№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альгерд Бахарэвіч: Я хутчэй канструюю свет, чым вяду чытача да чагосьці.

22 сакавіка 2012

Альгерд Бахарэвіч: Я хутчэй канструюю свет, чым вяду чытача да чагосьці.

— Чаму ты выдаеш раман ў “Галіяфах”? Логвінаў не пакрыўдзіўся, калі ты сышоў?


— Зміцер Вішнёў зрабіў мне прапанову, ад якой я не змог адмовіцца. Але ніякіх крыўдаў няма. У мяне добрыя адносіны з абодвума выдаўцамі. Раней я і праўда “выходзіў” у Логвінава, але гэта ўжо другая кніжка ў “Галіяфах”. Вырашыў папрацаваць з іншым выдаўцом, гэта нармальная з’ява. І зусім не выключана, што наступная мая кніжка выйдзе ў Логвінава, а потым — зноў у “Галіяфах”. Хачу дадаць, што Зміцер — мой стары сябар, мы з ім знаёмыя яшчэ з часоў першай “літаратурнай рэвалюцыі” пачатку дзевяностых. Ігара я ведаю трошкі менш, але спадзяюся, што будзем супрацоўнічаць.


— Ты зарабіў на выданні кніжак што-небудзь, хоць сто даляраў? Можа, агучыш суму?


— Не, сумы агучваць не буду, гэта вельмі прыватная справа. Але з кожнай прададзенай кніжкі я атрымліваю працэнт. І сума, якая атрымалася ў выніку, даўно перасягнула мяжу ў сто даляраў, бо кніжак я выдаў шмат. Наогул на дадзены момант я зарабляю толькі тым, што пішу. Я даўно ўжо, мусіць, гадоў сем, нічога не раблю бясплатна. І кожнае слова, напісанае мной, прыносіць мне грошы. Усё большыя і большыя. Акрамя стварэння кніжак я пішу для Радыё “Свабода” “Гамбургскі рахунак”, вяду калонку для чэшскага часопіса “Гост” — “Дзённік пісьменніка”. Потым ёсць такая рэч, як пераклады, яны таксама прыносяць грошы. Нарэшце, існуюць літаратурныя чытанні — я проста еду і чытаю тое, што напісаў. І, безумоўна, усё гэта аплачваецца. Пра мяне ходзяць чуткі, што я палітуцякач, што жыву на гранты… Хачу падкрэсліць, што гэта лухта. Калісьці я сапраўды атрымліваў розныя замежныя стыпендыі, але палітуцекачом ніколі не быў і не атрымаў за сваё жыццё ніводнага гранту. Цяпер я зарабляю толькі літаратураю.


— Пытанне пра тваю пісьменніцкую ідэнтычнасць. Я нядаўна бачыў візітоўку аднаго паважанага пісьменніка. На ёй было напісана імя, прозвішча і слова “паэт”. А што б ты напісаў на сваёй візітоўцы?


— Я ненавіджу візітоўкі, у мяне ніколі іх не было і не будзе. Што да тэмы, то калі на візітоўцы напісана “паэт”, гэта выглядае смешна. Гэта гучыць вельмі пафасна. Але калі б я казаў пра сябе, я б сказаў, што я, Альгерд Бахарэвіч, — беларускі пісьменнік. Я маю права так казаць, гэта мой асноўны занятак, я не ўкладваю ў слова “пісьменнік” пафасу. Я проста пазначаю сваю прафесію… чаго тут саромецца.


— Ты сказаў, што ты беларускі пісьменнік. “Беларускі” тут важнае слова?


— Так. Магчыма, каб я жыў у Беларусі, гэта не было б так істотна, але мне важна паказаць, што, жывучы ў Гамбургу, я застаюся менавіта беларускім пісьменнікам, бо не выракся сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. У наш час, калі ёсць інтэрнэт, можна жыць дзе заўгодна. І прыкладна ўяўляць сабе, што адбываецца на радзіме. Прыкладам, я чытаю ўсю сваю фрэндстужку і здагадваюся, што тут змянілася, пра што тут людзі думаюць. Да таго ж я два-тры разы на год бываю ў Беларусі. Праўда, у кожны прыезд сюды я пачуваюся хутчэй такім сабе інтурыстам. Прыехаў, паглядзеў, паехаў… У чымсьці я сапраўды зрабіўся ахвярай. Я страціў адчуванне карэння, адчуванне таго, што ты ўрос у гэтую зямлю, што куды б ты ні пайшоў, яна цябе ўсё роўна верне на месца. Гэтага ў мяне цяпер няма. Я пачуваюся чалавекам без карэння. Я б хацеў падкрэсліць, што людзі, якія жывуць у Беларусі, якія нікуды не з’язджалі, будуць мець права сказаць, калі скончацца цёмныя часы: “Я ў гэты час быў тут. Я перажыў гэта. Цяпер мая радасць чыстая і заслужаная. І я маю права святкаваць перамогу”. І калі цёмныя часы скончацца, я таксама буду святкаваць перамогу. Але, мабыць, не адчую ўсяго таго, што адчуюць яны. І гэта страшна.


— Што да цёмных часоў… ты пісьменнік-аптыміст ці песіміст?


— Я не мыслю ў такіх катэгорыях, гэта спрошчаны погляд. “Усё будзе кепска”, “Усё будзе добра” — я стараюся не рабіць ніякіх высноваў. Мне падабаецца пісаць: пра людзей, якіх я бачыў, якіх прыдумаў, падабаецца да драбніцаў прадумваць сваіх персанажаў. Я не хачу выглядаць нейкім прарокам, я занадта слабы для гэтага. Я проста хачу паставіць словы ў тым парадку, у якім яны будуць выглядаць прыгожа і ў якім яны яшчэ ніколі не стаялі. Пішу тэксты я звычайна так. Спачатку прыдумляю, пра што будзе тэкст, прадумваю нейкую кампазіцыю. Але для мяне важней не “пра што”, а “як”. Самае цікавае тое, што адбываецца падчас пісьма, у працэсе “абрастання тэксту скураю” — звычайна ў выніку атрымліваецца не тое, што планавалася спачатку. То бок калі ты пачынаеш думаць пра тое, як усё напісаць, гэта змяняе першапачатковую задуму. Змяняецца і сам “шкілет”, змайстраваны табой. Я хутчэй канструюю свет, чым вяду чытача да чагосьці. Разумееш, пра што я?


Чытаць цалкам.
паводле budzma.org

Чытайце таксама

334