пісьменніка ў рускіх перакладах, і, у адпаведнасці з гэтым, адзіная задача, якая можа быць тут пастаўленая, – гэта агляд новага выдання і аналіз яго формы, але ніякім чынам не зместу.

Спачатку зірнем у выходныя дадзеныя. Кніга выдадзеная ў 2008 г., аднак немагчыма зразумець, дзе яна выдадзеная, – у якім выдавецтве (звесткі пра гэта цалкам адсутнічаюць) і нават у якім горадзе (на першай старонцы пазначана “Менск”, на апошняй маецца запіс “Printed in Lithuania”). Безумоўна, у сусветным, так бы мовіць, маштабе гэта не мае аніякага значэння: чытач з задавальненнем будзе знаёміцца з творчасцю Э. Гофмана, не звяртаючы ўвагі на тое, дзе кніга надрукаваная. Аднак што рабіць даследчыкам твораў пісьменніка, якім неабходна, напрыклад, згадаць кнігу ў бібліяграфіі дысертацыі? Існуе жорсткі ВАКаўскі спіс патрабаванняў да афармлення выходных дадзеных, адыходзіць ад якога навукоўцы не маюць мажлівасці. Зрэшты, дадзенае выданне ў гэтым плане не адзінае, а таму не будзем звяртаць на гэта ўвагі і пойдзем далей.

У склад кнігі ўваходзіць казка “Курдупель Цахес, якога звалі Цынобэр” з наступным каментаром, а таксама два апавяданні – “Рыцар Глюк” і “Дон Жуан”, пераклады якіх друкаваліся да гэтага ў часопісе “Крыніца (1996, № 4\20) і пасля якіх каментара відавочна не стае. Перакладам папярэднічае прадмова (а дакладней, нешта накшталт артыкула “замест прадмовы”) ад перакладчыка, у якой, дарэчы, згадваецца, што пераклад прысвячаецца светлай памяці У. Караткевіча. Што прыемна, у пачатку кнігі даецца адсылка да крыніцы тэксту – а гэта, безумоўна, не можа не надаць перакладу пэўнае акадэмічнае важкасці (разгарнуўшы некалькі іншых беларускіх перакладных кніг, што выпадкова трапілі пад руку, мушу зазначыць, што такая адсылка для нас – рэдкасць, зрэшты, як і каментары да тэксту).

У сваім інтэрв’ю часопісу “ПрайдзіСвет” (№1) Васіль Сёмуха гаворыць: “Перакладчык – гэта той жа самы тэатральны ліцадзей. Успомніце вашых любімых актораў. Возьмем Смактуноўскага. Вось ён Гамлет. Вось ён нейкі Пахан у апошніх фільмах <...>. Смактуноўскі ўсюды розны і ўсюды пазнаецца. Пераклад – гэта таксама своеасаблівы артыстызм. Артыст на сцэне выконвае розныя ролі, розныя характары <...> – і усюды ён пазнаецца, калі ён артыст, а не безаблічны статыст. Гэта і ёсць тая творчасць, што нясе актор у сваю ролю і перакладчык у свой твор”. І пераклад казкі “Курдупель Цахес, якога звалі Цынобэр” – яскравае пацверджанне гэтых словаў: нават калі не звернеш увагі на імя перакладчыка, першыя два сказы дапамогуць беспамылкова вызначыць гэтае імя: “Непадалёк ад чароўнай вёсачкі ўзбоч дарогі на добра ўпаранай сонцам зямлі ляжала ў лахманах гаротніца-сялянка. Галодная, сасмяглая, уся знямоглая, няшчасная ўпала, несучы цяжэнныя рэзгіны з сухім ламаччам, якога яна назбірала ў лесе, і як што зусім нябога выбілася з духу, дык і зайшло ёй да галавы, што вось пераняла яе смерць і кладзе крэс яе нэндзы” (“Курдупель Цахес, якога звалі Цынобэр”). Не кожны пісьменнік так лёгка пазнаёцца сваёй мовай, сваім адметным стылем. Зрэшты, тут узнікае асцярожнае пытанне, якое, безумоўна, вымагае асобнай размовы: ці павінен перакладчык пазнавацца ў тэксце альбо яго справа – заставацца ў цені аўтара, дэманструючы выключна віртуознае майстэрства пераўвасаблення? Пазіцыя Васіля Сёмухі, як казалася вышэй, у гэтым пытанні перадугледжвае першы варыянт. І перад чытачом раскрываецца ўсё багацце жывой народнай мовы (мушу прызнацца, што пераклады В. Сёмухі я чытаю, выпісваючы ў асобны сшытак яркія фразы і выразы накшталт “падвялося з травы і жаласна занюнькала”, “тхімкаючы носам”, “малады мысліўчык”, “неабольнік асветы”, “майстэрства шармеркі”, каб пасля іх запомніць ці хаця б проста знайсці ў слоўніку) – часам здаецца, што перад намі не фантастычная краіна, прыдуманая немцам у ХІХ ст., а дзівосны куточак, пра які беларус (ці нават паляшук) расказвае сваім дзецям і ўнукам. І з гэтае прычыны некаторае здзіўленне выклікае выраз “пацан Цахес”, які абсалютная большасць сённяшніх чытачоў адназначна спіша на кепскую адукацыю служак Цынобэра і іх злоўжыванне моладзевымі слэнгавымі слоўцамі.

Дарэчы, шмат спрэчак выклікала і сама назва казкі “Курдупель Цахес...” (“Klein Zaches...”), а дакладней, слова “курдупель”. Аднак у “Расійска-беларускім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча гэтае слова (разам са словам “карантыш”) пададзенае як беларускі адпаведнік слову “малыш”, і з гэтага гледзішча, а таксама з гледзішча абранага В. Сёмухам стылю яно падаецца ў дадзеным творы цалкам дарэчным.

Апавяданні “Рыцар Глюк” і “Дон Жуан” маюць у перакладзе В. Сёмухі крыху іншае гучанне, якое аўтарцы артыкула, выхаванай на рускамоўных перакладах Э. Гофмана, падаецца больш блізкім і традыцыйным (але тут справа ідзе пра тую традыцыю, якая адчуваецца зноў жа праз рускія пераклады). Магчыма, гэта абумоўлена жанрам твораў – калі казка, нават літаратурная, пэўным чынам звязаная з народнай творчасцю, то апавяданні ў большасці выпадкаў такой сувязі не маюць.

Аднак нягледзячы на ўсе дробязныя хібы афармлення кнігі, выхад беларускага перакладу твораў Э. Гофмана – сапраўды значная падзея. А таму застаецца толькі падзякаваць Васілю Сёмуху за яшчэ адну беларускамоўную кнігу са спісаў абвязковай для прачытання замежнай літаратуры (а калі гаварыць пра беларускую германістыку, то больш плённага перакладчыка знайсці, бадай што, складана) і пажадаць паважанаму мэтру перакласці яшчэ не адзін і не два класічныя творы.

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

1468