№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Падчас “кніжнай ночы” ў Брытаніі раздалі мільён кніг

15 сакавіка 2011

Падчас “кніжнай ночы” ў Брытаніі раздалі мільён кніг
У Злучаным Каралеўстве і Ірландскай рэспубліцы гэтае свята з 1998 году адзначаецца ў першы чацвер сакавіка і ўключае правядзенне традыцыйных акцый, у тым ліку, напрыклад, вядомую практыку раздавання школьнікам кніжных ваўчараў, якія дазваляюць набыць любую кнігу з адмыслова адабранага асартыменту ўсяго за 1 фунт стэрлінгаў. Міжнародная ноч кнігі (World Book Night) адбылася 5 сакавіка і была адрасаваная ў першую чаргу сталай аўдыторыі. На думку аўтара ідэі мерапрыемства Джэймі Бінга, самы эфектыўны спосаб прасунуць кнігу – аддаць яе людзям і тым самым запусціць “сарафаннае радыё”.

Паводле задумы, прадстаўнікі кніжнай галіны краіны яшчэ ўвосень абралі сотню кніг, да якіх, на іх думку, варта было б прыцягнуць увагу чытачоў. Пасля гэтага адмысловы камітэт, у які ўваходзілі прадстаўнікі кніжнай галіны, бібліятэкары і літаратары (напрыклад, адзначыўся Стывен Фрай), адабралі 25 кніг для канчатковага спісу. У яго ўвайшлі творы такіх аўтараў, як Рэмарк, Маркес, Маргарэт Этвуд, Джон ле Карэ і інш. Са снежня на сайце WBN рэгістраваліся ахвотнікі стаць валанцёрамі праекту – такіх патрабавалася 20 тысяч. Для акцыі было вылучана 40 тысяч асобнікаў кожнай з кніг, і валанцёр атрымліваў 48 асобнікаў, якія ён мог раздаць каму хацеў. Пакінутыя копіі збіраліся размяркоўваць арганізатары мерапрыемства, галоўным чынам па лякарнях і турмах.

СМІ з энтузіязмам паставіліся да новай ініцыятывы і некалькі месяцаў падрабязна асвятлялі падрыхтоўку. “Ноч кнігі” паспела сабраць цэлую плеяду “зорных” заступнікаў, сярод якіх – Том Стопард, Джоан Роўлінг, Філіп Пулман, Шэймас Хіні і інш. Некаторыя прадстаўнікі кніжнай галіны адзначылі, што ва ўмовах эканамічнага спаду даволі неразумна займацца такога кшталту дабрачыннасцю. Зрэшты, мерапрыемству ўсё ж была забяспечаная падтрымка большасці выдаўцоў, кнігагандляроў і галіновых аб'яднанняў.

Як паведамляе часопіс The Bookseller, “Ноч кнігі” змагла заахвоціць кніжны гандаль, забяспечыўшы продажы дадатковых 70 тысяч асобнікаў 25 кніг з вышэйзгаданага спісу на суму 425 тысяч фунтаў. Паводле дадзеных сэрвісу Nielsen BookScan, сярэднія продажы гэтых кніг выраслі на 81% на працягу апошніх двух тыдняў (з пачатку да сярэдзіны сакавіка) і на 121% – за апошні месяц. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году продажы выраслі ў сярэднім на 185%.

Джэймі Бінг спадзяецца, што праект будзе пашырацца, і, магчыма, у дзясятках іншых краін у найбліжэйшы час будуць праведзеныя аналагічныя мерапрыемствы.
паводле pro-books.ru

Чытайце таксама

270