Уручэнне было з невялікім спазненнем прымеркаванае да другой гадавіны часопіса, якая была 27 траўня.
На цырымоніі ўручэння выступілі ўсе шэсць суддзяў, якія падзяліліся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад працаў сёлетніх намінантаў і расказалі пра асноўныя крытэры судзейства. Так, першы выступоўца, перакладчык і навуковец Лявон Баршчэўскі (які агучыў шорт-ліст у намінацыі “Проза”) у якасці аднаго з асноўных крытэраў вызначыў валоданне перакладчыкамі беларускім сінтаксісам, які моцна адрозніваецца ад рускага. Паводле словаў спадара Лявона, сёлета ў намінацыі былі прадстаўленыя надзвычай моцныя працы, чытанне якіх прынесла яму вялікую асалоду.
Агучыць імя пераможцы ў намінацыі “Проза” мусіў літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Спадар Аляксандр эфектна вытрымаў паўзу, прымусіўшы намінантаў добра пахвалявацца, а пасля не менш эфектна ўручыў прэмію пераможцы. На эфект глядзіце самі:
Пераможцай у намінацыі “Проза” стала Вольга Калацкая з перакладам рамана “Мужчына і хлопчык” Тоні Парсанза, зробленага з ангельскай мовы і надрукаванага ў часопісе “Дзеяслоў” (№ 44—46). Спадарыня Вольга адразу ж захацела раздзяліць прэмію з самім аўтарам, а таму рэдакцыя часопіса звяртаецца да ўсіх сваіх чытачоў: сустрэнеце Тоні Парсанза — папрасіце яго, калі ласка, звязацца з Вольгай Калацкай!
Наступным гаварыў пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч, які агучыў шорт-ліст у намінацыі “Паэзія” (большасць перакладчыкаў з якога надрукаваліся акурат у часопісе спадара Барыса), а таксама павіншаваў “ПрайдзіСвет” з другой гадавінай, пажадаўшы часопісу новага, папяровага фармату.
Пераможцу намінацыі агучыла Марына Рагачэўская, літаратуразнаўца і выкладчыца мастацкага перакладу ў МДЛУ. Яна адзначыла, што судзіць пераклады паэзіі было для яе самай складанай справай — даводзілася звяраць пераклады з арыгіналамі і доўга супастаўляць гучанне беларускіх тэкстаў. Паводле словаў спадарыні Марыны, яна моцна прыдзіралася да намінантаў, але пры гэтым не забывала адзначаць усе вартасці іх працаў і ўдалыя знаходкі. Галоўнае для яе — паверыць у пераклад і, чытаючы яго, адчуць сябе ў Парыжы ці ў Празе, у адпаведнасці з тым, дзе адбываецца дзеянне твора і хто яго аўтар.
Прэмію ў намінацыі “Паэзія” атрымаў Андрэй Хадановіч за пераклады вершаў Арцюра Рэмбо, а таксама ўкраінцаў Мар’яны Саўкі, Андрыя Бондара і Дзмітра Лазуткіна. Свой выступ пераможца прысвяціў дваім сёлетнім намінантам — перакладчыкам прозы Марыне Шодзе і Паўлу Касцюкевічу.
Пасля ўганаравання Андрэя Хадановіча сябра рады часопіса “ПрайдзіСвет” Паліна Маслянкова правяла конкурс на веданне гледачамі і самімі намінантамі тых твораў, што трапілі ў гэтым годзе ў шорт-лісты. Конкурс прайшоў з пераменным поспехам, аднак большасць прызоў, падрыхтаваных кнігарняй “ЛогвінаЎ”, усё ж знайшла сваіх пераможцаў.
Мінулагодняя лаўрэатка прэміі ў намінацыі “Пераклад у “ПрайдзіСвеце” Ганна Янкута, перш чым пахваліць канкурсантаў, пахвалілася новым “прайдзісвецкім” нумарам “Finis Africae”, якую рада часопіса, забегаўшыся з прэміяй, не мела магчымасці прэзентаваць, а пасля агучыла шорт-ліст у апошняй, фірмовай намінацыі і адзначыла, што ўсе перакладчыкі з яго вартыя прэміі.
Пераможцу ў намінацыі “Публікацыя ў “ПрайдзіСвеце” назвала і павіншавала пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская, сказаўшы, што кожны з сёлетніх канкурсантаў абвяргае думку, нібыта беларуская мова не здольная выразіць усе нюансы пачуццяў і складаныя філасофскія паняткі.
Пераможцам намінацыі стаў Сяргей Сматрычэнка, які са звычайнай перакладчыцкай сціпласцю выказаў думку, што атрымаў прэмію як самы вялікі “прайдзісвет” з шорт-ліста.
Прэмія інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” за найлепшы пераклад была заснаваная ў 2010 годзе. Яе першымі лаўрэатамі сталі Вера Бурлак (пераклад рамана “Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса” Льюіса Кэрала), Антон Францішак Брыль (пераклад першых раздзелаў паэмы “Бэўвульф”) і Ганна Янкута (пераклад першай часткі “Каляднага харалу” Чарлза Дыкенса, а таксама вершаў Фэрнанду Пэсоа, Яна Якаба Слаўэрхофа і Алфрэда Эдварда Хаўсмэна).
Сімвалы прэміі — статуэткі, што выяўляюць перакладчыка-"прайдзісвета", — ужо два гады запар рыхтуюць мастакі Алесь Бусел і Лізавета Лянкевіч.
Фотаздымкі Насты Гвоздзевай, Паліны Маслянковай і Анкі Упалы.