№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Максімюк: Ёсць такая мова

26 верасня 2011

Ян Максімюк: Ёсць такая мова
З мовамі, па-мойму, сітуацыя на гэтым свеце выглядае не лепш, чым з жанчынамі і балотамі. У кожным разе, не менш складана.

Роўнасці няма

У Еўрасаюзе 23 афіцыйныя мовы. Нават ірландская, на якой самым ірландцам гаварыць не ўдаецца, у Брусэлі таксама афіцыйная. Але, зразумела, нікому там не прыходзіць у галаву весці сесію Еўрапарламента або паседжанне Рады міністраў Еўрасаюза на ірландскай, балгарскай або фінскай, не кажучы пра мальтыйскую.

Такія еўрапейскія форумы вядуцца наогул на ангельскай або французскай, зрэдку на нямецкай. А на іншыя мовы перакладаюць сінхронныя перакладчыкі. Дый тое не заўсёды, бо кваліфікаваных перакладчыцкіх сілаў не хапае на ўсе захады. Вось дыскусія па правах чалавека ў Беларусі, якую правялі еўрапейскія дэпутаты 15 верасня ў Страсбуры, вялася больш чым на 10 мовах, у тым ліку фінскай, венгерскай, партугальскай, румынскай, нідэрландскай, славацкай і чэшскай, не кажучы пра польскую. Але ў відэатрансляцыю сінхронныя пераклады не былі ўключаныя. А мне трэба было напісаць на сайт нашага радыё справаздачу з гэтай дыскусіі. Я напісаў, але й сёння не ўпэўнены, прапанавалі еўрадэпутаткі з Партугаліі і Фінляндыі выказаць пашану кіраўніцтву Беларусі альбо асуджэнне за яго падыход да вырашэння праблемы правоў чалавека... Цяжка было разабрацца...

...і роўнасць немагчымая ў прынцыпе

Калі прымуць Беларусь і Украіну ў Еўрасаюз, то беларускую і ўкраінскую зробяць там афіцыйнымі мовамі? А што з рускай?

Дзе, у прынцыпе, тая мяжа, за якою шматмоўнасць стаецца перашкодай, а не дапамогай на шляху ўзаемнага паразумення?

Ці зможа Еўрасаюз дазволіць сабе падтрымку, скажам, 30 афіцыйных моваў? Наўрад ці.

А дарэчы, колькі моваў наогул існуе на гэтым свеце?

На свеце 7358 моваў

Аказваецца, ёсць на свеце інстытуцыя, якая вядзе глабальную моўную статыстыку і трымае базу дадзеных пра ўсе мовы, жывыя, мёртвыя і штучна створаныя.

Гэтая інстытуцыя называецца SIL International. Раней абрэвіятура SIL расшыфроўвалася як Summer Institute of Linguistics, але цяпер ужо так не расшыфроўваецца. Я не ведаю, як.

SIL International узнікла як хрысціянская мовазнаўчая арганізацыя, асноўным заданнем якой было спрыянне перакладам Бібліі на тыя мовы свету, на якія гэтую кнігу яшчэ не пераклалі.

SIL International перыядычна выдае даведнік, які называецца Ethnologue: Languages of the World. Інтэрнэт-версію гэтага даведніка можна знайсці тут.

Апошняе, шаснаццатае, выданне Ethnologue з’явілася ў 2009 годзе. Якраз паводле гэтага выдання мы тут падаем колькасць афіцыйна ідэнтыфікаваных моваў на зямлі — 7358. У выданні пятнаццатым, за 2005 год, гэтая колькасць была 6912, а ў чатырнаццатым, за 2000 год, — 6809.

Значыць, колькасць моваў на свеце павялічваецца?

Колькасць ідэнтыфікаваных моваў — так. Але насамрэч, як мяркуюць лінгвісты, агульная колькасць моваў на зямлі змяншаецца — з хуткасцю дзве мовы за месяц.

ISO 639-3

У 2002 годзе арганізацыя SIL International пачала супрацоўнічаць з міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі, International Organization for Standartization. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стала выпрацаванне сістэмы трохлітарных кодаў для адназначнай ідэнтыфікацыі кожнай асобнай мовы на свеце. Гэтая сістэма мае назву ISO 639-3.

Беларуская мова ў сістэме ISO 639-3 мае код bel, польская — pol, ангельская — eng. А, напрыклад, мова ghotuo (Нігерыя) мае код aaa, а мова papiamentu (нідэрландскія Антыльскія астравы) — код pap.

Канечне, самым цікавым і адначасова спрэчным ва ўсім гэтым занятку з’яўляецца пытанне крытэраў, паводле якіх вызначаецца адрознасць дадзенай мовы ад іншых.

Кажучы вельмі каротка, стандарт ISO 639-3 базуецца на трох агульных перадпасылках:

1. Два віды мовы могуць быць залічаныя да адной мовы, калі носьбіты аднаго віду разумеюць другі від без патрэбы яго вывучэння.

2. Два віды мовы, узаемна незразумелыя для іх носьбітаў, могуць быць залічаныя да аднае мовы, калі існуе агульная літаратура або агульная этналінгвістычная ідэнтычнасць гэтых носьбітаў.

3. Два віды мовы, узаемна зразумелыя для іх носьбітаў, могуць быць залічаныя да розных моваў, калі існуе выразная адрозная этналінгвістычная ідэнтычнасць сярод гэтых носьбітаў.

Пункт 1 можна аднесці да чыста лінгвістычнага крытэру, а пункты 2 і 3 бяруць пад увагу гэтак званыя сацыялінгвістычныя чыннікі. Інакш кажучы, мова лічыцца асобнай, калі ў першую чаргу так пра яе думаюць зацікаўленыя носьбіты, а не мовазнаўцы з той або іншай акадэміі навук.

Калі грунтавацца толькі на пункце 1, то беларускую і ўкраінскую выпадала б ідэнтыфікаваць як віды аднае мовы — макрамовы, паводле тэрміналогіі Ethnologue — якую можна было б пайменаваць палескай або падляшскай, напрыклад :) Бо беларусы і ўкраінцы выдатна разумеюць адно аднаго без перакладчыкаў і слоўнікаў. Нехта падлічыў, што слоўнікавы запас гэтых дзвюх моваў супадае на 84 адсоткі. Можна, як той казаў, абысціся без астатніх 16 адсоткаў, замяніўшы іх узаемна зразумелымі сінонімамі.

Для падляшскай — pdl?

Падляшская мова як адрозная ад украінскай і беларускай — гэта, зразумела, выпадак, апісаны ў пункце 3.

Па-падляшску гавораць людзі, якія залічаюць сябе наогул да беларусаў, а не да ўкраінцаў. І людзі гэтыя дакладна разумеюць, што мова ў іх адрозная як ад беларускай, так і ад украінскай. У трох гмінах на Падляшшы мясцовыя дэпутаты ўвялі як дапаможную ў кантактах з насельніцтвам не “беларускую мову”, а “мову беларускай нацыянальнай меншасці”. Адчуйце розніцу, як той казаў.

Значыць, у наяўнасці выразная адрозная этналінгвістычная ідэнтычнасць носьбітаў падляшскай мовы. Інакш кажучы, падляшы/падляшукі — гэта этнічныя беларусы з небеларускай роднай мовай. І ўсё.

Падлешукам толькі не шанцавала з назвай для свае мовы. Хоць ёсць і слоўнікі, і літаратура на гэтай мове, аднак агульнапрынятай назвы ўсё яшчэ няма.

У 2005 годзе з’явіўся на Падляшшы дзядзька (ён жа і аўтар гэтага тэксту), які сказаў, што “мова наша завецца падляшскай, а не беларускай і не ўкраінскай”. І што далейшае трыванне беларускасці на Падляшшы залежыць ад трывання падляшскай мовы перш за ўсё, а не беларускай.

Просьба аб наданні падляшскай мове коду pdl у сістэме стандарту ISO 639-3 была пададзеная мною ў канцы 2010 году. Рашэнне мае быць прынятае ў пачатку 2012 году.

Сам па сабе трохлітарны код pdl, калі б ён быў нададзены падляшскай мове, наўрад ці палепшыць моўную сітуацыю беларусаў Падляшша, якія вельмі хутка паланізуюцца. Але ён стварыў бы пэўныя закрытыя да гэтай пары магчымасці для падляшскай мовы. Напрыклад, можна было б адкрыць Вікіпедыю на падляшскай. І можна было б нарэшце спыніць дыскусіі ў фармаце “дакажы, што ты не вярблюд” на тэму, існуе падляшская мова ці не...

Падляшская мова існуе для мяне і без міжнароднага коду pdl. І што яшчэ важнейшае — яна існуе і для іншых людзей на Падляшшы.

У ліпені сёлета ў мясцовасці Шчыты на Падляшшы адбылася гістарычная падзея для польскіх беларусаў — сіламі падляшскіх беларусаў была пастаўленая першая прафесійная п’еса. На падляшскай мове.

Калі такія рэчы ўсё яшчэ магчымыя, змаганне за беларускую тоеснасць на Падляшшы яшчэ не прайгранае.
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

452