№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхась Скобла: "Мастацкая літаратура" скалечыла зборнік Жылкі

24 верасня 2011

Міхась Скобла:
Уявім сабе: сустрэліся на тым свеце Якуб Колас і Уладзімір Жылка. Пагаварылі, паўспаміналі агульных сяброў і знаёмцаў, прыгадалі сваю першую сустрэчу на Акадэмічнай канферэнцыі ў 1926 годзе ў Мінску. А потым старэйшы класік бярэ маладзейшага за гузік і сурова так пытаецца: “Дык хто напісаў верш “Беларускаму люду” — вы ці я?” Збянтэжаны Жылка з нездаровым румянкам на шчоках яшчэ больш чырванее: “Выбачайце, дзядзька Якуб, няма маёй віны ў тым, што верш гэты прыпісалі мне. Як сёння памятаю, у дзень яго апублікавання ў газеце “Звязда” — 23 лістапада 1926 году — я прыходзіў у рэдакцыю на агледзіны, а неўзабаве быў прыняты туды літсупрацоўнікам. Тады ўвесь Мінск гаварыў пра вашу поўху бальшавікам. Дык як я магу забыцца, хто аўтар?”

Колас моўчкі працягвае пакручваць гузік, і Жылка яшчэ больш бянтэжыцца. Збіваючыся, ён паспешліва расказвае народнаму паэту ўсё, што ведае пра верш “Беларускаму люду”. Твор гэты друкаваўся ў зборніку “Водгулле” (1922) і яшчэ паспеў увайсці ў першы Збор твораў Якуба Коласа ў двух тамах (1928). Затое потым ні ў сямітомавік (1952—1954), ні ў дванаццацітомавік (1961—1964), ні нават у чатырнаццацітомавік (1972—1978) верш гэты не трапіў. Затое з дзіўнай паслядоўнасцю ён пачаў з’яўляцца ў кнігах самога Жылкі — у “Творах” (1996) і ў зборніку “Матылі” (2009). Абедзве кнігі выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” агульным накладам 8000 асобнікаў і прызначаліся для школьных бібліятэк.

Уражаны эрудыцыяй маладога калегі, Колас пацяплелым позіркам зірнуў у будучыню, убачыў старшакласніка ля школьнай дошкі, які баявіта дэкламаваў: “Нас падзялілі — хто? Чужаніцы, / цёмных дарог махляры. / К чорту іх межы! К д’яблу граніцы! / Нашы тут гоні, бары…” Потым скіраваў зноў пасуровелы позірк на выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе ў зацішных кабінетах сядзелі, унурыўшы галовы ў рукапісы, дыпламаваныя рэдактары і карэктары, адпусціў гузік і працадзіў скрозь зубы сваё ўлюбёнае слоўца: “Хамуты!”

Няўдзячная і рызыкоўная гэта справа — прыдумваць падобныя сустрэчы і гутаркі. Але я ўпэўнены: калі б два класікі сапраўды спаткаліся, то пра забраны ў аднаго і аддадзены другому верш загаварылі б абавязкова. Бо твор гэты — знакавы для Коласа, ён быў водгукам паэта на драпежніцкі падзел Беларусі пасля Рыжскага міру ў 1921 годзе. Ды і ўвогуле, каму з паэтаў такое спадабаецца: было тваё, стала ягоным? Вунь Янка Купала ва Уладзіміра Хадыкі за адзін пазычаны радок ганарар спаганяў, хай сабе і жартоўна. А тут цэлы верш (ды які!) аддалі другому аўтару.

Як жа такое магло стацца? Паспрабуем разабрацца. У падсавецкай Беларусі пабачылі свет дзве кнігі Уладзіміра Жылкі — “Вершы” (1970) і “Пожні” (1986). Абедзве былі складзеныя дасведчаным знаўцам заходнебеларускай літаратуры Уладзімірам Калеснікам. Абедзве невялікія з аб’ёму, яны і не прэтэндавалі на ахоп усёй рознажанравай літаратурнай спадчыны паэта. Не ўзнікала ў чытача асаблівых прэтэнзіяў і да нешматлікіх, але прыкметных купюраў у Жылкавых тэкстах — прыкладам, у паэме “Уяўленне”. Што ж, “быў час, быў век, была эпоха”, калі і выдаўцамі, і рэдактарамі, і аўтарамі кіравалі з сумнавядомай установы, менаванай Галоўлітам. Чытачы разумелі: раз купюра зробленая — значыць, так яно і павінна быць. Да пары да часу.

У пачатку 1990-х гадоў вершы Жылкі былі ўключаныя ў школьныя праграмы, і сама сабой паўстала праблема аднаўлення тэкстаў. Я тады працаваў намеснікам галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” і пры падрыхтоўцы твораў Жылкі да публікацыі звярнуўся да “Уладзіміра Калесніка з канкрэтнай просьбай — аднавіць першапачатковы тэкст у “Вершах аб Вільні”, адкуль была выкасаваная страфа. Адказ шаноўнага прафесара збянтэжыў: “А ці варта гэта рабіць?” Пасля колькіхвіліннай тэлефоннай дыскусіі прафесар пагадзіўся, што варта, і ў “Вершах аб Вільні” з’явілася адсутнае чатырохрадкоўе:

Ў жыдоўскім гета дробязь, клопаты
І аб Сіёне сны ў туман,
І гэткі ж сум, і тыя ж допыты
Вядуць таполі базыльян.

Пасля распаду савецкай імперыі і ператварэння ўсёмагутнага беларускага Галоўліта ў шараговае ўпраўленне ва ўстанове пад назвай Дзяржкамдрук (Дзяржкумдруг — як часам называлі яе ў пісьменніцкіх колах) наспела новае выданне твораў Жылкі. Калі яно ў 1996 годзе з’явілася, я найперш паглядзеў, ці на месцы тое адноўленае “жыдоўскае гета”. Гета было на месцы, але ў вернутай з забыцця страфе адзін з радкоў быў перайначаны. Мяне гэта насцярожыла, я пагартаў кнігу і ўбачыў у ёй той самы верш Якуба Коласа “Беларускаму люду”. Паўтаруся — убачыў у кнізе Уладзіміра Жылкі.

А паколькі гэтым разам усчынаць дыскусію не было з кім — Уладзімір Калеснік, на вялікі жаль, ужо адышоў у лепшы свет, — то я пайшоў у Акадэмічную бібліятэку і замовіў прыжыццёвыя выданні Жылкі — “На ростанях” (1924) і “З палёў Заходняй Беларусі” (1927). Параўнаўшы іх тэксты з выдадзенымі ў “Мастацкай літаратуры”, я быў проста шакаваны. У многіх вершах былі замененыя словы, некуды пазнікалі асобныя радкі і цэлыя строфы, чыёйсьці зламыснаю рукою без відочнай патрэбы была парушаная аўтарская пунктуацыя. Пасядзеўшы пару дзён у бібліятэцы, я налічыў 575 (!) брутальных умяшанняў у аўтарскі тэкст. Прызнаюся, нічога падобнага я раней не бачыў. Пачаткоўцаў у рэдакцыях правяць больш ашчадна, чым гэта было зроблена з Уладзімірам Жылкам у дзяржаўным выдавецтве!

Так, у вершы “Палімпсест” на месцы “народнага духу” аднекуль узнік “працоўны дух”, у вершы “Сёмуха” “паўбітыя бярозкі” зрабіліся чамусьці “вясёлымі”. У вершы “Дарма, што значны раны…” словазлучэнне “душа Яе ў палон” загучала, як “душа ў яе палон”. Гэта ў матэматыцы ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца, а ў паэзіі змяняецца не толькі сума, але і сэнс.

У вершы “Бяспынна, глуха процьма часу…” не толькі “бяздушны” заход стаў “бясшумным”, але і ўзнік няўцямны неалагізм “радзімей” на месцы слова “балючай”. У вершы “Летунковасць, нерашучасць…” словазлучэнне “юнаку было прынадна” няўзнак перакінулася ў “юнаку была прынада”, а аўтарская “напеўнасць” стала “няпэўнасцю”. (Як тут не прыгадаць пацешны выступ колішняга сакратара ЦК КПБ Гарбунова ў Саюзе пісьменнікаў: “Броўка вершаў, напеўна, не напіша”).

У вершы “Каму жыццё — атруты келіх…” пяшчотныя “абдоймы” раптоўна змяніліся на ваяўнічыя “абоймы”, а слова “капец” прадказальна ператварылася ў “канец”. У вершы “Наш лёс, бы кат, з рукой забойнай…” вой, які да гэтай пары стаяў “цвёрдакаленна”, раптам паўстаў “цвёрдакаменна”, выклікаючы ў чытацкім уяўленні хіба выяву якога-небудзь выкапнёвага Шклоўскага ідала, а не адважнага ваяра.

У адным з найскладанейшых вершаў Жылкі, у “Альбігойцы”, “авечая цнота” зрабілася “адвечнай”, што дарэшты збівала з панталыку чытача, якому і так нялёгка было разблытваць вузлы асацыяцыяў і гістарычных аналогіяў, якімі літаральна перанасычаны твор. Не пашанцавала і паэме “Уяўленне”. Яе асобныя строфы пасля выдання ў “Мастацкай літаратуры” ўвогуле патрабавалі расшыфроўкі. Прыкладам, як разумець наступныя радкі:

Шырокаю тропай
Ў час гэты з пакус
На мапу Еўропы
Ўзышоў беларус?

З якіх-такіх “пакус” на еўрапейскую мапу вылез беларус, мабыць, добра-такі пакусаны? Глядзім у зборнік “З палёў Заходняй Беларусі”, і ўсё робіцца зразумела — “ў час гэты спакус”, а значыць — у спакуслівы час.

Праз колькі строфаў — новая загадка: “Мой дух не барух”. Разгублены чытач гатовы лезці ў філасофскі слоўнік, мо што падкажа той Барух — па прозвішчы Спіноза. Але Спіноза не падкажа, бо наўрад ці што кеміць у беларускай паэзіі. Падкажа той, хто зірне ў прыжыццёвае выданне: трэба чытаць проста: “Мой дух не патух”.

Не абмінула ліхая доля і найвядомейшы Жылкаў твор — “Тэстамент”, поўная назва якога, дарэчы, гучыць, як “Тэстамент, або Духоўніца, адпісаная Уладзімірам з Адама і Таццяны сынам Жылкавым люду паспалітаму на карысць і спажытак, пісьменству прыгожаму на росквіт і аздобу”. Гэткі падзагаловак вымагаў бездакорнага пісьма, а чытач з першых радкоў пачынаў спатыкацца аб няўцямныя словазлучэнні “гуляў у бор” (замест “ганяў”), “баяй бясконца” (замест “буяй”), “спачыцьмуць спакой” (замест “сачыцьмуць”).

Не надта давяраючы “Беларускай газеце”, дзе “Тэстамент” быў упершыню надрукаваны 6 жніўня 1942 году Яўхімам Кіпелем, я праз добрых людзей звярнуўся да сына публікатара — Вітаўта Кіпеля, дырэктара Беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. І неўзабаве атрымаў ад яго копію аўтографа. Параўнаў тэксты — аўтэнтычны нью-ёркскі і мінскі — і налічыў ажно 35 памылак і недакладнасцяў!

На гэтым мае сумныя “адкрыцці” не спыніліся. З некаторых твораў з невядомай прычыны былі выкасаваныя цэлыя строфы. Так, у вершы “Ўзысці на вогнішча натхнення…” не ставала чатырохрадкоўя:

Перадбачаць далёкім вокам
І з нестрыванай яснатой
Над хаосам і ночы змрокам
Ўладаць гармонні глыбінёй.

Але найбольш пацярпеў верш “Антону Навіну”, скарочаны напалову — з дзесяці строфаў у кнігу трапілі толькі пяць. Абсалютна незразумела, з якой прычыны, такое ўражанне, быццам проста не хапіла месца на старонцы. На тле такога складальніцка-рэдактарскага самаўпраўства адзін радок, прапалы ў вершы “Будзь бласлаўлёна, мая маладосць…”, здавалася б, невялікая бяда. Але названы верш — унікальны ў беларускай паэзіі. Яшчэ крытык Антон Адамовіч у заўвагах да нью-ёркскага выданьня Жылкавых “Твораў” (1955) выказаў меркаванне, што страфічная схема гэтага верша вынайдзеная самім аўтарам, і прапаноўваў назваць новы від верша ў гонар паэта — жылкай.

І трэба сказаць, што жылка прыжылася-такі ў беларускай паэзіі. Прынамсі, мне вядомы адзін верш, напісаны з выкарыстаннем аналагічнай рыфмоўкі. Гэта “Прыйсце” (1958) Міхася Кавыля. На мой пісьмовы запыт паэт паведаміў, што ён насамрэч свядома напісаў менавіта жылку. А яшчэ дадаў: выкінуць з яе адзін радок — значыць разбурыць усю архітэктоніку. Гэта тое самае, як у класічным санеце пакінуць толькі трынаццаць радкоў…

Скрэсліўшы папраўкамі знявечаныя ў “Мастацкай літаратуры” тэксты Уладзіміра Жылкі, я цвёрда пастанавіў выдаць іх у аўтэнтычным выглядзе. І ў 1998 годзе зграбны Жылкаў томік выйшаў у класічнай серыі “Беларускі кнігазбор”.

Здавалася б, усе наступныя выдаўцы, складальнікі і рэдактары не палянуюцца пры патрэбе ў яго зазірнуць. Паленаваліся. Два гады таму тая ж “Мастацкая літаратура” выдала чарговае выбранае шматпакутнага Жылкі пад назвай “Матылі”. І што там убачыў чытач? Той жа верш Якуба Коласа “Беларускаму люду”, той жа знявечаны “Тэстамент”, таго ж невядома кім “пакусанага” беларуса, таго ж “цвёрдакаменнага” воя і дзясяткі іншых згаданых і не згаданых раней памылак. Плюс да ўсяго, Жылку прыпісалі яшчэ адзін чужы верш — “Пры Roentgen” чэшскага паэта Іржы Волькера…

Пры гэтым складальнік-інкогніта (імя ў выходных дадзеных не пазначанае) не пасаромеўся напісаць, што кніга друкуецца паводле “кнігазбораўскіх” “Выбраных твораў”. Як складальнік і аўтар прадмовы да таго выдання я мушу канстатаваць: гэта няпраўда. Скажу болей: выдавецтва “Мастацкая літаратура”, так свавольна абышоўшыся са спадчынай Уладзіміра Жылкі, не толькі зняважыла ягоную памяць, але і ўчыніла злачынства перад беларускай літаратурай.

І вінаватыя ў такім (паўторным!) зневажанні класікі мусілі б панесці адказнасць. Рэдактар, які не можа адрозніць Якуба Коласа ад Уладзіміра Жылкі (паэтаў абсалютна непадобных), і карэктар, які пакутуе на моўную глухату, адназначна заслугоўваюць прафесійнай дыскваліфікацыі. Такіх на гарматны стрэл нельга дапускаць да выдавецтва.

З часу першага злачынства прайшло ўжо пятнаццаць гадоў, з часу другога — два гады. І што? Аніхто аніякай адказнасці не панёс. Усё — шыта-крыта.

Уладзімір Жылка, якога крытыка 20-х гадоў называла другім Багдановічам, не вярнуўся са сталінскага Гулагу. Ён памёр ад туберкулёзу 1 сакавіка 1933 году ў горадзе Уржум Кіраўскай вобласці. Праз трыццаць гадоў — у красавіку 1961-га — Вярхоўны Суд БССР рэабілітаваў паэта. Але рэпрэсіі супраць яго працягваюцца і ў нашыя дні. У сумнавядомыя 30-я гады паэтаву лірыку нявечыла бальшавіцкая цэнзура, нацдэмаўскую крамолу вышуквалі ў ёй крытыкі Тодар Глыбоцкі і Лукаш Бэндэ. Сёння іх ролю, як бачым, выконвае прызначанае для “чэсных” пісьменнікаў дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
паводле nn.by

Чытайце таксама

917