№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Выказванні Нобелеўскага лаўрэата пра Біблію пакрыўдзілі каталікоў

21 кастрычніка 2009

Выказванні Нобелеўскага лаўрэата пра Біблію пакрыўдзілі каталікоў
Выступаючы падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі “Каін” (Caim), якая ўяўляе сабой іранічны пераказ біблейнай гісторыі Каіна, сына Адама і Евы, Жазэ Сарамагу заявіў, што грамадства, магчыма, было б лепшым без Бібліі. Прадстаўнікі рыма-каталіцкай царквы назвалі яго выказванні “рэкламным ходам”.

“Біблія – гэта падручнік па амаральнасці, што мае моцны ўплыў на нашу культуру і нават на лад нашага жыцця. Без Бібліі мы былі б іншымі і, магчыма, лепшымі людзьмі”, – перадае яго словы агенцтва навінаў Lusa. Таксама Сарамагу раскрытыкаваў “жорсткага, зайздроснага і невыноснага Бога, які існуе адно ў нашых галовах”. Аднак ён не лічыць, што яго кніга ў нейкай ступені можа абразіць каталікоў, “таму што яны не чытаюць Біблію”. “Яна можа абразіць габрэяў, але гэта для мяне няважна”, – дадаў ён.

Айцец Мануэль Маружау, прэс-сакратар Епіскапскай канферэнцыі Партугаліі, даў наступную ацэнку выказванням раманіста: “Такі пісьменнік, як Сарамагу, мае поўнае права на крытыку, аднак абразы яшчэ нікому не дадавалі гонару, асабліва лаўрэату Нобелеўскай прэміі”.

Рабін Эліезэ Марцінэ, прэс-сакратар габрэйскай грамады ў Лісабоне, таксама пракаментаваў словы пісьменніка наконт габрэяў, адзначыўшы, што габрэйскі свет не будзе шакаваны ні творамі Сарамагу, ні каго-небудзь іншага. “Сарамагу не ведае Бібліі, – сказаў рабін, – ён разумее яе адно павярхоўна”.

Рэлігійны скандал з удзелам Жазэ Сарамагу ўжо меў месца раней. Тады прычынай сталася яго “Евангелле ад Ісуса”. Кніга выяўляла, як Хрыстос страчвае цнатлівасць з Марыяй Магдаленай, а Бог выкарыстоўвае яго для таго, каб кіраваць светам.
паводле independent.co.uk

Чытайце таксама

474