№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 25 студзеня

  • 1759

    Нарадзіўся Роберт Бэрнс (анг. Robert Burns, памёр 21 ліпеня 1796), народны паэт Шатландыі, фалькларыст, выдатны прадстаўнік шатландскага нацыянальнага адраджэння. Аўтар шматлікіх гумарыстычных або саркастычных вершаў, напісаў або запісаў каля 200 песняў для славутага шматтомнага фальклорнага збору “Шатландскі музычны музей” (The Scot’s Musical Museum, 1787–1803). З найбольш вядомых твораў – паэмы “Тэм О’Шэнтар” (Tam o’Shanter, 1790), “Шчырая беднасць” (For A’That and A’That, 1795), “Ода, прысвечаная памяці місіс Освальд” (Ode, sacred to the Memory of Mrs. Oswald, 1789), балада “Джон Ячменае Зерне” (John Barleycorn, 1782), поліфанічная кантата “Вясёлыя жабракі” (The Jolly Beggars, 1785), паэма “Малітва святошы Вілі” (Holy Willie’s Prayer), “Святы кірмаш” (The Holy Fair, 1786). Імем Бэрнса названая вельмі распаўсюджаная ў шатландская паэзіі страфа, таксама вядомая як стандартны габі. Натхняльнікам і нават настаўнікам для Бэрнса стаў Роберт Фэргюсан. Апошнія гады Бэрнс правёў у галечы і за тыдзень да смерці ледзь не трапіў у пазыковую турму. Выбраныя творы Р. Бэрнса два разы выходзілі асобнымі выданнямі на беларускай мове ў перакладах Язэпа Семяжона (“Шатландская слава”, 1957, і “Вам слова, Джон Ячмень”, 1982). Сярод перакладчыкаў паасобных вершаў Бэрнса – Ю. Гаўрук, Г. Дубянецкая і інш. Дзень нараджэння Роберта Бэрнса – нацыянальнае свята Шатландыі.

  • 1804

    Нарадзіўся Антоні Эдвард Адынец (памёр 15 студзеня 1885), беларускі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Пісаў на польскай мове.

  • 1874

    Нарадзіўся Ўільям Сомерсэт Моэм (анг. William Somerset Maugham, памёр 16 снежня 1965), ангельскі пісьменнік, драматург. Сусветную вядомасць пісьменніку прынеслі раманы “Цяжар пакутаў чалавечых” (Of Human Bondage, 1915), “Месяц і грош” (The Moon and Sixpence, 1919), “Размаляваны вэлюм” (The Painted Veil, 1925), “Тэатр” (Theatre, 1937) і інш. Аўтар п’есаў “Лэдзі Фрэдэрык” (Lady Frederick, 1912), “Кола” (The Circle, 1921), зборнікаў навелаў “Трапятанне ліста” (The Trembling of a Leaf, 1921), “Ад першай асобы” (Six Stories Written in the First Person Singular, 1931), “Забаўкі лёсу” (Creatures of Circumstance, 1947), інш. На беларускую мову навелы Моэма перакладалі В. Валынскі, Я. Міклашэўскі, Я. Верабей.

  • 1882

    Нарадзілася Вірджынія Вулф (анг. Virginia Woolf, памерла 28 сакавіка 1941), ангельская пісьменніца, публіцыст, выдавец, адна з найбольш значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Найбольш вядомыя творы – раманы “Падарожжа” (The Voyage Out, 1915), “Місіс Дэлаўэй” (Mrs Dalloway, 1925), “Арланда” (Orlando, 1928), “Хвалі” (The Waves, 1931), зборнікі апавяданняў “Знак на сцяне” (The Mark on the Wall, 1917), “Сады К’ю” (Kew Gardens, 1919). Аўтар шэрагу ўплывовых эсэ – “Сучасная мастацкая літаратура” (Modern Fiction, 1919), “Свой пакой” (A Room of One's Own, 1929) і інш. Беларускія пераклады апавяданняў “Дом з прывідамі” (A Haunted House 1921) і “Блакітнае і зялёнае” (“Blue & Green”, 1921) друкаваліся ў інтэрнэт-часопісе перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.

  • 1898

    Нарадзіўся Якоба Фіхман (гішп. Jacobo Fijman, памёр 1 снежня 1970), аргентынскі паэт, нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Малдовы. Працаваў школьным настаўнікам французскай мовы, вандроўным скрыпачом, разам з Х. Л. Борхесам і А. Хірондам належаў да літаратурнай групы часопіса “Марцін Фіера” (Martín Fierro). З 1942 году і да канца жыцця ў сувязі з пагаршэннем псіхалагічнага стану прымусова заставаўся ў псіхіятрычнай лякарні. Пры жыцці выйшлі тры зборнікі яго вершаў: “Чырвоны млын” (Molino rojo, 1926), “Ствараючы эстампы” (Hecho de estampas, 1929) і найбольш вядомы зборнік “Заранка” (Estrella de la Mañana, 1931).

  • 1935

    Памёр Поль Буржэ (фр. Paul Bourget, нар. 2 верасня 1852), французскі крытык і раманіст, які здабыў шырокую вядомасцю дзякуючы сваім псіхалагічным раманам “Цяжкая таямніца” (Cruelle Enigme), “Непапраўны” (L’irréparable), “Любоўнае злачынства” (Crime d’Amour), “Падман” (Mensonges, 1888), “Вучань” (Le Disciple, 1889), “Жаночае сэрца” (Coeur de femme).

  • 1938

    Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі (рус. Владимир Высоцкий, памёр 25 ліпеня 1980), папулярны рускі паэт і музыка савецкага перыяду, актор. Напісаў каля 700 песняў і вершаў, сыграў каля 30 роляў у фільмах, граў у тэатры, аб'ездзіў з канцэртамі ўсю краіну і свет. Высоцкі закранаў у гады строгай цэнзуры забароненыя тэмы (напрыклад, у раннія гады выконваў блатныя песні).

  • 2005

    Памёр Мануэл Лопеш (парт. Manuel António de Sousa Lopes, нар. 23 снежня 1907), каба-вердыянскі паэт, раманіст, заснавальнік сучаснай літаратуры Каба-Вердэ. Пісаў на партугальскай і крэольскай мовах. Аўтар раманаў “Падаюць дажджы” (Chuva Braba, 1956), “Ахвяры ўсходніх вятроў” (Os Flagelados do Vento Leste, 1959), паводле якога быў зняты аднайменны фільм, зборнікаў паэзіі “Пустыя гадзіны” (Horas Vagas, 1934), “Паэма тых, хто застаўся” (Poema de Quem Ficou 1949), шэрагу нарысаў па краязнаўстве і літаратуры Каба-Вердэ.