№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наталля Ламека

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

20 кастрычніка 2009

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля


Пошукі экспрэсіянісцкага мастацтва прадстаўнік творчай суполкі “Сіні вершнік” Франц Марк вызначыў як спробу зазірнуць за межы рэальнасці і наблізіцца да ўнутранай сутнасці прыроды. Асэнсоўваючы спадчыну прадстаўнікоў нямецкага і аўстрыйскага экспрэсіянізму, можна адзначыць, што іх мастацкі свет сапраўды загадкавы, населены таямнічымі істотамі і дзіўнымі фантомамі. Яго загадкавасць падчас прываблівае, падчас уражвае і шакуе, але амаль нікога не пакідае абыякавым. Сведкі бурлівай эпохі, нярэдка ультрасучасныя ў паводзінах і творчасці, аўтары-экспрэсіяністы аперуюць універсаліямі, ствараюць асаблівую міфапрастору са сваім разуменнем часу, гісторыі і чалавечага шляху ў сусвеце, у якой паяднаны сённяшні дзень і мінулае, неўпрыгожаная рэчаіснасць і фантастычная легенда.

У сваёй творчасці экспрэсіяністы часта звярталіся да міфалагічных вобразаў, што з’яўлялася арганічным на фоне шырокага распаўсюджання ў ХХ стагоддзі твораў-міфаў. У артыкуле “Уліс, парадак і міф” англа-амерыканскі паэт-мадэрніст Томас Стэрнз Эліят абгрунтаваў перавагі міфалагічнага метаду, які праз паралелі мінулага і сучаснасці дазваляе акрэсліць спрадвечныя мадэлі жыцця і гістарычных падзей. Для экспрэсіяністаў гэта вельмі істотна, паколькі яны часта аперавалі абстракцыямі і абагульненымі вобразамі. У экспрэсіянісцкай літаратуры і мастацтве знайшлі пераасэнсаванне як антычная, так і германа-скандынаўская міфалогія, асобны вялікі пласт – біблейскія матывы. Дэманізацыя рэчаіснасці ў паэзіі Георга Гайма, містычнасць прыроды, інтэрпрэтацыя біблейскіх сюжэтаў у жывапісе Эміля Нольдэ – прыклады ўласнай міфатворчасці на аснове вядомых, распаўсюджаных у культуры міфалагем і ўстойлівых архетыповых мадэляў.

“Толькі Чалавек, не яго прыватныя справы і пачуцці, але Чалавецтва ўвогуле – адзіная сапраўдная і невычэрпная тэма. Гэтыя паэты раней за іншых адчулі, як Чалавек патанае ў змярканні <...> патанае ў начы заняпаду <...> каб зноўку выплысці на паверхню і сустрэць світанак новага дня. У гэтай кнізе Чалавек усвядомлена адварочваецца ад змяркання мінулага і сучаснасці, якое прыгнятае, ахінае, паглынае яго, да выратавальнага світанку будучыні, якую ён сам і стварае” [3, с. 25; тут і далей пераклад з нямецкай мой – Н. Л.], – так вызначыў Курт Пінтус сэнс анталогіі экспрэсіянісцкай паэзіі “Змярканне чалавецтва. Сімфонія маладой паэзіі” (Menschheitsdämmerung. Symphonie jüngster Dichtung). У беларускай мове немагчыма адным словам перадаць амбівалентнасць назвы зборніка, паколькі нямецкае Dämmerung адначасова азначае і вечаровы час, захад сонца, і ранішні – золак. Змярканне і ўсход, заняпад і адраджэнне – частотныя матывы мастакоў-мадэрністаў, сярод якіх экспрэсіяністы вылучаліся глыбокай занепакоенасцю лёсам скалечанага цывілізацыяй людскога роду. Тут карані славутай эстэтыкі крыку – крыку аб страчанай духоўнасці, закліку да еднасці, тут вытокі утапічнай мары пра чалавечае братэрства. Ліянэль Рышар так вызначае памкненні творцаў: “Экспрэсіяністы лічылі, што на іх лёс выпала асаблівая місія. Яны бачылі сябе рэфарматарамі, хацелі шакаваць чалавецтва, вывесці яго з летаргічнага сну, прымусіць асэнсаваць небяспеку дня сённяшняга і неакрэсленасць будучыні. Яны марылі змяніць чалавека, палепшыць яго. Увогуле, іх мэтай было выратаванне свету” [2, с. 185].

Атмасфера часу знайшла адбітак і ў творчасці славутага аўстрыйскага экспрэсіяніста Георга Тракля. З паэзіяй аўтара стасуецца найперш эпітэт “таямнічы”. Герметычнасць яго лірыкі абумоўленая шырокім выкарыстаннем абсалютнай метафары і сінтэтасеміі, якія правакуюць неадназначнае ўспрыняцце тых ці іншых вобразаў. Яшчэ адна вызначальная рыса стылю Тракля – дамінаванне колеравай метафары, якая таксама нярэдка ўражвае чытача сваёй нетрывіяльнасцю. У экспрэсіянісцкім жывапісе колер страчвае функцыю аб’ектыўнага адлюстравання прадмета (узгадаем сініх коней Марка, партрэты Аляксея Яўленскага і Эрыха Хекеля); у траклеўскай паэзіі заўважаецца падобнае: адно і тое ж адценне яго палітры можа набываць зусім розныя значэнні. Усё разам спараджае ў чытача адчуванне, што ён трапіў у загадкавы свет, спасцігнуць які зусім не проста. Тракль стварае ўласную міфапрастору, у якой суіснуюць і ўласныя, і ўжо вядомыя, але зашыфраваныя вобразы культуры.

Адметны вобраз траклеўскай паэзіі – вандроўнік. Міфалагема вандроўкі, адысеі, звароту да вытокаў – адна з распаўсюджаных у сусветным мастацтве. Часта звярталіся да яе і мадэрністы (кульмінацыяй у гэтым сэнсе можна лічыць джойсаўскі “Уліс”). Лёс траклеўскага вандроўніка – гэта лёс здарожанага гісторыяй чалавека, які перажывае цяжар свайго заняпаду. Але памятае пра былую веліч свайго роду і прагне аднойчы зноў адчыніць дзверы некалі страчанага раю. Матывы красы і грахоўнасці пераплятаюцца ў паэзіі Тракля; як іншыя экспрэсіяністы, ён разумее, што ў любой асобе суіснуюць дзве душы. Адна пакутна намацвае шлях да страчанага Эдэму, другая спакушае далей зрываць забароненыя плады. Гэтая выразная біблейская паралель нярэдка вымушала даследчыкаў прызнаваць у Траклі хрысціянскага паэта. Як бы там ні было, матыў віны ад нараджэння – адзін са скразных у яго творчасці. Можа, таму так часта ў паэта з’яўляюцца вобразы памерлых дзяцей (напрыклад, у вершах “Падлетку Элісу”, “Да заўчасна памерлага”). У разбэшчаным свеце асуджаныя нават самыя маленькія, бо спрадвеку на чалавечым родзе – кляймо першароднай віны.

Яшчэ адзін частотны вобраз паэзіі Тракля – анёл. Напрыклад, у нізцы вершаў “Семігалоссе смерці” сустракаюцца наступныя варыяцыі: чорны, белы, вогненны анёлы, анёл, які згасае, анёл, які душыць чырвонага ваўка. Асабліва значны ў кантэксце біблейскай сімволікі анёл грэшны. Узгадваецца Люцыпар, што ўчыніў бунт супраць Бога і быў пазбаўлены сваёй анёльскай сутнасці, ператварыўся ў Архіворага. Падзенне з вышыні ў бездань нярэдка магло напаткаць і чалавека, таму можна гаварыць пра падабенства гэтых вобразаў у Тракля.

Паказальны верш – “Песня пра краіну Захаду” (Abendländisches Lied). Паколькі нямецкае Abendland азначае не толькі Захад, але і канкрэтна Еўропу, то на гульні сэнсаў узнікае культуралагічная паралель паміж шпэнглераўскім “Заняпадам Еўропы” і траклеўскім вершам. Калі нямецкі філосаф адзначае глыбокі крызіс сучаснай яму заходняй цывілізацыі, то аўстрыйскі паэт спрабуе прасачыць хаду гісторыі чалавецтва, пачынаючы з эпохі цнатлівасці да сённяшняга дня. У вершы прасочваюцца біблейскія матывы.

O der Seele nächtlicher Flügelschlag:

Hirten gingen wir einst an dämmernden Wäldern hin

Und es folgte das rote Wild, die grüne Blume und der lallende Quell

Demutsvoll. O, der uralte Ton des Heimchens,

Blut blühend am Opferstein

Und der Schrei des einsamen Vogels über der grünen Stille des Teichs.

Біццё крылаў душы ў начы:

Лагодныя пастухі, ішлі мы калісьці праз змярканне лясоў –

Чырвоны звер, зялёная кветка і булькатанне крыніцы з намі.

О старадаўняе стракатанне цвыркуна!

Кроў узышла на ахвярным алтары,

І крык самотнай птушкі над зялёнай цішынёй сажалкі.

Начны палёт душы – нібы візіянерскі сон, у якім паэту бачыцца мінулае, сучаснасць і будучыня. Пачынаецца верш з ідылічнай замалёўкі жыцця пастухоў на ўлонні прыроды. Але за ўяўнай ідылічнасцю – пагроза, навіслая над чалавецтвам: лясы, праз якія ідуць людзі, цямнеюць. Гэтая дэталь на ўзроўні аднаго эпітэта (dämmernd) разрастаецца да значных маштабаў, калі ўлічыць, што ў творчасці Тракля сімволіка колераў і адценняў мае выключнае значэнне.

Цемра ахінае чалавецтва са з’яўленнем першай крыві на ахвярным алтары, хутчэй за ўсё, крыві Авеля. Пасля пачынаюцца змрочныя часы, сумнае шэсце чалавека да ўсё большага заняпаду. Шлях доўгі і складаны, сярод вандроўнікаў ёсць месца і праведнаму манаху, які пяшчотна спеліць лазу, і ваяру-крыжаносцу, што праз пакуты чужой плоці шукае валадарства над душамі. Выратоўвае ўсіх каханне: менавіта яно, сцвярджае паэт, здольнае паяднаць чалавечы род, даць магчымасць зазірнуць у іншы свет, сагрэты песнямі ўваскрослых для вечнага жыцця.

Як аповед пра сталенне і развіццё чалавечай духоўнасці верш Тракля пераклікаецца з творам Томаса Стэрнза Эліята “Вандраванне валхвоў”. Аўстрыйскі паэт чуе голас усёй чалавечай супольнасці, а англа-амерыканскі падае гісторыю праз прызму ўспрыняцця самых мудрых. Калі ў Тракля смерць адкрывае чалавеку свет ва ўсім багацці яго светлаценяў, барацьбе Дабра і Зла, то ў Эліята нараджэнне новага, хрысціянскага светаўспрыняцця непазбежна азначае смерць старога “я”. Самі веды носяць розны характар, але іх спасціжэнне падаецца абодвума аўтарамі праз матыў падарожжа. Марцін Хайдэгер адзначаў, што ў паэзіі Тракля шмат агульнага з антычнай міфалогіяй. Калі мець на ўвазе вывад філосафа, то вяртанне чалавека да стану былога шчасця нагадвае канцэпцыю кола-часу. Да таго ж, антычныя героі таксама нярэдка былі вымушаныя вандраваць у пошуках праўды.

Тэма заняпаду цывілізацыі ў экспрэсіянісцкім мастацтве непарыўна звязаная з тэмай вялікага гораду. Асабліва адчувальная яна ў нямецкай літаратуры. Прадстаўнікі берлінскіх суполак “Неапатэтычнае кабарэ”, “Штурм” і “Акцыён” адлюстроўваюць негатыўныя праявы жыцця ў мегаполісе. Сам горад падаецца па-экспрэсіянісцку амбівалентна, кантрастна: гэта і культурная сталіца Еўропы, і крыважэрная істота, асноўнай ахвярай якой робяцца чалавечыя душы. Аўстрыец Тракль таксама не абыходзіць праблему ўвагай. Верш “Заходняе змярканне” (Westliche Dämmerung) на ўзроўні назвы і семантыкі сугучны “Песні пра краіну Захаду”, гэта таксама мастацкае пераасэнсаванне канцэпцыі заняпаду еўрапейскай цывілізацыі. Даследчык Хайнц Ролеке вылучае ў творы паралелі са старажытнагрэцкай міфалогіяй, адзначае, што “праз вобраз фаўна ўзгадваюцца антычныя паўбагі; бог у калясніцы, запрэжанай тыграмі, – Дыяніс, а бледны дэман перад банкам нагадвае персаніфікацыю Мамона” [4, с. 74]. Але можна таксама прасачыць і біблейскія матывы. Так, залаты скарб, які мроіцца смяротна хворым, выклікае ў памяці біблейскі сюжэт пра залатое цяля; сваёй атмасферай горад вельмі нагадвае Вавілон у біблейскай інтэрпрэтацыі – як асяродак распусты і грахоў.

Адна з цікавых алюзій верша – вобраз “п’янога карабля”, які праплывае ўздоўж канала. Дзякуючы аднайменнаму вершу Арцюра Рэмбо вобраз стаў адной з культурных іконаў эпохі дэкадансу. Можна дапусціць, што ў траклеўскім вершы гэта сімвал паэта, які вандруе праз натоўп, назірае за наведвальнікамі сусветнага Кірмашу Тлену. Тэма Vanitas vanitatum, марнасці і тлену прысутнічала ў мастацтве, пачынаючы з кнігі Эклезіяста (найбольш вядомае літаратурнае ўвасабленне яна знайшла, бадай, у знакамітым рамане Ўільяма Тэкерэя). Верш Тракля таксама можна лічыць інтэрпрэтацыяй ідэі. У любым выпадку відавочна, што праз стагоддзі нічога не змянілася: чалавецтва па-ранейшаму засяроджвае свае памкненні вакол багацця, улады і асалоды цела, але не духу. І калі ў Тэкерэя людскую хаду накіроўвае рука нябачнага, але ўсемагутнага Лялечніка, то траклеўскі бог з калясніцы, што праносіцца праз натоўп, – не толькі Дыяніс, які ачольвае сваё шумнае шэсце. Гэта можа быць чарговы ідал з шэрагу тых, каму на працягу ўсёй гісторыі пакланялася чалавецтва.

Вобразы багоў, анёлаў і істотаў падобнага кшталту ў траклеўскай паэзіі даволі часта прыводзяць да думкі пра несвабоду чалавека. Яшчэ адзін з момантаў, які гэта падкрэслівае, – матыў тлену і канчатковасці зямнога жыцця. Ён набывае ў творчасці Тракля асаблівы маштаб, у многіх вершах адчуваецца нават на ўзроўні семантыкі назваў (напрыклад, “Семігалоссе смерці” – Siebengesang des Todes). Нягледзячы на тое, што паэт пісаў свае творы ў пачатку ХХ стагоддзя, на той час у заходнееўрапейскім мастацтве ўсё яшчэ вельмі моцна адчувалася атмасфера fin de siecle, які культываваў тэму смерці. І зусім па-дэкадэнцку ў Тракля яна спалучаецца з тэмай кахання, якое падчас носіць даволі неадназначны характар. У вершах аўтара часта з’яўляецца вобраз дзяўчыны, які крытыкі лічаць мастацкім увасабленнем сястры паэта. Паколькі стаўленне да яе мела дваісты характар, балансавала на мяжы шчырай братавай любові і забароненага пачуцця, то пэўныя паралелі з міфалогіяй да месца і ў дадзеным выпадку. У розных міфалагічных сістэмах сустракаецца вялікая колькасць інцэстуозных сюжэтаў, якія сведчасць пра спецыфічны лад жыцця старажытнагрэцкіх, рымскіх, егіпецкіх багоў. Некаторыя крытыкі схільныя бачыць падобнае і ў творчасці яшчэ аднаго з найславуцейшых аўстрыйцаў ХХ стагоддзя – Франца Кафкі. Паказальная дэталь з навэлы “Ператварэнне”: Грэгара Замзу пасля яго жахлівай метамарфозы даглядае любімая сястра, адзіная, хто хоць нейкі час быў узрушаны і шчыра занепакоены яго лёсам. Вядома, далёка не заўсёды паэтычныя метафары варта ўспрымаць літаральна, пазбаўляючы іх тым самым іншасказальнага сэнсу. Але Чужанінка (Fremdlingin) Тракля сапраўды больш нагадвае каханую дзяўчыну, непераадольную ўладу якой адчувае лірычны герой.

Тэма смерці набывае візіянерскае гучанне ў апошніх творах паэта. У якасці прыкладу можна прыгадаць верш “Плач” (“Сон і смерць, два змрочныя арлы”). Лірычны герой, над якім распраўляюць крылы Сон і Смерць, звяртаецца да сястры як да адзінага суразмоўцы, каб апавесці, як гіне, патанае бездапаможны карабель чалавечага жыцця пад маўклівымі нябёсамі абыякавай зорнай ночы.

Schlaf und Tod, die düstern Adler

Umrauschen nachtlang dieses Haupt:

Des Menschen goldnes Bildnis

Verschlänge die eisige Woge

Der Ewigkeit. An schaurigen Riffen

Zerschellt der purpurne Leib

Und es klagt die dunkle Stimme

Über dem Meer.

Schwester stürmischer Schwermut

Sieh ein ängstlicher Kahn versinkt

Unter Sternen,

Dem schweigenden Antlitz der Nacht.

Сон і смерць, два змрочныя арлы

Шумяць праз ноч над маёй галавой:

Паглынаюць залаты вобраз чалавека

Ледзяныя хвалі вечнасці. Пурпуровая плоць

разбіваецца аб жахлівыя рыфы,

І плача гулкі голас

Над морам.

Сястра бурлівай скрухі,

Глядзі: бездапаможны карабель

Патанае пад зоркамі,

А на твары ночы – маўчанне.

Верш быў напісаны ў пачатку Першай сусветнай вайны, калі паэту заставалася жыць усяго некалькі тыдняў. Крывавая падзея прымусіла еўрапейцаў зразумець, што канец свету – далёка не ўяўнае паняцце. А ў мастацтве з’явілася вялікая колькасць твораў, прысвечаных асэнсаванню яе абсурднай існасці і трагічных наступстваў. У якасці прыкладаў можна ўзгадаць антымілітарысцкую акопную паэзію Айзэка Роўзэнберга, Зігфрыда Сасуна, Ўілфрэда Оўэна, Рупэрта Брука; раманы прадстаўнікоў “страчанага пакалення” Рычарда Олдынгтана, Эрыха Марыі Рэмарка, Эрнэста Хэмінгуэя; творы, якія ўскосна закранаюць згаданую тэму (раманы Вірджыніі Вулф, Дэвіда Герберта Лоўрэнса). У беларускай літаратуры адным з першых трагічную сутнасць вайны выявіў празаік-аналітык Максім Гарэцкі. Яго дакументальныя запіскі “На імперыялістычнай вайне”, аповесць “Ціхая плынь”, апавяданні “Літоўскі хутарок”, “Генерал” і іншыя, як і творы згаданых аўтараў, глыбока выяўляюць братазабойчую сутнасць вайны, раскрываюць яе бессэнсоўнасць і амаральнасць. Пранізлівым болем прасякнутыя і вершы Алеся Гаруна (“Праводзіны”, “Ой, Божанька”, “Чалавечая кроў”), у якіх вайна падаецца як “сорам і ганьба”, разбуральная сіла, што смяецца з боскіх законаў, заліўшы зямлю агнём, крывёю і слязьмі. Згадка беларускіх аўтараў (можна было б назваць і іншых) не выпадковая. Прынцыпова важным з’яўляецца тое, што беларуская літаратура, якая толькі пачынала развівацца па-сапраўднаму, была на ўзроўні ідэйна-эстэтычных, філасофскіх пошукаў сусветнай.

Вайна як з’ява надгістарычнага характару робіцца аб’ектам асэнсавання і экспрэсіянісцкай літаратуры. У кожнай міфалагічнай сістэме вялікая ўвага надаецца касмагоніі і эсхаталогіі, нараджэнню і смерці, стваральнаму і разбуральнаму. У тэматыцы экспрэсіянізму выключнае значэнне маюць апакаліптычныя матывы, аўтары прапануюць уласную літаратурную эсхаталогію. Варта ўспомніць “Газ” Георга Кайзэра, “Канец свету” Якаба ван Ходзіса, “Umbra vitae” Георга Гайма, графічныя гратэскі Георга Гроса і Ота Дзікса. Тракль, у мастацкай прасторы якога адметную ролю маюць вобразы тлену і заняпаду, не стаў выключэннем. Вайна як адзін з найбольш трывожных сімптомаў “змяркання” чалавецтва знайшла адлюстраванне ў апошнім яго вершы “Гродэк” – адным з найбольш вядомых мадэрнісцкіх твораў ваеннай тэматыкі. Гэта і трагічная споведзь, і мастацкае абагульненне, якое набывае сімвалічнае гучанне.

Тэматыка твора пераклікаецца з “Вайной” Георга Гайма, у якога гістарычная падзея персаніфікуецца, робіцца галоўнай дзейнай асобай. Яна знішчае, паглынае безліч жыццяў і спраўляе баль на папялішчы людскіх лёсаў. Вобраз набывае падабенства міфалагічнай істоты, бога помсты і разбурэння, на фоне якога чалавек настолькі хісткі і мізэрны, што яго ўжо немагчыма вылучыць сярод масы загінулых. Падобная змрочная істота прысутнічала ў вершах “Бог гораду” і “Дэманы гарадоў”. Але калі Гайм апісвае апагей знішчэння, полымя пажару, то траклеўскі верш – сумная замалёўка ночы пасля бою. Гэта нібы рэквіем па загінулых, які фактычна стаў пахавальным спевам і для самога аўтара. У Тракля таксама ёсць вобраз гнеўнага бога, які сузірае змрочнае жніво смерці. Тут прасочваецца выразная паралель з германа-скандынаўскай міфалогіяй: узгадваецца валадар Вальхалы, правадыр асаў Одын, бог вайны і перамогі. А “цень сястры”, якая блукае ў пошуках душаў памерлых герояў, нагадвае паданні пра валькірый, якія забіраюць найлепшых ваяроў у апошняе прыстанішча – Вальхалу. Вобраз ахвярнага алтара – таксама з шэрагу міфалагічных, бо спрадвеку чалавецтва прыносіла ахвяры, каб злітасцівіць усёмагутных багоў.

Бітва пад Гродэкам адбылася ў верасні 1914 году. У творы Тракля гэтая акалічнасць набывае сімвалічнае гучанне, паколькі восень традыцыйна ўспрымаецца як час заняпаду, скону. Пейзажная замалёўка ў вершы мае дваісты характар. Залаціста-блакітныя адценні раўнін і азёр падкрэсліваюць надзвычайную прыгажосць мясціны. З другога боку, залатая восень ператвараецца ў скрушны лістапад чалавечых жыццяў. У адрозненне ад іншых паэтаў, якія для дасягнення шокавага эфекту нярэдка звярталіся да натуралістычных дэталяў, грубых празаізмаў і антываенных інвектываў, Тракль амаль не засяроджваецца на апісанні жахлівых падрабязнасцяў. Як заўсёды, ён апелюе да зроку чытача, карыстаецца сваёй любімай колеравай метафарай. У сукупнасці з алітэрацыяй яна стварае шчымлівую, трагічную карціну. Асабліва вылучаецца фраза “Unter goldnem Gezweig der Nacht und Sternen // Es schwankt der Schwester Schatten durch den schweigenden Hain, // Zu grüßen die Geister der Helden” (“Пад залатымі шатамі ночы і зорак хісткі цень сястры блукае па маўклівым гаі, каб прывітаць душы герояў”). Тут пераважае гук “ш”, які дапамагае акцэнтаваць бясплотнасць ценю сястры, перадае гукі начнога ветру і далёкі шум азёрных хваляў. “Сваёй гукавой сімволікай, якую ён у значнай ступені пераняў ад Рэмбо, Тракль узмацняе значэнне слова, а на антытэзе светлага і цёмнага выбудоўвае свае вобразныя сусветы і антысусветы” [1, с. 347], – так характарызуе асаблівасці стылёвай манеры Тракля даследчыца Наталля Пестава. Сапраўды, у вершы відавочны кантраст залатых і чорных, бліскучых і змрочных адценняў.

Спалучэнне святла і цемры ў траклеўскім універсуме – гэта не толькі прыкмета стылю. Паэзія Тракля – патаемны, загадкавы свет, пад зорным небам якога зачараваны вандроўнік глыбока адчувае скруху спустошанасці і асалоду кахання, смяротнасць плоці і ўваскрэсенне душы, самотнасць адзіноты і еднасць супольнага шляху праз стагоддзі.

© Наталля Ламека, 2009.


1. Пестова, Н.В. Лирика немецкого экспрессионизма: профили чужести / Н.В. Пестова. – Екатеринбург: изд-во Урал. гос. пед. ин-та, 2002. – 463 с.

 

2. Ришар, Л. Энциклопедия экспрессионизма: Живопись и графика. Скульптура. Архитектура. Литература. Драматургия. Театр. Кино. Музыка / Л. Ришар; науч. ред. и авт. послесл. В.М. Толмачёв. – М.: Республика, 2003. – 432 с.

 

3. Menschheitsdämmerung. Ein Dokument des Expressionismus / hrsg. von K. Pinthus. – Berlin: Ernst Rowolt Verlag, 1993. – 384 S.

 

4. Rölleke, H. Zivilizationskritik im Werk Trakls / H. Rölleke // Text + Kritik. – 1985. – Heft 4/4a (Mai). – S. 67 – 78.

 

5. Trakl, G. Das dichterische Werk / G. Trakl. – München: Deutscher Taschenbuch Verlag, 1995. – 333 S.

Lameka, Natallia.pdf  Lameka, Natallia.doc

Чытайце таксама

Год 2011: Хто, што, з якой мовы

Год 2011: Хто, што, з якой мовы

У 2011 годзе выданне перакладных кніг у параўнанні з папярэднімі трошкі ажывілася. Кнігі, так ці іначай звязаныя з перакладам (як на беларускую, так і з беларускай), выйшлі ў многіх выдавецтвах: у “Логвінаве”,…

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Антон Францішак Брыль

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць

Уладзімір Сіўчыкаў

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць

Першыя тры гады я правучыўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце і не скажу, што чытанне тым часам заўсёды прыносіла асалоду. Нават у трэцякласніка па сьпіне часам прабягаў халадок перад здачаю чарговае кнігі…

«Кніга года-2008» Прэміі Коста

«Кніга года-2008» Прэміі Коста

«Кнігай года-2008» паводле версіі журы брытанскай Прэміі Коста (Costa Book of the Year) стала «Таемнае пісьмо» (The Secret Scripture) 53-гадовага ірландскага пісьменніка Себасцьяна Бары (Sebastian Barry),…

1685