№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тадэвуш Ружэвіч па-беларуску

23 кастрычніка 2012

Тадэвуш Ружэвіч па-беларуску
Неўзабаве зборнік з'явіцца ў кнігарні, мяркуецца таксама правесці прэзентацыю. А пакуль кніга не дабралася да чытача, з ласкавай згоды перакладчыцы прапануем вашай увазе прадмову да гэтага выдання.

Ацалелы: Тадэвуш Ружэвіч


Ён стары, ён нават вельмі стары чалавек. І ніякая кніга не дасць вам таго, што на ўласныя вочы бачыў ён…

Яго ахрысцілі ў гонар Касцюшкі. Януш любіў Касцюшку. Старэйшы брат, які аднойчы стаў маладзейшым на жыццё. Вялікі суразмоўца, чыё імя развеяў вецер. Родны. Мёртвы.

Тадэвуш Ружэвіч — прадстаўнік пакалення “спраўджанага апакаліпсісу”. Пакалення падманутых, чыё юнацтва захлынулася ў моры слёз і крыві. Пакалення пасланых на бойню — ахвяраў і катаў адначасова. Пакалення ацалелых, што выжылі, загледзеўшыся ў вачніцы вайны. Новага страчанага пакалення, абцяжаранага невылечным комплексам віны перад ціхімі ўсмешкамі мёртвых, якія ніколі не даруюць: усё жыццё будуць прыходзіць ценямі ў снах, каб судзіць жывых. Бо ты — іх апошні прытулак, ты — іх вечнае жыццё.

Ён пакутліва перажывае сваю бяздомнасць, пакінутасць на папялішчы раскіданага гнязда, у свеце без. Без Бога, без веры, без надзеі. У свеце любові, якую перамагла смерць, дзе самотны, разгублены, расчараваны, чужы сабе і іншым чалавек апантана паўтарае сваё “не веру”: не веру ў ператварэнне вады ў віно, не веру ў грахоў дараванне, не веру ва ўваскрэсенне цела, не веру ў скрываўленага безабароннага бога, які не смяецца, ва ўсёмагутнага бога, што вісіць на сцяне нямоглы і кепска намаляваны і сплывае крывёй людзей, не ўласнай.

Тадэвуш Ружэвіч — прадстаўнік пакалення Калумбаў, якому пасля канца свету, пасля смерці давялося наноў аддзяляць святло ад цемры, называць прадметы і паняцці, будаваць сябе, жыццё, людзей, звяроў, краявіды.

Ён — чалавек, створаны паводле вобраза і падабенства бога, які сышоў, — наноў вучыцца бачыць, чуць і гаварыць, упарта, нібы першакласнік, паўтараючы “чалавека трэба любіць, жыццё чалавека важнае, жыццё чалавека мае вялікую вагу”.

Хворы на страхі жыцця, ён крычыць шэптам “я ёсць” і тут жа задаецца пытаннем “хто я?”. Праз паўстагоддзя сумненняў і пошукаў Тадэвуш Ружэвіч здолее адказаць: “Я прайшоў пехатою краіну паэзіі, бачыў яе вокам рыбы, крата, птушкі, дзіцяці, мужчыны і старога, таму так нялёгка вымавіць гэтыя два словы я паэт”.

Ён стварае антыпаэзію. Паэзія як мастацтва дзівосных параўнанняў і метафар, перыфраз і гіпербал засталася ў мінулым. Прыгожыя словы “чалавек і звер, любоў і нянавісць, вораг і сябра, цемра й святло” страцілі сэнс пасля Асвенціма.

У свеце, дзе перамагае Нішто, усюдыісны нябыт, паэзія становіцца барацьбой за дыханне і адначасова самазабойствам. Яна — адкрытая рана, апошняе кровапраліцце. Надта рацыяналістычная, аскетычная, канкрэтная, нават бедная для аматараў чыстай красы, паэзія Тадэвуша Ружэвіча “нічога не тлумачыць, нічога не даказвае, нічога не выракаецца, не ўяўляе сабой цэлага, не пакідае надзеі”.

Паэт — толькі блазан без караля, нямы і збянтэжаны сведка эпохі, які робіць злепак са свету, фіксуе штодзённасць, такім чынам баронячы сусвет ад знікнення.

За вонкавай прастатой вершаў Тадэвуша Ружэвіча заўсёды адкрываецца падводная плынь, размова пра сутнаснае, быццёвае.

Пра новага чалавека-пакутніка, які ўсведамляе сваю самоту.

Пра наймарнейшую марнасць чалавечых намаганняў спазнаць, патлумачыць, запоўніць сусвет, загаіць раны, уваскрэсіць мёртвых.

Пра жыццё — дасканалае кола, у якім усё паўтараецца: “кожны раз пад руінамі дамоў, бальніц, храмаў памірае чалавек і Бог, памірае чалавек і надзея, чалавек і любоў”. Пра жыццё — замкнёнае кола, дзе мінулае зноў пачынаецца. Крэйдавае кола, з якога ёсць толькі адно выйсце. Там мінулае ўрэшце скончыцца.

Марына Казлоўская

Чытайце таксама

911