№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча выйшла непадцэнзурная "Ладдзя роспачы"

26 лістапада 2010

Да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча выйшла непадцэнзурная
Над гэтай кнігай ішла праца год. Яна стала першым творам Уладзіміра Караткевіча, дзе графічна паказаныя ўсе аўтарскія і цэнзарска-рэдактарскія праўкі — па сутнасці, першым непадцэнзурным выданнем Караткевіча.

Я моцна здзівіўся — і вы таксама здзівіцеся — калі даведаецеся, што за 26 год, як няма Караткевіча, ягоныя творы так і не былі ачышчаныя ад адыёзнай савецкай цэнзуры, якая прасавала творцаў, не зважаючы на талент і рэгаліі. Галоўліта даўно няма, а творы нашых найлепшых пісьменнікаў працягваюць перавыдавацца і перадрукоўвацца ў скалечаным савецкай цэнзурай выглядзе...

Ідэя кнігі прыйшла год таму. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паказаў мне рукапіс "Ладдзі". Рэч у тым, што ў 1964 годзе Караткевіч прысвяціў гэты твор свайму сябру Грышку Барадуліну — таму і падараваў рукапіс.

Я сеў і, акуратна перакладаючы старонкі, за некалькі гадзін перачытаў "Ладдзю" ў першародным выглядзе. Расчытваў, як Караткевіч па-майстарску шліфаваў тэкст, перастаўляў словы месцамі, дапісваў сказы, выкрэсліваў цэлыя абзацы — віртуозна і вытанчана працаваў над словам. Ужо тады мяне наведала думка, што такога скарбу нельга хаваць — яго павінен пабачыць кожны прыхільнік Караткевіча, кожны беларус. Потым я разгарнуў збор твораў, пачаў параўноўваць... Высветлілася, што савецкія цэнзары-рэдактары зрабілі сотні правак, якія былі далёка не заўсёды дарэчныя!

Пачалася праца над кнігай. Упершыню "Ладдзя Роспачы" была надрукавана ў № 2 часопіса "Неман" за 1968 год у перакладзе на рускую мову Васіля Сёмухі (які пераклаў таксама Біблію, "Фаўста" і г.д.) Нечакана высветлілася, што ў спадара Васіля захаваўся машынапіс таго перакладу з рукапіснымі праўкамі Караткевіча! Я ахайна адсканіраваў яго — і накіраваўся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, рабіць копію з "Немана" 1968 года. Сеў параўноўваць — 153 цэнзарска-рэдактарскія праўкі! І, што цікава, рэдактары рускай і беларускай версій выправілі часам абсалютна розныя моманты!

Потым, дзякуючы падказцы даследчыка Сяргея Шапрана, удалося знайсці ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук чарнавыя накіды "Ладдзі" — чатыры рукапісныя аркушы. Яны таксама былі ўключаныя ў кнігу — цікава было назіраць, якія моманты "шліфануў" Караткевіч, перапісваючы навелу на чыставік.

У кнізе — 55 ілюстрацый, з якіх 27 друкуюцца ўпершыню. Найцікавейшыя з іх — здымкі самога Караткевіча аўтарства Сяргея Панізніка, Уладзіміра Крука, а таксама здымкі, знойдзеныя ў дзедавай хаце Караткевіча ў Рагачове.

У той хаце, дзе і была напісаная "Ладдзя Роспачы". А таксама — "Віно дажджоў", "Чазенія", часткова "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Гэтая хата стаіць і цяпер. У мінулым годзе рагачоўскія ўлады нават перайменавалі вуліцу Чкалава ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча. А да юбілею пры хаце павінен быць адкрыты мемарыяльны знак.

Як савецкая цэнзура правіла Уладзіміра Караткевіча

Вялізны артыкул на гэтую тэму вы знойдзеце ў кнізе. А зараз — некалькі прыкладаў.

Найперш патлумачу, якія ўвогуле праўкі сустракаюцца ў тэксце. Яны падзеленыя на чатыры групы. Першая — моманты, дзе аўтар працаваў над словам, падбіраў сінонімы і г.д. Другая — дзе аўтар нешта выкрэсліваў з тэксту. Трэцяя — дзе аўтар нешта дапісваў. Чацвёртая — цэнзарска-рэдактарскія праўкі. Вы адразу спытаецеся: а як ты, разумнік, адрозніў, дзе цэнзарскія, а дзе рэдактарскія? А ніяк. Таму і падаў як адну групу. Любая праўка — рэч суб'ектыўная. Адзін філолаг скажа: правільна, што паправілі, нельга так пісаць. А іншы жахнецца: як можна было так пакрэсліць самога Караткевіча?! Таму кніга ад пачатку рабілася інтэрактыўнай. Праўкі не "адматаныя" назад да варыянту рукапісу, а паказаныя графічна. Каб кожны з вас, беручы кнігу ў рукі, рабіўся даследчыкам творчасці Караткевіча. І вырашаў: што папраўлена дарэчна, а што не.

Але што казаць, калі пасля правак "не выжыў" нават жанр твора. У аўтара — "навела". У рускім перакладзе яна робіцца "легендай", а ў беларускім кніжным варыянце — "аповесцю"...

Многія праўкі былі зробленыя выключна паводле ідэалагічных матываў. Уявіце сабе: з тэксту выкідаліся словы "беларус", "беларускі", "беларуская"!..

Калі Смерць прыходзіць па Гервасія Выліваху, кажа: "Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі. Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай?" Што пакінуў рэдактар: "Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты..."

"Ты зноў папаўся, беларус..." — кажа Смерць Выліваху за гульнёй у шахматы. А ў тэксце застаецца: "Ты зноў папаўся..."

Нават "беларускія жаўрукі", якія пранізліва звінелі ў небе ў Караткевіча, сталі ў тэксце проста "жаўрукамі"...

Савецкія рэдактары пільна сачылі, каб у тэкстах беларускіх пісьменнікаў не было ні грама "лішняй" беларушчыны. Караткевіч, як мог, стараўся надурыць "цэрбераў". Тыя не паддаваліся. Чытаем у рукапісе: "...Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Другі, ля Ржаўца пад Юхнавам. Трэці, ля Макруш, што пад Бельскам. Усе гэтыя тры ўваходы прагныя на ваду. Равучы — глытае і азёрную ваду, і ваду Іпуці. Бельскі — цэлую рэчку Паніклю. Кажуць, гэта зроблена [...]". Пасля праўкі гэты фрагмент стаў выглядаць так: "...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Кажуць, гэта зроблена [...]" Розніца, як бачым, каласальная! Мала таго, што знікла "беларуская зямля", дык яшчэ і ўваходаў у пекла паменела: былі тры, застаўся адзін. Чаму так адбылося? Вельмі проста. Першы ўваход знаходзіцца "на дне Равучага возера, што пры Іпуці". Іпуць — левы прыток ракі Сож, цячэ праз Клімавіцкі, Добрушскі і Гомельскі раёны Беларусі, а таксама праз Смаленскую і Бранскую вобласці Расіі. Равучае возера знаходзіцца ў Добрушскім раёне. Але нават калі не ведаць гэтага, то лёгка дапусціць, што яно недзе на Гомельшчыне — як і сам Рагачоў, адкуль выправіліся Выліваха са Смерцю. Другі ўваход "ля Ржаўца пад Юхнавам". Тут усё адназначна: Ржавец — гэта возера ў Юхнаўскім раёне Смаленскай вобласці, а значыць, цяперашняя Расія. Трэці ўваход "ля Макруш пад Бельскам". Гэта цяперашняя Польшча. А цяпер вернемся ў пачатак неадцэнзураванага сказа: "Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла..." Караткевіч зрабіў ні што іншае, як абазначыў этнічныя межы Беларусі!.. Ці мог дапусціць такое савецкі рэдактар-цэнзар? Зразумела, не! Таму пацярпелі два ўваходы — "расійскі" і "польскі". Бо нават калі б "цэрбер" выкрасліў "на беларускай зямлі" — было б няясна, якой халеры Смерць з Вылівахам паперлася ажно пад Бельск ці пад Смаленск? Таму ад гэтага фрагмента тэкста засталіся "рожкі ды ножкі"...

Трэба сказаць, некаторыя праўкі рэдактар відавочна зрабіў ад недахопу ўласнага клёку. Яркі прыклад — момант, калі каралева Бона дорыць Выліваху на памяць манету — залаты з выявай свайго мужа Жыгімонта (у тэксце — Цыкмуна): "І як іншыя супакойваюцца, пазіраючы на божага агнца, так Выліваха, калі ў яго быў дрэнны настрой, выцягваў залаты за ланцужок, назіраў знаёмыя і родныя рысы, чытаў надпіс "Sіgіs-rех-роlо" — і яму рабілася лягчэй". Рэдактар выкрасліў з гэтага сказа 2 літары — прыназоўнік "за". І што атрымалася? Што Выліваха выцягваў не "залаты за ланцужок" (манету), а "залаты ланцужок", і далей па тэксце — "назіраў знаёмыя і родныя рысы, чытаў надпіс "Sіgіs-rех-роlо" — і яму рабілася лягчэй". Бадай, гэта адна з самых вар'яцкіх правак у "Ладдзі Роспачы", якая шмат што кажа пра ўзровень рэдактара...

Іншая такая ідыёцкая праўка. "І ў Гервасія хапіла розуму з самага пачатку адмовіцца ад удзелу ў гульні, у якой Смерць была катом, а ён — дурным мышаняткам". У гэтым сказе гора-рэдактар чамусьці замяніў адну літару. І як сказіўся сэнс: "...у якой Смерць была катам, а ён — дурным мышаняткам..." Хто зразумее логіку такога ўмяшання ў тэкст?

Асабліва вас павесяліць, як розныя рэдактары правілі і змякчалі "грубыя" моманты ў тэксце. Чытаем у рукапісе: "Што вы спяваеце, смярдзючы чалавечы кал?!" Беларускі рэдактар "змякчыў": "Што вы спяваеце, смярдзючыя чалавечкі?" Рускі рэдактар пайшоў далей: "Что вы поете, несчастные?"

Трошку ніжэй у тэксце "таўстазадая навалач" стала "таўстапузай навалаччу"!..

Чым адрозніваецца "Палачанін" ад "палачаніна"?

Уважлівы чытач адразу скажа: вялікай літарай! Але рэдактар беларускага тэксту ў 1978 годзе відавочна не пабачыў тут розніцы.

У "Ладдзі Роспачы" Караткевіч віртуозна пагуляўся з вялікімі/малымі літарамі. Палачанін, калі з'яўляецца ў тэксце, пішацца з малой літары — як "жыхар горада Полацка". Потым, калі пачынаюцца дыялогі са Смерцю, ён робіцца персанажам — і пішацца ўжо як "Палачанін". А пасля выхаду з пекла ён зноўку робіцца "жыхаром горада" — і пішацца з малой літары. Рэдактар і тут "не ўехаў" у задуму аўтара — і ўсё павыпраўляў пад адную грабёнку...

Словазлучэнню "Ладдзя Роспачы" Караткевіч таксама надаў сімвалізм. Транспартны сродак, які вязе небаракаў да Смерці, называецца "Ладдзя Роспачы". А шахматная фігура, якой Смерць хацела перамагчы Выліваху, — "ладдзя роспачы". Ці трэба казаць, што рэдактарам усё было выпраўлена аднолькава?..

Тая ж гісторыя са "Смерцю" (персанажам) і "смерцю" (дзеяннем). Далёка не паўсюль рэдактару ўдалося зразумець аўтарскую гульню слоў...

Моўныя і стылістычныя праўкі — асобная справа. Некаторыя людзі кажуць, што Караткевіч недасканала валодаў беларускай літаратурнай мовай, бо ў сям'і размаўлялі па-руску, а вучыўся ў Кіеве ўвогуле па-ўкраінску. Аднак, здаецца, рэдактар умешваўся і выпраўляў нават там, дзе гэтага можна было не рабіць. У выніку мова Караткевіча старанна падганялася пад шаблон, выхалашчвалася, рабілася "правільнай".

Некалькі прыкладаў — як было ў Караткевіча, і як выправіў рэдактар.

Плывяцё — плывяце, цурчэла — цурчала, згэлк — крык, прагучэў — прагучаў, зачурчэла — зацурчала, зямлёй — зямлёю, успершыся — успёршыся, лузаць — лушчыць, дрыжэла — дрыжала...

Такіх момантаў — дзясяткі ў кнізе... Як і іншых правак. Прыводзіць усе не буду, інакш вам будзе нецікава чытаць саму кнігу.

212 і 84

Гэта — колькасць рэдактарскіх правак адпаведна ў беларускім і рускім тэксце "Ладдзі". Уявіце — на 23 старонкі рукапісу!.. Што ж тады было з "Каласамі", з "Хрыстом", з іншымі творамі Караткевіча?.. Гадаць тут не выпадае — трэба садзіцца і займацца гэтым. Так ужо сталася, што найвыбітнейшыя беларускія пісьменнікі — Караткевіч, Быкаў, Брыль — жылі і пісалі ў той час. І правілі і цэнзуравалі іх такія рэдактары і такія цэнзары. Адкруціць час — немагчыма. Адкруціць недарэчныя праўкі — у нашых сілах!

Уявіце толькі: сёння, 26 лістапада 2010 года, Караткевічу споўнілася б усяго 80 гадоў. Гэта ўзрост вашых бабуль, вашых бацькоў, гэта ўзрост некаторых з вас. Уладзімір Караткевіч памёр на 54-м годзе жыцця. Зрабіўшы столькі, што міжволі ўзнікае адчуванне: ён жыў не менш за стагоддзе. Уладзімір Караткевіч не меў моцы змагацца і перамагчы тагачасных цэнзараў. І дзякаваць Богу, што ён не марнаваў на гэта сілы. Ён рабіў тое, што мог рабіць толькі ён, — пісаў. З цэнзарамі паваюем мы.

Р.S. Кніга "Ладдзя Роспачы" выйшла на прыватныя ахвяраванні прыхільнікаў таленту і асобы Уладзіміра Караткевіча, наведнікаў сайту www.lаbаdzеnkа.bу

Прэзентацыя "Ладдзі Роспачы" адбудзецца 4 снежня (субота) а 13-й гадзіне ў Мінску ў "Кніжным салоне" (Калініна, 5, метро "Парк Чалюскінцаў"). Абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік.

Калі жадаеце мець такую кнігу сабе — падкажу, як гэта зрабіць. Лістуйце на адрас электроннай пошты labadzenka@gmaіl.com

На фота вокладка першага непадцэнзурнага выдання Караткевіча

Чытайце таксама

1294