№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

ПЭН-цэнтр узнагародзіць Вольгу Бабкову і Сяргея Шапрана

23 лютага 2011

ПЭН-цэнтр узнагародзіць Вольгу Бабкову і Сяргея Шапрана
Сёлетнім лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Сяргей Шапран, які склаў фундаментальны двухтомны жыццяпіс “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах” (Мінск – Гародня, 2009: Бібліятэка Бацькаўшчыны, Гарадзенская бібліятэка. Людзі Беларусі).

Прэміяй імя Францішка Багушэвіча была адзначаная пісьменніца і гісторык Вольга Бабкова – за кнігу эсэ-рэканструкцый “...І цуды, і страхі” (Мінск: Логвінаў, 2010), якая стала плёнам яе шматгадовай працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У кнізе даследуецца гісторыя штодзённага жыцця жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – XVII ст.

Шанаванне лаўрэатаў адбудзецца 3 сакавіка – у Сусветны дзень пісьменніка – на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра ў Мінску (вул. Залатая горка, 2-101). Пачатак цырымоніі а 17-й.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасля смерці пісьменніка і грамадскага дзеяча на знак пашаны ягонага імя. Прэмія ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу году. За 15 гадоў існавання прэміі ёй былі ўганараваныя каля 30 пісьменнікаў, публіцыстаў, даследчыкаў літаратуры. Апошнімі лаўрэатамі прэміі былі Сяргей Навумчык, Леанід Маракоў, Генадзь Бураўкін, Павал Севярынец.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра. Заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэнню пачуццяў гістарычнай самасвядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. З 1996 яе лаўрэатамі сталі Кастусь Акула, Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандр Лукашук, Васіль Сёмуха, Іван Саверчанка, Таццяна Процька, Ала Сакалоўская, Вячка Целеш, Алесь Белы, Захар Шыбека, Аляксандр Надсан.
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

353