№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Памёр Вацлаў Гавал

18 снежня 2011

Памёр Вацлаў Гавал
Вацлаў Гавал нарадзіўся 5 кастрычніка 1936 у вядомай пражскай прадпрымальніцка-інтэлігенцкай сям’і. Пасля камуністычнага перавароту 1948 г. палац і кінастудыя былі нацыяналізаваныя, а сям’я Гаўлаў трапіла ў няласку рэжыму, у выніку чаго маладому Вацлаву было знемагчымлена навучанне на гуманітарных спецыяльнасцях чэхаславацкіх ВНУ. Пасля вайсковай службы (1957—1959) ён пачаў працаваць рабочым сцэны. У адліжныя 60-я Гавал здолеў паступіць на завочнае аддзяленне пражскай Акадэміі мастацтваў, а ў 1964 г. была ажыццёўленая дэбютная пастаноўка адной з яго першых п’есаў “Свята ў садзе” (Zahradní slavnost; па-беларуску — у зборніку: “Пры зачыненых дзвярах”. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995, пераклад Лявона Баршчэўскага). З надыходам Пражскай вясны Вацлаў Гавал актывізуе сваю грамадскую чыннасць, сярод іншага ён узначальвае Клуб незалежных пісьменнікаў, робіцца сябрам Клубу заангажаваных беспартыйцаў, піша чарговыя п’есы. Па задушэнні Пражскай вясны Гавал быў змушаны пакінуць тэатр. У 1978 Гавал — сярод заснавальнікаў Камітэту абароны несправядліва пераследаваных, піша чарговае праграмнае эсэ “Сіла бяссільных” (Moc bezmocných). Улады камуністычнай Чэхаславакіі не маглі пакінуць без увагі ягоную актыўнасць: Вацлаў Гавал адседзеў за кратамі тры тэрміны агульнай працягласцю амаль 5 гадоў. У часе Аксамітнай рэвалюцыі Гавал стаўся адным з яе лідараў і па яе паспяховым завяршэнні быў абраны прэзідэнтам Чэхаславакіі, а ў 1993 г., пасля “мірнага разводу” Чэхіі і Славакіі, — прэзідэнтам Чэшскай Рэспублікі, прабыўшы на гэтай пасадзе два тэрміны.

Сышоўшы ў 2003 з палітыкі, Вацлаў Гавал застаўся аўтарытэтнай фігурай, да меркаванняў якой прыслухоўваліся чыноўнікі найвышэйшых рангаў як у Чэшскай Рэспубліцы, так і за мяжой. Разам з тым, у яго зноў з’явіўся час для літаратурнай, найперш драматычнай, творчасці. Агулам Вацлаў Гавал напісаў амаль два дзясяткі п’есаў (акрамя ўжо згаданага вышэй “Свята ў садзе” на беларускую мову перакладзеная “Аўдыенцыя” (Audience / “Крыніца”, 1997, № 1 (27), пераклад Ірыны Шаблоўскай)). П’есу Вацлава Гаўла “Пратэст” пераклаў для часопіса “ПрайдзіСвет” Сяргей Сматрычэнка.

За сваю літаратурную, грамадскую і палітычную дзейнасць Вацлаў Гавал атрымаў мноства міжнародных узнагародаў, неаднаразова вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру. У 2008 ён зрабіўся ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру.
паводле prajdzisvet.org.

Чытайце таксама

404