№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Беларускія кнігі для Браціславы

7 верасня 2011

Беларускія кнігі для Браціславы
Гісторыя гэтага аддзела пачалася ў сакавіку 2011 году, калі ў Браціславе праходзіла міжнародная канферэнцыя па глабальнай бяспецы. Тады ў межах канферэнцыі яе ўдзельнікі выйшлі ў пікет на алею славацкага паэта Гвездаслава з партрэтамі беларускіх палітзняволеных. На мітынгу выступіў, у прыватнасці, міністр замежных справаў Славакіі Мікулаш Дзурында.

Па-за межамі канферэнцыі адбылася прыватная сустрэча кіраўніка ПЭН-цэнтра Славакіі Густава Мурына з прадстаўніком беларускай дэлегацыі Уладзімірам Падголам. Славацкія літаратары папрасілі дапамогі ў стварэнні у іхнай бібліятэцы беларускага аддзела. Праз месяц першую сотню кніг беларускіх пісьменнікаў кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, сябра рады СБП паэт Сяргей Законнікаў і сябра ПЭН-цэнтра Уладзімір Падгол перадалі ў амбасаду Славакіі ў Мінску, а амбасадар Марыян Сэрватка пераслаў іх у Браціславу.

24 жніўня ў цэнтры старой Браціславы ў грамадска-культурным цэнтры прайшла першая прэзентацыя бібліятэкі ПЭН-цэнтра Славакіі. На ёй быў прадстаўлены беларускі аддзел. Уладзімір Падгол расказаў пра арыштаваныя кнігі беларускіх аўтараў, у прыватнасці, пра 40 кніг паэзіі Уладзіміра Някляева, якія забралі спецслужбы з бібліятэкі самога паэта і кандыдата ў прэзідэнты, а таксама пра кнігу Алеся Бяляцкага. Была прадстаўленая кніга Уладзіміра Падгола “Куля для прэзідэнта” — урыўкі з яе чыталі аўтар і славацкія акторы. Амбасадар Славакіі ў Беларусі Марыян Сэрватка прэзентаваў кнігі, выпушчаныя ў Мінску пры падтрымцы амбасады, у тым ліку беларуска-славацкі размоўнік. Цягам вечарыны гучалі таксама песні беларускіх паэтаў па-славацку. Падчас абмеркавання далейшых планаў супрацоўніцтва ўзнікла ідэя выдання анталогіі славацка-беларускай літаратуры.

Кіраўнік ПЭН-цэнтра Славакіі Густаў Мурын звярнуўся да беларусаў з просьбай пра дапамогу ў пашырэнні кніжнага фонду беларускага аддзела бібліятэкі. У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў просіць суайчыннікаў перагледзець свае бібліятэкі і ахвяраваць кнігі ў Браціславу. Дакладны час збору кніг паведамяць дадаткова.

Кантактны тэлефон Саюза беларускіх пісьменнікаў: (017) 200-80-91.
паводле naviny.by

Чытайце таксама

473