№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хмара, якой не было: па-беларуску выйшаў раман-фантазія пра выбух АЭС у Германіі

5 ліпеня 2011

Хмара, якой не было: па-беларуску выйшаў раман-фантазія пра выбух АЭС у Германіі
НН: Чаму пераклалі кнігу сучаснай аўтаркі? Вы вядомы найперш сваімі перакладамі класічнай нямецкай літаратуры: Шылер, Гётэ, Брэхт...

Уладзімір Папковіч: Прызнацца, я мала перакладаў прозы, больш паэзію самых розных аўтараў і з розных моваў: найбольш з нямецкай, але і з рускай, з польскай, нават з цыганскай... Мая слабасць: думаю і раблю ўсё хутка, можна сказаць, паспешліва. У паэзіі гэта дапушчальна, таму што, як гэта ні напышліва можа гучаць, азарэнне — з’ява кароткатэрміновая, раптоўная, як маланка, успыхне і пагасне. Былі, праўда, выпадкі, калі я перакладаў і прозу: гэдээраўскую пісьменніцу Рут Крафт (раман “Востраў без маяка”), але гэта на замову выдавецтва. А Рэмарка (“Тры таварышы”) я перакладаў хуткімі наскокамі, як верш, бо вельмі палюбіў яго. Што да Шылера, Гётэ, Брэхта... Усё ж класікі, а стаць побач з класікам і папрасіць яго загаварыць на нашай мове, было хоць і страшна, але прываблівала.

Чаму цяпер выбраў твор малазнаёмай у нас пісьменніцы Гудрун Паўзэванг “Хмара”? Гэтую кніжку, атрыманую мной у падарунак яшчэ ў 1989 годзе, я чытаў са студэнтамі на нямецкай мове больш за дзесяць гадоў. Яна мне не абрыдла ад гэтага. Мы па-рознаму ацэньваем мастацкія творы, не толькі літаратурныя, але і жывапіс, архітэктуру, нарэшце, моду ў адзенні. На жаль, тут часта спрацоўвае феномен “голага караля”. Калі ўсе хваляць, не хочацца заставацца дурнем. Гэтая кніга спадабалася асабіста мне. Сваёй простай і добрай нямецкай мовай, даступнасцю зместу, актуальнасцю. Хто б мог падумаць: у 1987 годзе, калі толькі кніжка выйшла, быў яшчэ свежы Чарнобыль. Я шукаю ў памяці, хто з беларусаў напісаў твор на гэтую тэму, які скалануў бы нас усіх? Магчыма, я мала чытаў, і такія творы былі. Праўда, і я запомніў надоўга апавяданне Івана Пташнікава “Львы”, ад якога і сёння, калі яго гартаю, ідуць па целе дрыжыкі.

— Кніга выйшла ў Германіі ў 1987 годзе. Гэта была кніга-папярэджанне ўсяму грамадству: атамныя рэактары — небяспечныя. З таго часу мінула чвэрць стагоддзя. На шчасце, ні ў Германіі, ні дзе яшчэ ў Еўропе не здарылася страшных аварый. Можа, гэтая кніга занадта змрочная і не звязаная з сённяшняй рэчаіснасцю?

— Немцы заўсёды (асабліва пасля Другой сусветнай вайны) вельмі адчувальныя што да сацыяльных пытанняў. Мы мала гаворым пра моладзевую рэвалюцыю ў Германіі канца 1960-х — пачатку 1970-х гадоў. Тады моладзь запатрабавала ад грамадства і ўладных структур канчаткова выракчыся нацысцкага мінулага, зажыць па праўдзе, даваць бой хлусні, двурушніцтву, карумпаванасці. Кіраўніцтва, палітыкі прыслухаліся, пайшлі на дэмакратызацыю грамадства. Гудрун Паўзэванг з таго пакалення і, як я адчуваю, таго настрою, з 1968-га. Менш падтакваць уладзе, больш гаварыць, што думаеш. Не трэба думаць, што кніга толькі антыатамная. Яна антыбюракратычная, антыбюргерская (з нашым значэннем). І яна заваявала прызнанне чытачоў: да верасня 1988 году было прададзена 50 тысяч асобнікаў; у 2010 годзе наклад дасягнуў 1,5 млн асобнікаў, і раман увайшоў у школьную праграму.

— “Хмару” чытаюць у школах. Для чаго немцам засяроджвацца на такой фантазіі?

— Немцы неяк умеюць так жыць, каб клапаціцца не толькі пра імгненную выгаду, але і думаюць, а што будзе, калі... Вось цытата, якую толькі што ўзяў з сайта папулярнага часопіса “Шпігель”: «Ток з атамных электрастанцый лічыцца выгадным, экалагічна чыстым і незалежным ад кароткатэрміновых ваганняў надвор’я. Аднак пытанне канчатковага складзіравання адходаў, якія выпраменьваюць звыш ста тысяч гадоў, яшчэ, як і раней, адкрытае. І катастрофа на АЭС “Фукусіма” (немцы кажуць “Фукушыма”) паказвае, што страх атамнай супераварыі яшчэ не пераадолены”.

Як бачна, немцы ўлічваюць і такі ірацыянальны фактар, як страх, і абвяшчаюць мараторый на старыя электрастанцыі, а новых не будуюць. І шмат хто выступае за тое, каб адмовіцца ад атамных станцый увогуле. Ці ведаем мы, што думае наш народ наконт гэтага? Неяк жа будзе... Там, наверсе, лепш ведаюць. Каб жа...

Трэйлер фільма “Облако”:



***
Гудрун Паўзэванг нарадзілася ў 1928 годзе ў Чэхіі, горад Младкаў. Пасля Другой сусветнай вайны сям’я пераехала ў ФРГ. Гудрун стала настаўніцай і выкладала ў школах Паўднёвай Амерыкі. Аўтар раманаў “Хмара”, “Апошнія дзеці з Шэвенборна”, “Плошча Фартуны” і інш. Кніга “Хмара” была экранізаваная ў 2006 годзе. У рускім перакладзе стужка называецца “Облако”. Жыве ў Германіі.

Уладзімір Папковіч нарадзіўся ў 1935 годзе на Вілейшчыне. Паэт, перакладчык. Аўтар зборнікаў вершаў “На досвітку”, “Зерне”, “Самы кароткі цень”, “Рэшта”. У яго перакладах з нямецкай выйшлі кнігі “Вяртанне да сябе” Ёганэса Р. Бэхера, “Закаханы вандроўнік: паэзія нямецкага рамантызму”, “Тры таварышы” Рэмарка і іншыя. На нямецкую мову пераклаў “Тараса на Парнасе” К. Вераніцына.

Урывак з рамана можна прачытаць тут.

Набыць кнігу можна тут.

Гудрун Паўзэванг. Хмара. Пераклад з нямецкай Уладзіміра Папковіча. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011. — 160 с.
паводле nn.by

Чытайце таксама

541