№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ірына Шаблоўская

Успрыняцце амерыканскай літаратуры ў беларускім асяроддзі

11 снежня 2009

Успрыняцце амерыканскай літаратуры ў беларускім асяроддзі


Артыкулы змешчаныя на сайце з ласкавага дазволу спадкаемцаў І. Шаблоўскай. Саму кнігу “Сусветная літаратура ў беларускай прасторы” можна набыць у кніжных крамах.

Успрыняцце адной нацыянальнай літаратуры ў асяроддзі другой культуры мае розныя праявы, часткова ці цалкам супадае з узаемадзеяннем, сувязямі, рэцэпцыяй, дачыняецца да тыпалогіі сусветнай літаратуры, складае частку кампаратывістыкі як галіны літаратуразнаўства і сведчыць пра сталасць культурнай самасвядомасці нацыі. Успрыняцце – нібы другі бок прысутнасці літаратуры ў шырокім свеце. Вядома, што развітыя літаратуры маюць больш насычанае поле сусветнай літаратуры ў сваёй культурнай прасторы. Адначасна і іх больш ведаюць у свеце.

Рэцэпцыя іншых літаратур, як ні парадаксальна, патрэбная самой нацыянальнай культуры. Гэта добра ўсведамляў Уладзімір Караткевіч: “Не можа паўнакроўна жыць літаратура без Шэкспіра, Дантэ, Гётэ, якія гучаць на яе мове”. Напісаў ён гэтыя словы, аналізуючы “Фаўста” ў перакладзе В. Сёмухі. Выдатны майстра беларускай літаратуры, Уладзімір Караткевіч нават у назвах артыкулаў, прысвечаных перакладам, акцэнтуе аспект успрыняцця: “I наш “Фауст”, “...Будзеш свой сярод чужых” (пра пераклады Байрана). У іх адбіваецца радасць таго, што і беларуская культура ўспрымае духоўнае багацце, назапашанае чалавецтвам, што яна “з часоў Вялікага Максіма” пазбаўляецца нарэшце лакальнасці, пачынае гаварыць не толькі пра сябе.

Успрыняцце амерыканскай літаратуры ў беларускім асяроддзі мае розныя праявы: на ўзроўні ведання імёнаў пісьменнікаў і твораў у шырокіх колах насельніцтва; на ўзроўні “цытацыі” і прысутнасці ў творах сваіх пісьменнікаў, так бы мовіць, у роднай літаратуры і шырэй – мастацтве; у даследаваннях філолагаў-амерыканістаў; прысутнасць амерыканскай літаратуры ў працэсе адукацыі. Вельмі цесна злучаныя ўсе гэтыя праявы з перакладам мастацкіх твораў на родную мову. Пераклад – той самы чараўнік, што робіць далёкае блізкім, чужое сваім; залатая брама ў іншыя светы, сусвет прыгожага пісьменства. Неабходнасць перакладу становіцца адчувальнай на адпаведным этапе развіцця нацыянальнай літаратуры, на шляху сталасці.

Паспрабую асэнсаваць, як увайшла літаратура ЗША ў беларускую самасвядомасць праз пераклад. Амерыканскія пісьменнікі набываюць свой голас у Беларусі пачынаючы з 1920-х гг. – з такіх класікаў, як Генры Лангфэла і Уолт Уітмен у перакладзе Юркі Гаўрука. Заслугоўвае асаблівай увагі зборнік перакладаў Юркі Гаўрука “Кветкі з чужых палёў”, першы ў Беларусі наогул зборнік паэтычных перакладаў, які выйшаў у выдавецтве “Маладняк” у 1928 г. Вершы Г. Лангфэла (“Страла і песня”, “Мост”, “Досвіткі”, “Готарн”), Уолта Уітмена (“Капітан! Капітан!”) потым перадрукоўваліся ў выбраным Ю. Гаўрука “Агні ў прасторах” (1975). Вядома ж, як патрабавальны майстра ён зрабіў праўкі, удакладняючы асобныя словы, вобразы і змест. Далучыліся ў новым зборніку да старых перакладаў яшчэ два вершы Уітмена (“Прыходзьце, паэты” і “Я чую, спявае Амерыка”) і Лангфэла (“Сон раба”, “Псалом жыццю”). У 1926 г. былі надрукаваныя апавяданні Джэка Лондана ў перакладзе А. Мардвілкі (псеўд. А. Лясны, А. Вясковы). Ён пераклаў таксама чатыры раздзелы “Спеву пра Гаявата” Г. Лангфэла, “Песню пра вольны шлях” У. Уітмена.

Значнай падзеяй у беларускай перакладчыцкай справе можна лічыць пераклад паэмы Генры Лангфэла “Спеў пра Гаявата”, зроблены А. Куляшовым у 1969 г. “Перакладаючы гэты твор з англійскай мовы на беларускую, я імкнуўся, – пісаў А. Куляшоў, – у меру сваёй здольнасці, захаваць не толькі змест славутай эпапеі, але і яе форму, строгі рытм, паўторы, народны каларыт, багацце і дакладнасць вобразаў”. Пераклад А. Куляшова атрымаў станоўчы розгалас у крытыцы (Я. Семяжон, В. Небышынец, А. Шаўня).

У розныя гады ў розных перыядычных выданнях друкаваліся апавяданні Ш. Андэрсэна, Р. Брэдберы, Э. Колдуэла, Э. Хэмінгуэя, Р. Шэклі, М. Твэна. Зборнік апавяданняў апошняга ўбачыў свет у 1971 г. (“Утаймаванне веласіпеда”).

Хроніка перакладаў з амерыканскай літаратуры – выразнае сведчанне таго, як палітычныя працэсы (вынішчэнне “нацдэмаў” у трыццатыя, а потым – цкаванне касмапалітаў у пяцідзесятыя) замарудзілі важную для нацыянальнай культуры справу. Амаль на корані, напрыклад, была вынішчаная ініцыятыва, пачатая літаратурна-мастацкім часопісам “Узвышша” (1927 – 1931) – часопісам літаратуры, мастацтва і крытыкі, які шырока закранаў у першых нумарах пытанні развіцця літаратур замежных краін. Ён першы год стала змяшчаў пераклады мастацкіх твораў з розных моваў свету толькі з арыгіналаў, вёў рубрыку “Хроніка замежнага культурнага жыцця”. А. Барычэўскі ва ўступным слове да перакладу Ю. Дрэйзіна фрагмента з “Іліяды” (“Развітанне Гектара з Андрамахай”, № 3 за 1928 г.) заклікаў распачаць дыскусію па пытанні перакладаў найлепшых узораў сусветнай літаратуры на беларускую мову. Але дзейнасць крытыкаў і літаратуразнаўцаў, якія марылі пра ўзвышэнне літаратуры, яе элітарных магчымасцяў, дбалі пра перакладчыцкую справу, працавалі ў кірунку даследавання беларускай літаратуры ў параўнанні і сувязях з літаратурамі блізкага і далёкага замежжа, была спыненая надоўга.

У сувязі з лёсам “Узвышша” мэтазгодна разважаць пра прысутнасць замежнай літаратуры ў беларускім культурным кантэксце як праблему філасофскую. Прычыны яе заняпаду, як бачна, палягаюць найперш у палітыцы: яднанне з народамі СССР і ізаляцыя ад Захаду, наогул усяго астатняга свету. Перакладаў з моваў народаў СССР непараўнальна больш, чым з заходніх. Успрыняцце сусветнага праз мастацкую літаратуру на Беларусі досведу, відавочна, было дэфармаванае, і выправіць гэтую справу няпроста.

Працяг вялікай справы “Узвышша” ў нейкай ступені адбыўся ў “Даляглядах”, літаратурным штогодніку, які пачаў выходзіць з 1975 г. Замежная літаратура знайшла тут сваё месца. Зразумела, што ў большасці сваёй яна складалася спачатку з твораў так званых прагрэсіўных пісьменнікаў, у першую чаргу краінаў сацыялістычнай садружнасці, пераважна народаў СССР. З 1982 г., пасля з’яўлення “Братэрства”, “Далягляды” цалкам пераарыентаваліся на замежную літаратуру. На старонках штогодніка ўбачылі свет навелы Д. О’Хары, К. Макалерс, Э. С. Гарднера (пер. У. Шчаснага), Э. Бірса (пер. А. Кудраўцава), У. Сараяна (пер. I. Сляповіч), Р. Брэдберы (пер. М. Кандрусевіч), Ш. Андэрсэна (пер. М. Чыкалава), эсэ У. Фолкнера і Дж. Стэйнбека. Розныя перыядычныя выданні пазнаёмілі беларускага чытача з апавяданнямі Р. Брэдберы, К. Вонэгута, Г. Відала, А. Кларка, Э. Колдуэла, В. Баноскі ў перакладах А. Асташонка, С. Дорскага, Л. Чарнышовай. Вырасла новая кагорта перакладчыкаў, для якой “Далягляды” сталі пляцоўкай выпрабавання; з’явілася магчымасць друкаваць літаратуразнаўчыя артыкулы, прысвечаныя замежным літаратурам, весці бібліяграфічную рубрыку “Творы замежных пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову”, што не магло не спрыяць пашырэнню белару¬скай рэцэпцыі сусветнай літаратуры, узмацненню яе энергетычнага поля ў нацыянальнай культуры. Вялікі ўнёсак у беларускую рэцэпцыю зроблены выдавецкай серыяй “Скарбы сусветнай літаратуры”, у якой выдадзеныя “Гронкі гневу” Дж. Стэйнбека (пер. С. Дорскага) і “Па кім звоніць звон” Э. Хемінгуэя (пер. В. Небышынца). У апошнія гады пашырылася выданне дэтэктываў: у зборніку “Замежны дэтэктыў” надрукаваная аповесць Р. Стаўга “Крылаты рэвальвер” у перакладзе У. Шчаснага, у яго ж перакладах выдадзены зборнік “Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне”, куды ўвайшло апавяданне “Забойства на вуліцы Морг” Э. По. Апавяданні Р. Шэклі і А. Азімава выйшлі ў зборніку “Замежная фантастыка”. Серыйныя выданні твораў папулярных жанраў у перакладах на беларускуто мову, на маю думку, могуць спрыяць пашырэнню сферы ўжытку беларускай мовы.

Абагульняючы назіранні над беларускім перакладам амерыканскіх класікаў і сучаснай літаратуры, можна прыйсці да высновы, што яго станаўленне далёка наперадзе. Добра тут узяць за ўзор рускі досвед. У параўнанні з вялікай рускай амерыканістыкай, якой можна зайздросціць, больш выразна бачацца нашыя далягляды і перспектывы. На рускай мове ёсць шматтомныя зборы твораў М. Твэна, О’Генры, Т. Драйзера, Э. Хемінгуэя, Ф. С. Фіцджэральда, У. Фолкнера, С. Льюіса, Э. Сінклера, выбраныя Г. Мэлвіла, У. Уітмена, Б. Гарта, Н. Мэйлера, Ю. О’Ніла, Т. Уайлдэра... Дастаткова прыгадаць серыю “Бібліятэка літаратуры ЗША”, якая выходзіць у выдавецтве “Радуга” і ў якой пабачылі свет і Дос Пасас, і О’Хара, і Сэлінджэр, і Гарднер. У Беларусі, на вялікі жаль, наогул пакуль не выдадзены аніводны збор твораў, хаця б у двух тамах, якога-небудзь замежнага аўтара. Вядома ж, выключаючы літаратуру рускую. Не кажу ўжо пра “Библиотеку всемирной литературы”, якая трывала ўпісала ў рускую прастору амерыканскую класіку.

Па-другое, толькі ў апошнія гады знікае пераклад замежных твораў праз рускую мову, што мела месца і ў дачыненні да амерыканскіх аўтараў. Так, з рускай перакладаў Янка Маўр “Прыгоды Тома Соера” (1935), “Прыгоды Гекльберы Фіна” (1938) М. Твэна. З рускай перакладаліся і “Апошні з магіканаў” Ф. Купера (1940), “Белы ікол” Дж. Лондана (1932). На жаль, да гэтага часу яшчэ можна сустрэць і ў паважаных серыях пераклады замежных аўтараў з рускай мовы. Вядома, робіцца гэта па той прычыне, што беларуская вышэйшая школа дагэтуль не падрыхтавала аніводнага перакладчыка мастацкай літаратуры на родную мову.

Па-трэцяе, прыходзіць нарэшце ўсведамленне таго, што перакладаць трэба не толькі прагрэсіўных пісьменнікаў свету (дарэчы, у 1930-я гг. найбольш перакладаўся з замежнай літаратуры М. Голд, слабы пісьменнік, але актыўны ўдзельнік камуністычнага руху ЗША і прапагандыст пралетарскай літаратуры) і не толькі рэалістаў. Пераклад як сродак міжнацыянальных узаемінаў зможа выконваць камплементарную (дапаўняльную) функцыю толькі тады, калі ўвядзе ў кантэкст сваёй роднай культуры творы розных нацый, у тым ліку і самых далёкіх, і розных мастацкіх сістэм, кірункаў, школ – ад “чыстага мастацтва” да авангарду і постмадэрнізму, якімі б экзатычнымі яны ні здаваліся.

Унёс свой уклад у беларускую рэцэпцыю амерыканскай літаратуры і тэатр. Пытанне пра ўспрыняцце амерыканскай драматургіі праз пастаноўкі на беларускай сцэне пакуль чакае свайго даследчыка. Вядома, што ставіліся на Беларусі Т. Уільямс (“Арфей спускаецца ў пекла”, “Трамвай “Жаданне”, “Мілагучная птушка юнац-тва”), Ю. О’Ніл (“Любоў пад вязамі”, “Журба – лёс Электры”), Э. Олбі (“Не баюся Вірджыніі Вулф”, “Усе ў садзе”) і іншыя выбітныя драматургі XX ст., якія глыбока сягалі ў нетры чалавечай душы, выкарыстоўвалі досвед сусветнага мастацтва – ад А. Чэхава да “тэатра жорсткасці”, ад Талстога да тэатра абсурду. Яны прыўнеслі ў свядомасць беларускага гледача новыя сюжэтныя калізіі і канфлікты, экзістэнцыяльнае вымярэнне трагедыі чалавека XX ст., які апынуўся сам-насам са сваімі пачуццямі, адзінотай і страхам.

Небагатая пакуль што і беларуская амерыканістыка – галіна літаратуразнаўства, якая даследуе амерыканскую літаратуру. Трымаецца яна, як і перакладчыцкая справа, на энтузіязме адданых рупліўцаў. Сярод іх – пісьменнікі, славісты, беларусісты, выкладчыкі ВНУ, журналісты. Беларуская амерыканістыка прадстаўленая артыкуламі ў перыядычных выданнях, часам з нагоды юбілею буйнога пісьменніка (Дж. Лондана, Т. Драйзера, М. Твэна), выхаду яго твораў (артыкулы А. Станюты пра Фіцджэральда і Брэдберы, С. Шмыгавай пра Р. Мура), а таксама прадмовамі. Апошні жанр выконвае даволі значную ролю ва ўмовах, калі спецыяльныя даследаванні па той ці іншай галіне літаратуразнаўства незапатрабаваныя нацыянальнай культурай, калі адсутнічаюць спецыялізаваныя навуковыя часопісы па філалогіі. Звычайна прадмова падае агульныя гісторыка-біяграфічныя звесткі пра жыццё пісьменніка, больш ці менш шырока ўпісвае яго ў кантэкст нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Прыгадаем прадмовы дацэнта Белдзяржуніверсітэта Б. Міцкевіча да твораў О’Генры, М. Твэна, Г. Бічэр-Стоў, У. Фолкнера; Г. Шупенькі – да рамана “Гронкі гневу” Дж. Стэйнбека; В. Небышынца – да рамана “Па кім звоніць звон” Э. Хемінгуэя; У. Шчаснага – да аповесцяў К. Макалерс “Балада пра сумнае кафэ”.

Адметнае месца сярод прадмоваў займае натхнёнае слова пра Уолта Уітмена, якое суправаджае “Лісце травы”, вядомага перакладчыка і паэта Янкі Сіпакова. “Вершадуб з доўгай выспы” – гэтая назва адпавядае непаўторна ўзнёсламу і па-філасофску важкаму зместу прадмовы і паэзіі аднаго з самых складаных і самых простых паэтаў Амерыкі. Яго наватарства – не ў нейкай абстрактнай форме, не ў эксперыменце з прыёмамі, зазначае перакладчык, – “гэта хутчэй за ўсё проста свой голас, якога пакуль што яшчэ не было на зямлі”. I гэты голас – у натуральнасці і прастаце. Уітмен быў упэўнены, гаворыць далей прадмоўца, што “законы паэтыкі абавязкова павінны падпарадкоўвацца законам прыроды, дзе ўсё так суладна і прадумана”. Я. Сіпакоў зазначае суплёт паэтычных радкоў Уітмена і яго Асобы, душы паэта, цнатлівай, уражлівай, добрай: “Зірні, цела і душа, – гэта мая зямля, // Мой уласны Манхэтан са шпілямі...” Я. Сіпакоў захоплены хараством “вольнага ад умоўнасцяў і шчодрага, як сама прырода”, верша Уітмена, яго верай, што “лісцінка травы – такая ж важная, як і праца цяжкая зорак, // і мурашка не менш дасканалая, і пясчынка, і яечка крапіўніцы, // і што звычайная жаба – шэдэўр над усімі шэдэўрамі...” Уолт Уітмен – паэт Сусвету, амерыканец, нарэшце, праз цэлае стагоддзе з лішкам, змог звярнуцца і да беларуса: “Чалавеча зусім незнаёмы, калі ты, сустрэўшыся, // пажадаеш загаварыць са мною, то чаму б табе і не загаварыць са мною? // Чаму б і мне не пагутарыць з табой?” I адбылося гэтае знаёмства, а, можа, пачатак дыялога, дзякуючы працы перакладчыка, які “разгінаў пруткія, непаслухмяныя, як маткі сталёвага дроту”, верлібры з Уітменавай кнігі, не разумеючы, “як гэта беларуская літаратура магла дасюль абыходзіцца без паэтавай мудрай і зычлівай споведзі”.

Тое ж пісаў пра Уолта Уітмена Юрка Гаўрук у артыкуле “Улюблёны ў жыццё” ў 1969 г., які сведчыць, што выбар яго вершаў у далекай маладосці не быў выпадковы для беларускага перакладчыка. Увага да стылю, лабараторыі майстра – адметная рыса крытыкі, якую ствараюць перакладчыкі і паэты. “Ён адмовіўся ад класічных строф, – пісаў Юрка Гаўрук, – аблітых плынню рыфмы, і ад традыцыйных памераў, увёў у паэзію так званы “верлібр” (свабодны верш), даўжыня радкоў якога вызначаецца інтанацыйна-сэнсавым адзінствам. Яго паэзія можа падацца празаічнай. Думкі і вобразы тоўпяцца, цесняць адзін аднаго. Вершы цяжкія, каструбаватыя, як бы складзеныя з асобных слоўных глыбаў. Нагрувашчванне фактаў, бясконцыя паўторы часам ствараюць уражанне неабавязковасці, ужывання праз меру”.

Прадмовы, пасляслоўі, артыкулы, хай сабе прафесійныя і змястоўныя, натуральна, не могуць кампенсаваць адсутнасць манаграфіяў, акадэмічных працаў па амерыканістыцы, дзе была б зафіксаваная адметнасць беларускага нацыянальнага прачытання твораў пісьменнікаў ЗША. Па гэтай прычыне істотныя ўсе ініцыятывы.

Тыпалагічны падыход да вывучэння амерыканскай і беларускай літаратураў апошнім часам прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Блізкасць светаадчування амерыканца, земляроба і фермера, і беларуса, які пераважна апрацоўвае зямлю, патрыярхальнасць натуральнага існавання, індзейскі фальклор (паганскія міфы) – усё гэта багаты матэрыял для параўнання. Крытык В. Нікіфаровіч, робячы аналіз беларускага перакладу Лангфэла, адзначыў: “Беларускаму чытачу “Песні аб Гаяваце” вельмі блізкія пачуцці тых людзей, якія дзейнічаюць у паэме, з іх еднасцю з навакольным светам, з іх высакароднасцю і любоўю да ўсяго жывога, з іх натуральнымі адносінамі да звычайнай працы. Многія радкі паэмы гучаць і сёння надзвычай актуальна, напрыклад, наступны ўрывак з маналога Гаяваты: “Там свайго народу рэшткі // Бачыў я, што варты жалю, // Як сухое лісце ўвосень, // Бурай гнанае на Захад”.

Згадкі пра падабенства прозы I. Пташнікава і У. Фолкнера выказаў С. Андраюк; уплыў аповесці Э. По “Залаты жук” на раман “Чорны замак Альшанскі” У. Караткевіча адзначаў А. Верабей.

Перспектыўным можна лічыць тыпалагічны кірунак беларуска-амерыканскіх узаемаадносінаў, параўнальнае вывучэнне твораў нацыянальнай класікі, паэтыкі і спецыфікі функцыянавання асобных жанраў. Вось, дарэчы, супастаўленне мастацкага свету Уільяма Фолкнера і Якуба Коласа, такіх розных пісьменнікаў, раптам штурхае да высновы пра дзіўнае падабенства той жа Ёкнапатафы, Поўдня Амерыкі, і Палесся як адасобленых ад цывілізацыі рэгіёнаў са сваімі героямі і паданнямі, духоўным Космасам і культам прыроды, сваімі “тутэйшымі” і ў той жа час агульначалавечымі праблемамі.

Паспрабую вызначыць абрыс, ці, так бы мовіць, імідж амерыканскай літаратуры ў беларускім асяроддзі. У яго аснове, безумоўна, адлюстраванне найперш праграм па літаратуры – школьнай і ВНУ, куды ўваходзяць М. Твэн, Г. Бічэр-Стоў, Дж. Лондан, Э. Хемінгуэй і, зразумела, Т. Драйзер. “Стары і мора” і “Амерыканская трагедыя” вядомыя амаль кожнаму. У апошнія гады сюды далучылася амерыканская фантастыка, прыгодніцкая, дэтэктыўная літаратура і, зразумела, М. Мітчэл з раманам “Панесеныя ветрам”.

Рэцыпіенты могуць назваць I. Стоўна, аўтара перавыдадзенага ў Беларусі рускага перакладу рамана “Марак у сядле” пра жыццё Дж. Лондана. Можна пачуць і яшчэ колькі імёнаў і твораў у залежнасці ад узросту і прафесійнай скіраванасці аўдыторыі рэцыпіентаў. Але галоўны абрыс яны не мяняюць. Відавочная залежнасць паміж адукацыйнымі праграмамі і ведамі народа, нацыі, яе інтэлігенцыі.

Беларускі стэрэатып Амерыкі досыць стандартны і трывала замацаваўся ў вобразе краіны кантрастаў, белых і чорных, багатых – жабракоў. У нейкім сэнсе ён быў агульнасавецкі і альтэрнатыўны рэчаіснасці ў краіне рэвалюцыі. Вытокі гэтага стэрэатыпа, відаць, трэба шукаць у паэзіі У. Маякоўскага, эпосе жалезнай заслоны. Міф пра Амерыку – зямлю абяцаную – складваўся ўжо ў канцы XIX – пачатку XX ст. Побач ішло асэнсаванне Амерыканскай Мары, якая абарочваецца Амерыканскай Трагедыяй.

У беларускай літаратуры было сваё ўспрыняцце Амерыкі. Адным з першых закрануў гэтую тэму М. Гарэцкі ў апавяданні “Амерыканец” (упершыню надрукаванае ў газеце “Вольная Беларусь” у 1917 г.), па-свойму спачуваючы эмігрантам, якія сумуюць па Радзіме. Заможны фермер штата Гільлінойс, Максім Балазевіч, хоць і жыве ў Амерыцы ўжо дваццаты год і жонку ладную, і дзетак мае, і багацце прыдбаў, але ж пакутуе ад таго, што нічога не робіць для лепшай долі сваёй Бацькаўшчыны. Вось як супакойвае Максіма жонка, якая хоць і немка, але мову беларускую дзецям перадае і таксама жадае вярнуцца ў край сваёй маладосці: “Паедзем у Міншчыну, заарэндуем фальварачак. Лёву і Галю будзем вучыць. Будзем працаваць. Ты наўчыш хлопцаў лепей гаспадарыць і насіць піджакі і галстухі па-амерыканску, я наўчу дзяўчынак шыць плацці на еўрапейскі лад і стужкі ўплятаць у валасы прыгожымі бантамі. Па святых днях будзем хадзіць у царкву, потым пойдзем туды, дзе скокі, музыка, бяседа... Пабудуем каменную хату і млын з паравічком. Будзем жыць”. Сёння, калі мы ведаем пра трагічны лёс беларускіх сялян у трыццатыя гады, жахліва чытаць гэтыя натуральныя чалавечыя словы.

Сярод першых празаічных кніжак, дзе закранаецца тэма амерыканскіх сваякоў, беларусаў, што паехалі за акіян, ад якіх прыходзяць лісты, пасылкі, – раман Ядвігіна Ш. (А. Лявіцкага) “Золата”. Ён не дайшоў да нас цалкам, друкаваўся толькі ў газеце “Беларусь” у 1920 г.

Цікава распрацаваная амерыканская экзотыка ў творах Янкі Маўра – фантастычнай аповесці “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” і інш. Як зазначае даследчыца яго творчасці М. Яфімава, пісьменнік улічваў досвед вядомых майстроў прыгодніцкага жанру – Майна Рыда, Фенімора Купера. Сёння наспела неабходнасць тыпалагічнага асэнсавання спадчыны беларускага дзіцячага пісьменніка ў кантэксце амерыканскай рамантычна-прыгодніцкай традыцыі. Прысутнічае амерыканская тэма і ў навукова-фантастычным рамане М. Гамолкі “Шосты акіян”, апавяданнях М. Лынькова.

Шырока ўваходзіць Амерыка ў нашую літаратуру ў пасляваенныя гады, калі ў ААН пачалі ездзіць пісьменнікі. У паэзіі, прозе, публіцыстыцы, замалёўках і дзённіках М. Танка, П. Броўкі, П. Пестрака, М. Лужаніна, М. Лынькова, А. Вярцінскага, Я. Янішчыц, Р. Барадуліна амерыканскія ўражанні, разважанні пра розныя светы і палітычныя сістэмы занялі важкае месца, і, на маю думку, гэтая цікавая тэма знойдзе філасофскае і псіхалагічнае асэнсаванне ў беларускім літаратуразнаўстве. Асэнсаванне стэрэатыпнасці ўспрыняцця і ў той жа час беларускай спецыфікі, што прысутнічае ў творах розных жанраў, аўтараў розных пакаленняў, у тым ліку эмігрантаў, беларусаў, для якіх Амерыка стала другой Бацькаўшчынай.

Сёння ў Беларусі пашыраецца ўвага да замежнай літаратуры. У ёй перастаюць бачыць толькі ўвасабленне варожага, чужога, буржуазнага. Абмежаванасць саступае месца цікаўнасці да сусветнай эстэтычнай думкі, формаў і вобразаў, як яны рэалізаваліся ў мастацкай практыцы, багатай і разнастайнай. Пашыраецца кола выданняў, якія аддаюць свае старонкі літаратуры сусветнай. (сярод іх – адноўленая “Наша Ніва”, што змяшчала творы Борхеса, газета “Культура”, якая знаёміла з Т. Уільямсам, сталая рубрыка “Шэдэўры сусветнай паэзіі па-беларуску”, якую на прафесійным узроўні вядзе ў газеце “Наша слова” Л. Баршчэўскі.

Усё больш замацоўваецца ў свядомасці шырокіх колаў чытачоў старая ісціна, добра выказаная Я. Сіпаковым: “Якая б ні была моцная і развітая літаратура, яна ўсё роўна па часе пачне марнець без перакладаў. Каб быць жывой, перспектыўнай і годнай, любая літаратура абавязкова павінна мець прыток свежай, новай крыві, без якой яна не можа паўнацэнна і, як гэта ні парадаксальна, самастойна існаваць, бо самастойнасць – таксама і ў прыдбаных, перакладзеных, прысвоеных творах. Тое, што ўжо створана ў свеце прыгожым пісьменствам, – і яе набытак, як і набытак кожнай краіны і кожнага народа, што паважаюць сябе. Хоць нейкая літаратура, да прыкладу, яшчэ не мае на сваёй мове ўсіх сусветных шэдэўраў, але яна помніць пра іх і чакае іх – у ёй, як у перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева, для гэтых твораў нават пакінуты незапоўненыя ячэйкі”. У чаканні сусветных шэдэўраў знаходзіцца беларуская культура, пачэсная місія якой – успрыняць мастацкі досвед стагоддзяў праз пераклады, сцэнічнае ўвасабленне, навуковае асэнсаванне і адукацыю.

 

1995

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Галоўную літаратурную прэмію Германіі (Deutschen Buchpreis) за найлепшы твор на нямецкай мове атрымаў аўтар раману «Вежа» (Der Turm) Увэ Тэлькамп (Uwe Tellkamp)...

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Не так часта ў беларускіх СМІ мы можам пачуць галасы беларускіх пісьменніц, якія б расказвалі не пра сваю творчасць ці грамадзянскую пазіцыю, а пра нешта асабістае, пра тое, што сфармавала іх асобу або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

1814