№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Водгук на “Паміж” вучаніцы 8 класа…

7 снежня 2009

Водгук на “Паміж” вучаніцы 8 класа…


23 лістапада

Дамашняя работа.

Сачыненне.

Некаторыя могуць падумаць (а нехта ўжо нават паспеў падумаць), што “Паміж” – гэта падручнік для дзяцей. Аднак насамрэч гэта падручнік па дзецязнаўстве: мабыць, толькі пераклад з “Акадэміі доктара Клякса” Яна Бжэхвы, зроблены Аленай Пятровіч (вельмі знакамітай перакладчыцай, якая паспела ўжо надрукавацца з раманам Капусціньскага, а яшчэ яна рабіла ў нашым класе апытанку для магістарскай дысертацыі), можна дазволіць прачытаць хлопчыку ці дзяўчынцы, малодшым за 8 клас. А можа, нават за 11 клас. Я там яшчэ не вучылася, таму дакладна сказаць не магу. Але напэўна ведаю: даваць “Паміж” сёмаму класу (і асабліва 7 “Б”) няма ніякага сэнсу.

Любы падручнік пачынаецца артыкуламі агульнага характару, і “Паміж” зусім не выключэнне. І ў пачатку, і ў канцы змешчаныя творы Паўла Анціпава, якія ўводзяць навучэнца ў курс справы: чым усё пачынаецца і чым мусіць скончыцца. Ab ovo, так бы мовіць, як казала нашая настаўніца па гісторыі, і дадавала: usque ad mala, што значыць, ад яйка да яблыкаў. Пра яблыкі я ў апавяданнях Паўла Анціпава, праўда, нічога не знайшла, але затое там ёсць пра 11 клас. Дзе я, як ужо казалася вышэй, пакуль не вучылася.

З прычыны, што падручнік атрымаўся досыць вялікі, я зараз каротка раскажу пра самыя любімыя мае раздзелы – бо дзве пяцёркі мне ўсё адно не паставяць, а на адну і гэтага хопіць. Перш за ўсё хачу сказаць, што найцікавей мне было чытаць апавяданне Рэя Брэдбэры ў перакладзе Паліны Маслянковай. Мабыць, уся справа ў тым, што Брэдбэры – харошы пісьменнік (здаецца, так думаю не толькі я, але і мільёны аматараў яго творчасці па ўсім зямным шары), і яшчэ ў тым, што апавяданне вельмі добра перакладзенае. Узнікае заканамернае пытанне: чаму Паліна ў сваім ЖЖ піша, што яна не перакладчыца? Вельмі нават цудоўная перакладчыца. Засталося толькі здабыць аўтарскія правы на выданне асобнай кнігі Брэдбэры. На жаль, Паліна даўно ўжо скончыла школу (ходзяць чуткі, што нават і універсітэт), а таму сказаць ёй усё гэта я, седзячы ў сваім 8-м, пакуль не магу.

Яшчэ адзін мой любімы раздзел з падручніка – гэта ўрывак з Яна Бжэхвы, які, аднак, мае істотны недахоп: ён занадта малы. А таму хочацца спадзявацца, што складальнікі падручніка для 9 класа паклапоцяцца выправіць гэты недахоп. Можа, варта падумаць пра нейкі асобны дапаможнік? А то ж нельга пакідаць дзяцей у няведанні адносна таго, што здарылася далей з Адамам Нязгодкам, доктарам Кляксам і іншымі абаяльнымі героямі Яна Бжэхвы.

Вельмі цікавымі падаліся таксама раздзелы, прысвечаныя Джойс Кэрал Оўтс і Алешандры Радрыгешу, бо гэта заўсёды карысна – пашыраць далягляды школьніка і расказваць пра новыя культуры, амаль яму незнаёмыя. Вялікі дзякуй перакладчыцам Юлі Цімафеевай і Насце Гвоздзевай (праўда, з гэтымі імёнамі я ўжо пазнаёмілася, гартаючы старонкі часопіса “ПрайдзіСвет”, а таму маю да іх адмысловую прыхільнасць).

Парадаваў падручнік і новымі паэтычнымі жанрамі, красамоўна названымі “стыхі” (Уладзь Лянкевіч) і “верж” (Ігар Кулікоў). Спадзяюся, настаўніца па беларускай мове і літаратуры прыме іх да ўвагі і ўлучыць гэтыя жанры ў нашу праграму. Хаця б у выглядзе пазакласнага чытання. Затое Віталь Рыжкоў, не адступаючы ад традыцыі, піша стопрацэнтныя вершы (можа, таксама папрасіць іх для пазакласнага чытання?).

Многія апавяданні ў падручніку расказваюць пра універсітэцкае жыццё (напрыклад, апавяданні Кірыла Дубоўскага ці Ані Міхальчук). Мне нават захацелася хутчэй скончыць школу, паступіць куды-небудзь, каб са мной таксама здараліся такія рэчы – напрыклад, каб з неба падалі зайцы. Мабыць, трэба ісці вучыцца на філфак. А вось апавяданне Наталкі Харытанюк падаецца вельмі складаным для разумення і насычаным – так і бачыш, як з гэтага апавядання вырастае цэлы раман. Не меншы за “Гульню ў класікі”. А можа, нават і большы.

А яшчэ ў гэтым падручніку вельмі прыемна чытаюцца правілы. Праўда, многія з іх падаюцца вельмі спрэчнымі. Тым не менш, заўсёды цікава пачытаць, што разумныя людзі думаюць пра тое, пра сёе.

Мушу прызнацца, не ўсё ў падручніку падалося мне зразумелым. У найбольшай ступені гэта датычыць эсэ Галляша Дзянісава і Вольгі Давыдзік. Мабыць, у 11 класе трэба перачытаць. А раптам зразумею.

Такім чынам, прыкладна палову падручніка я тут прааналізавала. Астатняе прапаную закрануць у экзаменацыйных пытаннях, каб вучні нічога не прапусцілі і з увагай паставіліся да кожнай старонкі. Асабліва да тых, дзе змешчаныя ілюстрацыі Андрэя Пакроўскага.

Чытайце таксама

Кітай - Штогадовая прэмія за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя

Кітай - Штогадовая прэмія за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя

Аўстралійскі пісьменнік Алекс Мілер (Alex Miller) атрымаў Штогадовую прэмію за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя (The Annual Foreign Novels 21st Century Awards) – прэстыжную літаратурную прэмію Кітая…

З усёй адкрытасцю

Чарлз Букоўскі

З усёй адкрытасцю

Для журналістаў Чарлз Букоўскі – тое самае, што снежны чалавек для даследчыкаў Гімалаяў. Знайсці яго цяжка, але калі ўжо знойдзеш, то сцеражыся. Некаторыя сцвярджаюць, што Чарлза Букоўскі наогул не існуе...

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

Ева Лявонава

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

З ласкавага дазволу аўтара мы змяшчаем тут поўную электронную версію кнігі: Лявонава Е. А. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта...

Літаратурная прэмія Паўночнай рады

Літаратурная прэмія Паўночнай рады

45-гадовая дацкая пісьменніца Ная Марые Айт (Naja Marie Aidt) атрымала прэстыжную літаратурную прэмію Паўночнай рады за зборнік апавяданняў «Павіян» (Bavian)...

702