Паўмільёна рэдкіх французскіх кніг стануць агульнадаступнымі
7 сакавіка 2012
Як піша швейцарская газета Le Temps, на праект ужо выдзелена 30 мільёнаў еўра. Аўтары кніг, якія трапілі ў спіс, робяцца ўдзельнікамі праекту “па змоўчанні”, але могуць адмовіцца цягам шасці месяцаў. Новаўвядзенне выклікала абурэнне французскіх выдаўцоў. Напярэдадні галасавання, падчас якога вырашаўся лёс закона, у інтэрнэце з'явілася петыцыя пад назвай “Аўтарскія правы мусяць застацца неад'емнымі”, напісаная групай праваўладальнікаў і аўтараў.
Аўтары петыцыі сцвярджаюць, што новы закон уводзіць двайныя стандарты ў дачыненні да інтэлектуальнай уласнасці і нават парушае аўтарскія правы, бо праваўладальнікі фактычна пазбаўляюцца магчымасці вырашаць лёс кніг, якія яшчэ не сталі грамадскім набыткам (у Францыі, як і ў многіх іншых краінах, гэта адбываецца праз 70 гадоў пасля смерці аўтара). Калі праваўладальнік вырашыць перавыдаць кнігу ў новай версіі, яе лічбавая копія створыць канкурэнцыю новаму прадукту. Французскія пісьменнікі і выдаўцы заклікалі ўрад разглядаць дамовы з праваўладальнікамі, перш чым пераходзіць да аблічбоўкі кніг.
Нягледзячы на пратэсты, закон быў прыняты. Уладальнікам аўтарскіх правоў паабяцалі выплачваць узнагароджанне і даць права накласці вета на продаж лічбавых копій кніг.
Варта адзначыць, што многія прадстаўнікі французскай інтэлектуальнай эліты ацанілі новаўвядзенне станоўча, бо яно спрыяе барацьбе з пірацтвам, да таго ж, больш за паўмільёна рэдкіх кніг зробяцца даступнымі ўсім зацікаўленым чытачам: аблічбаваныя выданні трапляюць у цэнтральную базу дадзеных усіх французскіх бібліятэк.