№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аўтагенератарам тэкстаў мастацкая літаратура пакуль не па зубах

11 студзеня 2013

Аўтагенератарам тэкстаў мастацкая літаратура пакуль не па зубах
Спецыялісты, што ствараюць кампутарныя праграмы, даўно займаюцца распрацоўкай софту, які можа аўтаматычна генераваць розны тэкставы кантэнт. Напрыклад, вынайдзеная кампаніяй Narrative Science праграма не толькі дае рады складанню справаздач пра спартыўныя матчы і каментаванню іх у рэальным часе, але і піша эканамічныя агляды для часопіса Forbes. Сур'ёзная эканомія для выдаўцоў на ганарарах дапаўняецца адсутнасцю імавернасці трапіць пад рызыку “чалавечага фактару”.

Сур'ёзна захоплены распрацоўкай і ўдасканаленнем алгарытму аўтаматычнай генерацыі тэкстаў Філіп Паркер, прафесар эканомікі, выкладчык маркетынгу бізнэс-школы INSEAD. Ён ужо 10 гадоў займаецца сваёй запатэнтаванай праграмай, якая здольная напісаць кнігу за 20 хвілінаў і з поспехам гэта робіць: працы “аўтапісьменніка” прадаюцца на сайце Amazon, які цяпер прапануе больш за 100 тысяч кніг аўтарства Паркера: толькі тры з іх ён напісаў самастойна, астатняе — вынік працы праграмы. Гэта нон-фікшн творы па розных навуках і бізнэс-напрамках, створаныя ў выніку кампіляцыі тэкстаў з адкрытых крыніцаў. Мяркуючы па даволі высокай цане, гэтыя творы, імаверна, цікавыя прадстаўнікам вузкаспецыяльных прафесійных галін. Сярод кніг, створаных праграмай Паркера, — “Славацка-ангельскі слоўнік-тэзаўрус Вэбстэра”, “Агляд сусветнага рынку сядзенняў для ўнітазаў за 2007—2012 гг.”, “Сіндром Эліса — Ван Крэвелда. Бібліяграфія і слоўнік для дактароў, пацыентаў і даследчыкаў геному”.

Кнігі існуюць толькі ў электроннай версіі, аднак калі кліенту неабходны папяровы фаліянт, Паркер выкарыстоўвае сэрвіс друку па патрабаванні.

Акрамя таго, кампанія Паркера ICON Group International, Inc прадае на Amazon больш за 700 тысяч найменняў нон-фікшн літаратуры. Улічваючы, што выдаткі на стварэнне такіх працаў мінімальныя, нават невялікі попыт робіць гэтыя кнігі даволі прыбытковым бізнэсам.

Што да мастацкіх твораў, то тут поспехі кампутарных праграм пакуль неістотныя. Некалькі гадоў таму ў Расіі выдавецтва AСТ апублікавала кнігу “Сапраўднае каханне.wrt. Ідэальны раман” з пазнакай “Першая кніга, напісаная кампутарам”. Пра выданне гаварылася, што гэта раман у духу Муракамі з персанажамі з “Ганны Карэнінай”. Група праграмістаў стварыла кампутарную праграму PC Writer 1.0, што за тры дні напісала нешта падобнае да тэксту, якому спатрэбілася такая сур'ёзная літапрацоўка, што выдаўцы прызналі эксперымент няўдалым, адзначыўшы, што на яго аплату пайшла сума, у некалькі разоў большая за ганарар рэальнага аўтара.
паводле pro-books.ru

Чытайце таксама

294