№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 25 лютага

  • 1707

    Нарадзіўся Карла Гальдоні (італ. Carlo Goldoni, памёр 6 лютага 1793), венецыянскі драматург. Лічыцца заснавальнікам “камедыі характару” у супрацьпастаўленне імправізаванай камедыі дэль артэ; герояў браў з паўсядзённага жыцця, за што папракаўся некаторымі сучаснікамі. Атрымаў юрыдычную адукацыю. З 1734 году працаваў драматургам у тэатрах Венецыі, з 1762-га кіраваў тэатрам італьянскай камедыі ў Парыжы. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя “Велізарый” (1734). Пісаў на італьянскай, французскай мовах, а таксама на венецыянскім дыялекце. Аўтар 267 п’есаў: 155 камедый у прозе і вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта операў.

  • 1855

    Нарадзіўся Сэзарыё Вэрдэ (парт. Cesário Verde, памёр 19 ліпеня 1886), адзін з самых выбітных паэтаў Партугаліі. Пры жыцці не атрымаў шырокага прызнання, збор вершаў “Кніга Сезарыё Вердэ” (O Livro de Cesário Verde, 1887) была апублікаваная сябрамі паэта пасля яго заўчаснай смерці ад сухотаў. У вершах пераважаюць тэмы штодзённага жыцця, аб’ектыўныя апісанні ўрбаністычных і сялянскіх пейзажаў. “Мяне цікавіць толькі тое, што вакол мяне”, – казаў паэт.

  • 1870

    Нарадзілася Леся Украінка (укр. Леся Українка, сапр. Ларыса Касач-Квітка, памерла 1 жніўня 1913), украінская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі і культурны дзеяч. Пісала ў самых розных жанрах, брала актыўны ўдзел ва ўкраінскім народным руху. Вядомая сваімі зборнікамі паэзіі “На крылах песняў” (“На крилах пісень”, 1893), “Думы і мроі” (“Думи і мрії”, 1899), “Водгукі” (“Відгуки”, 1902), паэмаў “Даўняя казка” (“Давня казка”, 1893), “Адно слова” (“Одно слово”, 1903), драмаў “Баярыня” (“Бояриня”, 1913), “Касандра” (Кассандра, 1903 – 1907), “Лясная песня” (“Лісова пісня”, 1911) і інш. У 1996 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” выйшла кніга Л. Украінкі “Лясная песня: драма-феерыя, вершы”.

  • 1909

    Нарадзіўся Сяргей Дарожны (сапр. Сяргей Серада, памёр 19 ліпеня 1943), беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч. З 1921 выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі (аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча). Першыя вершы з’явіліся ў друку ў 1925. У 1926 выйшла першая паэтычная кніга (сумесна з І. Плаўнікам). Быў сябрам літаб’яднанняў “Маладняк” (1926 – 1927), “Узвышша” (з 1928). У 1930 скончыў БДУ. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, на радыё, адкуль быў звольнены за “сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1934. Па прапанове А. Александровіча выключаны ў 1935. Па абвінавачанні ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу, пра якога збіраў матэрыялы для кнігі, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі і накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

  • 1917

    Нарадзіўся Энтані Бёрджэс (анг. Anthony Burgess, сапр. John Burgess Wilson, памёр 22 лістапада 1993), ангельскі празаік, паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык. Сатырычны раман-антыўтопія “Завадны апельсін” (A Clockwork Orange, 1962), паводле якога ў 1971 годзе Стэнлі Кубрык зняў аднайменны фільм, зрабіўся найвядомейшым творам пісьменніка, але сам Бёрджэс лічыў яго адной з самых няўдалых сваіх працаў. Аўтар каля 30 раманаў, сярод якіх “Права на адказ” (The Right to an Answer, 1960), “Доктар хворы” (The Doctor is Sick, 1960), “Трапятанне намеру” (Tremor of Intent: An Eschatological Spy Novel, 1966), “Напалеонаўская сімфонія” (Napoleon Symphony: A Novel in Four Movements, 1974) і інш. Даследаваў творчасць Шэкспіра, Джойса, Хэмінгуэя і інш, пісаў кнігі для дзяцей, эсэ, сцэнарыі тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх музыкальных сачыненняў, у т.л. сімфанічных.

  • 1945

    Памёр Марыё ды Андрады (парт. Mário Raul de Morais Andrade, нар. 9 кастрычніка 1893), бразільскі паэт, празаік, мастацтвазнаўца, фатограф. Адзін з пачынальнікаў мадэрнізму ў бразільскай літаратуры, яго другі паэтычны зборнік “Звар’яцелы Сан-Паўлу” (Paulicéia Desvairada, 1922) фактычна распачаў сучасную бразільскую паэзію. Цэнтральная фігура авангардызму Сан-Паўлу на працягу 20 гадоў, сябра мадэрнісцкай “Групы пяці”. Аўтар самага значнага бразільскага мадэрнісцкага рамана “Макунаіма” (Macunaíma, 1928). Зрабіў значны ўплыў на сучасную бразільскую літаратуру, яго аўтарытэт музыказнаўцы і эсэіста распаўсюдзіўся далёка за межы роднай краіны.

  • 1957

    Нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў (памёр у красавіку 2004), беларускі паэт, эсэіст. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1980). Працаваў рэдактарам у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1984. У 1990 абраны намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пісаў нарысы, эсэ, вершы, аўтар перакладаў. Аўтар кніг паэзіі “Белы камень” (1983), “Чытаю зоры” (1988), “Планіда” (1994), “Вершы” (1997), “Журавель над студняй” (1998), “Я не памру, пакуль люблю” (2000), “Мы з братам” (2003). Апошні зборнік “Думаць вершы” (2005) выйшаў пасмяротна. Пісаў казкі для дзяцей (кнігі “Заўзятары”, 1993; “Ласуны-веселуны”, 1997). Асобныя вершы пакладзеныя на музыку. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1988) за кнігу лірыкі “Чытаю зоры”, Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1998) за кнігу “Вершы”.

  • 1997

    Памёр Андрэй Сіняўскі (руск. Андрей Синявский, нар. 8 кастрычніка 1925), рускі літаратуразнаўца, пісьменнік, літаратурны крытык, палітвязень. Сіняўскі быў адным з вядучых літаратурных крытыкаў часопіса “Новый мир”, галоўным рэдактарам якога ў той час быў А. Твардоўскі. Аўтар літаратуразнаўчых прац пра творчасць М. Горкага, Б. Пастарнака, І. Бабеля, А. Ахматавай. З 1955 году пачаў пісаць празаічныя творы. У тагачасным СССР у сувязі з цэнзурай яго творы не маглі быць надрукаваныя, і Сіняўскі да сваёй эміграцыі выдаваў іх на Захадзе пад псеўданімам Абрам Тэрц (руск. Абрам Терц). Былі надрукаваныя раман “Суд ідзе” (“Суд идёт”) і аповесць “Любімаў” (“Любимов”), якія ўвайшлі ў зборнік прозы “Фантастычны свет Абрама Тэрца” (“Фантастический мир Абрама Терца”), а таксама артыкул “Што такое сацыялістычны рэалізм?”, у якім з'едліва высмейваліся савецкая літаратура. Увосень 1965 Сіняўскі быў арыштаваны разам з Ю. Даніэлем па абвінавачванні ў антысавецкай прапагандзе і агітацыі. У лютага 1966 году асуджаны Вярхоўным судом на сем гадоў калоніі. Суд над пісьменнікамі, вядомы як “Працэс Сіняўскага — Даніэля”, суправаджаўся тэндэнцыйным асвятленнем у друку і быў задуманы як прапагандысцкае шоў з выкрыццямі і пакаяннямі, аднак ні Сіняўскі, ні Даніэль не прызналі сябе вінаватымі. Неўзабаве пасля вызвалення ў 1973 годзе паехаў па запрашэнні Сарбоны на працу ў Францыю, дзе і жыў да канца жыцця, працуючы прафесарам рускай літаратуры.