№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Данільчык

Фернанда Півана і бітнікі: Гісторыя аднаго захаплення

20 траўня 2013

Фернанда Півана і бітнікі: Гісторыя аднаго захаплення


“Што можна сказаць цяпер, пасля таго як мінула трыццаць гадоў, калі галоўныя героі — у бясконцых прасторах, прасякнутых водарам вечнасці, а ў катастрофе планеты, залітай крывёй, выжылі не іх мары, а жахі?

І тым не менш тыя мары не прайшлі, яны не пройдуць ніколі, бо паэзія працягне натхняць і дапаможа нарадзіцца новым марам, у якіх нябёсы будуць глядзець на мора, сэрцы — імкнуцца да любові, вочы —узірацца ў жыццё.

Мінула трыццаць гадоў. А маладыя працягваюць верыць у паэзію. Працягваюць жыць ёю ў шчырасці надзеі”.

(Фернанда Півана. З кнігі “Жыло-было Біт-пакаленне: дзесяць гадоў альтэрнатыўных пошукаў”)

Cамай значнай фігурай, звязанай з Біт-пакаленнем у Італіі, несумненна, можна лічыць перакладчыцу Фернанду Півана (Fernanda Pivano). Варта адзначыць, што ў многім менавіта дзякуючы яе перакладчыцкай і папулярызатарскай дзейнасці гэтая літаратура стала вядомай у Італіі і развілася на мясцовай глебе, хоць, у адрозненне ад працэсаў, якія адбываліся ў Злучаных Штатах, у Італіі бітніцкая літаратура з’явілася прыкладна ў 1965 — пачатку сямідзясятых і распрацоўвалася да пачатку васьмідзясятых. Такім чынам, у дачыненні да амерыканскіх бітнікаў развіццё італьянскіх было запозненым, а літаратурныя дасягненні — у пэўным сэнсе другаснымі.

Ален Гінзберг і Фернанда Півана

Фернанда нарадзілася ў Генуі 18 ліпеня 1917. Акрамя яе ў сям’і быў старэйшы брат. Яна вучылася ў Турыне, куды ў 1929 годзе пераехала сям’я. Наведвала ліцэй “Масіма Д’Адзэльё” класічнага профілю і была аднакласніцай Прыма Леві, а італьянскую мову ёй нейкі час выкладаў Чэзарэ Павэзэ. І Півана, і Леві не дапусцілі да вусных выпускных экзаменаў, бо яны не здалі сачыненні.

У 1938 годзе Павэзэ прынёс ёй чатыры кнігі на ангельскай мове: “Бывай, зброя” Э. Хэмінгуэя, “Лісце травы” Ў. Ўітмэна, “Анталогію Спун Рывер” Э. Лі Мастэрса і аўтабіяграфію Шэрвуда Андэрсана. Гэтая падзея мела лёсавызначальнае значэнне: дзякуючы ёй Фернанда стала пісьменніцай і перакладчыцай, гарачай прыхільніцай амерыканскай літаратуры. 17 чэрвеня 1941 яна абараніла дыплом па філалогіі, прысвечаны раману “Мобі Дзік” Германа Мэлвіла, а 22 чэрвеня 1943 — дыплом па філасофіі і педагогіцы.

Літаратурную дзейнасць яна пачала ў 1943 годзе публікацыяй у выдавецтве “Эйнаўдзі” перакладу “Анталогіі Спун Рывер” Э. Лі Мастэрса пры падтрымцы Чэзарэ Павэзэ, пасля пераклала раман Э. Хэмінгуэя “Бывай, зброя”, за які яе арыштавалі, абвінаваціўшы раман у абразе Узброеных сілаў фашысцкага рэжыму. Раман апублікавалі ў Італіі толькі ў 1949 годзе. Тым не менш у 1948-м з ініцыятывы Хэмінгуэя адбылося яго знаёмства з Фернандай Півана, якое стала пачаткам шчырага сяброўства.

У 1949 годзе Фернанда выйшла замуж за архітэктара і дызайнера Гектара Сотсаса-малодшага, пасля чаго пераехала ў Мілан. У 1956 г. першы раз наведала Злучаныя Штаты, і гэтае падарожжа шмат у чым вызначыла яе далейшую дзейнасць. Ва ўступным слове да сваёй кнігі “BEAT HIPPIE YIPPIE” Фернанда Півана згадвае: “Гінзберг быў душой і каталізатарам тых гадоў, Керуак быў іх героем, іх кнігі “Сковыт” і “У дарозе” нарэшце здабылі доўгачаканы трыюмф. У 1956 годзе ў Пуэрта-Рыка Ўільям Карлас Ўільямс упершыню расказаў мне пра Гінзберга (“малады і сапраўды бліскучы паэт”), папярэдзіўшы, што якраз цяпер піша прадмову да наступнай публікацыі “Сковыту”. У Парыжы Эдуар Радыці, эксцэнтрычны паэт-паліглот, паказаў мне ў вітрыне кнігарні La Hune, што каля кавярняў Flore і Deux Magots, толькі што атрыманы другі нумар часопіса Evergreen Review пад назвай The San Francisco Scene, у якім быў надрукаваны ўрывак са “Сковыту”, а ў Рыме найцудоўнейшая Ханна Ёзэфсан <…> дала мне першы экзэмпляр толькі што аддрукаванай кнігі “У дарозе”, якую падарыў ёй Малкалм Коўлі (куратар выдання), калі праводзіў на параход перад ад’ездам у Італію.

“Хай будзе ў цябе, — сказала мне Ханна, — я ўпэўненая, ты што-небудзь з гэтым зробіш”. Яна не памылілася, бо гэтая і дзве папярэднія “прэзентацыі” вызначылі маё жыццё на два дзесяцігоддзі. Я зрабілася сяброўкай невялікай групы паэтаў, якія пакуль яшчэ не прызнавалі за сабой азначэння “бітнікі” і ў найгоршым выпадку згаджаліся на найменне “сябры” (менавіта так, як адбываецца цяпер з так званымі мінімалістамі), і пачала працаваць, каб распаўсюдзіць іх вершы, суправаджаючы прадмовамі, што спрыялі б іх публікацыі. Гісторыю прыгодаў, звязаных з тым, каб дабіцца гэтых публікацый, я апавяла ў кнізе “Жыло-было Біт-пакаленне”, якая выйшла ў 1972 годзе ў выдавецтве “Аркана”, адным з найстарэйшых і самых вядомых, ілюстраваная недзе сотняй неапублікаваных на той час фотаздымкаў, аўтографаў і дакументаў. Спадзяюся, рана ці позна хто-небудзь яе перавыдасць. Тут я толькі згадаю ў якасці прыкладу недаверу да мяне ліст, у якім дырэктар буйной штодзённай газеты 24 лістапада 1958 году адмовіў мне ў публікацыі артыкула, які мог бы стаць самым першым артыкулам у Італіі, прысвечаным Керуаку: “Я вяртаю вам артыкул, бо ён не цікавы нашым чытачам”. Гэта тым чытачам, што праз год раскупілі трыццаць выданняў кнігі “У дарозе”, як толькі мне ўдалося пераканаць Арнольда Мандадоры (а мне давялося пераконваць яго асабіста) апублікаваць яе.

З таго часу я многія гады займалася амаль выключна гэтымі аўтарамі, незразуметымі ў сваім супраціве кансумізму і неафашызму Макарці, і сочачы за рознымі стадыямі трансфармацыі іх ідэяў і вобразаў, аж да самай фінальнай фазы, якая прывяла да таго, што маўклівыя, інтравертныя, крыху змрочныя “бітнікі” ператварыліся ў скандальных, кідкіх і экстатычных хіпі. Я сачыла за імі з пэўнай насцярожанасцю ажно да палітызаванай Чыкагскай канвенцыі і творчых імпрэзаў, натхнёных Гінзбергам, у якіх удзельнічалі і іпі, што толькі з’явіліся, і адышла ад іх, калі кастрызм і мааізм надалі характэрную рэвалюцыйную афарбоўку праявам абнаўлення, якое грунтавалася на зусім далёкіх ад палітычных інтарэсаў экзістэнцыйных патрэбах” [1].

Найбольшую ўвагу сярод Біт-пакалення Фернанда Півана надавала Алену Гінзбергу, Джэку Керуаку, Ўільяму Бероўзу і Грэгары Корса.

Шырокай публіцы мала вядома пра сувязь Фернанды Півана з італьянскай паэзіяй біт, якая ўзнікла ў шасцідзясятыя дзякуючы выдавецкаму праекту “East 128”, а таксама часопісу псіхадэлічнага і пацыфісцкага кірунку Pianeta Fresco, які перакладчыца стварыла і якім кіравала. Яна спрыяла росту тагачасных маладых паэтаў, сярод якіх самы вядомы — турынец Джані Мілана (нар. 1938).

У адным з нядаўніх інтэрв’ю Джані Мілана, згадваючы пра шасцідзясятыя гады, сказаў: “Тады з’явіўся пераклад апошніх амерыканскіх паэтаў Фернанды Півана [“Паэзія апошніх амерыканцаў”, 1964 г., Feltrinelli]”, выйшла кніга “Падземныя” Керуака [1960 г., першае італьянскае выданне]. Гінзберг у большай ступені, чым Керуак, паказаў мне, што слова — вольнае ці павіннае быць вызвалена, і гэта дало вялікі штуршок для пошукаў і самавыяўлення.

...Мая паэзія ніколі не была акадэмічнай, нават калі я быў падлеткам. Гэта заўсёды была разБІТая паэзія, бо я займаў такую пазіцыю ў дачыненні да свету і тагачаснага італьянскага грамадства. Паміж двума блокамі, халоднай вайной, радыкальнымі супрацьстаяннямі... у пэўным сэнсе — як цяпер; можа быць, было меней маны, а больш жорсткасці, гвалту, але меней маны...” [2]

У 2001 годзе Фернанда Півана зняла для кампаніі “Фанданга” фільм A Farewell to Beat, які расказвае пра яе падарожжы ў Злучаныя Штаты і наведванні старых сяброў і памятных мясцінаў.

Дзейнасць Фернанды Півана як журналісткі і перакладчыцы адзначаная шматлікімі прэміямі. У 2003 годзе была заснаваная прэмія яе імя, якой узнагароджваюць тых, хто зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё грамадства і культуры.

Памерла ў 2009 годзе.

Урыўкі з кнігі Фернанды Півана “Жыло-было Біт-пакаленне: 10 гадоў альтэрнатыўных пошукаў”

Як Керуак прыязджаў у Мілан

21 верасня 1966 г. Лучана Будзінья [італьянскі паэт і мастацкі крытык;нар.1924. А. Д.], які тады яшчэ працаваў на ТБ, паведаміў мне, што ў Мілан прыязджае Керуак. Мне цяжка было стрымацца і не сказаць яму, што італьянскі выдавец мяне пра гэта не папярэдзіў. 28-га, як толькі Керуак прыехаў, мне адразу ж пазванілі са словамі, якія ледзянілі душу: “I am desperate, I will tell them off, яны труцяць мяне ўколамі, прыязджай не марудзячы і паглядзі, што са мной робяць”. О, Джэк, Жан-Луі, Ці-Джын, заклінаю яго быць спакойным, пакуль я не пераадолею ўсе перашкоды і не прывязу яго да мяне дадому, дзе на тэрасе на вуліцы Капуча, 19, ён правёў некалькі спакойных гадзін, “I need calmness, of course you do”, але ніякага спакою не засталося ў 19.30 на тэлебачанні, дзе я мусіла браць у яго інтэрв’ю падчас безнадзейнай для абаіх размовы. Пасля, раззлаваны ў кнігарні “Кавур” праз тое, як яго прадставіў Марыё Спінэла [італьянскі пісьменнік і журналіст (1918—1994). А. Д.], ён трымаў мяне за руку, каб я не сышла, а я мусіла сысці, бо мяне не запрасілі праз невыносныя выдавецкія інтрыгі, нехта напісаў, не памятаю ўжо дзе: “вялікая адсутная”. Пасля былі тэлефонныя званкі з Мілана перад ад’ездам у Рым і з Рыму перад ад’ездам у Неапаль. У Рыме ён быў засмучаны нахабствам журналістаў, якія залазілі ва ўсе шчыліны ў пошуках навінаў і цікавых фактаў, і дзяўчатамі, што прапаноўвалі сябе, бо ведалі, хто ён, і адмаўлялі яму, бо не ведалі; няўдалыя прэс-канферэнцыі з распанелымі журналістамі ў сініх гарнітурах і гальштуках (дапоўненымі запальнічкамі “Данхел”); або на тэлебачанні, зацкаваны, як леў, ужо паранены, але яшчэ ў бяспечным месцы за кратамі клеткі, з цудоўным перакладчыкам побач, што, расхваляваўшыся, не змог зразумець яго любімага слова “boycott”.

Бывай, Ці-Джын, і твая кашуля лесаруба, і твой багаж, згублены падчас невядома якой перасадкі, і твая п’янка ў самалёце, калі цябе абвінавацілі, што далі табе тысячу даляраў за рэкламу пяцісотага тома “Медузы”, і гэтай тысячай ты заплаціў за здымную кватэры для маці, якую паралізавала за некалькі гадзін да твайго ад’езду ў Італію, і сумнае падарожжа, сумны прыём, сумныя тэмы, бывай Ці-Джын, а разам з табой — мая зялёная спаднічка і мой блакітны швэдрык, твае бутэлькі шампанскага і ружанцы. Ты не стамляўся ніколі, бывайце, п’яныя размовы і нечаканы паранаідальны фінал (праз шмат гадоў, калі я даведалася пра гэта, маё сэрца разбілася): аказваецца, я была габрэйскай камуністкай і шпіёнкай.

28 верасня 1966 Джэк Керуак прыехаў у Мілан на запрашэнне выдавецтва “Мандадоры”, што заплаціла яму тысячу даляраў за прамоцыю рамана “Біг Сур”, якім было вырашана адзначыць не памятаю ўжо які выпуск серыі “Медуза”. Ён прыехаў знясілены і шукаў спакою на тэрасе майго дома. Ён прывёз з сабой трывогу і адчай, дзікую волю супрацьстаяць паразе і неадольную любоў да жыцця, бунт супраць любой абмежавальнай сілы і настальгію па маладосці, якую забіралі гады. Здарылася тое ж, што і з Грэгары Корса, з якім наш дом пагружаўся ў магму па-за часам і прасторай, дзе гадзіннікі і прызначаныя сустрэчы былі настолькі ж абсурднымі, як і абавязкі, узятыя “Эга” або “Суперэга”. Там, дзе бываў ён (дзе бывалі яны), не заставалася месца істэблішмэнту. Істэблішмэнт цьмяна ці падсвядома гэта адчуваў і рэагаваў тым, што маргіналізаваў Керуака, не ведаючы, што насамрэч менавіта Керуак маргіналізаваў істэблішмэнт. Гульня была цяжкай і скончылася смерцю абодвух.

Як Гінзберг прыязджаў у Італію

...Гінзберг прыехаў у Рым у 11 гадзін, сустрэўся з намі ў Hotel de la Ville, мы павялі яго на абед да Чэзарэта на вуліцу Крочэ і ў пяць выехалі ў Спалета, дзе ён павінен быў сустрэць Меноці перад чытаннямі, потым — чытанні 8 ліпеня пасля раніцы, праведзенай у Монтэфалька, дзе мы, агаломшаныя, глядзелі ў адным кляштары для пустэльнікаў на ныркавыя камяні не памятаю ўжо якой святой, а як толькі скончыліся чытанні, пад зорным небам на плошчы перад саборам адбыўся арышт Гінзберга за абразу прыстойнасці.

За абразу прыстойнасці.

За абразу прыстойнасці ў краіне, што патанала ў сэксе (з паўголымі жанчынамі, якія рэкламавалі электраабагравальнікі і халадзільнікі, са спароўваннямі і згвалтаваннямі любога кшталту ў “тэхнікалоры” на ўсіх экранах, з мярзотна парнаграфічнай рэкламай у кінематографе), быў арыштаваны Гінзберг за верш, раздадзены публіцы падчас чытанняў у мізэрнай колькасці экзэмпляраў, аддрукаваных на гектографе, са словамі-табу “чэлес” і “срака”, верш “З кім быць ветлівым” (Who Be Kind To), пасля апублікаваны ў зборніку Мантра травеньскага караля”. Але давялося чакаць некалькі гадоў, пакуль працэс “за абразу прыстойнасці” сканае ў загадкавай судовай неразбярысе з незразумелымі працэдурамі.

Тым вечарам я правяла некалькі гадзін у камісарыяце ў якасці перакладчыка, потым нас нарэшце выпусцілі, і мы пайшлі шукаць яфрэйтара, праз неабдуманую заяву якога і адбылося ўсё гэтае ліха. Гінзберг падарыў яму (абсалютна нечакана) букет кветак для яго несумненна далікатнай сіньёры.

Ален Гінзберг прыехаў у Рым у 11 гадзін 5 ліпеня 1967 году: 6 ліпеня ён удзельнічаў у чытаннях у Спалета, прысвечаных Джузэпэ Унгарэці, да якога ставіўся з павагай і прыязнасцю. Яны сустракаліся ў Нью-Ёрку, дзе Унгарэці ўдзельнічаў у свяце, падчас якога збіралі асабістыя рэчы, каб потым арганізаваць іх дабрачынны продаж на карысць ці то бедных паэтаў увогуле ці то некага канкрэтна...

Падчас чытанняў на стале ў вестыбюлі тэатра расклалі гектаграфаваныя копіі італьянскіх перакладаў вершаў, якія дэкламаваліся на мове арыгіналe. Вершы Гінзберга, як і іншых, былі аддрукаваныя на белай або жоўтай паперы; у большасці сваёй яны былі пасля апублікаваныя ў падборцы Planet News, якая выйшла ў Італіі ў зборніку “Мантра травеньскага караля”. Я зрабіла транскрыпцыю назваў, наследуючы традыцыі Козіма Косма і В. Мак-Корміка, у якіх, не зважаючы на ўважлівасць і намаганні, засталіся памылкі друку. Судовы працэс у Італіі, які на гады затрымаў выхад кнігі, пачаўся, калі адзін яфрэйтар, бавячы час на варце ў фае, пагартаў стопку папер і ўбачыў гэтую старонку. Урывак гучаў так: “Мара! Не хачу быць адзін! Хачу ведаць, што мяне кахаюць...” Яфрэйтар насцярожыўся, патэлефанаваў начальству. А Гінзберг тым часам чытаў са сцэны залы, запоўненай людзьмі, свае мантры пад акампанемент маёй фісгармоніі за адсутнасцю лепшага акампаніятара. Потым яфрэйтар настойваў, каб запусцілася судовая машына, і Гінзберга арыштавалі на плошчы перад саборам, як толькі скончыліся чытанні.

Ален Гінзберг і Джані Мілана ў Турыне (1967)

________________________________________________________________

[1] Fernanda Pivano. Beat, Hippie, Yippie; Milano, Bompiani, 1996. — C. XII.

[2] Гл. тут.

падрыхтоўка матэрыялу і пераклад тэкстаўАксана Данільчык

Чытайце таксама

Ганкураўская прэмія 2008

Ганкураўская прэмія 2008

10 лістапада 2008 года стала вядома імя ўладальніка Ганкураўскай прэміі (Prix Goncourt) – ім стаў 46-гадовы афганска-французскі пісьменнік Ацік Рахімі. Ён атрымаў вышэйшую літаратурную ўзнагароду Францыі…

Аўстралійска-Азіяцкая літаратурная прэмія

Аўстралійска-Азіяцкая літаратурная прэмія

21 лістапада 2008 года стала вядомае імя першага пераможцы самай шчодрай у рэгіёне Аўстралійска-Азіяцкай літаратурнай прэміі(Аustralia-Asia Literary Award). Ім стаў аўстралійскі пісьменнік ліванскага паходжання…

Кніжны фэн-шуй

Кніжны фэн-шуй

У наш час, калі кватэры пазбаўляюцца савецкіх грувасткіх секцый з антрэсолямі, у бібліяфілаў узнікае праблема: куды падзець кнігі? Як іх кампактна расставіць, ды каб зручна, ды каб прыгожа?

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Вікторыя Ягорава

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Многія чытачы не змаглі адолець і некалькі старонак, іншыя чытаюць і перачытваюць творы А. Картэр некалькі разоў. У чым прычына такой супярэчнасці?..

912