№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Злачынства здзейсненае: Новы зборнік дэтэктыўнага апавядання

15 ліпеня 2013

Злачынства здзейсненае: Новы зборнік дэтэктыўнага апавядання

Зборнік часткова дублюе творы, змешчаныя ў дэтэктыўным нумары часопіса “ПрайдзіСвет” “Art detected” (27 сакавіка 2012), аднак уключае таксама новыя пераклады. Раней у серыі “PostScriptum” выйшаў зборнік выбраных твораў Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці” (“Кнігазбор”, 2011).

Кніга “Злачынства, сэр!” складаецца з дзвюх частак: першая, аднайменная, змяшчае класічныя і сучасныя дэтэктыўныя апавяданні, другая, пад назвай “Бясчынства, сэр!”, — пародыі на дэтэктыўны жанр. У дадатку прадстаўленыя два рэцэпты напісання добрых дэтэктыўных твораў. Прадмову да кнігі пад назвай “Пра бездакорнасць метаду” напісала Кацярына Маціеўская, укладальнік зборніка — Ганна Янкута.



Канцэпцыя зборніка “Злачынства, сэр!” грунтуецца на меркаванні, што дэтэктыўнае апавяданне — неабавязкова жанр масавай літаратуры. Для зборніка абіраліся творы, якія паказваюць дэтэктыў з розных бакоў, дэманструюць розныя эпохі і аўтарскія стылі і аб’ядноўваюцца нетрывіяльнасцю падыходу да прахаднога, здавалася б, жанру. У кнізе можна знайсці і так званы протадэтэктыў — апавяданне Э. Т. А. Гофмана “Мадэмуазель дэ Скюдэры” (пераклад Аляксея Жбанава), у якім толькі-толькі з’яўляюцца першыя прыкметы жанру, які неўзабаве зробіцца ці не самым папулярным, і два апавяданні аднаго з бацькаў дэтэктыву Эдгара По, і класічныя творы прадстаўнікоў жанру Г. К. Чэстэртана і Э. Куіна, і апавяданне вядомага (праўда, зусім не гісторыямі пра крадзяжы і забойствы) чэшскага празаіка Карэла Чапэка (пераклад Надзеі Кахновіч), і твор амерыканца Ф. Стоктана “Панна ці тыгр?” (пераклад Юлі Цімафеевай), якое ўваходзіць у самыя знакамітыя анталогіі амерыканскага апавядання, і ўзоры сучасных мадыфікацыяў жанру — творы В. Такарчук, Д. Клугера, М. Бліні.

Раздзел “Бясчынства, сэр!” змяшчае вядомыя класічныя пародыі на гісторыі пра Шэрлака Холмса, напісаныя Б. Гартам, Р. Стаўтам, Ж. Жыраду і А. Аверчанкам, а таксама вялікую аповесць славацкай пісьменніцы Даніэлы Капітанявай “Забойства ў Жлуктаве” (пераклад Сяргея Сматрычэнкі), у якой аўтарка прымушае самых знакамітых дэтэктываў усіх часоў і народаў (сярод якіх — не толькі згаданы ўжо Шэрлак Холмс, Эркюль Пуаро, міс Марпл, Нэра Вулф, камісар Мегрэ, але і герой новага часу камісар Каломба і нават агенты ФБР Малдэр і Скалі) расследаваць загадкавае забойства ў маленькім славацкім мястэчку Жлуктаў.

Вокладку для зборніка распрацавала дызайнер Марыя Мухіна. Кнігу ўжо можна набыць у шэрагу кнігарняў Мінска.

“Так, у нас тут, безумоўна, забіваюць. Ну, і крадуць усё, што кепска ляжыць альбо старанна ахоўваецца: дыяменты, лісты, партсігары, галёшы і грошы. А яшчэ ў нас смяюцца — бо, як гэта ні парадаксальна, нават забойства можа зрабіцца крыніцай добрага настрою. Прынамсі для чытача”.

ЗМЕСТ КНІГІ “ЗЛАЧЫНСТВА, СЭР!”

Кацярына Маціеўская. Пра бездакорнасць метаду

Злачынства, сэр!

Гілберт Кіт Чэстэртан
Лятучыя зоркі. Пераклаў Антон Францішак Брыль
Жалоба маркіза Марна. Пераклаў Павел Донаў

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
Мадэмуазэль дэ Скюдэры. Пераклаў Аляксей Жбанаў

Эдгар Алан По
Скрадзены ліст. Пераклала Ганна Янкута
“Ты — той чалавек!” Пераклала Кацярына Маціеўская

Фрэнк Р. Стоктан
Панна ці тыгр? Пераклала Юля Цімафеева

Элеры Куін
Вар’яцкае чаяванне. Пераклала Кацярына Маціеўская

Карэл Чапэк
Злачынства на пошце. Пераклала Надзея Кахновіч

Даніэль Клугер
Цана любові. Пераклаў Уладзь Лянкевіч

Вольга Такарчук
Прачынайся, ты забіты. Пераклала Ганна Пазюк

Маўрыцыё Бліні
Джулія. Пераклала Аксана Данільчык

Бясчынства, сэр!

Брэт Гарт
Скрадзены партсігар. Пераклала Ганна Янкута

Рэкс Стаўт
Ўотсан быў жанчынай? Пераклала Ганна Янкута

Даніэла Капітанява
Забойства ў Жлуктаве. Пераклаў Сяргей Сматрычэнка

Жан Жыраду
На валаску. Пераклала Кацярына Маціеўская

Аркадзь Аверчанка
Зніклы галёш Добльса. Пераклала Яніна Голуб

Дадатак

Стывен Ван Дайн
Дваццаць правілаў дэтэктыўшчыка. Пераклала Юля Цімафеева

Роналд Нокс
Дзесяць запаветаў дэтэктыўнай літаратуры. Пераклала Юля Цімафеева

КАМЕНТАР

Чытайце таксама

889