№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шорт-лісты і шортлістоўкі на прэзентацыі чацвертага "ПрайдзіСвета"

30 красавіка 2010

Шорт-лісты і шортлістоўкі на прэзентацыі чацвертага
Вядоўца прэзентацыі, перакладчыца, “душа і рухавік” часопіса “ПрадзіСвет” Юля Цімафеева сказала некалькі словаў пра часопіс і запрасіла выступіць рэдактара часопіса Кацярыну Маціеўскую, аднаго з аўтараў канцэпцыі новага нумару, што мае назву “Juvenes dum sumus”. “Прайдзісветы” прэзентуюць у нумары літаратуру маладосці – аўтараў, якія рана пайшлі з жыцця ці з літаратуры альбо напісалі значныя творы ў маладыя гады, – сабраўшы творы гэтых аўтараў у такі сабе “Гаўдэамус”. Кацярына прачытала пераклад верша фламандскага паэта Албрэхта Радэнбаха, а пасля, слушна разважыўшы, што творы з нумару чытачы могуць прачытаць і самі, пазнаёміла слухачоў з творамі паэтаў, што яшчэ нідзе не друкаваліся, – вершамі Оскара Ўайлда, Тэафіля Гацье, Жана Както, Багдана-Ігара Антоныча.



Затым надышоў час абвясціць шорт-ліст у намінацыі “Паэзія”, і аднаму з суддзяў прэміі, Барысу Пятровічу, уручылі маленькі канверт, у якім гэты самы шорт-ліст быў схаваны. Распакоўваючы канверт, Барыс Пятровіч выказаў пажаданне, каб “ПрайдзіСвет” не заставаўся ў сеціве самотным і каб да яго калі-небудзь (і пажадана як мага хутчэй) далучыўся часопіс, прысвечаны літаратурнай крытыцы. Вытрымаўшы паўзу, рэдактар часопіса “Дзеяслоў” урэшце задаволіў цікаўнасць прысутных і агучыў шорт-ліст. Праўда, інтрыга ўсё ж была захаваная: у шорт-лісце намінанты былі ў алфавітным парадку, а таму дакладна сказаць, хто атрымаў найбольш балаў і мае найбольш шансаў апынуцца пераможцам, пакуль не можа ніхто (безумоўна, за выключэннем камісіі, якая гэтая балы падлічвала і якая, несумненна, будзе “трымаць шляхетны язык на лейцах” яшчэ амаль месяц; зрэшты, сітуацыя з пераможцам цалкам можа памяняцца – бо наперадзе яшчэ фінальнае галасаванне суддзяў).



Паэзія:

    Лявон Баршчэўскі. Сафокл. Эдып-цар // Дзеяслоў-43, 2009.

    Антон Францішак Брыль. Бэўвульф. Першыя раздзелы паэмы // Дзеяслоў-38, 2009.

    Марына Казлоўская. Збігнеў Герберт. Вершы. // Герберт Збігнеў. Рэканструкцыя паэта. Т.1. Мiнск: Логвінаў, 2009.

    Якуб Лапатка. Калевала (выбраныя руны) // Дзеяслоў-40, 2009.

    Макс Шчур. Эдвард Лір. Лімерыкі. http://www.niamiesta.se Алеш М. Шванца. Менскія аркушы // ARCHE-6, 2009.



Пасля Барыса Пятровіча выступіў Лявон Баршчэўскі, што было цалкам заканамерна – менавіта ён ішоў першым у шорт-лісце па намінацыі “Паэзія”. Лявон Баршчэўскі, майстар новагу нумару (яго майстар-клас можна прачытаць у раздзеле “Dixi”), агучыў пераклады асобных твораў Наваліса. Дарэчы, прайдзісветам удалося злавіць знанага перакладчыка-паліглота на слове. Калі рэдактар часопіса са шкадаваннем зазначыла, што ў нумары адсутнічае румынскі вундэркінд В. Кырлова (які напісаў усяго пяць вершаў і запачаткаваў румынскі рамантызм), спадар Лявон сказаў, што наступным разам ён гатовы дапамагчы “ПрайдзіСвету” з такой рэдкай мовай, тым больш калі гаворка толькі пра пяць вершаў.



Наступным выступоўцам была Наталля Давыдоўская, фіналістка ПЭНаўскага конкурсу імя Карласа Шэрмана 2009 году і перакладчыца апавядання Вільгельма Гаўфа “Гісторыя пра адсечаную руку”. Прысутныя пачулі самы страшны ўрывак апавядання, чытаць які без трымцення проста немагчыма, – зрэшты, развязку вусцішнай гісторыі перакладчыца не агучыла, пакінуўшы слухачоў сам-насам з цікавасцю і мурашкамі на скуры.



Пасля Зміцер Колас, яшчэ адзін суддзя прэміі, абвясціў шорт-ліст у намінацыі “Проза”, папярэдне атрымаўшы такі самы маленькі інтрыгуючы канверт з такой самай колькасцю намінантаў – пяць чалавек.



Проза:

    Альгерд Бахарэвіч. Гаўф Вільгельм. Халоднае сэрца. Казка. Пераклад зь нямецкай і пасьлямова Альгерда Бахарэвіча. – Мн.: Галіяфы, 2009. – 230 с. – (Другi фронт мастацтваў).

    Вера Бурлак. Льюіс Кэрал. Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса // ARCHE-10, 2009.

    Павал Касцюкевіч. Чалавек, які скраў сцяну плачу. 15 ізраільскіх апавяданняў (пераклад Паўла Касцюкевіча). – Мн.: Логвінаў, 2009.

    Алена Пятровіч. Ян Бжэхва. Акадэмія доктара Клякса // “Сьвятая праўда і іншыя казкі”. Конкурс маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана. Укладальнік і рэдактар А. Хадановіч. Мн.: Логвінаў, 2009.

    Васіль Сёмуха. Вітальд Гамбровіч. Ferdydurke (пераклад Васіля Сёмухі). Мн.: Зм. Колас, 2009. Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя. Пер. зь ням. В. Сёмуха. – Мн., 2009.



Адной з намінантак апынулася Алена Пятровіч, якая прачытала адзін з самых доўгіх (і самых прыгожых) вершаў Багдана-Ігара Антоныча “Элегія пра персцень песні”.



Яшчэ адзін перакладчык, які на ноч гледзячы прымусіў слухачоў крыху патрымцець, Павел Донаў, прачытаў урывак з апавядання Говарда Філіпса Лаўкрафта “Алхімік”, дзе расказвалася пра родавы праклён – заканчэнне гісторыі зноў жа чакае слухачоў на сайце часопіса. Юля Цімафаеева прызналася, што спачатку ў яе была думка папрасіць Паўла перакласці апавядання 6-гадовага Лаўкрафта, але пасля яна выбрала твор больш сталага ўзросту – гадоў 15-17.



Намінацыя прэміі, якая засталася на гэты момант неаб’яўленай, – гэта “Публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСвет”, і канверт з шорт-лістом дастаўся Ціхану Чарнякевічу.




Публікацыі ў часопісе “ПрайдзіСвет”:

    Паліна Маслянкова. Мікола Куліш. Народны Малахій (п’еса).

    Кацярына Маціеўская. Паэзія: Ф. Пэсоа, Алфрэд Эдвард Хаўсмэн.

    Васіль Сёмуха. Густаў Майрынк. Чалавек на бутлі; Георг Гайм. Злодзей.

    Юля Цімафеева. Макс Бірбам. Энох Сомс; Мэцью Дзікман. Непрыемнасці. Вершы.

    Ганна Янкута. Чарлз Дыкенс. Калядны харал. Ч.1.; Паэзія: Ф. Пэсоа, Ян Якаб Слаўэрхоф, Алфрэд Эдвард Хаўсмэн.



Пасля таго, як канверт быў распячатаны, а імёны агучаныя, свае пераклады прачытала адна з намінантак гэтага шорт-ліста – Ганна Янкута. Яна прадставіла слухачам вершы Джона Кітса, Албрэхта Радэнбаха, Роберта Фэргюсана, а таксама самы знакаміты верш Канстанцінаса Кавафіса (дарэчы, паэт нарадзіўся акурат 29 красавіка) “Чакаючы варвараў”.



На вечарыне выступіла і сама вядоўца Юля Цімафеева, якая прачытала пераклады вершаў Албэрту Каэйру, які напраўды быў адным з многіх гетэронімаў самага значнага прадстаўніка партугальскага мадэрнізму Фэрнанду Пэсоа, а таксама параіла слухачам не абмінуць увагай артыкул яшчэ аднаго гетэроніма гэтага пісьменніка, Алвару ды Кампуша, прысвечаны Каэйру.



У канцы вечарыны адбылася яшчэ адна ўрачыстасць: Андрэй Хадановіч агучыў спіс пераможцаў конкурса ПЭН-цэнтра імя Ларысы Геніюш – спіс гэты быў канчаткова зацверджаны перад самай прэзентацыяй. Пасля ён таксама прачытаў некалькі сваіх перакладаў – вершы Ігара Паглазава, а таксама нізку з агульнай тэмай “смерць і мора”: творы Ўінстана Х’ю Одэна, Сяргія Жадана і Арцюра Рэмбо.



У спіс пераможцаў конкурсу ПЭН-цэнтра імя Ларысы Геніюш увайшло 15 маладых літаратараў: Андрэй Адамовіч, Юлія Аляксеенка, Аляксей Арцёмаў, Дар’я Вашкевіч, Ася Волкава, Кірыла Дубоўскі, Алесь Емяльянаў, Сяргей Календа, Юлія Качан, Кацярына Макарэвіч, Аліна Радачынская, Антон Рудак, Яна Санько, Цімур Хоміч, Ганна Шэпт. Яшчэ 20 удзельнікаў конкурсу атрымаюць заахвочвальныя граматы.

Фота і відэа Паліны Маслянковай

Чытайце таксама

Выйшла дэтэктыўная кніга Роберта ван Гуліка пра Старажытны Кітай

У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”. Перакладчыца — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна Саюзам беларускіх пісьменнікаў і…

Сталі вядомыя імёны фіналістаў прэміі імя Ежы Гедройца

Журы Прэміі імя Ежы Гедройца зацвердзіла Кароткі спіс. У яго ўвайшлі...

Новыя кнігі з серыі "Паэты планеты": Катул, Каханоўскі, Кітс, Гайнэ

19 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе прэзентацыя новых кніг з серыі "Паэты планеты".

Прэзентацыя зборніка вершаў Баляслава Лесьмяна

30 лістапада 2017 года а 19-ай гадзіне ў кнігарні “Сон Гогаля”(вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Баляслава Лесьмяна ў перакладзе…

іншыя навіны
299