№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 студзеня

  • 1689

    Нарадзіўся Шарль-Луі дэ Мантэск'ё (фр. Charles-Louis de Seconda, Baron de La Brède et de Montesquieu; памёр 10 лютага 1755), французскі пісьменнік, правазнаўца і філосаф, аўтар рамана “Персідскія лісты” (Lettres persanes, 1721), артыкулаў з “Энцыклапедыі, альбо Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў”. Вядомы таксама фармуляваннем прынцыпу падзялення ўлады на тры галіны.

  • 1867

    Нарадзіўся Рубэн Дарыа (гішп. Rubén Darío, сапр. Félix Rubén García Sarmiento; памёр 6 лютага 1916), знакаміты нікарагуанскі паэт і дыпламат, вядомы як “прынц кастыльскай літаратуры”, “бацька гішпанамоўнага мадэрнізму” дзякуючы велізарнаму ўнёску ў развіццё гішпанамоўнай паэзіі XX стагоддзя. Яго родны горад Метапа быў перайменаваны ў яго гонар у Сьюдад Дарыа. Наследаваў французскім парнасцам і сімвалістам, трымаўся верленаўскага прынцыпу “музыка перадусім”.

  • 1882

    Нарадзіўся Алан Аляксандр Мілн (анг. Alan Alexander Milne; памёр 31 студзеня 1956), ангельскі пісьменнік, драматург. Найперш вядомы як аўтар знакамітых аповесцяў пра Віні-Пуха, якія першапачаткова былі напісаныя для сына пісьменніка Крыстафера Робіна. Да іх выхаду Мілн быў ужо вядомым драматургам, але поспех Віні-Пуха засланіў сабой усе астатнія творы настолькі, што цяпер яны амаль невядомыя.

  • 1912

    Нарадзіўся Пётра Сыч (памёр 20 чэрвеня 1963), беларускі пісьменнік, мемуарыст, журналіст. Найбольш значны яго твор “Смерць і салаўі” прысвечаны адной з вызначальных стратэгічных аперацыяў Другой сусветнай вайны – бітве пад Монтэ-Касіна ў студзені-траўні 1944 году.

  • 1914

    Нарадзіўся Вітаміл Зупан (славенск. Vitomil Zupan, памёр 14 траўня 1987), славенскі паэт, празаік, драматург. Адзін з найбольш значных славенскіх пісьменнікаў другой паловы XX стагоддзя. Пасля публікацыі рамана “Менуэт для дваццаціпяцізараднай гітары” (Menuet za kitaro (Na petindvajset strelov), 1975) яго пачалі называць “славенскім Хэмінгуэем”.

  • 1936

    Нарадзіўся Васіль Сёмуха, беларускі перакладчык з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, гішпанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і іншых моваў. З 1972 па 1994 быў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Пераклаў Біблію, Стары і Новы Запаветы, на беларускую мову. З нямецкай перакладаў творы Ё.-В. Гётэ, Ф. Шылера, Г. Гайнэ, Э. Т. А. Гофмана, Г. Я. Грымельсгаўзэна, Ф. Ніцшэ, Б. Брэхта, Ф. Дзюрэнмата, Г. Гесэ, Т. Мана, Р. М. Рыльке, П. Зюскінда ды іншых; з польскай – творы А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ц. К. Норвіда, Ю. Тувіма, У. Сыракомлі; з латышскай – творы Я. Райніса, А. Чакса, В. Бэлшавіцы, З. Скуіньша, А. Бэлса, А. Вацыеціса ды інш.

  • 1936

    Памёр Джозэф Рэд’ярд Кіплінг (анг. Joseph Rudyard Kipling; нар. 30 снежня 1865), ангельскі пісьменнік, паэт, навеліст, першы англамоўны аўтар, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры (1907). Найлепшымі творамі лічацца “Кніга джунгляў” (The Jungle Book, 1894), “Кім” (Kim, 1901) і шматлікія вершы. У 1885 г. быў прыняты ў масоны і адлюстраваў свой масонскі досвед у знакамітай паэме “Мацярынская Ложа” (The Mother Lodge). На беларускую вершы Кіплінга перакладаў Рыгор Барадулін.