№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У Мінску пройдзе вялікі фестываль перакладной літаратуры

26 лютага 2013

У Мінску пройдзе вялікі фестываль перакладной літаратуры
Імпрэзы, прысвечаныя літаратурам і філасофска-сацыялагічнай думцы краін Сярэдняй Еўропы, цягам месяца пройдуць у цэнтры Мінска ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасці, 37а). Цэлы сакавік у сумежнай з галерэяй кнігарні “логвінаЎ” будзе стаяць асобная палічка з перакладамі твораў чэшскіх, венгерскіх, славацкіх і польскіх пісьменнікаў, філосафаў і сацыёлагаў. Сучасныя і класічныя — падыходзьце і набывайце ці проста чытайце.

Ініцыятар праекта — “Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу”, што аб’ядноўвае пачаткоўцаў і прафесіяналаў у галіне перакладу тэкстаў з замежных моваў, а таксама даследуе і распрацоўвае беларускую гуманітарную навуковую тэрміналогію і прынцыпы транслітарацыі. Кнігі серыі “Сярэдняя Еўропа” — плён двухгадовай дзейнасці лабараторыі па перакладзе твораў сучасных чэшскіх, славацкіх, венгерскіх і польскіх аўтараў на беларускую мову. Суарганізатар — культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, ініцыятыва, якая паўстала ў сярэдзіне “нулявых” і з’яднала большасць актыўных прадстаўнікоў айчыннай культуры для пераадолення культурнай разрозненасці беларусаў. Кампанія фармуе моду на беларусацэнтрычны падыход ва ўсіх сектарах грамадства. Падтрымка кампаніяй такіх фестываляў — важны крок дзеля пашырэння еўрапейскага мыслення ў нашай краіне па-беларуску.

Як суарганізатар да праекта далучаецца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі, што спрыяе развіццю беларускай літаратуры і мовы. Саюз беларускіх пісьменнікаў створаны дзеля абароны творчых правоў, прафесійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, дзеля аховы творчай спадчыны. Геаграфічная і гістарычная блізкасць лёсаў дзяржаваў Сярэдняй Еўропы — Чэхіі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы — з Беларуссю відавочная. Многія развагі і высновы пісьменнікаў і мысляроў сярэднееўрапейскага рэгіёна цікавыя і актуальныя для нашай краіны.

Расклад імпрэзаў фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “ШЭНГЕНКА”

12 сакавіка (аўторак).

Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца літаратурная вечарына “Мультыкультурная віза”, прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры, у якой аўтары змаглі выйсці за вузкія межы нацыянальнага і ўзняліся да глабальнага сусветнага мыслення.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Петэр Надаш. Канец аднаго сямейнага рамана (раман);
• Рудольф Слобада. Розум (раман);
• Тадэвуш Ружэвіч. Без (выбраная паэзія);
• Анджэй Стасюк. На шляху ў Бабадаг (падарожная эсэістыка);
• Дамінік Татарка. Культура як стасункі (выбраныя эсэ).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі Алесь Карцель, Святлана Богуш, Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, а таксама славацкі паэт і выдавец Петэр Мілчак. Вядоўца імпрэзы — Андрэй Хадановіч. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.

15 сакавіка (пятніца).
Філасофская сустрэча “Наш вясёлы апакаліпсіс”. Філасофія для нас пачынаецца недзе ў Грэцыі і далей пасяляецца дзесьці ў Германіі і Францыі, але зусім не ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Кнігі серыі “Сярэднееўрапейскае мысленне” імкнуцца пераадолець гэты стэрэатып.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Лешак Калакоўскі. Наш вясёлы апакаліпсіс (зборнік эсэ);
• Іржы Пржыбань. Дысiдэнты права: пра “аксамітныя рэвалюцыі” 1989 года, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасці і сучасную версію грамадскае дамовы (манаграфія);
• Юзэф Тышнэр. Мысленне паводле каштоўнасцяў (манаграфія).

Чакаецца таксама прыезд і аўтограф-сесія аднаго з аўтараў — чэшска-брытанскага тэарэтыка права, філосафа, прафесара Іржы Пржыбаня. Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і філосафы Аляксей Ластоўскі, Таццяна Урублеўская, Павел Баркоўскі, Валянцін Акудовіч, Лілія Ільюшына. Вядоўца імпрэзы — Ігар Бабкоў. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.

20 сакавіка (серада).

Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”. Для Беларусі тэмы гістарычнага фармавання нацыі, адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра, вельмі блізкія і надзвычай цікавыя.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Iштван Бiбо. Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў (навукова-палемічная праца);
• Анджэй Валіцкі. Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм (зборнік навуковых артыкулаў).

Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант. Вядоўца імпрэзы — Аляксей Ластоўскі. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.

26 сакавіка (аўторак).

Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”. Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:

• Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);
• Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);
• Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);
• Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.

29 сакавіка (пятніца).

Мемуар-вечарынка. Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы будуць прэзентаваныя наступныя кнігі:

• Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;
• Ян Рознэр. Сем дзён да пахавання; • Імрэ Кертэс. Страчаны лёс;
• Шандар Марай. Споведзь мешчаніна.

Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўцы — Андрэй Хадановіч і Сяргей Сматрычэнка. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.

Чытайце таксама

339