№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 7 лютага

  • 1478

    Нарадзіўся Томас Мор (анг. Thomas More, памёр 6 ліпеня 1535), ангельскі мысляр, пісьменнік, аўтар “Утопіі”.

  • 1546

    Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі (Еўлашэўскі, памёр пасля 1616), беларускі мемуарыст, аўтар “Успамінаў” (“Дзённіка”). Яму прыпісваецца аўтарства выразу “Залаты век беларускай гісторыі”.

  • 1812

    Нарадзіўся Чарлз Дыкенс (анг. Charles John Huffam Dickens, памёр 9 чэрвеня 1870), найпапулярнейшы брытанскі пісьменнік віктарыянскай эпохі. Сам Дыкенс сцвярджаў, што ў ім памірае вялікі актор, і неаднаразова даводзіў гэта людзям навокал, выкідваючы самыя нечаканыя каленцы. Так, пэўны час ён разыгрываў сяброў, сцвярджаючы, што кахае каралеву Вікторыю і страшна пакутуе ад немагчымасці як-небудзь прыцягнуць яе ўвагу. У больш сталым узросце пісьменнік расказваў, што калі ён піша раман, яму страшна назаляюць героі твора, а таму даводзіцца выходзіць на вуліцу, у натоўп, каб ад іх пазбавіцца. Самыя першыя творы Дыкенса, што выйшлі па-беларуску, перакладаліся з рускага перакладу – гэта былі раманы “Домбі і сын” (1937) і “Вялікія спадзяванні” (1940). У 2010 годзе выйшаў досыць няўдалы пераклад рамана “Олівер Твіст”, зроблены Я. Бяласіным. У часопісе “ПрайдзіСвет” былі надрукаваныя пераклады “Гісторыі пра гоблінаў, якія скралі далакопа” (А. Ф. Брыль), а таксама ўрывак з аповесці “Калядны харал у прозе: святочная гісторыя пра прывідаў” (Г. Янкута).

  • 1823

    Памерла Эн Рэдкліф (анг. Ann Radcliffe, імя пры нараджэнні – Ўорд (Ward); нар. 9 ліпеня 1764), ангельская пісьменніца, адна са стваральнікаў жанру гатычнага рамана. На працягу 8 гадоў яна напісала раманы, якія зрабілі яе папулярнай. Пасля 1797 году не выдала ніводнага твора. Лічыцца, што яна перастала пісаць, бо была вельмі сціплай, і вялікая вядомасць палохала яе і парушала душэўную раўнавагу.

  • 1873

    Памёр Джозэф Шэрыдан Ле Фаню (анг. Joseph Sheridan Le Fanu, нар. 28 жніўня 1814), ірландскі ангельскамоўны пісьменнік, адзін з самых вядомых аўтараў гатычнай прозы. Пісьменнік нарадзіўся ў Дубліне ў літаратурнай сям’і — яго бабуля Алісія Шэрыдан Ле Фаню і стрыечны дзед Рычард Брынслі Шэрыдан (аўтар п’есы “Школа зласлоўя”) былі драматургамі. Напісаў шэраг містычных і прыгодніцкіх твораў, з 1845 па 1873 выдаў 14 раманаў, самыя вядомыя сярод якіх — “Дзядзька Сайлас” (Uncle Silas, 1864), “Дом ля могілак” (The House by the Churchyard, 1863) і зборнік з пяці навэлаў “Скрозь цьмянае шкло” (In a Glass Darkly, 1872). Творчасць Ле Фаню моцна паўплывала на паэтыку Х. Картасара, а аповесць “Карміла” (Carmilla, 1871) — на творчасць Б. Стокера.

  • 1881

    Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч (псеўд. і крыпт.: Раман Суніца, Юры Алелькавіч, Саўка Барывой, Шэршань, Р. Зем., Ром. Зем., Р-н Сун., Р. С-ца; памёр 1943/1944), беларускі бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў. У 1910 выдаў “Беларускую бібліяграфію” – першы адмысловы бібліяграфічны даведнік на беларускай мове. Пісаў вершы, перакладаў з украінскай і французскай моваў на беларускую.

  • 1885

    Нарадзіўся Сінклер Льюіс (анг. Sinclair Lewis, памёр 10 студзеня 1951), амерыканскі пісьменнік. У 1926 годзе быў уганараваны Пуліцэраўскай прэміяй, аднак адмовіўся яе прыняць. Першы ў ЗША лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1930) – “за моцнае і выразнае мастацтва аповеду і за рэдкае ўменне з сатырай і гумарам ствараць новыя тыпы і характары”.

  • 1891

    Памёр Вінцэнт (Вінцэсь) Каратынскі (нар. 15 чэрвеня 1831), беларускі пісьменнік і перакладчык. Перакладаў на польскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гайнэ і інш. Вершы В. Каратынскага на беларускую мову перакладалі Г. Тумаш, Ул. Мархель, Р. Барадулін; пераклады выходзілі ў кнізе “Творы” (2-е выд. 1994), а таксама зборніку “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай” (1998).

  • 1901

    Нарадзіўся А. дэн Дорлард (нід. A. den Doolaard, сапр. Карнэліс Ёханэс Джордж (Боб) Спулстра-малодшы; памёр 26 чэрвеня 1994), нідэрландскі пісьменнік і журналіст, аўтар мноства раманаў і зборнікаў вершаў. Гісторыю свайго жыцця і творчасці апісаў у рамане “Жыццё бадзягі” (Het leven van een landloper, 1958) — пісьменнік і праўда аб’ездзіў усю Еўропу, жыў у многіх краінах, у тым ліку ў Македоніі. Ханс Олінк, аўтар біяграфіі Дорларда “Ап’янелы жыццём” (Dronken van het leven, 2011), піша, што ў 1933 годзе Дорланд забіў у Македоніі каханка свае першае жонкі.

  • 1988

    Памёр Лін Картэр (анг. Linwood Vrooman Carter, нар. 9 чэрвеня 1930), амерыканскі пісьменнік-фантаст, літаратуразнаўца і рэдактар кніжнай серыі “Ballantine Adult Fantasy Series” (скарочана “Adult Fantasy”). Вядомыя псеўданімы Картэра: Г. П. Лоўкрафт (анг. H. P. Lowcraft) — як пародыя на Г. Лаўкрафта — і Грэйл Ундвін (анг. Grail Undwin). Тэарэтык навукова-фантастычнага жанру. Ягоная манаграфія “Уяўныя сусветы” (Imaginary Worlds, 1973) была прызнаная настольнай кнігай прыхільнікаў навуковай фантастыкі. Самыя плённыя і творча ўдалыя гады Картэра як раманіста звязаныя са стварэннем эпасу пра Затопленую Лемурыю, якая папярэднічала Атлантыдзе (“Чараўнік з Лемурыі” (The Wizard of Lemuria, 1965), “Тонгар з Лемурыі” (Thongor of Lemuria, 1966), “Тонгар супраць багоў” (Thongor Against the Gods, 1967) і інш.). Лаўрэат прэміі “Nova” (1972).

  • 1996

    Памерла Лідзія Карнееўна Чукоўская (Карнейчукова Лідзія Мікалаеўна, нар. 11 сакавіка 1907), савецкая пісьменніца, публіцыст, мемуарыст, дысідэнт. Дачка Карнея Чукоўскага.