№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

“Уліса” выпусцілі на волю

19 студзеня 2012

“Уліса” выпусцілі на волю
Паводле закону, які дзейнічае ў большасці краін Еўропы, тэрмін дзеяння аўтарскага права разлічваецца па формуле “ўсё жыццё плюс семдзесят гадоў пасля смерці”. Гэта значыць, што са студзеня 2012 году “на волю” выходзяць творы пісьменнікаў, якія памерлі ў 1941-м, — Вірджыніі Вульф, Марыны Цвятаевай, Аркадзя Гайдара, Рабіндраната Тагора, філосафа Анры Бергсона, антраполага Джэймса Фрэзера. А таксама Джэймса Джойса, які памёр 71 год таму — 13 студзеня 1941.

Выпадак з Джойсам асаблівы. Спадчыннікі пісьменніка вядомыя сваёй выключнай незгаворлівасцю ва ўсім, што звязана са спробамі інтэрпрэтаваць тэксты ірландскага класіка, незалежна ад таго, ідзе гаворка аб пераносе тэкстаў Джойса на сцэну, адаптацыі іх для патрэбаў масавай культуры ці навуковым вывучэнні. Скандал сусветнага маштабу здарыўся ў чэрвені 2004-га, калі ўнук пісьменніка Стывен дамогся забароны на публічнае чытанне фрагментаў “Уліса” на свяце Bloomsday у Дубліне (тады Bloomsday хацелі правесці з асаблівым размахам — з нагоды стагоддзя апісаных у рамане падзеяў). У музычным свеце добра вядомы выпадак брытанскай спявачкі Кейт Буш, якая больш за дваццаць гадоў, з канца 1980-х, чакала ад Стывена Джойса дазволу ўключыць цытаты з маналогу Молі Блум у сваю кампазіцыю (дазвол — у выглядзе выключэння — быў атрыманы вясной 2011-га, тады ж “блумаўскі” трэк Flower of the Mountain увайшоў у яе альбом Director's Cut).

Апошні па часе гучны скандал з удзелам Стывена Джойса таксама датуецца 2011 годам. Тады суд абавязаў спадчынніка пісьменніка выплаціць $240 тыс. кампенсацыі выкладчыку Стэнфардскага ўніверсітэта Кэрал Шлос — у такую суму была ацэненая маральная шкода даследчыцы, якая яшчэ ў 1996 годзе атрымала забарону на цытаты з вершаў Джойса ў навуковай працы.

У студзені 2012-га многія тэатры, перш за ўсё ў англамоўных краінах, плануюць абвясціць пра будучыя прэм'еры паводле твораў Джойса, а новыя навуковыя і біяграфічныя даследаванні таксама, відавочна, не прымусяць чакаць.
паводле mn.ru

Чытайце таксама

359