№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Якуб Лапатка

Мая Калевала

25 лютага 2010

Мая Калевала

 

Часта, як аргумент аб непаўнавартасці беларускай мовы, прыводзяць довад, што няма па-беларуску ні Дон Кіхота (Фядута ў гутарцы са Скоблам), ні Раланда, ні тэрміналогіі. Мушу сказаць, што была ў нас выдатная серыя “Бібліятэка замежнай прозы”, дзе друкаваліся і французскія, і нямецкія, і ангельскія пісьменнікі ў перакладзе таленавітых перакладчыкаў накшталт таго ж Л. Баршчэўскага ці З. Коласа. Была і серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”, але ў парадку барацьбы з мовай усё было зліквідавана. А пераклады паэзіі такіх – не пабаюся таго слова – геніяльных перакладчыкаў як Васіль Сёмуха ці Рыгор Барадулін? Самы глухі той, хто не хоча пачуць.

Яшчэ часцей кажуць пра адсутнасць навуковай ды іншай тэрміналогіі і ў тым вышукваюць “недаразвітасць” мовы. Я скончыў школу амаль 50 гадоў таму. І скончыў беларускую вясковую школу, дзе руская мова і літаратура выкладаліся як прадмет. А ўсё астатняе мы вучылі па-беларуску: і фізіку Пёрышкіна, Фалеева, Краўкліса, і алгебру з геаметрыяй Кісялёва, і хімію, і ўсё астатняе. І куды ж падзелася тая тэрміналогія? І спасылаюцца на сусветныя прыклады. А гэта ўжо, скажам так, паталагічная недасведчанасць.

Фінская мова стала раўнапраўнай і правадзейнай мовай толькі ў 1863 годзе паводле так званага “моўнага ўказу” Аляксандра ІІ, за што дагэтуль яму стаіць помнік на Сенацкай плошчы ў Хельсінках. А да той пары, нягледзячы на “Калевалу”, мова гэтая лічылася мужыцкай мовай, мовай быдла, мовай, не прыдатнай ні да чога. І довады былі такія ж: няма шэдэўраў, няма тэрміналогіі і зноўку ўсё тое самае, што цяпер кажуць пра беларускую мову. Але тэрміналогія – рэч нажыўная. Цяпер у фінаў ёсць свая тэрміналогія з апорай на рэсурсы менавіта фінскай мовы, міжнародная тэрміналогія толькі пранікае да фінаў, але тут жа адаптуецца пад законы вымаўлення, правапісу ды граматыкі. Тое ж самае і чэхі, якія за кароткі час стварылі сваю тэрміналогію. Пра немцаў і казаць не даводзіцца: там нават няма слова “тэлевізар” як такога, а ёсць “даляглядзец” – Fernseher.

Кожны год 28 лютага фіны адзначаюць дзень “Калевалы”, бо гэтым днём у 1835 годзе першае выданне эпасу паступіла ў друкарню. Яго аддаў туды Эліяс Лёнрут (тут патрабуецца тлумачэнне: Lönnrot – гэта шведскае прозвішча і чытаецца менавіта Лёнрут, у адрозненне ад рускага “Лённрот”. Па-беларуску тады б мусіла быць Лёнрат, але гэта задалёка ад сапраўднага гучання, а транслітарацыя перакруціць яго зусім). Наклад кнігі быў невялікі – недзе 500 асобнікаў. Гэта была скарочаная версія эпасу – 12 078 радкоў. Канчатковая версія “Калевалы” з’явілася ў 1849 годзе і складалася з 22 795 радкоў. Гэта была інфармацыйна-літаратурная бомба. Нямы народ раптам загаварыў мовай высокай паэзіі! І загаварыў ён дзякуючы нястомнай працы збіральніка народных рунаў-спеваў Эліясу Лёнруту (9 красавіка 1802 – 19 сакавіка 1884). Ён нарадзіўся ў сям’і вясковага краўца. Сям’я – як гэта можна заўважыць па прозвішчы – была шведскамоўнай. Але парадокс адраджэння фінскай мовы і заключаецца ў тым, што галоўнымі адраджэнцамі былі фінскія шведы: Рунэберг, Тапеліюс, Партан ды іншыя. У адрозненне ад рускіх, якія жывуць на Беларусі, яны выступалі за роўнасць моваў, валодалі як шведскай, так і фінскай мовамі.

Здольны хлопец змог паступіць ва універсітэт у горадзе Турку, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па фінскім фальклоры, а пасля сканчэння універсітэта ў Хельсінках стаў лекарам. Але яго вабіла філалогія, у прыватнасці фальклор. Ён пачаў збіраць народныя спевы, руны ды галашэнні яшчэ ў студэнцкую пару, вандруючы па Фінляндыі, рускай Карэліі ды Інгерманландыі (сучасная Ленінградская вобласць). Усяго ён зрабіў 11 вандровак, падчас якіх і сабраў матэрыялы для “Калевалы”. Практычна гэта былі сюжэтна не звязаныя руны аб подзвігах Вяйнямёйнена ды іншых фальклорных герояў. Лёнрут апрацаваў запісаныя спевы, надаў ім сюжэтную стройнасць і фактычна стварыў “Калевалу”.

Практычна адразу ж з’явіліся пераклады на іншыя мовы. Першы вершаваны пераклад калевальскім памерам быў зроблены на шведскую мову ў 1850 годзе. Рускі класічны пераклад Лявона Бельскага з’явіўся ў 1888 годзе. Украінскі пераклад Яўгена Цімчанкі – у 1901 годзе. Наш, беларускі, крыху – на 170 гадоў – прыпазніўся, але гэта наўпросты пераклад з фінскай мовы, у той час калі і Бельскі, і Цімчанка карысталіся мовамі-пасярэдніцамі: лацінай, французскай, нямецкай, рускай. Усяго “Калевала” перакладзеная прыкладна на 150 моваў свету.

Калі героямі славутых эпасаў пра Раланда, Нібелунгаў, рыцараў караля Артура і г.д. з’яўляюцца каралі, герцагі, высакародныя рыцары ды паненкі, то дзейныя асобы “Калевалы” – гэта звычайны вясковы люд. І не дзіва, бо гэтыя руны спяваліся не пры дварах магутных валадароў ды высакародных арыстакратаў, а ў цесных хацінах карэлаў ды фінаў, пры святле лучын ды каганцоў.

Давайце кінем позірк на герояў Калевалы.

Вяйнямёйнен – мудрэц, рунапеўца, заклінальнік і чараўнік. Адначасова ён паказваецца і не з найлепшага боку. Нібы паўлін, стары грыб распускае хвост перад дзяўчынай і кідаецца выконваць ейныя дурныя пажаданні, праз што трапляе ў бяду і ледзь не зыходзіць крывёю. А яго ж папярэджвалі: не глядзі ты на тую дзеўку – трапіш у бяду! Куды там! А потым зноў жа праз ягоную ўпэўненасць, што ўсе дзеўкі яго любяць, гіне няшчасная Айна. І малы хлопчык, якому Вяйнямёйнен патрабуе разбіць галаву ды кінуць у балота, у апошняй, 50-й, руне кажа яму аб тым:

 

“Гэй, старэча, безгаловы,

неразумец ты бязглузды,

ты дурны прамовіў вырак,

460 хібна звычай патлумачыў!

Цябе за дурныя дзеі

ды за большыя правіны

ўсё ж не кінулі ў балота,

не разбілі голаў палкай,

465 хаця ты у маладосці

прадаў брата у няволю,

бо хацеў уратавацца,

выкупіцца сам з няволі.

І пазней цябе не знеслі,

470 не закінулі ў балота,

хаця ты у маладосці

маладых тапіў паненак

у марскіх глыбокіх хвалях,

пад вадой у чорнай твані!”

 

Лемінкяйнен – гэта нахабны хвалько, задзірака і бабнік. Незапрошаны ён з’яўляецца на свята, пачынае бойку і... атрымлівае напоўніцу. Толькі маці сваёй любоўю выцягнула яго з пекла Туанелы. Хаця яго таксама прасілі не лезці куды не след. Ён злуецца, што жонка схадзіла на вёску і там крыху павесялілася з іншымі жанчынамі. А сам ён у той час басцяўся немаведама дзе.

Ілмарынен. Каваль-майстра, лепш за якога няма на свеце. І адначасова – баязлівец. У цяжкі момант, замест таго каб смела біцца, ён галосіць, што дарэмна згадзіўся паехаць на гэтай лодцы ў паход.

Ды і сам паход у Пох’ялу па Сампа нагадвае звычайны рэкет. Ілмарынен скаваў гэтае Сампа для гаспадыні Пох’ялы, Лоўхі, у якасці калыма за дзеўку. Яму сумленна аддалі дзяўчыну ў жонкі. І ўсё, квіты. Не, героі сабраліся і падаліся адбіраць чароўны млын. А з якіх такіх жалудоў Лоўхі павінна была з імі дзяліцца? Яна ж разлічылася з кавалём. Не – настойваюць героі – давай дзяліцца, а то забярэм усё. У выніку – нікому нічога, Сампа разбіваецца і патанае ў моры.

Жонка Ілмарынена – дачка Лоўхі. Тыповая паганая вясковая кабета. Ні за што здзекавалася з сіраты Кулерва, падсунула хлопцу камень замест хлеба на полудзень, вось і атрымала ў адказ: той нацкаваў на яе мядзведзя.

Ёўкахайнен. Хвалько, балбатун і зайздроснік. Яму не дае спакою слава Вяйнямёйнена. А потым, каб уратавацца, ён абяцае аддаць сваю сястру ў жонкі старому рунапеўцу. А той і рады. А на справе дзеўка ўтапілася, каб толькі не ісці замуж за дзеда. Але Ёўкахайнен – як, дарэчы, і Вяйнямёйнен – сябе вінаватым не лічыць. Ён помсціць Вяйнямёйнену, хаця маці ўгаворвае яго не рабіць гэтага.

Вось вам шэраг тыповых вясковых жыхароў. На мой погляд, яны болей зразумелыя людзям паспалітым, чым Раланд з кампаніяй. Я сам вырас у вёсцы, жыў вясковым жыццём і да 16 гадоў іншага і не ведаў. Таму, напэўна, мне было, не скажу лёгка, але болей зразумелая вясковая канва эпасу. Апрача таго, там ёсць дэталі, якія проста невядомыя сучаснаму перакладчыку, жыхару горада.

Я не цікавіўся станам беларускай мовы, хаця чытаў і Караткевіча, і Быкава, і Барадуліна, карацей, не грэбаваў мовай і лічыў, што ўсё тут у парадку, мы квітнеем пад сонцам сацыялістычнай радзімы. Маё ператварэннё з Саўлы ў Паўлу ў васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя арганізавалі два чалавекі: Уладзімір Арлоў і Сяргей Сокалаў-Воюш. Арлоў быў тады намеснікам рэдактара наваполацкай гарадской газеты “Хімік”, а Сяргей (тады яшчэ проста Сокалаў) працаваў са мной у адной школе. Не ведаю, хто быў болей здзіўлены – Сяргей, калі ў адказ на сваю беларускую гаворку пачуў ад мяне беларускую мову, ці я, калі пачуў беларускую гаворку ад Сяргея. Потым былі “Крыніцы” – літаратурнае аб’яднанне пры газеце. Рэй там вялі беларускамоўныя творцы: У. Арлоў, С. Сокалаў-Воюш, І. Жарнасек, В. Мудроў ды шмат іншых добрых дзяўчат і хлопцаў, адданых роднай мове і справе яе адраджэння на Беларусі. Па няздольнасці маёй да прыгожага пісьменства хлопцы скіравалі мяне на пераклады. Паводле дыплому Мінскага інстытута замежных моваў я – “іспанец” і “англічанін”. Апрача таго я займаўся рознымі іншымі мовамі: французкай, нямецкай, балгарскай ды яшчэ некалькімі. Вось я ўзяўся перакладаць. Але мая перакладчыцкая манаполія цягнулася нядоўга. У хуткім часе на “Крыніцы” завітаў малады выкладчык Наваполацкага палітэхнічнага інстытута Лявон Баршчэўскі. Ягоная незвычайна шырокая эрудыцыя, добразычлівасць і старасвецкая ветлівасць прыйшліся нам вельмі даспадобы. І, вядома ж, мы з ім пасябравалі, дый як не пасябраваць двум перакладчыкам, двум выпускнікам Мінскага ін’язу? З ягонай падачы я і ўзяўся за фінскую мову. Аргументы на яе карысць былі простыя, як граблі: “іспанцаў”, “немцаў” ды іншых “еўрапейцаў” і без цябе замнога. А вось “фінаў” практычна няма. На жаль, я і дагэтуль застаюся адзіным беларускім перакладчыкам з фінскай мовы.

У той час якраз пачынаўся ўздым – на жаль, вельмі кароткачасовы – беларускага мастацкага перакладу. Выходзілі “Далягляды” і “Братэрства”, “Ветразь” – штогоднікі замежнай літаратуры і літаратуры народаў СССР, выходзіла “Бібліятэка замежнай прозы”, бібліятэчка “Паэзія народаў свету”, арганізоўвалася бібліятэка “Скарбаў сусветнай літаратуры”. І трэба зазначыць, што якасць перакладаў была на вельмі высокім узроўні, бо надзейным фільтрам ад халтуры быў геніяльны беларускі перакладчык Васіль Сёмуха, які працаваў тады ў рэдакцыі замежнай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Я дагэтуль удзячны яму за тыя даволі рэзкія заўвагі ў мой адрас, якія ён рабіў падчас рэдагавання маіх перакладаў.

На здзіў, такія зубры перакладу як Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Карлас Шэрман не чынілі перашкодаў нам, правінцыйным пачаткоўцам, наадварот. З лёгкай рукі Рыгора Барадуліна я некалькі разоў ездзіў у камандзіроўкі ў Карэлію, хаця і не быў сябрам Саюзу пісьменнікаў.

Тады я і пачаў прыглядацца да “Калевалы”. Але шчаслівы збег абставін не даў мне ўзяцца за яе дваццаць гадоў таму. Тады я пераклаў адну руну і цяпер бачу, які гэта быў слабы, недарэчны пераклад. Нават сваю першую кнігу, якую я пераклаў у супольнасці з У. Арловым, цяпер я перакладаў бы зусім іначай. Нездарма Карлас Шэрман даў нам з Лявонам Баршчэўскім даслоўна такую параду: “Хлоцы, зрабіце пераклад і пакладзіце яго на паўгоду пад сраку. А потым перачытайце і самі ўбачыце ўсе свае хібы”.

З тае пары я выдаў сем кніг фінскіх аўтараў, браўся і пераклаў дванаццаць раздзелаў “Дон Кіхота” і яшчэ шмат чаго, а “Калевала” сядзела ў маёй свядомасці, як цвік у боце. Я падступаўся да яе і зноў адыходзіў зняможаны, але паціху нешта пачало атрымлівацца. Праца з Калевалай заняла ў мяне два з паловай гады.

Часам мяне абвінавачваюць у вульгарным падыходзе да шэдэўру, у прыземленасці майго погляду на высокую паэзію. Але маё ўспрыняцце дзейных асобаў эпасу ніякім чынам не прыніжае яго паэтычнасці. На маю думку, менавіта гэтая будзённасць герояў і з'явілася залогам поспеху "Калевалы". Перад літаратурным светам Еўропы замест – як я ўжо казаў – рамантычных рыцараў ды "юнакоў бледных з палаючым зіркам" паўсталі звычайныя вясковыя мужчыны ды жанчыны. Яны не рыцары без страху і заганы, яны звычайныя вяскоўцы-лесавікі. Гэта было адным шокам для літаратурнага свету. Другі – гэта тое, што такіх вось простых мужыкоў, аказваецца, можна ўзвысіць да самых вяршынь паэзіі. Дзівосны "калевальскі" памер вершаў, яго нязвыклая рытміка, багацце мовы і літаратурных тропаў таксама было нечаканасцю. Асабліва тое, што гэтая паэтычная дасканаласць нарадзілася не ў вялікіх сталіцах, не ў заканадаўчых цэнтрах літаратурнай моды, а недзе ў дзікіх лясах "змрочнай Гіпербарэі", дзе ніхто і не чуў ні пра ямбы, ні пра законы вершаскладання. Вось гэтая будзённасць герояў у спалучэнні з нябачанымі паэтычнымі сродкамі і ставіць "Калевалу" ў адзін шэраг з самымі выбітнымі паэтычнымі творамі свету. Куды, дарэчы, я адношу і нашу "Новую зямлю" Якуба Коласа. Нягледзячы на розніцу ў месцы і часе ўзнікнення, "Калевала" і "Новая зямля" – роднасныя творы. Менавіта таму, што паўсядзённае жыццё людзей паказваецца ва ўсёй сваёй прыгажосці і моцы. А што можа быць прыгажэй за жыццё?

 

© Якуб Лапатка, 2010

 

Якуб Лапатка

Чытайце таксама

Літаратурнае жыццё бостанскага шлюбу

Ганна Янкута

Літаратурнае жыццё бостанскага шлюбу

Калі мяне ў нейкі момант зацікавіла пытанне, што такое бостанскі шлюб, я, безумоўна, найперш набрала гэтае словазлучэнне ў гугле і пачала чытаць запар усё, што ён мне выдаваў.

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця

Яніна Арлоў

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця

Выраз “феномен шведскай дзіцячай літаратуры” разумеюць і прымаюць і тыя, хто вывучае дзіцячую літаратуру на прафесійным узроўні, і тыя, хто абірае кнігі для чытання сваім дзецям ва ўсім свеце...

Рэйтынг найлепшых перакладных кніг-2009

Рэйтынг найлепшых перакладных кніг-2009

У канцы году прынята падводзіць вынікі і складаць усемагчымыя рэйтынгі, даючы направа і налева адзнакі і ацэнкі. Розныя СМІ навыперадкі кінуліся складаць свае “топ-10, 20, 100...” найлепшага і нават найгоршага.…

Успаміны пра электрычнасць

Альгерд Бахарэвіч

Успаміны пра электрычнасць

Прачнуўшыся пасярод ночы, ён адразу ж хапаў паперу і аловак, якія заўжды ляжалі напагатове каля ложка, — і запаўняў радкамі нябачныя аркушы. Так і не запаліўшы святла, ён працаваў над рукапісам некалькі…

841