№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антон Францішак Брыль

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

26 снежня 2013

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

 1. Уступ

 

Рыхтуючы агляд беларускіх перакладаў Катула, я перадусім меў на мэце спрасціць пераклад­чыкам сённяшнім (і сабе ў тым ліку) далейшую працу з гэтым аўтарам. Адначасова хацелася б стварыць і прыклад метадалогіі для такіх даследаванняў па іншых антычных паэтах, бо нязробленай працы такога кшталту пакуль што вельмі шмат.

 

Для пачатку вызначым кола тэкстаў, якія збіраемся абмяркоўваць. У акрэслены перыяд Катула на беларускую мову перакладалі Уладзімір Клішэвіч, Уладзімір Караткевіч, Лявон Баршчэўскі, Жанна Некрашэвіч-Кароткая і перакладчыцкі дуэт Андрэя Хадановіча з Сяргеем Карчыцкім. З удзячнасцю пазначаем, што ў складанні гэтага спіса нам нямала дапамог агульны агляд беларускіх перакладаў антычнай класікі, зроблены некалькі гадоў таму Н. Несцер[1]. Ніжэй спіс перакладаў раскрыты падрабязна. Заўважым, што захаваныя да нашых дзён вер­шы і фрагменты вершаў Катула — як і любога іншага антычнага аўтара — надзвычай добра каталагізаваныя і вядомыя напералік, так што вызначэнне ці ўдакладненне арыгінала верша — справа амаль механічная.

 

У бібліяграфіі У. Клішэвіча[2] знаходзім чатыры тэксты, пазначаныя словамі “З Катула”. Для трох з іх нават па першых радках лёгка вызначыць катулаўскія арыгіналы. Гэта Carm.49 (“Марк Тулій, ты зацямніў прамоўцаў найлепшых...”), Carm.57 (“Бессаромнікаў дзіўных сабралася пара...”) і Carm. 93 (“Аніяк не імкнуся табе спадабацца я, Цэзар...”). Чацверты аказваецца цікавым кур'ёзам, на якім варта спыніцца. Гэты тэкст, азагалоўлены “Старажытнай грэцкай бабе, калі б яна дамагалася майго кахання”[3], — не вельмі ўдалы, але лёгка пазнавальны пераклад парадыйнага верша Казьмы Пруткова “Древней греческой старухе, если б она домогалась моей любви. Подражание Катуллу”. Калі пераклад зроблены ўжо ў эміграцыі, то з арыгіналам Клішэвіч мог пазнаёміцца праз анталогію “Русский Парнас”[4]. Не бярэмся адгадваць, на якім этапе здарылася блытаніна з аўтарствам верша, але гэты прыклад з асабліваю яснасцю тлумачыць, чаму пры публікацыі ці даследаванні перакладаў вызначаць арыгіналы цалкам неабходна.

 

У. Караткевіч пакінуў досыць шматлікія пераклады з Катула. У зборніку “Галасы маіх сяб­роў” прадстаўленая найбольш поўная вядомая нам падборка: пераклады Carm. 2, 3, 5, 7, 8, 9, 10, 11, 13, 16, 37, 46, 52, 55+58b, 57, 58, 76, 77+78b, 79, 85, 87+75, 101, 107[5]. Пераклад Carm.107 памыл­кова пазначаны нумарам 82, пераклад Carm. 9 — нумарам 49, пераклад Carm. 57 — нумарам 58 (які такім чынам ужыты двойчы). Пераклад аб'яднаных у адзін верш Carm. 87 і 75 (нярэдкая ў старых вы­даннях кан'ектура) пазначаны проста нумарам 75. Тэксты суправаджаюцца камен­тарамі самога Караткевіча.

 

Нарэшце, пераклады яшчэ трох вершаў адносяцца да зусім нядаўняга часу. Адзін з буйных твораў Катула, Carm.68, быў перакладзены Ж. Некрашэвіч-Кароткай[6], Carm. 5 — Л. Баршчэў­скім[7], Carm.3 — у суаўтарстве А. Хадановічам і С. Карчыцкім[8].

 

У нашым артыкуле мы аналізуем наступныя бакі пералічаных перакладаў:

 

1. Мова, з якой рабіўся пераклад.

2. Перадача вершаваных памераў арыгіналу.

3. Вобраз аўтара, які малююць, яўна ці няяўна, перакладчыкі.

 

Кожнаму з названых аспектаў прысвечаны асобны раздзел. Заў­важым мімаходзь, што яшчэ адну цікавую тэму патэнцыйна складаюць лексічныя пласты катулаўскай паэзіі, аднак і выбар тэкстаў, і падыход да іх у перакладах узятага ў разгляд перыяду не пакідаюць асаблівай прасторы для абмеркавання гэтага аспекту.

 

2. Мовы-крыніцы

 

Тры пераклады Клішэвіча з Катула рабіліся, наколькі мы можам меркаваць, з арыгіналаў ці падрадкоўнікаў. Яго пераклад Флора змушае падазраваць (асабліва ў апошнім радку) выкарыстанне рускага тэксту Брусава, і мы чакалі нечага такога і ў выпадку Катула; аднак ніякія пераклады з тых, якія, на нашую думку, маглі быць у распараджэнні Клішэвіча — ні рускія Фета[9] і Піятроўскага[10], ні польскія Чубка[11] і Рэйса[12], — не выглядаюць праўдападобнымі крыніцамі. На карысць версіі аб працы з арыгіналам сведчаць, думаецца, і цёмныя радкі ў перакладзе Carm.57.3-5 аб Цэзару і Мамуру. У Катула чытаем:

 

nec mirum: maculae pares utrisque,

urbana altera et illa Formiana,

impressae resident nec eluentur.

 

[Няма дзіва; аднолькавыя плямы, тая з горада (г.зн. Рыма), а гэтая з Форміяў, надзейна адбіліся на абодвух ды не змыюцца.]

 

У Клішэвіча ў адпаведным месцы бачым досыць няяснае:

           

Дзіва няма — роўныя плямы распусты

Кажны з іх мае у Форміях, многа і ў Рыме іх ёсць,

Так яны ўеліся — змыць немагчыма[13].

 

Тэкст Катула, сапраўды няпросты, робіцца нашмат больш зразумелым, калі дадаць ясную з іншых вершаў дэталь: Мамура быў родам з Форміяў. Такім чынам, у Катула ёсць выкачаны ў фармійскім брудзе Мамура і выкачаны ў рымскім брудзе Цэзар, а ў перакладзе ўсё зліваецца ў адну малазразумелую канструкцыю. Гэта наўрад ці магло быць пазычана з якога-кольвек тэксту-пасярэдніка.

 

У выпадку перакладаў Караткевіча адказ на пытанне не патрабуе доўгіх пошукаў. Крыні­цаю, па-за ўсякімі сумненнямі, паслужылі знакамітыя рускія пераклады Адрыяна Піятроўска­га — дакладныя па вершаванай форме, але па стылі наўмысна смелыя, са значнаю доляю мадэрнізацыі. Цікаўны чытач можа сам параўнаць пераклады і пераканацца, што яркіх супадзенняў там надзвычайная колькасць, мы ж у рамках артыкула абмяжуемся адным выразным прыкладам з Carm.7.3-6:

 

quam magnus numerus Libyssae harenae

lasarpiciferis iacet Cyrenis

oraclum Iouis inter aestuosi

et Batti ueteris sacrum sepulcrum;

 

[Так шмат, як лівійскіх пяскоў, што ляжаць у сільфіяноснай Кірэне паміж аракулам спякотнага Юпітэра і святарнаю магілаю даўняга Бата.]

 

У Піятроўскага:

 

Ты зыбучий сочти песок ливийский

В напоенной отравами Кирене,

Где оракул полуденный Аммона

И где Батта старинного могила.

 

У Караткевіча:

 

Падлічы пясок пустынь Лівійскіх

У зыбучай, атручанай Кірэне,

Дзе аракул паўдзённага Амона

І дзе Бата дрэўняга магіла.

 

Калі не лічыць рытму, то Караткевіч, відавочна, паўтарае Піятроўскага да дробязяў, нават у недакладнасцях: каштоўны сільфій-laserpicium, прыправа і лек, замяняецца абстрактнаю атрутаю; Юпітэр-Амон, у Катула выкшталцона азначаны як “спякотны Юпітэр”, называецца наўпрост. Ад Піятроўскага Караткевіч пераймае, між іншым, і ўмоўныя назвы вершаў, і тэксталагічныя рашэнні. Пры далейшым разглядзе перакладаў Караткевіча нам непазбежна давядзецца ва ўсім мець на ўвазе гэтую другаснасць.

 

Пераклады Баршчэўскага, Некрашэвіч-Кароткай і Хадановіча ды Карчыцкага не патрабуюць у гэтым раздзеле артыкула шмат месца — мы не знаходзім падставаў сумнявацца, што яны рабіліся з лацінскіх арыгіналаў.

 

 

3. Катулаўскія памеры і іх перадача ў перакладах

 

У вершах Катула скарыстанае досыць шырокае кола метраў: дактылічны гекзаметр, элегічны двуверш, фалекаў гендэкасілаб, халіямб, галіямб, малая сапфічная страфа і інш. Антычныя метрычныя памеры немагчыма (з прычынаў лінгвістычных) дакладна перадаць у многіх мовах, уключаючы і славянскія, таму па форме пераклады аказваюцца непазбежна ўмоўнымі, хаця, калі браць пад увагу ўвесь корпус разнамоўных перакладаў антычнай класікі, на розны лад і ў рознай ступені.

 

Большасць перакладаў, якія разглядаюцца у гэтым артыкуле, схіляецца так ці інакш да аднаго падыходу — паслядоўнай імітацыі метрычнага верша рытмічным, калі чаргаванне доўгіх і кароткіх складоў арыгіналу перадаецца такім жа ці падобным чаргаваннем націскных і ненаціскных складоў у перакладзе.

 

Нават у межах гэтага падыходу дактылічны гекзаметр патрабуе ад перакладчыка прыняць некалькі дадатковых рашэнняў. Па-першае, у адрозненне ад халіямба і да т.п. памераў з іх ясна вызначанай колькасцю складоў, гекзаметрычны радок дапускае замену некаторых дак­тыляў спандэямі. Гэтая асаблівасць можа альбо перадавацца заменаю асобных дактыляў харэямі, альбо не перадавацца зусім — у такім выпадку ўсе стопы рытмічнага гекзаметра, апроч апошняй, будуць дактылямі. Па-другое, у лацінскім гекзаметры надзвычай пашыраная так званая пяціпалоўная цэзура (caesura semiquinaria), гэта значыць цэзура пасля моцнага месца трэцяй стапы (у рытмічным варыянце — пасля трэцяга націску). Катул не быў выклю­чэннем — у ягоных элегічных двувершах пяціпалоўная цэзура сустракаецца ў 84% гекзамет­раў, а больш чым у палове астатніх выпадкаў ужытая аналагічная цэзура ў чацвертай стапе, сяміпалоўная[14]. Перакладчык аказваецца перад выбарам — ігнараваць пяціпалоўную цэзуру, ужываць яе, як у арыгінале, часта, але не цалкам сістэматычна, ці ўжываць яе ва ўсіх выпад­ках, г.зн. яшчэ паўсюдней, чым у арыгінале. Нагадаем, што перадача метрычнага верша рытмічным — у кожным разе імітацыя, таму ігнараванне цэзуры тут нельга лічыць памылкаю, гэта толькі выбар адной з умоўнасцяў. Аднак у выпадку гекзаметра і асабліва гекзаметра ў складзе элегічнага двуверша на карысць выкарыстання пяціпалоўнай цэзуры ў рытмічных перакладах можна прывесці некалькі аргументаў. Перадусім цэзураю кампенсуецца вялікая даўжыня радка, і такім чынам спрашчаецца чытанне — гэтак жа, як і пры дэкламацыі арыгі­нальнага верша. Апроч таго, адсечаны цэзураю пачатак радка метрычна аналагічны палове пентаметра — праўдападобна, менавіта з падваення перадцэзурнага кавалка гекзаметра пентаметр і ўзнік[15]; з гэтай прычыны элегічны двуверш з вытрыманай пяціпалоўнай цэзурай гучыць больш стройна і структуравана.

 

Пераклады Клішэвіча, як чытач ужо меў магчымасць заўважыць па прыведзеных радках, у рытмічным плане цалкам сумбурныя — настолькі, што гаварыць пра тую ці іншую перадачу, напрыклад, фалекава гендэкасілаба (а менавіта гэтым памерам напісаны ў арыгінале працы­таваны вышэй урывак з Carm.57) у яго выпадку не даводзіцца. На пытанне аб прычыне нам, магчыма, найлепей адкажа апублікаваны ў “Архіўнай кнізе” верш самога Клішэвіча, які мае назву “Пентаметры” і памер якога можна назваць пентаметрамі хіба што з вялікаю нацяж­каю[16]. Іншымі словамі, цікавасць Клішэвіча да антычнай метрыкі не падмацоўвалася, на­коль­кі можна меркаваць, яе фармальным веданнем.

 

Пераклады Караткевіча ахопліваюць цэлы шэраг катулаўскіх памераў: фалекаў гендэкасілаб, элегічны двуверш, халіямб, малую сапфічную страфу. Усе яны перададзеныя рытмічнай імі­тацыяй, і ніводны з іх не вытрыманы паслядоўна. Элегічны двуверш, у большасці выпад­каў правільны, усё ж не ўнікае асобных збояў, такіх як дадатковы склад перад цэзураю ў пентаметры:

           

Ўзяў. О бязмежнае гора! О з'едлівец кляты і подлы!

Злодзей і здраднік падлючы! Дружбы забойца і біч!

 

Пяціпалоўная цэзура ў гекзаметры сустракаецца толькі выпадкова, а замены дактыляў харэ­ямі перакладчык унікае; абедзве гэтыя рысы прынятыя ў спадчыну ад Піятроўскага. Больш складаныя памеры перадаюцца, як здаецца, “інтуітыўна”, “на слых” (пры тым, што ў Піят­роўскага яны вытрыманыя строга). У гэтым сэнсе вартыя ўвагі замены некаторых сапфічных адзінаццаціскладовікаў (гендэкасілабаў) у Carm.11 больш частымі ў Катула фалекавымі — праўдападобна, свайго кшталту версіфікацыйная інерцыя перакладчыка. Напрыклад у Піят­роўскага (малая сапфічная страфа — тры сапфічныя адзінаццаціскладовікі і адоній):

           

Со своими пусть кобелями дружит!

По три сотни их обнимает сразу,

Никого душой не любя, но печень
             Каждому руша.

 

У Караткевіча (усе адзінаццаціскладовікі ператварыліся ў фалекавы):

           

Са сваімі няхай кнырамі дружыць!

Абдымае адразу па тры сотні,

Не кахаючы й воднага, а печань
             Кожнаму рвучы.

 

Прыклады збояў у халіямбах і фалекавых гендэкасілабах чытач пры жаданні без цяжкасці знойдзе і сам.

 

У Баршчэўскага бачым паслядоўную рытмічную імітацыю фалекава гендэкасілаба. У асоб­ных радках ёсць збоі рытму, аднак мы не ўпэўненыя, што гэта не просты вынік памылак пры падрыхтоўцы друкаванай версіі — бо прынамсі ў пятым радку ад збою лёгка пазбавіцца, памя­няўшы месцамі два словы.

 

У выпадку Некрашэвіч-Кароткай маем справу з элегічным двувершам. Гекзамеры ізноў чыста дактылічныя, пяціпалоўная цэзура сустракаецца нячаста. Заўважым, што там, дзе яна ўсё ж прысутная, верш пачынае, на наш густ, гучаць лягчэй і званчэй:

           

Я ж разгараўся тады, || як скала трынакрыйская — гэтак,

Ці як Малійскі струмень || з Эты ў зямлі Тэрмапіл...

 

У Хадановіча і Карчыцкага бачым паслядоўную імітацыю фалекава гендэкасілаба рытміч­ным вершам без збояў. Адзначым хіба, што выкарыстанне двухскладовых займеннікаў як цалкам ненаціскных, хоць і дапушчальнае, вымагае ад чытача некаторай звыкласці да гэтага вершаванага памеру (напр. “Бо сканаў верабейка маёй любай”, дзе другі склад слова “маёй” прыпадае на слабае месца ў радку). Аднак гэта, ізноў жа, прэтэн­зія суб'ектыўная.

 

 

4. Пераклады як партрэты аўтара

 

У гэтым раздзеле мы паспрабуем каротка разглядзець успрыняцце Катула перакладчыкамі ў той ступені, у якой яно адбіваецца ў тэкстах перакладаў і, пры наяўнасці, у каментарах.

 

Пераклады Клішэвіча нешматлікія, суседнічаюць з настолькі ж паасобнымі перакладамі з іншых антычных паэтаў і, здаецца, выяўляюць цікавасць не так да менавіта Катула, як да антычнасці агулам. Гэтае ўражанне ўзмацняецца і тым, што тры перакладзеныя вершы згадваюць самых знакамітых сучаснікаў Катула (два вершы — Цэзара, адзін — Цыцэрона), пры тым, што ў агульнай масе катулаўскага корпуса такія вершы займаюць не вельмі значнае месца. Такім чынам, перад намі, імаверна, прыклад найпрасцейшага погляду: Катул як “рымскі паэт наогул”.

 

Бачанне Катула Караткевічам, наўпрост прагаворанае ў каментарах перакладчыка, — больш цікавае, цікавае, як гэта часам бывае, сваёю тыповасцю. Караткевіч — следам за Піятроўскім і ледзь не ўзмацняючы яго ў гэтым сэнсе — прадстаўляе рамантызаванае ўспрыняцце Катула, у свой час вельмі распаўсюджанае, якое пазнаецца па шэрагу рысаў. Па-першае, паэтычныя тэксты прымаюцца за літаральна аўтабіяграфічныя нават там, дзе для гэтага няма яўных падставаў, а безыменныя каханкі атаясняюцца з Лесбіяй часцей, чым гэта можна абгрунтаваць (прыкладам таго і другога разам служыць Carm.37 — гл. у Дэвіда Рэя бліскучае альтэрна­тыў­нае прачытанне гэтага верша як інвектыўнай гульні, у якой Катул жартам прымае ролю камедыйнага ваяра-выхвалякі[17]). Па-другое, вершы, у арыгінальным зборніку размешча­ныя без якога-кольвек сюжэтнага парадку, упарадкоўваюцца — не без цыклічнай логікі — у паслядоўны “раман”, які ў значнай ступені ўзыходзіць да карысных, але часам засмелых пабудоваў Людвіка Швабэ[18]. Па-трэцяе, з безумоўнасцю прымаецца за дакладны той вобраз Лесбіі, які Катул малюе ў вершах пра найгоршыя моманты іх адносінаў, — дапушчэнне, якое небеспадстаўна называлі мізагіністычным[19]; сам Катул разглядаецца пры тым, яўна ці няяўна, як ідэальны закаханы.

 

З такога рамантызаванага погляду натуральным чынам узнікае пэўная стылістычная мадэрні­за­цыя тэксту: Катул здаецца блізкім, універсальным, а нязвыклае ў ім — чымсьці выпадковым і няважным, чым можна ці нават трэба ахвяраваць. У Караткевіча ў гэтым сэнсе цікавы ка­мен­тар да Carm.37, дзе робіцца спроба патлумачыць старажытныя рэаліі сучаснымі аналогіямі. Зразумела, да каментароў з'ява не зводзіцца: успрыняцце аўтара перакладчыкам адбіваецца, напрыклад, на адборы тэкстаў. Так, сярод знаёмых нам перакладаў Караткевіча з Катула няма ніводнага тэксту аб каханні ці эратычным жаданні, яўна звернутага не да Лесбіі: на гэтых старонках не сустрэнеш не толькі Ювенцыя, але і Аўфілены ці Іпсіфілы. Сканструяваны рамантычны Катул аказваецца сапраўдным “аўтарам па Фуко” — штучным прынцыпам, “пры дапамозе якога <...> абмяжоўваюць, выключаць і выбіраюць”[20].

 

Адначасова і мова ды інтанацыя вершаў моцна змяняюцца ў бок звыклай нам рамантычнай паэзіі. Выразны прыклад такой змены акцэнтаў бачым у Carm.76.13-16:

           

difficile est longum subito deponere amorem,

difficile est, uerum hoc qua lubet efficias:

una salus haec est. hoc est tibi peruincendum,

hoc facias, siue id non pote siue pote.

 

[Цяжка ўраз пазбавіцца доўгага кахання, цяжка, але так ці інакш зрабі гэта: у гэтым адзіны ратунак (ці: адзіная бяспека); гэта тое, што ты мусіш здолець, зрабі так — магчыма гэта альбо немагчыма.]

 

У Караткевіча (як і ў іншых выпадках, блізка да рускага тэксту):

           

Цяжка каханне пакінуць і страсць, што гадамі палала,

Цяжка, і ўсё ж адарві, трэба пакінуць, пакінь.

Ў гэтым адным паратунак. Сэрца здушы! Перамучай!

Трэба! Рабі ж так хутчэй. Льга альбо нельга — жыві!

 

Больш лаканічны, але, можа быць, больш выразны прыклад знойдзем у Carm.75, дзе месца арыгінальнага “mens” (слова, якое можа перакладацца ў тым ліку як “розум”) займае ў пера­кладзе “сэрца”. Гэты Катул у параўнанні з арыгінальным менш асэнсоўвае і больш палае.

 

Як успрымаць сёння гэтыя пераклады? Нам цікавымі здаюцца дзве рэчы. Па-першае, Карат­кевіч тут, як было ўжо сказана, прадстаўляе пэўную пашыраную плынь у колішнім падыходзе да Катула. Па-другое, не будзе залішне смелым сказаць, што некаторыя з беларускіх чытачоў упершыню ўбачылі Катула менавіта вачамі Караткевіча — не толькі праз пераклады, але і праз згадкі ва ўласных творах апошняга — напрыклад у вершы “Фантазія”, дзе Катул поруч з Пет­раркам уваходзіць у дзверы “клуба адрынутых”. Адным словам, мы маем тут той нячасты выпадак, калі пэўны значны і агульны этап рэцэпцыі антычнага аўтара магчыма разглядаць на ўласна беларускамоўным матэрыяле. У такой якасці пераклады Караткевіча яшчэ доўга застануцца карыснымі для выкладчыкаў.

 

У выпадку Баршчэўскага, дзе мы маем справу з адным невялікім вершам, цяжка зрабіць шмат высноваў. Можна адзначыць, у кожным разе, што перад намі ізноў выпадак досыць рашучага набліжэння тэксту да меркаванага чытача, але ўжо на ўзроўні дэталяў. Знікае згадка пра су­вязь паміж падлікам і сурочаннем, якая патрабавала б каментароў; знікае і прысутны ў арыгі­нале ў радках 5-6 матыў непазбежнай смерці — верш канцэнтруецца толькі на шчаслі­вым каханні. Такая вольнасць прыводзіць на памяць нядаўнія пераклады выбраных эпіграм Мар­цыяла на ангельскую мову, зробле­ныя Брэнданам Мурсам[21]. Але калі Мурс у роўнай ступені (і дэкларатыўна) смелы і з дэталямі зместу, і з абмежаваннямі формы, не ўнікаючы ні дадат­ковых рыфм, ні верлібру, то пераклад Баршчэў­ска­га па форме, як ужо заўважана, кансерватыўны. Яго можна назваць, з доляю жарту, эквіметрычным і эквілінеарным вольным пераказам — не пазбаўленае ціка­вас­ці спалучэнне.

 

Carm.68, перакладзеная Некрашэвіч-Кароткай, — адзін з найбуйнейшых твораў Катула, а роўна і адзін з найскладанейшых для даследчыкаў і перакладчыкаў; згадаем, што ў нядаўнім агульным дапаможніку па Катулу праблемам гэтага верша прысвяцілі асобны раздзел[22]. Дастаткова яркі прыклад: дагэтуль не існуе кансэнсусу наконт таго, адзін гэта верш ці два асобныя. Заўважым таму, што калі гэты пераклад будзе перавы­давацца, яго варта было б суправадзіць тэксталагічнымі каментарамі — у шэрагу месцаў пера­кладчык непазбежна прымае неадназначныя сэнсавыя рашэнні, бо адназначных проста не існуе. У межах гэтага раздзела адзначым, што перад намі ці не першы ў беларускамоўных перакладах прыклад цікавасці да Катула-эрудыта — поруч з Катулам-каханкам ці нават насу­перак гэтаму апошняму. Вартае ўвагі, між іншым, тое, што ў пазнейшым інтэрв'ю пераклад­чы­ца апісала гэты верш як “прыгожую паэтычную апрацоўку міфа пра Лаадамію і Пратэсілая”[23], вылучыўшы такім чынам са складана пераплеценых тэмаў твора, у тым ліку прыватных, менавіта пераказ даўняга падання — якое, хоць і змешчанае ў цэнтры кампазіцыі, аднак займае меней за палову агульнага аб'ёму і служыць як бы разгорнутым параўнаннем у апісанні сучаснай Катулу рымскай жанчыны.

 

З кароткага верша, перакладзенага Хадановічам і Карчыцкім, колькі-небудзь сур'ёзных вы­сноваў для гэтага раздзела зрабіць, здаецца, немагчыма.

 

 

5. Заключэнне

 

Падводзячы рысу пад напісаным, пераклады, якія тут разглядаліся, можна раздзяліць на тры групы:

1. Пераклады У. Клішэвіча цікавыя самім фактам свайго існавання, але наўрад ці яшчэ ў нейкім плане. Недакладнасць зместу і формы яны не кампенсуюць колькі-небудзь значнымі мастацкімі вартасцямі, і ў агульным іх цяжка не прызнаць поўнаю няўдачаю.

 

2. Пераклады У. Караткевіча зробленыя з рускіх тэкстаў Піятроўскага з дадатковымі вольнасцямі, асабліва што датычыць формы, і вельмі спрэчныя як менавіта пера­клады Катула. Яны, аднак, зусім не пазбаўленыя цікавасці як ілюстрацыі да гісторыі рэцэпцыі Катула і могуць быць рэкамендаваныя студэнтам-філолагам для разгляду ў гэтай якасці.

 

3. Пераклады апошняга часу (Л. Баршчэўскага, Ж. Некрашэвіч-Кароткай, А. Хадановіча і С. Карчыцкага) складаюць адносна аднародную “новую беларускую катуліяну”: усе яны зробленыя, наколькі можна меркаваць, з арыгіналаў і з ясным ды аднастайным падыходам да формы. Менавіта гэтае невялікае кола тэкстаў, на нашую думку, новым перакладчыкам мае сэнс разглядаць як наяўны стан пытання.

 

 

Падзякі

 

Аўтар дзякуе Ганне Янкуце і Кацярыне Маціеўскай, а таксама Агнешцы Фебіг (Biblioteka Główna Uniwersytetu Gdańskiego) за дапамогу ў пошуку патрэбных тэкстаў.

 

Упершыню надрукавана ў зборніку “Рэспубліканскія купалаўскія чытанні” (Гродна, 2013, с. 299—308).

 



    [1]   Н. Несцер. Антычная літаратура ў беларускіх перакладах, выданнях, даследаваннях. // Вестник Полоцкого государственного университета. А. Гуманитарные науки. — 2009. — № 7. — С. 131—136.

[2]    Архіўная кніга. Укл. Л. Юрэвіч, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Нью-Ёрк 1996, c. 210—236.

[3]    Тамсама, с. 197.

[4]    Русский Парнас. Сост. А. и Д. Элиасберг. Лейпциг, 1920, с. 156.

[5]    У. Караткевіч. Галасы маіх сяброў. Мн., 1993, с. 7—25.

[6]    Антычная літаратура ў беларускіх перакладах. Старажытны Рым: Хрэстаматыя. Гродна, 2003. — С. 7—11.

[7]    Тамсама, с. 5.

[8]    Катул. III. Пераклад А. Хадановіча і С. Карчыцкага // Annus Albaruthenicus-2001. — Крынкі, 2001.

[9]    А. А. Фет. Стихотворения Катулла. Исследование, перевод и комментарии. Москва, 2012.

[10]  Катулл. Книга лирики. Перевод и предисловие А. Пиотровского. — Л: 1929.

[11]  Poezye Katulla; prekł. Jan Czubek. Kraków, 1898.

[12]  Katullus. Poezje; ze wstępem Stanisława Witkowskiego; przeł. Zygmunt Reis. Lwów, 1927.

[13]  Бацькаўшчына, №5-6 (136-137), c. 5.

[14]  K. P. Harrington, Roman Elegiac Poets, Bolchazy-Carducci Publishers, 2002, p. 64.

[15]  М. Л. Гаспаров, Очерк истории европейского стиха, изд. 2-е, Москва, 2003, с. 70.

[16]  Архіўная кніга, с. 202.

[17]  D. Wray, Catullus and the Poetics of Roman Manhood, Cambridge University Press, 2001, p. 80—87.

[18]  M. B. Skinner. Introduction // M. B. Skinner, ed., ACompanion To Catullus, Wiley-Blackwell, 2011, p.314—332.

[19]  D. Wray, op. cit., p. 80.

[20]  M. Foucault. What is an Author? // Aesthetics, Method, And Epistemology: Essential Works of Foucault, 1954—1984.The New Press, 1999, p. 221.

[21]  B. Moores. Eighty-Eight Epigrams. MA Thesis, The University of New Brunswick, 2007.

[22]  E. Theodorakopoulos. Poem 68: Love and Death, and the Gifts of Venus and the Muses // M. B. Skinner, ed., A Companion To Catullus, Wiley-Blackwell, 2011, p.2

 

© Антон Францішак Брыль, 2013

Чытайце таксама

2016 год у перакладных кнігах

Ганна Янкута

2016 год у перакладных кнігах

Беларускі кніжны знак

Беларускі кніжны знак

Экслібрыс - гэта мініяцюрная графічная выява з тэкстам і малюнкам, якая месціцца на форзацы, першых старонках ці карэньчыку кнігі і нясе інфармацыю пра ўладальніка кнігі або пра тэматычную скіраванасць…

Залаты век ілюстрацыі: Кей Нільсэн

Залаты век ілюстрацыі: Кей Нільсэн

Лавы-кнігі

Лавы-кнігі

Усім нам да болю вядома, што такое стол-кніга або канапа-кніга. А вось што такое лава-кніга, вядома толькі абраным.

1757