№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Букераўскую прэмію атрымаў Говард Джэйкабсан

13 кастрычніка 2010

Букераўскую прэмію атрымаў Говард Джэйкабсан
Джэйкабсан узнагароджаны за раман "Праблема Фінклера" (The Finkler Question), які на сайце прэміі ахарактарызаваны як "раман пра каханне, страты і мужчынскае сяброўства, а яшчэ аб тым, штó значыць быць габрэем у сучасным свеце".

Абвяшчаючы лаўрэата, старшыня журы, паэт Эндру Моўшн сказаў: "Гэта дзівосная кніга. Зразумела, вельмі смешная, але і вельмі разумная, сумная і тонкая. У ёй ёсць усё, чаго ад яе чакаеш, і значна больш. Цалкам заслужаная перамога".

Да цяперашняга сезону кнігі Джэйкабсана ніколі не траплялі ў "кароткі спіс" Букера, хоць двойчы, у 2002 і 2006, былі ў лонг-лісце.

У шорт-ліст Букера 2010 году, які быў абвешчаны 7 верасня, уваходзілі яшчэ пяць пісьменнікаў:

  • Пітэр Кэры - "Папугай і Аліўе ў Амерыцы" (Parrot and Olivier in America);
  • Эма Донах'ю - "Пакой" (Room);
  • Дэйман Гэлгут - "У дзіўным пакоі" (In a Strange Room);
  • Андрэа Леві - "Доўгая песня" (The Long Song);
  • Том Макарці - "Сі" (C).


Паводле інфармацыі, апублікаванай днём 12 кастрычніка агенцтвам AFP, фаварытам прэміі быў раман "Сі" Тома Макарці, на перамогу якога лонданскія букмекеры прымалі стаўкі з каэфіцыентам 8:15 – найвышэйшым за ўсю гісторыю прэміі.

Прэмія Букер уручаецца з 1969 году і лічыцца адной з самых прэстыжных літаратурных узнагародаў у ангельскай літаратуры. Грашовая частка прэміі складае 50 тысяч фунтаў ($79 тысяч).

Летась Букер быў прысуджаны брытанскай пісьменніцы Хілары Мэнтэл за кнігу “Вулф-хол” (Wolf Hall).
паводле openspace.ru

Чытайце таксама

599