№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 лютага

  • 1404

    Нарадзіўся Леон Батыста Альберці (італ. Leone Battista Alberti, памёр 20 красавіка 1472), італьянскі навуковец, гуманіст, філосаф, архітэктар, пісьменнік, найбуйнейшы тэарэтык мастацтва эпохі Адраджэння. Рознабаковасць яго зацікаўленняў настолькі захапляла сучаснікаў, што адзін з іх запісаў на палях яго рукапісу: “Скажы мне, чаго не ведаў гэты чалавек?”, а Паліцыяна, згадваючы яго, лічыў за лепшае “маўчаць, каб не сказаць занадта мала”. Як пісьменнік Альберці абгрунтоўваў неабходнасць літаратуры на італьянскай мове. Яго элегіі і эклогі – першыя ўзоры гэтых жанраў па-італьянску.

  • 1546

    Памёр Марцін Лютэр (ням. Martin Luther, нар. 10 лістапада 1483), нямецкі хрысціянскі тэолаг, ініцыятар Рэфармацыі, перакладчык Бібліі на нямецкую мову (1522—1542), у якім яму ўдалося зацвердзіць нормы агульнанямецкай нацыянальнай мовы.

  • 1654

    Памёр Мікеланджэла Буанароці (італ. Michelangelo di Francesci di Neri di Miniato del Sera i Lodovico di Leonardo di Buonarroti Simoni, нар. 6 сакавіка 1475), італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт, мысляр эпохі Адраджэння. Вялікі майстар пісаў вершы, некаторыя з якіх былі пакладзеныя на музыку і заваявалі вялікую папулярнасць яшчэ пры жыцці аўтара, але упершыню яго санеты і мадрыгалы былі надрукаваныя толькі ў 1623 годзе.

  • 1780

    Памёр Крыстыёнас Данелайтыс (літ. Kristijonas Donelaitis, нар. 1 студзеня 1714), літоўскі паэт, пачынальнік літоўскай мастацкай літаратуры. Яго паэма “Поры году” (Metai, 1765 – 1775) стала класічным творам і зрабіла паэта шырока вядомым у Еўропе. Гётэ параўноўваў яе з шэдэўрамі антычнай літаратуры. Паэма перакладалася на нямецкую, ангельскую, рускую, латышскую, чэшскую і іншыя мовы. На беларускую яе перакладаў А. Зарыцкі (1961).

  • 1825

    Нарадзіўся Мор Ёкаі (венг. Mór Jókai, памёр 5 траўня 1904), венгерскі раманіст, драматург, адзін з найбольш выбітных венгерскіх літаратараў XIX стагоддзя. Найбольш вядомы ягоны твор – “Сыны чалавека за каменным сэрцам” (A kőszívű ember fiai, 1869) – прысвечаны венгерскай рэвалюцыі 1848 – 1849 гг. Раман напісаны ў рамантычнай манеры, чытаецца як гімн вызваленчай барацьбе, за што надоўга зрабіўся любімай кнігай венгерскіх патрыётаў.

  • 1883

    Нарадзіўся Нікас Казандзакіс (грэцк. Νίκος Καζαντζάκης, памёр 26 кастрычніка 1957), грэцкі пісьменнік. Найбольш вядомы раманамі “Пакуты па-грэцку” (або “Хрыста ўкрыжоўваюць зноў”, 1948; опера Б. Марціну), “Грэк Зорба” (1946), “Апошняя спакуса Хрыста” (1951, занесены каталіцкай царквой у Індэкс забароненых кніг, экранізаваны Марцінам Скарсэзэ), Аўтар некалькіх драмаў, філасофскіх працаў, напісаных пад уплывам Ніцшэ, эпічнай паэмы “Адысея” (надр. 1938), перакладчык “Боскай камедыі” Дантэ (1932) і “Фаўста” Гётэ (1936). Памёр ад лейкеміі. Пахаваны ля гарадской сцяны Іракліёна, бо праваслаўная царква адмовіла ў пахаванні на могілках. Надпіс на яго надмагіллі абвяшчае: “Ні на што не спадзяюся. Нічога не баюся. Я вольны” (Δεν ελπίζω τίποτα. Δε φοβάμαι τίποτα. Είμαι λέφτερος).

  • 1893

    Нарадзіўся Максім Гарэцкі, беларускі празаік, драматург, крытык, літаратуразнавец, лексікограф, перакладчык, фалькларыст (расстраляны 10 лютага 1938). Напісаў і выдаў “Гісторыю беларускае літаратуры” (з 1919 па 1926 было чатыры выданні). У 1920-я гады зрабіў празаічны пераклад “Слова пра паход Ігаравы”, які быў апублікаваны ў складзенай самім Гарэцкім “Хрэстаматыі беларускай літаратуры” (Вільня, 1922). У сваёй кнізе “Гісторыя беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі сярод іншага адзін з першых даследаваў перакладную старабеларускую літаратуру.

  • 1931

    Нарадзілася Тоні Морысан (анг. Toni Morrison, сапр. Хлоя Ардэлія Ўофард), амерыканская пісьменніца, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі (1988) і Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1993), “якая ў сваіх поўных мары і паэзіі раманах ажывіла важны аспект амерыканскай рэчаіснасці”. Для раманаў Морысан уласцівыя эпічныя тэмы, жывыя дыялогі і дэтальна выпісаныя чарнаскурыя персанажы. Сярод найбольш вядомых раманаў – “Самыя блакітныя вочы” (The Bluest Eye, 1970), “Песня Саламона” (Song of Solomon, 1977) і “Любімая” (Beloved, 1987).

  • 1979

    Памёр Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысёр (нарадзіўся 6 траўня 1905). Аўтар першай на Беларусі кнігі паэтычных перакладаў “Кветкі з чужых палёў” (1928). Перакладаў з французскай, ангельскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моваў. Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля “Любіць будзем заўтра” (1960), зборнік А. Маруа “Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы” (1974), раманы Э. Хэмінгуэя “І ўзыходзіць сонца” (1976) і К. С. Прычард “Дачка ўрагану” (1977). Шмат твораў пераклаў для тэатральных пастановак. Пісаў артыкулы і эсэ па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу.

  • 2008

    Памёр Ален Роб-Грые (фр. Alain Robbe-Grillet, нар. 18 жніўня 1922), французскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў “новага рамана”, рэжысёр. Структура ягоных раманаў заблытаная і загадкавая, за што іх часта называюць раманамі-лабірынтамі. Першыя раманы вызначаюцца практычнай адсутнасцю дзеяння і падрабязным апісаннем прадметаў і побытавых дэталяў, пазней пісьменнік пераходзіць да “гульнявых” тэкстаў, выкарыстоўвае міфалагемы масавай культуры, архетыпы падсвядомасці, модныя інтэлектуальныя стэрэатыпы, парадыюе паліцэйскія, любоўныя, прыгодніцкія раманы. Здабыўшы літаратурную славу, Роб-Грые звярнуўся да кінематографу, спачатку як сцэнарыст, а потым як рэжысёр, таксама вынайшаўшы ў ім свой арыгінальны стыль. На беларускую мову раман Алена Роб-Грые “Праект рэвалюцыі ў Нью-Ёрку” і апавяданне “Сцэна” пераклаў Зміцер Колас.