№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 2 сакавіка

  • 1797

    Памёр Хорас Ўолпал, чацверты граф Орфард (анг. Horace Walpole, 4th Earl of Orford, нар. 24 верасня 1717), ангельскі пісьменнік, заснавальнік жанру гатычнага рамана. У 1764 годзе Ўолпал ананімна надрукаваў свой самы знакаміты раман “Замак Атранта” (The Castle of Otranto), першы гатычны раман, дзеянне якога адбываецца ў эпоху першага крыжовага паходу.

  • 1800

    Нарадзіўся Яўгеній Баратынскі (руск. Евгений Боратынский, памёр 29 чэрвеня 1844), адзін з самых значных рускіх паэтаў першай паловы XIX стагоддзя, сябра А. Пушкіна. Сучаснікі бачылі ў Баратынскім таленавітага паэта, але перш за ўсё пушкінскай школы, яго познюю творчасць крытыка не прыняла. У другой палове XIX стагоддзя літаратуразнаўства лічыла яго другарадным паэтам. Перагляд яго паэзіі ў пачатку ХХ стагоддзя зрабілі рускія сімвалісты. Менавіта дзякуючы ім Баратынскага пачалі ўспрымаць як самастойнага лірыка-філосафа.

  • 1820

    Нарадзіўся Мультатулі (нід. Multatuli, сапр. Эдуард Даўвэс Дэкер, памёр 19 лютага 1887), адзін з найбуйнейшых нідэрландскіх пісьменнікаў. Псеўданім ягоны з лаціны перакладаецца як “той, хто шмат пакутаваў”. З 19 гадоў знаходзіўся на дзяржаўнай службе ў Нідэрландскай Ост-Індыі, сучаснай Інданэзіі. Пабачанае там легла ў аснову яго самага знакамітага рамана “Макс Хавелар” (Max Havelaar, 1860), які фактычна выкрываў каланіяльную палітыку Нідэрландаў у гэтым краі. У 2002 годзе Таварыства нідэрландскай літаратуры абвясціла гэты раман найвялікшым раманам, напісаным па-нідэрландску, а імя галоўнага персанажа, Макса Хавелара, зрабілася вымоўным.

  • 1859

    Нарадзіўся Шалом-Алейхем (ідыш שלום-עליכם, сапр. Саламон (Шалом) Навумавіч (Нахумавіч) Рабіновіч, памёр 13 траўня 1916), габрэйскі пісьменнік, драматург, асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. З 1883 году пачынае пісаць толькі на ідыш (за выняткам некалькіх апавяданняў на рускай і іўрыце). Сваёй мэтай ён бачыў асвету, а іўрыт ведалі нямногія. Крытыкі называлі яго габрэйскім Маркам Твэнам за падабенства стыляў і любоў да літаратуры для дзяцей. Пазней, пры асабістай сустрэчы, Марк Твэн адзначыў, што лічыць сябе амерыканскім Шалом-Алейхемам. Памёр пісьменнік у Нью-Ёрку.

  • 1918

    Нарадзіўся Алесь Бачыла (памёр 3 студзеня 1983), беларускі паэт, драматург, перакладчык. Дэбютаваў у друку ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Шляхі” (1947), “Зоры вясеннія” (1954), “Юнацтва” (1959), “Дарыце цюльпаны” (1966), “Тры багіні” (1973), “Белы бярэзнік” (1976), “Гараць лісты кляновыя” (1981) і інш., паэмы “Асенняя аповесць” (1965), “Паэмы тугі” (апубл. 1987) пра калектывізацыю, раскулачванне, адвучванне селяніна быць гаспадаром на зямлі. На беларускую мову пераклаў “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна” А. Талстога, “Тараса Бульбу” М. Гогаля (з М. Паслядовічам), “Брэсцкую крэпасць” С. Смірнова (з. А. Бажко) і інш.

  • 1930

    Памёр Дэвід Герберт Лоўрэнс (анг. David Herbert Lawrence, нар. 11 верасня 1885), ангельскі празаік, паэт, драматург, эсэіст і літаратурны крытык. Найбольш вядомая яго кніга – раман “Каханак лэдзі Чатэрлі” (Lady Chatterley's Lover, 1928). Першапачаткова раман быў надрукаваны ў фларэнтыйскім прыватным выдавецтве і толькі ўзмацніў і без таго кепскую славу Лоўрэнса. У Вялікабрытаніі і ЗША раман доўгі час быў забаронены як парнаграфічны. Цалкам у Вялікабрытаніі ён быў надрукаваны толькі ў 1960 годзе.

  • 1934

    Нарадзіўся Ханс Эрык Энгквіст (шведск. Hans Erik Engqvist), шведскі дзіцячы пісьменнік, сябра Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі, лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў.

  • 1942

    Нарадзіўся Джон Ірвінг (анг. John Irving), амерыканскі пісьменнік і сцэнарыст. Першы раман Ірвінга “Свабоду мядзведзям” (Setting Free the Bears, 1968) быў добра прыняты, сярод іншых пра яго кнігу добра выказаўся Курт Вонэгут. Раман “Свет па версіі Гарпа” (The World According to Garp, 1978) прыносіць яму амерыканскую Нацыянальную кніжную прэмію і робіць яго знакамітым. У 1999 годзе экранізуюць яго раман “Правілы дома сідру” (The Cider House Rules, 1985), у рускім перакладзе – “Правила виноделов”. За сцэнар да гэтага фільма Ірвінг атрымаў “Оскара”.

  • 1982

    Памёр Філіп Дзік (анг. Philip Kindred Dick, нар. 16 снежня 1928), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Уладальнік прэміі Х’юга за раман “Чалавек у высокім замку” (The Man in the High Castle, 1962). Пры жыцці яго творчасць была больш вядомая ў навукова-фантастычных колах, а пасля смерці ён зрабіўся знакамітым дзякуючы экранізацыі яго рамана “Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?” (Do Androids Dream of Electric Sheep?), якая выйшла пад назвай “Бегучы па лязе” (Bladerunner). Пазней па яго творах былі знятыя і іншыя сусветна вядомыя фільмы (“Успомніць усё” Пола Верховена, “Расплата” Джона Ву, “Крыкуны” К. Дзюгуа, “Асаблівае меркаванне” С. Спілберга і інш.).

  • 2007

    Памёр Анры Труая (фр. Henri Troyat, імя пры нараджэнні – Леон Асланавіч Тарасаў; нар. 1 лістапада 1911), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі, лаўрэат літаратурных прэміяў. У 1938 годзе за раман “Павук” (L’Araigne, 1938) атрымаў Ганкураўскую прэмію. Усяго Труая напісаў каля 100 тамоў літаратурных твораў. Палова з іх прысвечаная Расіі і яе адметным дзеячам.

  • 2014

    Памёр Рыгор Барадулін (нарадзіўся 24 лютага 1935), беларускі паэт, эсэіст, перакладчык. У 1992 г. атрымаў званне Народнага паэта Беларусі (да сённяшняга дня больш ніхто Народным паэтам не рабіўся). Літаратурны даробак складае каля 70 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996 – 2002). Пераклаў на беларускую мову п'есу “Вей, вятрок!” Я. Райніса (1980), зборнікі “Блакітны звон Гранады” Федэрыка Гарсіі Лоркі (1975), “Мелодыя каліны” І. Драча (1981), “Ветраліст” Г. Містраль (1984), “Рубаі” Амара Хаяма (1989); “Слова пра паход Ігараў” (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Дж. Г. Байрана, П. Нэруды, Н. Гільена, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага, С. Ясеніна, Р. Гамзатава і інш. Творы Барадуліна выдадзеныя на 11 мовах свету.