№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыя Мартысевіч

Гэта нам не задавалі

20 лістапада 2011

Гэта нам не задавалі


Revіew чытэльнай прозы на беларускай мове. Досыць адвольны, суб’ектыўны і няпоўны тузін хітоў белліту ХХ ст. Кнігі, пра якія не ў кожнай школе скажуць альбо так скажуць, што лепей бы маўчалі.

 

Падавалася б, школьныя праграмы па беларускай літаратуры спраўна працуюць па прызначэнні, назаўсёды адбіваючы ў маладых абываталяў ахвоту калі-небудзь яшчэ ў жыцці бачыць перад вачыма літары “і” ды “ў”. Але ж не — такі знаходзяцца вычварэнцы, якія агаломшваюць цябе пытаннем: “Што пачытаць з беларускага?”

 

1. Вацлаў Ластоўскі. Лабірынты. Коўна, 1923

 

Пра што кніга: раман пра пад-Беларусь — паралельную нашай падземную краіну.

Кароткі змест: Чувак прыязджае на некалькі тыдняў у Полацк у мэтах “апазнання роднай старасвеччыны”. Там ён знаёміцца з рознымі хімернымі асобамі, у тым ліку з Іванам Іванавічам і загадкавым Падземным чалавекам. Уночы за ім прыходзяць. Ён трапляе ў Полацкія лабірынты, дзе перад ім разгортваецца ісцінная гісторыя Крывіцкае зямлі — пантэон багоў і сакральная славянская веда, нарэзаная з розных міфалогій свету. У выніку галоўны герой трапляе ў вялізную бібліятэку, дзе каталагізаваны ўвесь інтэлектуальны скарб старажытных славянаў. Заканчваецца ўсё загадкавым знікненнямі і смерцю, замяшанай на лічбе 23.

 

Хто тырыў у класіка: Хорхе Луіс Борхес (згадай ягоную Вавілонскую бібліятэку).

 

Урывак на памяць:

“У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціша, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. (…) — Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў Іван Іванавіч спакойна.— Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселеныя людзьмі? — здзівіўся я.— Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўнае. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невядомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў вапошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць…”

 

2. Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Вільня, 1921

 

Пад псеўданімам Абдзіраловіч, пазычаным з іншай культавай чытанкі сярэдзіны 1920-х — рамана Максіма Гарэцкага “Дзве душы”, хаваецца беларускі эканаміст Канчэўскі, сын праваслаўнага святара, што падвісаў на ўсходніх практыках і заснаваў пры Віленскай беларускай гімназіі першы гурток беларускай ёгі. У канцы 1980-х эсэ “Адвечным шляхам” сталася культавым. Яшчэ б — ідэя Канчэўскага пра Беларусь як краіну вечнага памежжа між Усходам і Захадам ускрай прыгожая, яна і дагэтуль займае галовы тых нашых маргіналаў, якіх не грэе ані інтэграцыя з пуцінскай Расіяй, ані заходні сцэнар “блакітная каска ў кожны дом”.

3. Андрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя. Мінск, 1929

 

Жанр: сатырычны раман з элементамі антыўтопіі. Аповед вядзецца ад імя т. Самасуя — “сучаснага чалавека з мужыкоў”, недалёкага старшыні райвыканкаму. Пад мястэчкам Шэпелеўка Мрый мае на ўвазе БССР.

 

Персанажы: самыя запамінальныя з мрыеўскіх персанажаў — сучка Мілэдзі, камсамолец Дусік, селянін Трагладыт і піонэрчык Тэрорчык.

 

Месца на паліцы — паміж “Залатым цялём” Ільфа і Пятрова і “Гісторыяй аднаго гораду” Салтыкова-Шчадрына. Але толькі калі вы не падбіраеце кніжкі на паліцах па фармаце і колеры карэньчыкаў: гэта тоненькая кніжка.

 

Урывак на памяць:

“Аперацыя праходзіла бліскуча, як па нотах. Галоўны ўдар мы нанеслі каля местачковай бойні, дзе звычайна ў гэты час бадзяюцца, задраўшы хвасты, сабакі. Палажыўшы там каля дзясятка забітымі, мы галоўную сабачую масу пагналі па вуліцы мястэчка, дзе іх чакалі застрэльшчыкі. І вось узнялася такая страшэнная страляніна, што абудзіліся грамадзяне. Іх спалоханыя твары высунуліся ў вокны і крычалі: “Ай, ратуйце! Рэжуць!” Мы супакойвалі народ як умелі, і некаторыя санітары нават давалі валяр’янавыя кроплі — так добра ўсё было прадбачана. Толькі аднаго я не прадбачыў. Калі ў стратэгічным захапленні я бег па Бальнічнай вуліцы, дык каля мундома №5 на мяне накінулася нейкая жоўтая сучэнцыя і, ні слова не кажучы, пачала шкумардзіць мае зусім яшчэ новыя штаны. Яна такія вострыя зубы мела, што праз мінімальна кароткі момант адной штаніны як не было. Я трэснуў яе па сабачай мордзе. Тады яна з нечуваным гавам укусіла мяне за абедзве лыткі.

(з раздзела “Смерць Мілэдзі”).

 

4. Іван Мележ. Людзі на балоце. Мінск. 1962

 

Чаму вучаць у школе: Ганна расцвіла, як тая рабіначка, раман пра лёс беларускага сялянства ў гады калектывізацыі, балота — сімвал занядбанай Беларусі.

 

Пра што маўчаць настаўнікі: Мележава “Палеская хроніка” — першы жаночы раман-эпапея ў белліце, зроблены па ўсіх законах жанру: усёпаглынальнае каханне на фоне вялікіх гістарычных пераменаў (калектывізацыя) і каларытных пейзажаў (палескія балоты). Серыяльнасць сюжэту, увасобленая ў некалькіх працягах (“Подых навальніцы” і няскончаныя “Завеі, снежань…”). З жаночымі “балотны раман” родніцца і тым, што гармоны, якія няспынна граюць у герояў цягам усяго каляндарна-абрадавага цыклу, апісаныя далікатна, не вульгарна і збольшага намёкамі — у найлепшых традыцыях аўтаркі “Знесеных ветрам”. Але жывапісуючы цёмныя гумны ды сенавалы, прастору для фантазіі Мележ пакідае аж аж. Сваімі словамі рэчы называюцца хіба ў эпізодзе, калі вядзьмарка робіць Хадорцы крымінальны аборт — кавалку прозы, які намнога апярэдзіў фільм “Нямы крык”.

 

Урывак на памяць:

“… Для іх гэта было першае лета, лета-песня, лета-свята. З гэтага лета застаўся ў іх на ўсё жыццё ўспамін неабсяжнай, бязмежнай, бясконцай радасці. <…> Але, успамінаючы гэтыя сонечныя дні, Ганна потым нязменна згадвала адно прыкрае, выпадковае здарэнне. Вылезлі з вады з кломлямі, сядзелі ля лазовага куста — няблізка адзін ад аднаго, бо недалёка былі бацькі. Гаварылі тым спосабам, калі пра ўсё кажуць адны закаханыя вочы. Шчасце поўніла грудзі, шчасцем поўніўся бераг азярца, трава, асака, увесь свет. І раптам — Ганна з жахам крыкнула, ускочыла: між іх прапаўзла гадзюка… Пакуль Васіль схапіў, выламаў дручок, гадзюка ўцякла…”

 

5. Уладзімір Караткевіч. Гістарычныя раманы

 

Уступ да сачынення: Караткевіч — гэта наша ўсё. Чалавек, які ўвёў трывалую моду на “паршывы беларускі рамантызм” і, скарыстаўшы найлепшыя прыёмы Дзюма і Дойла, навучыў некалькі пакаленняў беларусаў любіць, бліна, зямельку родную. Пісьменнік, які свядома прадукаваў ф’южн з нацыянальнай гісторыі, масавай літаратуры і еўрапейскіх культурных кодаў: “Ладдзю роспачы” даследчыкі лічаць пераспевам бергманаўскага фільма “Сёмая пячатка”, а балотны дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха” — наследаваннем “Сабаку Баскервіляў”. Але ёсць пункты, па якіх Караткевіч даў форы замежным аўтарам.

 

Хто тырыў у класіка:

 

- Дэн Браўн з ягоным “Кодам да Вінчы”. Фабула, сюжэт ды асноўныя вобразы Браўна былі распрацаваныя яшчэ тады, калі сам ён хрумкаў папкорнам у кінатэатры. А менавіта ў “Чорным замку Альшанскім”, напісаным у 1980 г. “Той самы крыху лахаваты гісторык-крыптограф, чый не менш непрактычны калега паспявае перадаць яму таямніцу старажытнага скарбу, перад тым як загінуць пры нявысветленых абставінах. Тыя самыя старажытныя шыфры, якія галоўны герой лёгка разгадвае, кіруючыся сваімі ведамі і інтуіцыяй. Тая самая маладая прыгожая жанчына, якая выяўляецца спецыялісткаю ў пэўнай сферы і далучаецца да пошуку скарбаў. Тыя самыя таемныя сілы па-за кадрам, якія ў фінале па-дэтэктыўнаму тасуюцца і здзіраюць маскі. І, урэшце, той самы прыліў узаемнай пяшчоты ў найскладанейшы момант і дзівоснае ўратаванне за крок ад смерці. І той самы аблом са скарбамі. І той самы хэпі-энд. Хіба што ў беларускім рамане падзеі адбываюцца не ў папсовых Лондане ды Парыжы, а ў амаль сюррэалістычным мястэчку на ўскрайку Савецкага Саюза”, — падсумоўвае кіеўскі крытык і заклікае “аматараў гатычнай прозы” шукаць па букіністах Караткевіча ва ўкраінскім перакладзе.

 

Гэткае “супадзенне кодаў” сведчыць пра адно: Караткевіч як ніхто іншы ў белліце адчуваў пульс масавай культуры, і найлепшай экранізацыяй ягоных гістарычных блакбастараў можа быць толькі экшн галівудскага маштабу, а зусім не сціплы артхаўс перабудовачнага “Беларусьфільма”.

 

- Сама гісторыя. Сёлета ў Швейцарыі адшукалі патэнцыйны бэстсэлер году 2006-га — напісанае на копцкім дыялекце Евангелле ад Іуды. Менавіта такую падназву мае раман Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1972). Твор, у якім падзеі структураваныя паводле Бібліі: народны Ісус Юрась Братчык робіць рэвалюцыю на рынку, раздаючы галодным хлеб і рыбу, ходзіць па дошках, схаваных пад роўняддзю возера ды кахае сваю Магдалену. У выніку адзіны, хто не зракаецца месіі, — гэта Пётр, адзіны, хто верыць у яго ўратаванне, — Фама Няверны, адзіны, хто не здраджвае яму, — Іуда. 30 срэбранікаў дзеляць міжсобку астатнія апосталы. Постмадэрнізм чыстае вады, і гэта пры тым, што ў годзе 1986, калі свет 5 гадоў як зачытваўся “Імем Ружы” Умбэрта Эка, Караткевіч ужо сплываў у сваю апошнюю вандроўку па Прыпяці.

 

6. Уладзімір Арлоў. Краявід з ментолавым пахам: рукапіс, прысланы ў зялёным канверце. Мінск, 1998

 

…Аказваецца, у аўтара бэстсэлераў “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, “Таямніцы Полацкай гісторыі” ёсць кніжкі, якія нельга паказваць дзецям…

 

Урывак на памяць:

“Мы любілі адно аднаго ў гатэлях і прапахлай карыцаю белай мураванцы над морам, да якога вялі роўна трыццаць дзве высечаныя ў скале прыступкі. Нашыя целы перапляталіся, зліваючыся ў адну шматрукую, шматногую і шматвокую істоту, на шырокіх і вузкіх ложках, на пухкіх пярынах і праседжаных канапах з колкімі вусамі спружынаў, у фатэлях і на вагонных паліцах, у цемры і перад уважлівымі люстрамі ў старадаўніх асадах, якія ўмелі паказаць самыя патаемныя куточкі гэтага салодкага вар'яцтва. Я не паверу, што Яна забыла тое купэ, і столік, на якім ляжалі яе локці, і сонечных зайчыкаў, што скакалі па аголенасці веснушкаватых плечукоў, і круглыя вочы старога з роварам на чыгуначным пераездзе”.

 

7. Юры Станкевіч. Любіць ноч — права пацукоў. Мінск, 1998

 

Кароткі змест: Даніла Прусак прыязджае ў абстрактны беларускі райцэнтр Янаўск, дзе ягоная сястра Люба, маці-адзіночка, гадуе сына-даўнёнка. Яна папрасіла ў брата дапамогі, бо адчувае сур'ёзную пагрозу з боку чужынцаў (нацыянальнасць не акрэсленая, але ясна, што гэта нешта каўказска-азіяцкае), якія насялілі палову Янаўска, наваднілі горад наркотыкамі і трымаюць на пабягушках райаддзел міліцыі. Пасля забойства сястры Даніла спрабуе сам супрацьстаяць “панаехалай” хеўры, адзіны яго паплечнік — баявы пенсіянер Антон Кніга. Увесь раман запісаны адным сказам. Самыя яркія ягоныя вобразы — міліцыянты ў пастарунку, якія гуляюць шахматамі ў паддаўкі, і маленькі беларусік-даўнёнак, за якім апошнія словы твора: мы грэбаныя псіхі.

 

За што крытыкуюць: Самы чарнушны твор белліту. Аўтар настроены песімістычна: выжыве наймацнейшая нацыя, і гэта не мы.

 

Урывак на памяць:

“і яны пачалі злучацца — таропка, нібы жывёлы, а астатнія стаялі за кустамі і глядзелі, чакаючы сваёй чаргі, і чарга хутка рухалася, але тут іх, пэўна, убачылі з былой фралоўскай сядзібы, бо праз павалены плот прыбегла жанчына, з чужынцаў, і закрычала нешта зласлівае і незразумелае
шабарамазагара!

і замахала рукамі, а падлеткі пачалі разбягацца, хіхікаючы і брыдкасловячы, а дзяўчына таропка надзявала джынсы і ўсё не магла трапіць нагой у калашыну, і жанчына крычала на яе

у-у, блядзь!

і ўдарыла яе ў бок і плюнула і зноў закрычала, мацюкаючыся
бляматахушаварот!

а падлеткі пазнікалі ў розных напрамках, і з былой фралоўскай сядзібы прыбегла яшчэ адна жанчына — гэта была пакаёўка чужынцаў Васіліна — і таксама закрычала — пагрозліва і жорстка

а-а, сцерва, маць тваю, наркотка, заб'ю!

і шпульнула ў дзяўчынку кавалкам цэглы, а потым схапіла высахлы дубец, замахнулася і ўдарыла некалькі разоў, і ўсё крычала

заразіш дзяцей — заб'ю, маць тваю, так і гэдак!”

 

8. Ігар Бабкоў. Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Мінск, 2001

 

Жанр: навелістычны “раман у дзесяці гісторыях з жыцця адважнага асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў”.

 

За што крытыкуюць: няма сюжэту і фіг паняць, хто з герояў галоўны.

 

Чаму вучаць у школе: Постмадэрнізм — зло. Чытайце, дзеці, Ніла Гілевіча.

 

Што хацеў сказаць аўтар: Містыфікацыя упярэмешку з дзэнскімі медытацыямі на калідорах савецкіх універсітэтаў. 10 фрагментаў, аб’яднаных у агульную гісторыю тым, што ўсё гэта снілася галоўнаму герою, але магло б адбыцца наяве, калі б на адным з паваротаў гісторыі Беларусь не прамахнулася міма патрэбнага вымярэння.

 

Урывак на памяць:

“Кніга была задуманая ў жанры “камедыі пераапрананняў” з элементамі антыўтопіі. Мне было вясёла ўяўляць, якім было б жыццё, калі б нашая “усходнееўрапейская Швейцарыя” не ўстаяла ў 1918 годзе. Калі б бальшавікі здолелі разагнаць першы кангрэс, а беларускія карпусы не паспелі б прарвацца з румынскага фронту. (…) Але гэта задумвалася адно ў якасці дэкарацыяў. У цэнтры была эпапея пабудовы Мінскай Оперы. Страшнага шэрага будынку, нечага сярэдняга паміж амфітэатрам і дотам. Я падрабязна апісваў падвоз цэглы і працоўны энтузіязм, ранішнія перагукі брыгадаў і ўсенародны конкурс на стварэнне гімну Мінскае Оперы. Я зрабіў Лангабарда (гэтага безнадзейнага п’яніцу, апошняга рамантыка, аматара Гофмана і Гёльдэрліна) — я зрабіў яго Архітэктарам. У звышзадуме кнігі усё жыццё ад 1918 году мусіла быць афарбавана ў гэты сімвал. Усё жыццё — Мінская Опера”.

 

9. Уладзімір Някляеў. Лабух. Мінск, 2003

 

Жанр: раманчык. Гэтак жа завуць і галоўнага героя, лабуха і бабніка.

 

За што крытыкуюць: Праз першыя трыццаць старонак, поўных напаўжывёльных сэксуальных сцэнаў, амаль немажліва прабіцца да напраўду захапляльнага чытва пра Беларусь 1990-х, з яе прэзідэнтам і КДБ, апазіцыяй і лабухамі, якім усе яны замаўляюць музыку, і начнымі відзежамі на Кальварыйскіх могілках.

Урывак на памяць:

“Усе неадрыўна глядзелі на прэзідэнцкі партрэт. Ён быў трынаццаты… На задніку сцэны — ва ўсю шырыню — стаялі яшчэ дванаццаць партрэтаў, жаночых. Копіі вядомых карцінаў, намаляваныя нібы на палавінках вокнаў ці дзвярэй. Палавінкі расхіналіся — і ў раме ўзнікала тая ж копія, толькі жывая: Лі-Лі ў вобразах і строях жанчын на карцінах. Для шоў у Тэатры моды — не самая кепская прыдумка. Лі-Лі выходзіла з рамы, палавінкі зачыняліся — і ўсе не так слухалі песні, як параўноўвалі: наколькі Лі-Лі да той карціны, з якой сыходзіла на сцэну, падобная… Cярод копіяў розных карцінаў дзве былі аднолькавыя. Першая і апошняя. Гэта былі копіі адной-адзінай карціны, якая існавала для мяне ва ўсім жывапісе, пра якую я ўсё ведаў і ўсё расказаў Лі-Лі. (…) “Шакаладніца” называлася карціна, на якой празрыста, срэбрана дзвынькнула лыжачка… ”

 

10. Югася Каляда. Галоўная памылка Афанасія. Мінск, 2005

 

Увесну маладая гомельская пісьменніца адсвяткавала выхад сваёй першай кніжкі, несумнеўная перліна якое — аповесць пра дзвюх кінутых дзевак і напісаную імі гісторыю “кахання” эгаістычнага выкладчыка гісторыі Беларусі Афанасія і мастачкі-феміністкі Машы Трактар, якая пад канец пераязджае беднага Афоню…

 

Кароткі змест: Адразу ў двух саплівых сусветах адбываецца гэта саплівая гісторыя пра бязладную чараду саплівых залётаў і расстанняў з саплямі, уласцівымі жыццям грудастых філфакавак з правінцыі… Соплі з такіх дзевак пачынаюць перці проста ад няздольнасці зразумець логіку жыцця гарадскіх факераў, простую, як соплі.

 

Урывак на памяць:

“Афанасію было сорак гадоў. Яму было кепска. (…)

Які ты дурны, Афанасі. Глядзіш на неба, хочаш пабачыць там Бога…

Заплюшчы свае вочы, Афанасі; заплюшчы свае вочы. Шукай Бога ўсярэдзіне.

Гэта я стварыла цябе.

Я — ты з’явіўся ўсяго колькі старонак таму, і, пэўна ж, я не вельмі люблю цябе, таму ты й выйшаў такі, які ёсць: саракагадовы ды няшчасны, з дэпрэсіўным псіхозам у крызіснай стадыі. І імя табе я абрала надоўга”.

 

Гэта поўная версія тэксту, які друкаваўся ў часопісе “Студэнцкая думка” (CD #4 (112) 2005 г., с. 20—22).

 

© Марыя Мартысевіч, 2005, 2011

Чытайце таксама

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

Калькі-калекі

Павел Сцяцко

Калькі-калекі

Даследчыкі мовы трапна заўважылі: душа мовы — сінтаксіс. Якраз тут выяўляецца адметнасць спосабаў і сродкаў перадачы думкі, волевыяўлення і пачуцця моўнікамі рознага этнасу...

Дарагая Вера: гісторыя аднаго перакладу

Аляксандра Макавік

Дарагая Вера: гісторыя аднаго перакладу

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

Юрый Вінічук

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

 Імя львоўскага пісьменніка Юрыя Вінічука добра вядомае на радзіме і за мяжой. Але ведаюць яго не толькі пад сваім іменем. Валійскі манах Рыянгабар, сведка нападу Батыя на Кіеў, паэтка XVII стагоддзя…

5321