№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Адразу два раманы Караткевіча экранізуюць

17 снежня 2010

Адразу два раманы Караткевіча экранізуюць
Пра намеры зняць фільм па “Каласах пад сярпом тваім” на кінастудыі “Беларусьфільм” паведамілі яшчэ ў лютым. Назвалі і імёны рэжысёра і сцэнарыста. Імі сталі, адпаведна, Мікалай Пінігін і Аляксандр Качан. Але праз нейкі час Пінігін, спаслаўшыся на занятасць, ад працы адмовіўся. Замены яму не знайшлі. Але цяпер на «Беларусьфільме» паведамілі, што здымаць фільм усё-ткі будзе Мікалай Пінігін.

І рэжысёр ужо разглядае магчымыя варыянты для працы ў сваім графіку. Можа з’явіцца таксама і сурэжысёр. Сцэнар фільма цяпер знаходзіцца на абмеркаванні. Па ім яшчэ не выказаліся польскія кіношнікі. Не выключана, што сцэнар давядзецца дапрацоўваць. У яго першапачатковым варыянце героі пераважна размаўляюць па-беларуску. Выкарыстоўваюцца таксама руская, польская, французская мовы.

Сумесная праца над фільмам па творы Караткевіча ў палякаў і беларусаў ужо была. Гэта расійскамоўная карціна “Сівая легенда”, якую ў 1991 годзе зняў польскі рэжысёр Багдан Парэмба. У Беларусі пра фільм мала хто ведае, а глядзела яго яшчэ менш людзей. Праз адсутнасць пракатнай ліцэнзіі на фільм яго не могуць паказваць у кінатэатрах краіны. Хаця ў інтэрнэце стужку можна спампаваць без цяжкасцяў. Зняліся ў “Сівой легендзе” Івар Калныньш, Генадзь Гарбук, Аляксандр Бяспалы. Сцэнар па аднайменнай аповесці напісалі Сяргей Булыга і Уладзімір Мацвееў.

Што да “Чорнага замка Альшанскага”, то ў праваўладальніцы, пляменніцы пісьменніка Алены Сінькевіч, кінастудыя выкупіла правы на экранізацыю рамана на тры гады. Значыць, фільм з’явіцца не пазней за 2013. Але яшчэ не вызначана, хто будзе пісаць сцэнар. Летась пра намер зняць фільм па гэтым творы выказваўся старшыня ТРА саюзнай дзяржавы Ігар Угольнік. Ён нават паведамляў пра гатовы сцэнар. Але ўжо сёлета ў прэс-службе Угольніка нічога пэўнага пра праект сказаць не змаглі.

“Чорны замак Альшанскі” экранізаваўся ў савецкі час Міхаілам Пташуком. Двухсерыйная рускамоўная карціна выйшла ў 1983 годзе. Сцэнар напісаў сам Уладзімір Караткевіч.

Якія яшчэ творы пісьменніка экранізаваліся.

“Хрыстос прызямліўся ў Гародні” зняты ў 1967 годзе. Але цэнзары не пусцілі фільм на экраны. Выйшаў ён толькі ў 1989. Рэжысёры — Уладзімір Бычкоў і Сяргей Скварцоў. Мова — расійская, беларуская.

Кароткаметражны фільм “Чырвоны агат” (23 хвіліны) выйшаў у 1973 годзе па-руску. Рэжысёр — Аляксандр Полагаў, сцэнар Уладзіміра Караткевіча.

У 1979 годзе Валерый Рубінчык скончыў працу над “Дзікім паляваннем караля Стаха”. Сцэнар да рускамоўнай стужкі стварылі Караткевіч і Рубінчык.

Тэлеспектакль “Лісце каштанаў” паводле аднайменнай аповесці паставілі на тэлебачанні на беларускай мове ў 1981 годзе. Рэжысёр — Уладзімір Забела.

Паўгадзінная стужка “Паром” (паводле “Парому па бурнай рацэ”) выйшла ў 1988 годзе па-беларуску. Рэжысёр — С. Шчыглоў.

Сумесны савецка-чэхаславацкі фільм “Маці ўрагану” знялі ў 1990 годзе па аднайменнай п’есе. Рэжысёр — Юрый Марухін, сцэнарыст — Уладзімір Галаванаў. Мова — беларуская.
паводле nn.by

Чытайце таксама

413