№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Да Дня роднай мовы: выратаванне — у сацыяльных сетках?

21 лютага 2012

Да Дня роднай мовы: выратаванне — у сацыяльных сетках?
Атлас “Мовы свету ў небяспецы”, складзены ЮНЕСКА, аднёс беларускую да “слабых”. Гэткі ж статус маюць такія мовы, як латгальская ў Латвіі, ніжнесаксонская ў Германіі і башкірская ў Расіі.

Аднак лінгвісты нядаўна заўважылі пазітыўную тэндэнцыю: мовы пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і sms, “каб пашырыць сваю ролю і прысутнасць сярод іншых моваў свету”. Пра гэта гаворыць прафесар лінгвістыкі і сябра Нацыянальнага геаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі Дэвід Харысан, перадае BBC.

“Цяпер мы заўважаем пазітыўнае ўздзеянне глабалізацыі. Мова, на якой размаўляе толькі 50 чалавек у аддаленым пункце свету, атрымлівае шанец быць пачутай у сусветным маштабе”, — лічыць прафесар.

Да прыкладу, індзейцы Паўночнай Амерыкі карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі для адраджэння цікавасці сярод моладзі да роднай мовы. А ў Туве ў Расіі стварылі дадатак для айфона, з дапамогай якога можна праверыць вымаўленне словаў на тувінскай мове. Тувінская мае такі самы статус “слабой”, як і беларуская.

Адзін з носьбітаў такіх гаворак Альфрэд Лэйн размаўляе на мове Сілэтс Ды-іні, якая была распаўсюджаная сярод індзейцаў у штаце Арэгон у ЗША.

“Да нас прыйшлі лінгвісты, якія вызначылі, што нашая мова асуджаная на знікненне. Але ўсё племя і нашая рада вырашылі, што гэтага не будзе. І мы распрацавалі план па адраджэнні мовы ў даліне Сілэтс”, — кажа ён.

Індзейцы змагаюцца за захаванне сваёй мовы праз стварэнне электронных аўдыёслоўнікаў, а таксама з дапамогай сацсетак.

Прафесар Харысан кажа, што не ўсе мовы здолеюць выжыць нават з дапамогай Facebook, многія з іх знікнуць са смерцю апошніх носьбітаў. Адбудзецца гэта ўжо праз тры-чатыры пакаленні.

Аднак, на яго думку, новыя лічбавыя тэхналогіі дапамогуць захаваць многія рэдкія мовы, якія яшчэ некалькі гадоў таму, падавалася, не мелі шанцаў на выжыванне.
паводле generation.by

Чытайце таксама

416