№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джон Клелан Холмс

Гэта Біт-пакаленне

19 траўня 2013

Гэта Біт-пакаленне


Некалькі месяцаў таму ў дзяржаўным часопісе выйшла гісторыя пад назвай “Маладосць” і падзагалоўкам “Мама мяне дастала”. Гаворка там вялася пра васемнаццацігадовую дзяўчыну з Каліфорніі, якую ўзялі за курэнне марыхуаны і якая хацела расказаць пра гэта. Пакуль рэпарцёр запісваў яе развагі, густа нашпігаваныя лексікай курцоў “травы”, хтосьці зрабіў здымак. Яна сцвярджала, што належыць да новай культуры, дзе ўжывае кожны пяты, і таму гэта было адметнае фота. На бледным інтэлігентным твары з мяккім поглядам і разумнай усмешкай не было і намёку на сапсаванасць. Толькі ў неверагодным прыступе праведнасці яго можна было б назваць тварам злачынкі. Напісана на ім было толькі адно: “Адчапіцеся ад нас!” І тое быў твар Біт-пакалення.

Гэты светлы малады твар пастаянна з’яўляецца на старонках газет ад часоў вайны. У Бронксе на судзе за крадзеж аўтамабіля ён з’едліва рагатаў проста ў аб’ектыў, не выяўляючы ніякага пачуцця віны. Той самы, але яшчэ больш нахабны твар глядзеў са старонак часопіса Life — адзін з процьмы дэмабілізаваных вайскоўцаў казаў, што збіраецца заняць якую-небудзь дробную пасаду ў самай буйной карпарацыі, якую толькі знойдзе, бо малому бізнэсу канец. Крыху маладзейшы, крыху больш збянтэжаны, той самы твар знялі фатографы ў Ілінойсе, калі быў выкрыты першы клуб для нецнатліўцаў [1]. Маладога рэкламшчыка, які схіліўся за барнай стойкай на Трэцяй авеню і ціха напіваецца, каб расслабіцца, і энергічнага вулічнага гоншчыка з Лос-Анджэлеса, які гуляецца са смерцю на дабітай тачцы, раздзяляюць толькі кантынент і некалькі гадоў. Гэта экстрэмумы. Паміж імі — сакратаркі, што вагаюцца, пераспаць з бойфрэндам цяпер ці яшчэ пачакаць, механік, які прастаўляе ўсім піва і раптам зрываецца ў Дэтройт, мадэлькі, якія наўмысна сыплюць вядомымі імёнамі на кактэйльнай вечарынцы. Але твар усё той жа. Прыгожы, іранічны, прагматычны, смелы.

Любая спроба даць назву цэламу пакаленню — рэч няўдзячная, і ўсё ж прадстаўнікі гэтага пакалення, якія прайшлі праз апошнюю вайну ці, прынамсі, з палёгкай выпілі, калі яна скончылася, здаецца, “носяць агульную форму”, маюць падобную якасць, якая патрабуе нейкага азначэння… Паходжанне слова “beat” цьмянае, але яго сэнс больш чым зразумелы амерыканцам. Яно ўбірае ў сябе не так простую стомленасць, як адчуванне безабароннасці і таго, што цябе скарысталі, што розум і, нарэшце, душа агаліліся, што ты даведзены да найніжэйшага ўзроўню свядомасці. Карацей, што ты далёка не ўрачыста тыцнуўся носам у сваю сутнасць. Beat — любы, хто ідзе ва-банк і ставіць усё на адзін нумар, звычайная справа для гэтай маладой генерацыі ад самага іх юнацтва.

Ален Гінзберг, Джэк Керуак, Грэгары Корса

Яе прадстаўнікі — самабытныя асобы, ім не трэба выглядаць багемна ці паводзіцца эксцэнтрычна, напаказ. Выгадаваныя на агульных пакутах Вялікай дэпрэсіі, аднятыя ад грудзей, калі сусветная вайна нішчыла ўсіх агулам, яны не давяраюць агульнасці. Але ў іх не атрымалася абараніць свае мары ад свету. Іх дзіцячыя фантазіі пасяліліся ў паўзмроку Мюнхена, фашысцка-савецкага пакту і святломаскіроўкі па сігнале паветранай трывогі. Іх юнацтва прыпала на час куламесы ваенных пазыкаў, начных змен і перамяшчэнняў войскаў. Мець уласнае меркаванне яны навучыліся на ваенна-марскіх базах, у піўнухах і “АПВ” [2], у вяртаннях пасля поўначы і сыходах да золку. Іх браты, мужы, бацькі або каханкі памерлі, як аднойчы выявілася па той бок тэлеграмы. Ва ўсіх кутках свету, ахопленага трымценнем, ці ў родным горадзе, акупаваным фабрыкамі або самотнымі вайскоўцамі, яны мелі вельмі блізкае знаёмства з надзірам і зенітам чалавечых паводзінаў і мала часу на тое, што паміж. Свет, атрыманы імі ў спадчыну, быў такім жа спакойным, як новы газетны загаловак. Мір — халодны. Наступствамі іх прагі свабоды і здольнасці рваць жылы ва ўсім, што робіш (да гэтага прывучыла іх вайна), былі чорныя рынкі, бібоп, наркотыкі, сэксуальная неразборлівасць, спекуляцыі і Жан-Поль Сартр. Разбітасць прыйшла пазней.

Гэта пасляваеннае пакаленне, і ў свеце, дзе храналогія грунтуецца на войнах, яго параўноўваюць ужо з тым, іншым пасляваенным пакаленнем, якое назвала сябе Страчаным. Бурлівыя дваццатыя, і пакаленне, якое змусіла іх бурліць, праходзяць праз сентыментальнае адраджэнне, то давайце параўнаем і мы. Страчанае пакаленне пачалося з істэрычнага рогату ў родстэры, бо нішто больш не значыла нічога. Яно эмігравала ў Еўропу, не ўпэўненае, шукае яно “оргіяў будучыні” ці ўцякае ад “пурытанства мінулага”. Яго сімваламі былі экстравагантныя дзяўчаты, падпольная пляшка віскі і поза адчайнай легкадумнасці, якая найлепш перадаецца фразай “Ну, хто будзе ў тэніс?” [3] Яго вабіла рамантыка расчаравання, а потым развеяліся нават гэтыя чары. Кожны акт у драме яго страчанасці — трагічны альбо іранічны трэці акт, і Т. С. Эліят як чулы паэт у сваёй “Бясплоднай зямлі” сцвярджае канец усяго. Пранізлівая атмасфера паэмы прасякнутая амаль фантомным пачуццём страты, праз якое чытач адразу разумеў, што распалася сувязь паміж з’явамі. Гэты вобраз з жахлівай дакладнасцю перадаў духоўны стан цэлага пакалення.

Пітэр Арлоўскі, Грэгары Корса і Ален Гінзберг

Але цяперашнія дзікія хлопцы — не страчанае пакаленне. Прагныя да жыцця, часта насмешлівыя, заўжды рашучыя, яны пазбягаюць гэтага азначэння, для іх яно гучала б фальшыва. Бо гэтаму пакаленню не стае красамоўнага пачуцця цяжкай страты, якое справакавала многія знакавыя ўчынкі Страчанага пакалення.

Больш за тое, пастаянная інвентарызацыя зрынутых ідэалаў і нараканні на заняпад маральных устояў, якімі было апантанае Страчанае пакаленне, не клапоцяць сённяшніх маладых людзей. Тое, што яны прымаюць такое як належнае, нават страшна. Яны выраслі сярод гэтых руін і проста не зважаюць на іх. П’юць, каб напіцца альбо забыцца, а не каб нешта прадэманстраваць. Іх наркатычныя трыпы і праміскуітэт выкліканыя цікаўнасцю, а не роспаччу.

Толькі самыя расчараваныя з іх назавуць сваё жыццё кашмарам і скажуць, што сапраўды страцілі нешта — сваю будучыню. Бо з часу, калі яны пасталелі, каб зазірнуць у яе, будучыня не падавалася ім светлай. Адсутнасць прыватных і грамадскіх каштоўнасцяў — для іх не адкрыццё, якое выбівае глебу з-пад ног, а праблема, што патрабуе штодзённага вырашэння. Як жыць для іх важней, чым навошта. І акурат у гэтым сыходзяцца рэкламшчык і аўтагоншчык, і іх агульная разбітасць робіцца вызначальнай, бо, у адрозненне ад Страчанага пакалення, апантанага стратай веры, Біт-пакаленне робіцца ўсё больш і больш апантаным патрэбай у ёй. Такая сабе трывожная ілюстрацыя старога добрага жарту Вальтэра: “Калі б Бога не было, яго трэба было б прыдумаць”. Не згодныя аплакваць яго адсутнасць, яны дзелавіта і хаатычна ствараюць замест яго разнастайныя татэмы.

Хол Чэйз, Джэк Керуак, Ален Гінзберг і Ўільям Бероўз

Насмешлівы нігіліст, пад якім нясецца шаша з хуткасцю дзевяноста міль у гадзіну і які пры гэтым трымае ногі на рулі, — гэта зусім не Гары Кросбі, паэт Страчанага пакалення, які збіраўся аднойчы накіраваць свой самалёт да сонца, бо не мог больш прымаць сучасны свет. Якраз наадварот: вулічны гоншчык дражніць смерць толькі каб падмануць яе. Ён спраўджвае, ці жывы яшчэ, адзіным яму вядомым спосабам — падыходзячы да самай мяжы. Жвавая дзяўчына, якую павязалі за дозу травы, — не з тых фіцджэралдаўскіх “жанчын ці дзяўчат, якія вішчалі пад мухай ці кайфам, калі іх выносілі з грамадскіх месцаў”. У адрозненне ад іх, яна з пераканаўчай сур’ёзнасцю апісвае пачуццё братэрства, якое адкрылася ёй праз марыхуану, такое, якога ніколі не давала ёй грамадства. Рэкламшчык, такі ж п’яны да поўначы, як і яго папярэднік са Страчанага пакалення, тым не менш, пахмельным нядзельным адвячоркам, магчыма, пачытвае “Бога і чалавека ў Елі” [4]. Розніца — у гэтай амаль гіпербалізаванай празе верыць у нешта, хоць бы і ў сябе. Прага верыць, нават калі гэта немагчыма ў агульнапрынятым разуменні. І гэта непазбежна вядзе да празмернасці ў тым ці іншым.

Шок, які адчуваюць старэйшыя, сутыкаючыся з Біт-пакаленнем, на найглыбейшым узроўні вынікае не так з непрыняцця пэўных фактаў, як з жаху ад матываў, якія ім рухаюць. І нягледзячы на тое, што непакоіць іх гэты жах, яны часта спрачаюцца ці зыходзяць з фактаў, а не матываў. Чытач газеты, толькі зірнуўшы ў вочы маладым наркаманам, адчуе такі страх і збянтэжанасць, што адразу запатрабуе, каб іх усіх адправілі на электрычнае крэсла. Між тым сацыёлагі гэтаксама занепакоеныя легіёнамі маладых людзей, верх жаданняў якіх — знайсці цёпленькае месцейка ў маналітнай карпарацыі. Сучасныя гісторыкі выказваюць лёгкае здзіўленне з таго, як мала цяпер арганізаваных моладзевых рухаў — палітычных, рэлігійных, любых. Артыкулы, якія яны пішуць, нагадваюць нам, што быць гаспадаром самому сабе і быць сацыяльна актыўным — дзве нашыя найбольш ухвальныя нацыянальныя рысы. Паўсюдна спадарства з цвёрдымі маральнымі ўстоямі ківае галовамі і дзівіцца, што ж такое адбываецца з маладым пакаленнем.

Мабыць, ім не бачна, што за празмернасцю з аднаго боку і канфармізмам з другога ляжыць адчужанасць кшталту “ну, пажывем — пабачым”, якая вынікае з таго, што даводзіцца больш думаць пра сваё выжыванне, а не пра філасофію жыцця. Не тое каб Біт-пакаленне не ўспрымала ідэяў — яны яго захапляюць. Яго войны, і мінулая, і будучая, былі і будуць войнамі ідэяў. Але яно ўсё ж ведае: сутнасць канфлікту ў тым, што чалавек змагаецца з чалавекам, а не з ідэяй. І з каханнем тое самае. Таму гэтае пакаленне больш схільнае да таго, каб забаўляцца ідэямі, а не верыць у іх. Але гэта першае пакаленне за некалькі стагоддзяў, для якога вера як працэс зрабілася навязлівай праблемай, што ляжыць крыху ўбаку ад прычын верыць ці не верыць у нешта пэўнае. Такая сабе чыстая прага верыць выяўляецца ва ўсіх сферах, і гэтаму ёсць надзіва шмат прыкладаў.

Нягледзячы на тое, што гэта відавочна пакаленне скрайнасцяў, да якога адносяцца і хіпстэры, і радыкальныя маладыя рэспубліканцы, яно пакідае кесару (то бок грамадству) кесарава і Богу — Богава. Бо самы шалёны хіпстэр, які аддаецца чарам бібопа, наркотыкаў і начнога жыцця, не збіраецца падрываць устоі абыватальскага грамадства, у якім жыве, а толькі ўнікнуць яго. Ён не палезе на імправізаваную трыбуну і не будзе пісаць маніфест — гэта абсурд для яго. Гледзячы на свет нармальных, дзе амаль усё для яго — нейкая нудота, ён усё ж кажа: “Ну, гэта як Ардэнскі лес. Нешта тут ёсць, калі разважыць”. Гэтаксама малады рэспубліканец, для якога культурным узорам нібыта ёсць Бэбіт [5], насамрэч ані такі ж пасрэдны, ані такі ж меркантыльны, як той. Ён канфарміст, бо лічыць, што ў грамадстве так практычней, а не з асаблівай дабрадзейнасці. Абедзве пазіцыі, тым не менш, — вынік больш-менш аднаго пераканання, а менавіта таго, што хаатычнасць сучаснага жыцця без каштоўнасцяў трываць немагчыма.

Зразумець пакаленне часам лягчэй па тых кнігах, якія яно чытае, а не па тых, якія піша. Літаратурным героем Страчанага пакалення мог бы быць Базараў, нігіліст з тургенеўскіх “Бацькоў і дзяцей”. Базараў бавіць час у розных людзей, — звычайна ў тых, каго, паводле яго словаў, цярпець не можа, і б’е ўсе шыбы, якія можа зачапіць. Гэты чалавек поўны іроніі і гневу, бо разбураныя маральныя і інтэлектуальныя апірышчы яго свету.

І ўсё ж ён нічога не зрабіў. А вось літаратурным героем Біт-пакалення мог бы быць Стаўрогін, самы загадкавы персанаж “Бесаў” Дастаеўскага. Ён таксама нігіліст ці блізка да гэтага.

Але розніца ёсць, бо за фасадам базараўшчыны ў Стаўрогіну хаваецца прага верыць, верыць амаль у што заўгодна. Сам ягоны атэізм у сваёй скрайняй праяве — метафізічны. Але ён ведае, што зняверанасць нясе згубу, і калі ўсе яго спробы пераадолець яе правальваюцца, заканчвае жыццё самагубствам, бо не мае таго, што называе “душэўнай веліччу”. Зямля абрынулася пад Базаравым, выявіўшы прорву, у якой ён апынуўся, у той час як Стаўрогін на самым дне гэтай прорвы змагаўся, упарта спрабуючы выбрацца. Мала было пакаленняў, настолькі ж падобных да Стаўрогіна натуральнай і глыбіннай жарсцю мець цвёрдыя перакананні, як гэтае, але і няшмат было пакаленняў, настолькі ж няздольных адшукаць іх.

Бо за празмернасцю і канфармізмам хаваецца не толькі адчужанасць. Ёсць шуканні сэнсу. У сваёй “крутасці” (адстароненасці) або “перапіхах” (экстазе) хіпстэр усё ж шукае не проста забавы, а пункту адліку для сябе. Малады рэспубліканец адчувае, што ёсць мяжа, за якой змены вядуць да хаосу, і што ён хоча не проста прывілеяў ці багацця, але стабільнай сістэмы каардынатаў, каб нешта рабіць. Абодва мелі ўжо даволі бяздомнасці, бескаштоўнасці, бязвер’я.

Разнастайнасць і полюснасць іх меркаванняў толькі канчаткова пацвярджаюць, што для сучаснай моладзі пакуль няма вакол чаго яднацца як пакаленню ў сваіх назіраннях і памкненнях. Няма ані адзінай філасофіі, ані адзінай партыі, ані адзінай пазіцыі. Прычына гэтага — падобна, няздольнасць большасці традыцыйных маральных і сацыяльных канцэптаў поўнасцю адпавядаць жыццю, якое яны зведалі, але праз гэта кожны робіцца самадастатковай мабільнай адзінкай, вырачанай на тое, каб па-свойму вырашаць ці, як мінімум, трываць праблему сваёй маладосці ў свеце, дзе чакаць дапамогі, здаецца, няма адкуль.

Менавіта тут, больш чым у нечым яшчэ, караніцца нежаданне гэтага пакалення называць сябе, нежаданне разглядаць сябе як групу, часам нежаданне быць сабой. Бо прыдуманыя боствы нязменна расчароўваюць тых, хто ім пакланяецца. Але патрэба ў іх не знікае, і менавіта яна нішчыць адзін аб’ект за другім, што выпраўляе Біт-пакаленне ў будучыню і аднойчы пазбавіць яго разбітасці.

Дастаеўскі ў пачатку 80-х гадоў ХІХ ст. пісаў, што “маладая Расія сёння абмяркоўвае толькі вечныя пытанні”. З пэўнымі папраўкамі нешта падобнае пачынаецца ў цяперашняй Амерыцы, на амерыканскі кшталт: пераацэнка, якую можна заўважыць толькі па такіх сімптомах, як учынкі і меркаванні гэтага пакалення. Параўнанне аднаго пакалення з іншым не можа быць да канца адэкватным, але здаецца відавочным, што Страчанае пакаленне, занепакоенае расчараваннем і спрабуе знайсці сабе занятак на руінах, — рамантычна кранальнае, але не вельмі небяспечнае. А вось Біт-пакаленне, якое на дзеянні штурхае адчайная прага веры і якое ўсё ж не здольнае прыняць прапанаваную яму памяркоўнасць, — зусім іншая справа. Праз трыццаць гадоў пакаленне, апісанае Дастаеўскім, прызначала сустрэчы ў сутарэннях і рабіла бомбы.

Можа быць, гэтае пакаленне не будзе вырабляць бомбаў, можа, яго папросяць скінуць некалькі, і на яго таксама скінуць — пра гэта яно ніколі не забывае. Гэта адна з небяспекаў, якія сфармавалі яго і якія адыграюць вялікую ролю ў тым, што з ім адбудзецца. Некаторыя вераць, што ў такіх пакаленнях, як гэтае, заўжды ёсць патэнцыя для нараджэння новай вялікай маральнай ідэі, якая ўвасабляецца ў жыццё, беручы пачатак у адчаі. Іншыя заўважаюць патуранне сваім заганам, марнаванне, вонкавую грамадзянскую безадказнасць і нязгоду.

І ўсё ж здольнасць Біт-пакалення глядзець на ўсё цвяроза і пры гэтым пазбягаць цынізму, яго ўсё большая перакананасць у тым, што праблема сучаснага жыцця — галоўным чынам духоўная, нечаканая мудрасць, якую дэманструюць людзі, што жывуць напоўніцу і сягаюць далёка, — вось на гэтыя рэзервы варта звярнуць увагу. У любым разе светлыя смелыя твары таго вартыя.

 

пераклад з ангельскайАнка Упала

 

_________________________________________

 

 [1] У пачатку 50-х гг. ХХ ст. газеты пісалі пра занепакоенасць амерыканскага грамадства масавым з’яўленнем “клубаў нецнатліўцаў”, нефармальных аб’яднанняў старшакласнікаў, якія мелі сэксуальны досвед і падтрымлівалі адно аднаго ў гэтым. Напрыклад, гл. тут.

[2] “АПВ”, “Арганізацыі падтрымкі вайскоўцаў” — незалежнае аб'яднанне добраахвотных рэлігійных, дабрачынных і іншых таварыстваў падтрымкі ўзброеных сіл ЗША. Займаецца тым, што арганізуе вольны час вайскоўцаў, перш за ўсё праз стварэнне клубаў. Фінансуецца за кошт прыватных ахвяраванняў, мае 160 аддзяленняў у ЗША і за мяжой. Дзейнасць аб’яднання афіцыйна прызнаная карыснай Міністэрствам абароны ЗША, яе статут ухвалены Кангрэсам ЗША.

[3] Недакладная цытата з п’есы Джорджа Бернарда Шоў “Мезальянс”. Лічыцца ўзорнай рэплікай персанажаў “салонных камедый”.

[4] “Бог і чалавек у Елі: забабоны “акадэмічнай свабоды” — кніга, выдадзеная ў 1951 годзе Ўільямам Ф. Баклі-малодшым, у якой аўтар крытыкуе Ельскі ўніверсітэт і яго выкладчыкаў за прапаганду ліберальнай ідэалогіі і падрыў рэлігійных перакананняў студэнтаў. У другой палове ХХ ст. Баклі быў адным з лідараў амерыканскіх кансерватараў.

[5] Бэбіт — герой аднайменнага рамана Сінклера Льюіса.

Чытайце таксама

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Інтэрнэт-кнігарня amazon.com напрыканцы 2009 года прадставіла рэйтынг найлепшых кніжных вокладак, што з’явіліся сёлета на старонках крам, цешылі зрок і прываблівалі патэнцыйных…

Фортачка мовы

Сірошка Пістончык

Фортачка мовы

Пра трасянку есць две пазіцыі — іё цілі сьцісьняюцца, цілі ржуць і чмошаць. Так паводзяцца з дзяўчонкамі ў малодшых класах. А патаму, калі будзеце і далей фукаць пры слове “ізвяніця”, знайце: нікакая…

Чым новая паэзія адрозніваецца ад старой

Эмі Лоўэл

Чым новая паэзія адрозніваецца ад старой

Джойс Кілмер: Я чакаў, што міс Эмі Лоўэл, галоўны дзеяч і апалагет новай паэзіі Амерыкі, з’явіцца ў сукенцы ад Бакста з мноствам усходніх упрыгожанняў, яе дом будуць поўніць пахі духмяных рэчываў, а…

Пра ўсё і пра ўсіх

Антон Францішак Брыль

Пра ўсё і пра ўсіх

Каб абзавесціся прыдатнаю тэмаю для доўгай размовы, часта трэба няшмат. Адкрыем, напрыклад, хрэстаматыю па беларускай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў, выкладзеную на сайце філалагічнага факультэта БДУ...

814